Беларускае вольнае эканамічнае таварыства (Петраград)
Беларускае вольнае эканамічнае таварыства — згуртаванне беларускай інтэлігенцыі ў Петраградзе. Існавала з кастрычніка 1918 г. па 1920 г.
Створана пры садзеянні Петраградскім аддзяленнем Беларускага нацыянальнага камісарыята і беларускай секцыяй РКП(б). Мела на мэце спрыяць развіццю навукі, культуры і народнай гаспадаркі Беларусі. Пасяджэнні арганізацыйнага бюро па стварэнні таварыства адбыліся 14 чэрвеня і 14 ліпеня 1918 г. Былі выпрацаваны статут таварыства (за аснову прыняты статут Беларускага навукова-культурнага таварыства ў Маскве з дапаўненнем задач эканамічнаму характару. Падрыхтаваны зварот «Да вывучэння Беларусі» за подпісамі М. М. Аўсянага, Я. С. Канчара і А. Ц. Вазілы.
Першае ўрачыстае пасяджэнне таварыства адбылося 13 кастрычніка 1918, прысутнічала 27 чал. Заслуханы даклады «Задачы і мэты таварыства» (Р. Р. Каўшыла), «Аб прафесіянальнай адукацыі ў краі» (М. М. Аўсяны), «Да пытання пра стварэнне ўпраўлення меліярацыйных і агракультурных работ на Беларусі» (Я. С. Канчар), «Пра стан народнай гаспадаркі на Беларусі» (А. Ц. Вазіла), «Пра сучасны стан школы на Беларусі» (Дз. М. Сабалеўскі). У праўленне таварыства ўвайшлі акадэмік Я. Ф. Карскі, прафесар П. М. Жуковіч (ганаровыя члены), Я. С. Канчар (старшыня праўлення), М. М. Аўсяны, А. Ц. Вазіла, П. І. Міклашэўскі, М. М. Сабалеўскі, Дз. М. Сабалеўскі, П. Р. Бывалькевіч (члены праўлення), А. К. Сержпутоўскі, Ф. І. Баліцкі, У. І. Півавараў, І. А. Пятровіч (Я. Нёманскі), П. І. Савініч, І. М. Хвядчэня, З. І. Баранчык.
Паводле сведчання Сержпутоўскага, у рабоце таварыства прымалі ўдзел акадэмікі С. Ф. Альдэнбург і А. А. Шахматаў. 22 лістапада 1918 праўленне абмяркоўвала пытанні выдання навуковага часопіса «Белоруссия», зборніка беларускіх прыказак Сержпутоўскага, стварэння ў Петраградзе Беларускага пачатковага палітэхнікума, арганізацыі ўпраўлення меліярацыйных і агракультурных работ, стварэння бібліятэкі. Звесткі пра дзейнасць таварыства ў 1919—1920 фрагментарныя.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваюца кнігі з пячаткай бібліятэкі таварыства.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Скалабан, В. У. Беларускае вольнае эканамічнае таварыства / В. У. Скалабан // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1. А — Беліца / БелЭн; Рэдкал.: М. В. Біч (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — 494 с., [8] к.: іл. — С. 351. — ISBN 5-85700-074-2.
- Скалабан, В. Па ленінскаму дэкрэту // Мастацтва Беларусі. — 1984. — № 4. — С.