Шарль дэ Голь
Шарль-Андрэ-Жозеф-Мары дэ Голь (франц: Charles-André-Joseph-Marie de Gaulle) — французскі генерал і палітык, прэзідэнт Францыі ў перыяд 1959—1969 гг[9].
Жыццяпіс
Дзяцінства
Нарадзіўся 22 лістапада 1890 ў горадзе Ліль (Францыя) у арыстакратычнай каталіцкай сям’і. Бацька — Анры дэ Голь быў выкладчыкам філасофіі і літаратуры ў езуіцкім вучылішчы, аказваў моцны ўплыў на сына. З ранняга дзяцінства Шарля бацька надаваў шмат увагі навучанню сына, на якога вельмі моцна паўплывала гісторыя, прывіўшы Шарлю амаль містычнае жаданне служыць Радзіме. Разам з тым праяўляўся вялікі інтарэс да ваеннай справы, што паўплывала на жыццёвы выбар Шарля, які паступіў у знакамітую французскую ваенную школу ў Сен-Сір. Вучобу скончыў на выдатна ў 1912.
Першая сусветная вайна
З самага пачатку Першай сусветнай вайны Шарль дэ Голь бярэ ўдзел у баявых дзеяннях, быў 3 раза паранены. Пасля апошняга ранення, у бітве пры Вердэне, знаходзіцца ў цяжкім становішчы[10], яго «пасмяротна» узнагароджваюць ордэнам. Але ён застаецца жыць, трапляе ў нямецкі палон, адкуль шэсць разоў спрабуе збегчы. У чэрвені-верасні 1916 дэ Голь утрымліваўся ў палоне на тэрыторыі Беларусі — у Шчучыне[11].
Менавіта ў няволі дэ Голь знаёміцца з творамі нямецкіх аўтараў, больш пазнае Германію, што яму дапамагло ў будучым ваенным камандаванні, тут ён піша сваю першую кнігу «Разлад у краіне ворага» (апублікавана ў 1916).
1920-ыя гады
Пасля заканчэння вайны, пачынаючы з 1919 да 1921 Шарль дэ Голь знаходзіцца ў Польшчы, дзе працуе выкладчыкам ваеннай справы, а ў чэрвені-жніўні 1920 прымае ўдзел у польска-савецкай вайне (1919—1921) са званнем маёр. Пасля вяртаецца на Радзіму, дзе 6 красавіка 1921 бярэ шлюб з Івонай Вандру, ад якога 28 снежня нараджаецца сын Філіп. Капітан дэ Голь вяртаецца да працы выкладчыка, на гэты раз у Сен-Сіры, пасля ў 1922 дапушчаны ў Вышэйшую Ваенную школу. 15 мая 1924 нараджаецца дачка — Элізабета, а ў 1928 дачка Ганна, якая хварэла на сіндром Дауна.
Другая сусветная вайна
Пачатак вайны. Да ад’езду ў Лондан
Да пачатку Другой сусветнай дэ Голь меў званне палкоўніка. За дзень да пачатку вайны (31 жніўня 1939) быў прызначаны камандуючым танкавымі войскамі ў Саары, пісаў з гэтай нагоды: «На маю долю выпала граць ролю ў жудаснай містыфікацыі… Некалькі дзясяткаў лёгкіх танкаў, якімі я камандую, — гэта ўсяго толькі пылінка. Мы прайграем вайну самым вартым жалю чынам, калі не будзем дзейнічаць».
У студзені 1940 года дэ Голь напісаў артыкул «З’ява механізаваных войскаў», у якой падкрэсліў значэнне ўзаемадзеяння разнастайных сухапутных сіл, у першую чаргу танкавых, і ВПС[12].
