Курган (паэма)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Курган, паэма)
Jump to navigation Jump to search
Літаратурны твор
Курган
Аўтар: Я. Купала
Мова арыгінала: беларуская
Дата напісання: 1910
Дата першай публікацыі: 21 чэрвеня 1912

Курган — паэма-балада Я. Купалы, якая лічыцца адным з лепшых героіка-рамантычных твораў Купалы і шэдэўрам беларускай літаратуры[1][2]. У дарэвалюцыйны час друкавалася з аўтарскім прысвячэннем «Памяці С. Палуяна».

Арыгінал паэмы захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы і музеі імя Францыска Скарыны ў Лондане[1][3].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Паэма была завершана класікам 23 мая 1910 года ў Пецярбургу і ўпершыню апублікавана ў газеце «Наша ніва» 21 чэрвеня 1912 года[1].

Гэтай паэмай адкрываецца шэраг фальклорна-рамантычных паэм у творчасці Я. Купалы дакастрычніцкага часу. У лісце да Л. Клейнбарта 11 студзеня 1929 года аўтар аднёс паэму да твораў, спароджаных выключна фантазіяй. Паэма красамоўна сведчыць пра арганічную нацыянальна-фальклорную сутнасць купалаўскага мастацкага бачання свету, скандэнсаванасць народнасці яго мастацкага мыслення і рамантычнага стылю. Гэта класічны ўзор героіка-рамантычнай паэмы[3].

Паэма прысвечана лёсу мастака ў грамадстве. На вяселле дачкі князь кліча мясцовага Гусляра і патрабуе ад яго песень у сваю хвалу і на пацеху вяльможным гасцям. Ён папярэджвае музыку, што пакарае смерцю, калі той не выканае загад. Але замест пахвалы князю з вуснаў Гусляра гучыць суровая праўда пра бязлітаснасць і чужасць князя народу, цяжкі паднявольны лёс падданых князя. За непакору і непаслухмянасць князь загадвае закапаць Гусляра жывым разам з гуслямі. Гусляр гіне, але памяць аб ім у народзе вечная, як той курган, што як сімвал народнай памяці ўзнёсся над магілай народнага заступніка[3].

Ідэя паэмы празрыстая: народнай памяці варты толькі той мастак, які аддае справе народа і свае песні, і сваё жыццё; сапраўднае мастацтва толькі тое, што служыць народу; у службе народнай праўдзе — веліч і прызванне мастака. Па сваім гучанні паэма паліфанічная. Мастацкая форма паэмы выключная па сваёй прыгажосці і ўздзеянні на чытача сваёй надзвычайнай эмацыйнай сілай, яркай палітрай метафар, эпітэтаў, гіпербал, выключна зграбнай кампазіцыяй — як агульнай, страфічнай, так і звязанай з падачай дзеяння ў яго развіцці[3].

У паэме 12 раздзелаў, кожны з якіх складаецца з 4 катрэнаў. Змена, рухомасць гучання строфаў суадносяцца з разгортваннем сюжэту. Экспазіцыйны 1 раздзел — частка твору шырокага эпічнага размаху. Пачатак сюжэтнага апавядання ў паэме як бы прыспешаны, але завязка дзеяння ў цэлым непаспешлівая, з падрабязным раскрыццём абставін дзеяння — апісаннем княжацкага замку, «бяседы вялікай у князя» (2 і 3 раздзелы) і з падрабязнай характарыстыкай Гусляра (4 і 5 раздзелы). У цэнтральных, самых драматычна-напружаных раздзелах (6—10) ідзе дыялог князя і Гусляра. Словы Гусляра вытрыманы на самай высокай ноце. У кульмінацыйным 10 раздзеле «Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б'е з воч». У 11 раздзеле наступае развязка канфлікту. Заключны раздзел як бы вяртае чытача да першага раздзелу і так узнікае адзінага тону эмацыянальная рамка сюжэтнага дзеяння[3].

