Рагвалод

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рагвалод Полацкі)
Рагвалод
ст.-рус.: Рогъволодъ
Сваты ноўгарадскага князя Уладзіміра Святаславіча ў Рагвалода (з левага боку); Рагвалод і яго дачка Рагнеда (з правага боку). Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.
Сваты ноўгарадскага князя Уладзіміра Святаславіча ў Рагвалода (з левага боку); Рагвалод і яго дачка Рагнеда (з правага боку). Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу, XV ст.
князь полацкі
945-947 — 978
Пераемнік Ізяслаў Уладзіміравіч

Нараджэнне X стагоддзе
Смерць 978
Полацк
Род Ізяславічы Полацкія
Дзеці 2 сыны; дачка Рагнеда
Дзейнасць арыстакрат
Гады службы згадваецца ў 978
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рагвалод (ст.-рус. Рогъволодъ, Роговолодъ; ? — 978) — першы гістарычна вядомы князь полацкі (940-я — 978). Бацька Рагнеды і праз яе пачынальнік роду полацкіх князёў Ізяславічаў.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

У артыкуле 980 года «Аповесць мінулых часоў» (XII ст.) паведамляе, што «Рагвалод прыйшоў з-за мора, і меў уладу сваю ў Полацку» («Рогъволодъ перешелъ изъ заморья, имяше волость свою Полотьске»). Іншых звестак пра паходжанні Рагвалода ў крыніцах няма. У «Аповесці мінулых часоў» разам з Рагвалодам названы тураўскі князь Тур, многія даследчыкі лічаць гэта не выпадковым і выказваюць думкі пра іх агульнае паходжанне.

Ёсць думка, што на Русі было дзве скандынаўскія дынастыі — Рурыкавічы і Рагвалодавічы[1][2][3], пры тым, што па мячы пазнейшыя Рагвалодавічы толькі галіна Рурыкавічаў. Паводле Адольфа Стэндэр-Пэтэрсана, на Русі было дзве скандынаўска-славянскія дзяржавы — Наўгародска-Кіеўская і Полацкая, ён спасылаецца на сведчанне «Аповесці мінулых часоў» пра княжанне Рагвалода ў Полацку і яго скандынаўскае імя. Паводле Амяльяна Прыцака, полацкая дынастыя была адзінай са старажытных скандынаўскіх дынастый, якая здолела захавацца ў барацьбе з Рурыкавічамі[4].

Імя[правіць | правіць зыходнік]

У 1879 годзе дацкі мовазнавец Вільгельм Томсен паказаў, што імёны Рогволодъ і Рогнѣдь — стараславянская транскрыпцыя распаўсюджаных скандынаўскіх імёнаў Рагвалд (стар.-паўн. Ragnvald) і Рагнейдзь (Ragnheiðr)[5]. З таго часу пераважная большасць даследчыкаў, у т. л. сучасныя А. А. Мельнікава, А. А. Рыдзеўская, Т. М. Джаксан і іншыя, трымаюцца такога меркавання.

Да 2-й паловы XIX ст., пачаўшы ад Мікалая Кастамарава выказвалася і меркаванне, што імёны Рогволодъ і Рогнѣдь славянскага паходжання. Імя Рогволодъ прапаноўвалі выводзіць ад спалучэння фармантаў -рог і -валод (параўн.: валодаць) і давалі тлумачэнне: «той, хто валодае рогам», у значэнні «той, хто валодае ўладай», — праводзячы паралель з імем Усевалад. Да такога меркавання далучаліся гісторыкі П. В. Галубоўскі, М. І. Кастамараў, М. В. Доўнар-Запольскі і інш. З сучасных даследчыкаў такую магчымасць не адмаўляе Леанід Аляксееў, як не адмаўляе ён і скандынаўскага паходжання гэтых імён[6]. Прыхільнікі гэтага меркавання ёсць і цяпер, у асноўным у ненавуковым асяродку. Каб зняць супярэчнасць з паведамленнем «Аповесці мінулых часоў», якое ўскосна ўказвае на скандынаўскае паходжанне Рагвалода, яны сцвярджаюць, што прыход з-за мора неабавязкова сведчыць пра скандынаўскае паходжанне.