14 мая 1940 года яму даручылі камандаванне 4-й танкавай дывізіяй (першапачаткова 5000 салдат і 85 танкаў). З 1 чэрвеня ён часова выконваў абавязкі брыгаднага генерала (афіцыйна яго так і не паспелі зацвердзіць у гэтым званні, і пасля вайны ён атрымліваў ад Чацвёртай рэспублікі толькі пенсію палкоўніка). 6 чэрвеня прэм’ер-міністр Поль Рэйно прызначыў дэ Голя намеснікам ваеннага міністра. Надзелены гэтай пасадай генерал спрабаваў процідзейнічаць планам па перамір’і, да якіх схіляліся кіраўнікі ваеннага ведамства Францыі, і перш за ўсё міністр Філіп Пэтэн. 14 чэрвеня дэ Голь ездзіў у Лондан для перамоваў пра суды для эвакуацыі французскага ўрада ў Афрыку; пры гэтым ён даказваў прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі Уінстану Чэрчылю, «што патрабуецца нейкі драматычны крок з мэтай забяспечыць Рэйно падтрымку, неабходную яму для таго, каб заахвоціць урад працягваць вайну»[13]. Аднак у той жа дзень Поль Рэйно падаў у адстаўку, пасля чаго ўрад узначаліў Пэтэн; неадкладна пачаліся перамовы з Германіяй аб перамір’і. 17 чэрвеня 1940 года дэ Голь вылецеў з Бардо, дзе грунтаваўся Эвакуяваны ўрад, не жадаючы ўдзельнічаць у гэтым працэсе, і зноў прыбыў у Лондан. Па ацэнцы Чэрчыля, «на гэтым самалёце дэ Голь вёз з сабой гонар Францыі»[13].
Першыя дэкларацыі
Менавіта гэты момант стаў пераломным у біяграфіі дэ Голя. У «мемуары надзеі» ён піша: «18 чэрвеня 1940 года, адказваючы на заклік сваёй радзімы, пазбаўлены якой-небудзь іншай дапамогі для выратавання сваёй душы і гонару, дэ Голь, адзін, нікому не вядомы, павінен быў узяць на сябе адказнасць за Францыю». У гэты дзень BBC перадало радыёвыступ дэ Голя — прамова 18 чэрвеня, якая заклікае да стварэння французскага Супраціўлення.
Генерал абвінавачваў урад Петэна ў здрадзе і заяўляў, што «з поўным усведамленнем доўгу выступае ад імя Францыі». З’явіліся і іншыя заклікі дэ Голя.
Так дэ Голь стаў на чале «Свабоднай Францыі» — арганізацыі, закліканай аказаць супраціўленне акупантам і калабарацыянісцкаму рэжыму Вішы. Легітымнасць гэтай арганізацыі грунтавалася, у яго вачах, на наступным прынцыпе: «Законнасць ўлады грунтуецца на тых пачуццях, якія яна натхняе, на яе здольнасці забяспечыць нацыянальнае адзінства і пераемнасць, калі радзіма ў небяспецы».
Спачатку яму давялося сутыкнуцца з нямалымі цяжкасцямі. «Я… спачатку нічога сабою не ўяўляў… У Францыі — нікога, хто мог бы за мяне паручыцца, і я не карыстаўся ніякай вядомасцю ў краіне. За мяжой — ніякага даверу і апраўдання маёй дзейнасці»[14]. Фарміраванне арганізацыі «Свабоднай Францыі» мела даволі зацяжны характар. Дэ Голю ўдалося заручыцца падтрымкай Чэрчыля. 24 чэрвеня 1940 года Чэрчыль паведамляў генералу Г. Л. Ісмею: «Уяўляецца выключна важным стварыць цяпер, пакуль пастка яшчэ не зачынілася, арганізацыю, якая дазволіла б французскім афіцэрам і салдатам, а таксама знакамітым спецыялістам, якія жадаюць працягваць барацьбу, прабіцца ў розныя парты. Неабходна стварыць свайго роду „падпольную чыгунку“… Я не сумняваюся, што будзе бесперапынны паток рашучых людзей — а нам неабходна атрымаць усё, што можна, — для абароны французскіх калоній. Ваенна-марское міністэрства і ваенна-паветраныя сілы павінны супрацоўнічаць. Генерал дэ Голь і яго камітэт будуць, вядома, аператыўным органам»[13]. Імкненне стварыць альтэрнатыву ўраду Вішы прывяло Чэрчыля не толькі да ваеннага, але і да палітычнага рашэння: прызнання дэ Голя «кіраўніком усіх свабодных французаў» (28 чэрвеня 1940 года) і да дапамогі па ўзмацненні пазіцый дэ Голя ў міжнародным плане.