«Курган» — шэдэўр не толькі Я. Купалы, але і ўсёй новай беларускай літаратуры. Уздзеянне паэмы на беларускую літаратуру пачалося адразу ж пасля яе з'яўлення. Асабліва яно прыкметнае у зборніку К. Буйло «Курганная кветка» (1914), а таксама на «Абразках» З. Бядулі (1913), на першай рэдакцыі паэмы Я. Коласа «Сымон-музыка» (1918) і інш[3].

Пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Паэма перакладалася на шматлікія замежныя мовы, у т.л. на азербайджанскую — Г. Беюкага, на англійскую — В. Рыч, на армянскую — Г. Баран, на асецінскую — А. Пухаеў, на балгарскую — Н. Вылчаў, на кітайскую — Чжу Цзі, на латышскую — С. Еранім, на літоўскую — Э. Матузявічус(літ.) бел., на малдаўскую — П. Дарые, на рускую — М. Браўн, М. Галодны(руск.) бел., С. Гарадзецкі, Н. Кіслік, С. Рагавіцкі з Э. Падэрэўскім, на румынскую — С. Дэлчу, на узбекскую — Міртэмір(узб.) бел., М. Шэйхзадэ, на ўкраінскую — Т. Масенка(укр.) бел., П. Тычына(укр.) бел., Я. Фамін(укр.) бел., М. Цярэшчанка(укр.) бел.[3].

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

У 2010 годзе святкавалася стагоддзе паэмы. З гэтай нагоды ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Я. Купалы праводзілася выстаўка, дзе можна было ўбачыць копію рукапісу паэмы, першую публікацыю паэмы ў газеце «Наша ніва» 1912 года і прыжыццёвыя друкаваныя выданні з паэмай, розныя выданні гэтага твора канца ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў[1][4].

Уплыў на культуру[правіць | правіць зыходнік]

Belarus-1996-Bill-100000-Reverse.jpg
100-rubles-Belarus-2000-b.jpg
Разліковыя білеты Нацыянальнага банка Рэспублікі
Беларусь узораў 1992—1999 і 2000 года адпаведна
з выявай на рэверсе сцэны з балета «Выбранніца»

Выяўленчае мастацтва[правіць | правіць зыходнік]

Да паэмы звярталіся майстры сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі (творы М. Басалыгі[5][6][7], М. Бельскага, Я. Бусла, Л. Замаха, А. Кашкурэвіча[8], М. Пушкара, М. Савіцкага, П. Сергіевіча, І. Сталярова, В. Ціхановіча, В. Шаранговіча і інш.) і Расіі (Я. Чарняцін)[3].

А. М. Кашкурэвіч атрымаў дыплом імя Францыска Скарыны Рэспубліканскага і дыплом ІІ ступені Усесаюзнага конкурсаў «Мастацтва кнігі» за ілюстрацыі да выдання паэмы 1967 года[9].

В. П. Шаранговіч узнагароджаны дыпломам імя Францыска Скарыны Рэспубліканскага і дыпломам ІІ ступені Усесаюзнага конкурсаў «Мастацтва кнігі» за ілюстрацыі да выдання «Паэмы [На ракой Арэсай; Безназоўнае; Яна і я; Магіла льва; Бандароўна; Курган; Адплата кахання; Нікому; Зімою]» 1978 года[10].

Музыка[правіць | правіць зыходнік]

Да паэмы Янкі Купалы «Курган» не раз звярталіся кампазітары. Ёй прысвечаныя музычныя творы К. Галкоўскага, Я. Глебава, І. Лучанка, І. Любана, А. Туранкова, У. Чараднічэнкі[3].

28 мая 1969 года ў Беларускім дзяржаўным тэатры оперы і балета адбылася прэм'ера балета ў 3-х дзеяннях «Выбранніца». Лібрэта напісалі А. Вярцінскі і А. Дадзішкіліані па матывах паэм Янкі Купалы «Магіла льва», «Сон на кургане», «Драматычная паэма», «Курган».