Славянскае паходжанне імён Рогволодъ і Рогнѣдь лічыцца малаверагодным. Праблемай гіпотэзы славянскага паходжання імён з’яўляецца адсутнасць прамых славянскіх паралеляў, а таксама іншых славянскіх імён з фармантам -рог. У свой час гісторык С. А. Гедэонаў прыводзіў чэшскую паралель Рагаўлад (Rohovlad)[7]. Аднак Рагаўлад бытавала толькі ў межах аднаго шляхецкага роду Букувак і было не імем, а мянушкай, а пазней прозвішчам, і паходзіла ад рагоў, выяўленых на родавым гербе.

Пазней імем Рагвалод названы старэйшы з унукаў полацкага князя Усяслава Брачыславіча — Рагвалод-Васіль Барысавіч, а імем Рагнеда — Рагнеда Мсціслаўна, пры гэтым вядомыя яе сёстры таксама названы скандынаўскімі імёнамі Мальмфрыда і Інгеборга.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Маскоўскага зводу 1479 года, Рагвалод з’явіўся ў Полацку ў часы кіеўскага князя Святаслава Ігаравіча (945—972), чыя ўвага была адцягнутая далёкімі паўднёвымі паходамі[8]. Напэўна, не пазней за лета 971 года, калі Святаслаў пасадзіў свайго сына Уладзіміра ў Ноўгарадзе, бо ўжо тады «Рагвалод трымае і ўладарыць, і княжыць у Полацкай зямлі». Магчыма, і да 947 года, калі кіеўская княгіня Вольга, перамагла ятвягаў, займалася справамі Пскова, ставіла пагосты па Мсце і Лузе і, паводле падання, пабудавала Віцебск — наведала землі вакол, але не Полацк, адзін з буйнейшых гарадоў у рэгіёне. Таму выказана думка, што Вольга тады ўжо не валодала Полацкай зямлёй, а ўмацоўвала межы з ёю.

У 2-й палове 975 года ў канфлікце з князем кіеўскім Яраполкам Святаславічам загінуў яго брат, оўруцкі князь Алег Святаславіч. Другі Яраполкаў брат — Уладзімір Святаславіч, спалохаўся і ў канцы 975 года ўцёк з Ноўгарада «за мора». Яраполк паставіў у Ноўгарадзе свайго намесніка і пасаднікаў і ўладарыў Руссю адзін. Вясной 978 года Уладзімір з наёмнай дружынай вярнуўся з-за мора ў Ноўгарад, забіў намесніка і прагнаў пасаднікаў Яраполка, сказаўшы: «Ідзіце да майго брата і скажыце: Уладзімір ідзе на цябе, будзь гатовы з ім біцца». Абодва браты, відавочна, пачалі шукаць саюзнікаў, таму і Яраполк, і Уладзімір прыслалі сватоў у Полацк[9].

Рагвалод, відаць, палічыў такі саюз выгодным і прыняў яго. Паводле Тацішчава, Рагвалод пачаў ваяваць наўгародскія воласці — якія менавіта застаецца дыскусійным. Тым часам паміж Полацкай і Наўгародскай зямлёй былі вялікія нічыйныя абшары. Адзінае месца, дзе княствы, верагодна, межавалі — вярхоўі Ловаці. Таму, думаюць, на гэтыя землі і мог быць скіраваны напад Рагвалода. Яраполк паслаў на дапамогу Рагвалоду сваё войска, каб не даць Уладзіміру ваяваць «Крыўскую зямлю». Разам з ваяводамі адправіў і паслоў, каб схіліць брата да міру.

Уладзімір таксама паслаў у Полацк сватоў, але Рагнеда была ўжо змоўлена за Яраполка. Паводле летапісу, Рагвалод запытаўся дачку: «Ці хочаш за Уладзіміра?», — а яна адказала: «Не хачу разуць рабычыча, а хачу Яраполка». Нават калі гэтыя абразлівыя словы і былі сказаныя 12-гадовай Рагнедай, наўрад ці яны належаць ёй самой, і наўрад ці менавіта яны былі прычынай для вайны. Рагвалод у барацьбе паміж Уладзімірам і Яраполкам стаў на бок апошняга, што немінуча вяло да вайны Ноўгарада з Полацкам, якая, магчыма фактычна ўжо і вялася Рагвалодам, а адказ Рагнеды быў толькі своеасаблівай дэкларацыяй намераў полацкага князя[10]. Праўда, нельга выключаць, словы прычыніліся да жорсткасці расправы з полацкай княжацкай сям’ёй.