Кантроль над калоніямі. Развіццё Супраціўлення
У ваенных адносінах галоўная задача заключалася ў пераводзе на бок французскіх патрыётаў «Французскай імперыі» — шырокіх каланіяльных уладанняў у Афрыцы, Індакітаі і Акіяніі. Пасля няўдалай спробы захапіць Дакар дэ Голь стварае ў Бразавілі (Конга) Савет Абароны Імперыі, маніфест аб стварэнні якога пачынаўся са словаў: «Мы, генерал дэ Голь (nous général de Gaulle), кіраўнік свабодных французаў, пастанаўляем» і г. д.[15]. У Савет уваходзяць антыфашысцка настроеныя ваенныя губернатары французскіх (як правіла, афрыканскіх) калоній: генералы Катру, Эбуэ, палкоўнік Леклерк. З гэтага моманту дэ Голь падкрэслівае нацыянальныя і гістарычныя карані свайго руху. Ён засноўвае ордэн Вызвалення, галоўным знакам якога становіцца Латарынгскі крыж з двума перакладзінамі — старажытны, узыходзячы да эпохі феадалізму, сімвал французскай нацыі[16]. Пры гэтым падкрэслівалася і выкананне канстытуцыйных традыцый Французскай рэспублікі, так, «Арганічная дэкларацыя» (праваўстанаўліваючых дакументаў палітычнага рэжыму «Змагарная Францыя»), апублікаваная ў Бразавілі, даказвала нелегітымнасць рэжыму Вішы, спасылаючыся на тое, што ён выгнаў «са сваіх квазіканстытуцыйных актаў нават само слова „рэспубліка“, падаўшы на чале г. зв. „Французскай дзяржавы“ неабмежаваную ўладу, падобную ўладзе неабмежаванага манарха»[17].
Вялікім поспехам «Свабоднай Францыі» было ўсталяванне неўзабаве пасля 22 чэрвеня 1941 года непасрэдных сувязей з СССР, — без ваганняў савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне аб пераводзе А. Я. Багамолава — свайго паўпрада пры рэжыме Вішы — у Лондан[18]. За 1941—1942 гады разраслася і сетка партызанскіх арганізацый у акупаванай Францыі. З кастрычніка 1941 года, пасля першых масавых расстрэлаў закладнікаў немцамі, дэ Голь заклікае ўсіх французаў да татальнага страйку і да масавых акцыяў непадпарадкавання.
Пасляваенны час
Пасля вызвалення Францыі ў жніўні 1944 дэ Голь у якасці кіраўніка часовага ўраду з трыумфам вярнуўся ў Парыж. Аднак галісцкі прынцып моцнай выканаўчай улады ў канцы 1945 быў адхілены выбарцамі, якія ўхвалілі канстытуцыю, шмат у чым падобную да канстытуцыі Трэцяй рэспублікі. У студзені 1946 дэ Голь сышоў у адстаўку.
У 1947 дэ Голь заснаваў новую партыю — Аб’яднанне французскага народу, галоўнай задачай якой стала скасаванне Канстытуцыі 1946, якая абвясціла Чацвёртую рэспубліку. Аднак у партыі не атрымалася дасягнуць жаданага выніку, і ў 1955 яна была распушчаная.
У мэтах захавання прэстыжу Францыі і ўмацавання яе нацыянальнай бяспекі дэ Голь падтрымаў Еўрапейскую праграму рэканструкцыі і Арганізацыю Паўночнаатлантычнага дагавора. Падчас каардынацыі ўзброеных сіл Заходняй Еўропы ў канцы 1948 дзякуючы ўплыву дэ Голя французам было перададзенае камандаванне сухаземнымі войскамі і флотам. Як і многія французы, дэ Голь працягваў ставіцца з падазрэннем да «моцнай Германіі» і ў 1949 выступіў супраць Бонскай канстытуцыі, якая паклала канец заходняй вайсковай акупацыі, але не адпавядала планам Шумана і Плевена (1951).
У 1953 дэ Голь адышоў ад палітычнай дзейнасці, пасяліўся ў сваім маёнтку ў Каламбэ-ле-дэз-Эгліз і заняўся напісаннем сваіх «Ваенных мемуараў».