Другая рэдакцыя балета «Выбранніца», якую Яўген Глебаў прысвяціў 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, была пастаўлена Беларускім тэатрам оперы і балета ў 1982 годзе і мела назву «Курган». Лібрэта напісалі Г. Маёраў(руск.) бел. і А. Вярцінскі.

У 1960 годзе І. Лучанок напісаў кантату[11] «Курган» для хору салістаў і сімфанічнага аркестра[12], на музыку якой Ансамбль «Песняры» ў 79-м прадставіў рок-оперу, якая ўвайшла ў дваццатку лепшых твораў свету, створаных у стылістыцы прагрэсіў-року[13]. У 2011 да 100-годдзя напісання паэмы і 70-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна быў прадстаўлены мюзікл «Курган» на музыку І. Лучанка ў аранжыроўцы У. Мулявіна[14][15].

Кінематограф[правіць | правіць зыходнік]

Некаторыя вобразы паэмы ўвайшлі ў кінафільм В. Рубінчыка «Магіла льва (Беларусьфільм)» (1971) і тэлеспектакль У. Траццякова «Папараць-кветка» (1981)[3].

Водгукі[правіць | правіць зыходнік]

" Канчатковы вынік, які выцякае з аналізу кампазыцыйнага пабудаваньня і стылю... паэмаў [«За што», «На куцьцю», «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»], зводзіцца да таго, што гэтымі творамі Я. Купала ўвёў беларускую літаратуру ў галіне гэтага жанру ў агульнае рэчышча літаратуры еўрапейскай.
Аляксандр Вазнясенскі[16]
"

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Выставка, посвященная столетию поэмы «Курган», проходит в Государственном литературном музее Янки Купалы (руск.) 
  2. Презентация диска с рок-оперой «Курган» по поэме Янки Купалы (руск.) 
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 3,5 3,6 3,7 3,8 3,9 Курган // Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелСЭ, 1986. — С. 325—327.
  4. Литературный музей Янки Купалы впервые выставил полную рукопись поэмы «Курган» (руск.) 
  5. М. С. Басалыга. «Курган»
  6. ВЫСТАВКА «ЯНКА КУПАЛА И ЯКУБ КОЛАС — БЕЛОРУССКИЕ ПЕСНЯРЫ»
  7. Басалыга Міхаіл Самуілавіч
  8. Я. Купала. Тры паэмы. Вокладка працы А. Кашкурэвіча
  9. Кашкурэвіч Арлен Міхайлавіч. Янка Купала. Курган. 1967.
  10. Шаранговіч Васіль Пятровіч
  11. Игорь Лученок — кантата «Курган» 1960 г
  12. Человек из кургана (руск.) 
  13. Поэма Купалы «Курган» стала рок-оперой (руск.) 
  14. Культура (руск.) 
  15. Фатаграфіі мюзікла
  16. Янка Купала. "Магіла льва" (з народнага падання). 1913. Праверана 3 лістапада 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Курган» / Аўтар — А.Лойка — C. 325—327.
  • Бярозкін Р. Свет Купалы; Звенні. — Мн., 1981. — С. 98—99.
  • Вазнясенскі А. Паэмы Янкі Купалы. — Узвышша, 1927, № 1.
  • Казбярук У. Перачытваючы паэму. — Полымя, 1973, № 10.
  • Лазарук М. Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ- пачатку ХХ стагоддзя. — Мн., 1970. — С.106—107, 167—173.
  • Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч.2. — Мн., 1980. — С.160—167.
  • Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. — Мн., 1965. — С.98—105, 112, 114.
  • Навуменка І. Янка Купала. — Мн., 1980. — С.77, 79.
  • Шкраба Р. Тры паэмы Янкі Купалы. — У яго кн. Сіла слова. — Мн., 1958.
  • Юрэвіч У. Янка Купала. — Мн., 1983. — С. 122—124.
  • Ярош М. Р. Пясняр роднай зямлі. — Мн., 1982. — С.137—140.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]