Уладзімір з войскам з варагаў, наўгародцаў, чудзі і крывічоў прыйшоў пад Полацк, калі Рагнеду ўжо сабралі да Яраполка. Рагвалод выйшаў супраць Уладзіміра, але быў разбіты і зачыніўся ў горадзе, мабыць, у спадзяванні дачакацца кіеўскіх войскаў. Уладзімір узяў Полацак, недзе ў маі 978 года, «і паланілі Рагвалода і сыноў яго, і жонку яго, і дачку. І зневажаў Дабрыня [дзядзька Уладзіміра] яго, і прыгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабычычам, і загадаў Уладзіміру быць з ёю перад бацькам і маці. Пасля Уладзімір забіў бацьку, братоў і маці яе, а саму ўзяў у жонкі».

Бой з войскам Рагвалода і ўзяцце горада, мусіць, дорага абышліся войску Уладзіміра. Паводле В. М. Тацішчава, які спасылаўся на Іаакімаўскі летапіс, калі Уладзімір у Полацку даведаўся пра набліжэнне кіеўскіх войскаў, то спалохаўся і хацеў бегчы ў Ноўгарад. Дабрыня ж, ведаючы, што Яраполк не падабаецца паганцам, стрымаў пляменніка і паслаў да яраполкавых ваявод дары, прапануючы перайсці на свой бок. Ваяводы абяцалі перайсці і выканалі сваё абяцанне ў бітве пры «рацэ Друці, у трох днях шляху ад Смаленска». Яраполк застаўся без войска, якое часткай перайшло на бок Уладзіміра, а часткай было знішчанае. Такім чынам, ваяводы Яраполка спазняліся да Полацка, мусіць на 5—10 дзён.

Пасля гэтага Уладзімір і Дабрыня з войскам пайшлі на Кіеў. Неўзабаве Яраполк быў здрадліва забіты. Уладзімір 11 чэрвеня 978 года абвешчаны кіеўскім князям.

Спрэчныя пытанні[правіць | правіць зыходнік]

Прыхільнікі славянскай версіі паходжання Рагвалода і яго сям’і звяртаюць увагу на апісаны ў летапісе звычай разуваць жаніха — не скандынаўскі і агулам не германскі звычай, а таксама, што ў германцаў не было звычаю адвозу нявесты да жаніха. Ставіцца пад сумнеў, ці маглі Рагвалод і Рагнеда, калі былі скандынавамі, так хутка засвоіць славянскія звычаі.

Аднак вядома, што скандынавы ў Нармандыі, Данелагу і Сіцыліі хутка пераймалі мясцовыя звычаі і мову — у другім і нават першым пакаленні. Выказваецца меркаванне, што Уладзімір не забіў Рагнеду разам з бацькамі і братамі, а ўзяў за жонку, толькі каб атрымаць за ёю спадчанныя правы на Полацк, што быццам сведчыць пра такія правы Рагвалода — князя мясцовага і славянскага паходжання.

Таксама паўстае пытанне пра згаданага побач з Рагвалодам у летапісе Тура, князя тураўскага — некаторыя даследчыкі лічаць іх роднымі братамі і з гэтага выводзяць іх супольны радавод[11]. Сляды Рагвалода і Тура знаходзяць нават у Францыі, дзе апошні нібыта заснаваў горад Тур.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