У 1958 зацяжная каланіяльная вайна ў Алжыры спрычынілася да вострага палітычнага крызысу. 13 мая 1958 у алжырскай сталіцы ультракаланіялісты і прадстаўнікі французскага войска ўзнялі мяцеж. Неўзабаве да іх далучыліся прыхільнікі генерала дэ Голя. Усе яны выступалі за ўтрыманне Алжыра ў складзе Францыі. Сам генерал пры падтрымцы сваіх прыхільнікаў умела скарыстаўся гэтым і дамогся згоды Нацыянальнага сходу на стварэнне свайго ўрада на прадыктаваных ім умовах.
Пятая рэспубліка
Першыя гады пасля вяртання да ўлады дэ Голь займаўся ўмацаваннем Пятай рэспублікі, фінансавай рэформай, пошукамі развязання алжырскага пытання. 28 верасня 1958 на рэферэндуме была прынятая новая канстытуцыя краіны.
21 снежня 1958 дэ Голь быў абраны прэзідэнтам рэспублікі. Пад яго кіраўніцтвам узрос уплыў Францыі на міжнароднай арэне. Аднак у каланіяльнай палітыцы дэ Голь сутыкнуўся з праблемамі. Пачаўшы ўрэгулёўваць алжырскую праблему, дэ Голь цвёрда праводзіў курс на самавызначэнне Алжыра. У адказ на гэта выбухнулі мяцяжы французскага войска і ўльтракаланіялістаў у 1960 і 1961, тэрарыстычная дзейнасць Узброенай сакрэтнай арганізацыі, замах на дэ Голя. Тым не менш пасля падпісання Эвіянскіх дагавораў Алжыр атрымаў незалежнасць.
У верасні 1962 дэ Голь прапанаваў папраўку да канстытуцыі, паводле якой выбары прэзідэнта рэспублікі павінны праводзіцца праз усеагульнае галасаванне. Сутыкнуўшыся з супрацівам Нацыянальнага сходу, вырашыў звярнуцца да рэферэндума. На кастрычніцкім рэферэндуме папраўка была ўхваленая большасцю галасоў. Лістападаўскія выбары прынеслі перамогу галісцкай партыі.
У 1963 дэ Голь наклаў вета на ўступленне ў «Агульны рынак» Вялікабрытаніі, блакіраваў спробу ЗША паставіць у краінах НАТА ядзерныя ракеты, адмовіўся падпісаць дамову аб частковай забароне выпрабаванняў ядзернай зброі. Яго вонкавая палітыка спрыяла прымірэнню і збліжэнню Францыі і Заходняй Германіі. У 1963 дэ Голь наведаў Блізкі Усход і Балканы, а ў 1964 — Лацінскую Амерыку.
21 снежня 1965 дэ Голь быў пераабраны на пост прэзідэнта на наступны 7-гадовы тэрмін. Доўгае супрацьстаянне ў рамках НАТА дасягнула кульмінацыі ў пачатку 1966, калі французскі прэзідэнт вывеў сваю краіну з складу ваеннай структуры блоку. Тым не менш Францыя засталася членам Атлантычнага дагавору.
Выбары ў Нацыянальны збор у сакавіку 1967 прынеслі галісцкай партыі і яе хаўруснікам невялікую большасць, а ў маі 1968 пачаліся студэнцкія хваляванні і агульнанацыянальны страйк. Прэзідэнт ізноў распусціў Нацыянальны збор і прызначыў новыя выбары, перамогу на якіх атрымалі галісты. 28 красавіка 1969, пасля паражэння на рэферэндуме 27 красавіка па пытанні аб рэарганізацыі сенату, дэ Голь сышоў у адстаўку. Памёр дэ Голь у Каламбэ-ле-дэз-Эгліз 9 лістапада 1970.