  • Паштовая марка Рэспублікі Беларусь «Рагвалод — князь полацкі» (1993).
  • Памятныя манеты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь «Рагвалод Полацкі. Рагнеда» (з серыі «Умацаванне і абарона дзяржавы»). Наміналы: 1 рубель (медна-нікелевая), 20 рублёў (срэбная); дызайн: С. Заскевіч (Беларусь); чаканка: ЗАТ «Літоўскі манетны двор», Вільнюс, Літва; выпуск у зварот: 9 лістапада 2006[12].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Stender-Petersen А. Varangica. Aarhus, 1953. Р. 130—131.
  2. Pritsak О. The Origin of Rus'. Cambridge (МА), 1981. Vol. 1. Old Scandinavian Sources other than the Sagas. Р. 137.
  3. Duczko W. Viking Rus: Studies on the Presence of Scandinavians in Eastem Europe. Leiden, 2004. Р. 126—127.
  4. Мартынюк А. В. Alba Ruscia: Белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (X—XVI вв.). Москва, 2015. С. 9.
  5. Der Ursprung der russischen Staates. 14, 7.
  6. Алексеев, Л. В. Полоцкая земля в IX—XIII вв. : Очерки истории Северной Белоруссии / Л. В. Алексеев. — Москва : Наука, 1966. — С. 238.
  7. С. А. Гедэонаў спасылаецца на Časopis Českého museum, т. VI, с. 65.
  8. Заяц 2013, с. 19.
  9. Франклин, Шепард 2009, с. 225-226.
  10. Самонова М. Н. Полоцкое княжество в системе… С. 6;
  11. Коновалов 1995.
  12. Памятныя манеты «Рагвалод Полацкі і Рагнеда» Архівавана 31 сакавіка 2015. // Нацыянальны Банк Рэспублікі Беларусь.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Łatyszonek, O., Bely, A. On the Scandinavian origin of Rahvalod // Annus Albaruthenicus — Год беларускі. — 2005. — № 6.
  • Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества X — XIII вв. — Москва, 1975.
  • Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / Мікола Ермаловіч; Прадм. М. А. Ткачова. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1990. — 365,[2] с.: іл. — С. 67—80. — ISBN 985-6026-01-6.
  • Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: IX — XIII ст.: Вучэб. дапам. — Мінск, 1998. — 260 с.
  • Заяц Ю. А. Полоцкий княжеский дом: правовой аспект взаимоотношений князей Полоцкого и Киевского домов (985—1129 гг.) // Матэрыялы па археалогіі Беларусі. Даследаванні сярэдневяковых старажытнасцей Цэнтральнай Беларусі (памяці Ю. А. Заяца) / Навук.рэд.: В. М. Ляўко. — Вып. 24. — Мінск: «Беларуская навука», 2013.
  • Коновалов Ю. В. Русско-скандинавские связи середины IX — середины XI вв. Архівавана 7 чэрвеня 2008. // Историческая генеалогия. Вып. 5. — Екатеринбург — Париж, 1995. — С. 42—59.
  • Навіцыян Г. Князь, які «прішелъ и-заморья»: гіпотэза паходжаньня Рагвалода Архівавана 13 сакавіка 2016. // ARCHE. — 2006. — № 9 (49). — С. 137—142. — Эл. версія на старонцы ARCHE.
  • Самонова М. Н. Полоцкое княжество в системе династических связей и политических взаимоотношений Руси со Скандинавией и Польшей в XI — начале XIII в. // Studia Historica Europae Orientalis = Исследования по истории Восточной Европы: науч. сб. Вып. 5. — Минск: РИВШ, 2012. — 244 с. — С. 6-24;
  • Самонова М. Н. Рогволод и Рогнеда: скандинавские корни династии // Alba Ruscia: белорусские земли на перекрестке культур и цивилизаций (X—XVI вв.) / Отв. ред. А. В. Мартынюк. — М.: Квадрига, 2015. — С. 8-26.
  • Самонова М. Н. Рагвалод, Торвальд, Эймунд: скандынаўскі след у гісторыі Полацкага княства // Беларускі гістарычны часопіс. — 2019. — № 3. — С. 3-11.
  • Франклин С., Шепард Д. Начало Руси. 750-1200 = The Emergence of Rus: 750—1200 / Simon Franklin and Jonathan Shepard. — London; New York: Longman, 1996. — 450 p. (Longman History of Russia). / Авторизованный перевод с английского: Д.М. Буланин, Н.Л. Лужецкая. — СПб: Дмитрий Буланин, 2009. — 671 с. — ISBN 0-582-49091-X. — ISBN 978-5-86007-629-7.
  • Штыхаў Г. Рагвалод // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — С. 43. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.