Крызіс адміністрацыі дэ Голя. 1968 год
Сямігадовы прэзідэнцкі тэрмін дэ Голя мінаў у канцы 1965 года. Згодна з Канстытуцыяй V Рэспублікі, павінны былі адбыцца новыя выбары на пашыранай калегіі выбаршчыкаў. Але прэзідэнт, які збіраўся балатавацца на другі тэрмін, настойваў на ўсенародным абранні кіраўніка дзяржавы, і адпаведныя папраўкі былі прынятыя на рэферэндуме 28 кастрычніка 1962 года, дзеля якога дэ Голю прыйшлося скарыстацца сваімі паўнамоцтвамі і распусціць Нацыянальную асамблею. Выбары-1965 сталі другімі прамымі выбарамі французскага прэзідэнта: першыя адбыліся больш стагоддзя таму, у 1848 годзе, і на іх перамог Луі Напалеон Банапарт, будучы Напалеон III. Перамогі ў першым туры (5 снежня 1965 года), на якую так разлічваў генерал, не было. Другое месца заняў, атрымаўшы 31 %, сацыяліст Франсуа Мітэран, які прадстаўляў шырокі блок апазіцыі і выступаў з паслядоўнай крытыкай Пятай Рэспублікі як «пастаяннага дзяржаўнага перавароту». Хоць у другім туры 19 снежня 1965 года дэ Голь і ўзяў верх над Мітэранам (54 % супраць 45 %), гэтыя выбары былі першым трывожным сігналам. Непапулярная была ўрадавая манаполія на тэлебачанне і радыё (свабоднымі былі толькі друкаваныя СМІ). Важнай прычынай страты даверу да дэ Голю была яго сацыяльна-эканамічная палітыка. Рост уплыву айчынных манаполій, аграрная рэформа, якая выказалася ў ліквідацыі вялікай колькасці сялянскіх гаспадарак, нарэшце, гонка ўзбраенняў прывяла да таго, што ўзровень жыцця ў краіне не толькі не павысіўся, але і шмат у чым стаў ніжэй (да самаабмежавання ўрад заклікаў з 1963 года). Нарэшце, усё большае раздражненне паступова выклікала асоба самога дэ Голя — ён пачаў здавацца шматлікім французам, асабліва маладым, неадэкватна аўтарытарным і несучасным палітыкам. Да падзення адміністрацыі дэ Голя прыводзяць майскія падзеі ў Францыі 1968 года.
2 мая 1968 года ў Лацінскім квартале — парыжскім раёне, дзе знаходзяцца многія інстытуты, факультэты Парыжскага універсітэта, студэнцкія інтэрнаты — успыхвае студэнцкі мяцеж. Навучэнцы патрабуюць адкрыць факультэт сацыялогіі ў парыжскім прыгарадзе Нантэр, закрыты пасля аналагічных беспарадкаў, выкліканых старадаўнімі, «механічнымі» метадамі адукацыі і бытавых канфліктаў з адміністрацыяй. Пачынаюцца падпалы аўтамабіляў. Вакол Сарбоны ўзводзяцца барыкады. Тэрмінова выклікаюцца атрады паліцыі, у барацьбе з якімі некалькі соцень студэнтаў атрымліваюць раненні. Да патрабаванням мяцежнікаў дадаецца вызваленне іх арыштаваных калег і вывад паліцыі з кварталаў. Ўрад не задавольвае гэтыя патрабаванні . Прафсаюзы абвяшчаюць сутачную забастоўку. Пазіцыя дэ Голя жорсткая: з мяцежнікамі перамоў быць не можа. Прэм’ер-міністр Жорж Пампіду прапануе адкрыць Сарбону і задаволіць патрабаванні студэнтаў. Але момант ужо страчаны.
13 мая прафсаюзы выходзяць на грандыёзную дэманстрацыю, якая адбылася па ўсім Парыжы. Прайшло дзесяць гадоў з таго дня, як на хвалі алжырскага бунту дэ Голь абвясціў пра гатоўнасць узяць уладу. Цяпер над калонамі маніфестантаў лунаюць лёзунгі: «Дэ Голя — у архіў!», «Бывай, дэ Голь!», «13.05.58-13.05.68 — пара сыходзіць, Шарль!» Студэнты запаўняюць Сарбону. Забастоўка не толькі не спыняецца, але перарастае ў бестэрміновую. 10 мільёнаў чалавек страйкуюць па ўсёй краіне. Эканоміка краіны паралізаваная. Працоўныя патрабуюць саракагадзіннага працоўнага тыдня і павышэння мінімальнага заробку да 1000 франкаў. 24 мая прэзідэнт выступае па тэлебачанні. Ён кажа пра тое, што «краіна знаходзіцца на мяжы грамадзянскай вайны» і што прэзідэнту павінны быць прадастаўлены, праз рэферэндум, шырокія паўнамоцтвы для «абнаўлення» (фр.: Renouveau), прычым апошняе паняцце не канкрэтызавалася. Упэўненасці ў сабе ў дэ Голя не было. 29 мая Пампіду праводзіць пасяджэнне свайго кабінета. На пасяджэнні чакаецца дэ Голь, аднак узрушаны прэм’ер даведаецца пра тое, што прэзідэнт, забраўшы з Елісейскага палаца архівы, з’ехаў у Каламбэ. Увечары міністры даведаюцца, што верталёт з генералам ў Каламбэ не прызямліўся. Прэзідэнт адправіўся ў акупацыйныя войскі Францыі ў ФРГ, у Бадэн-Бадэн, і амаль неадкладна вярнуўся ў Парыж. Пра абсурднасць сітуацыі сведчыць хаця б тое, што Пампіду быў вымушаны шукаць шэфа пры дапамозе СПА.
30 мая дэ Голь у Елісейскім палацы чытае чарговы радыёвыступ. Ён заяўляе, што не пакіне сваёй пасады, распускае Нацыянальны сход і прызначае датэрміновыя выбары. Апошні раз у жыцці дэ Голь выкарыстоўвае шанец цвёрдай рукой пакласці канец «мяцяжу». Выбары ў парламент разглядаюцца ім як пастаноўка даверу сабе на галасаванне. Выбары 23-30 чэрвені 1968 года прынеслі галістам (UNR, «Аб’яднанню ў падтрымку рэспублікі») 73,8 % месцаў у Нацыянальным сходзе. Гэта азначала, што ўпершыню адна партыя атрымала ў ніжняй палаце абсалютную большасць, а пераважная большасць французаў выказалі давер генералу дэ Голю.
Сыход у адстаўку і смерць
Лёс генерала была прадвызначаны. Нядоўгая «перадышка» не прынесла ніякіх пладоў, акрамя замены Пампіду на Морыса Куў дэ Мюрвіля і абвяшчэння планаў рэарганізацыі Сенату — верхняй палаты парламента — у эканамічны і сацыяльны орган, які мусіў прадстаўляць інтарэсы прадпрымальнікаў і прафсаюзаў. У лютым 1969 года генерал вынес гэтую рэформу на рэферэндум, загадзя абвясціўшы, што ў выпадку пройгрышу сыдзе. Напярэдадні рэферэндуму дэ Голь з усімі дакументамі перабазіраваўся з Парыжа ў Каламбэ і чакаў вынікаў галасавання, адносна якіх, мабыць, не меў ілюзій. Пасля таго, як у 10 гадзін вечара 27 красавіка 1969 года паражэнне стала відавочным, пасля паўночы 28 красавіка прэзідэнт па тэлефоне перадаў Куў дэ Мюрвілю наступны дакумент: «Я спыняю выкананне абавязкаў прэзідэнта Рэспублікі. Гэта рашэнне ўступае ў сілу сёння апоўдні».
9 лістапада 1970 года ў 07:00 вечара Шарль дэ Голь раптоўна сканаў у Каламбэ-ле-дэз-Эгліз ад разрыву аорты. На пахаванні 12 лістапада (на вясковых могілках у Каламбэ побач з дачкой Ганнай) прысутнічалі, згодна са складзеным яшчэ ў 1952 годзе завяшчанні генерала, толькі бліжэйшыя сваякі і таварышы па Супраціўленні.
Спадчына
Пасля адстаўкі і смерці дэ Голя яго часовая непапулярнасць засталася ў мінулым, ён усведамляецца перш за ўсё як буйная гістарычная постаць, нацыянальны лідар, у адным шэрагу з такімі дзеячамі, як Напалеон I. Часцей, чым у гады яго прэзідэнцтва, французы асацыююць яго імя з дзейнасцю падчас Другой сусветнай вайны, называючы яго звычайна «генерал дэ Голь», а не проста імем і прозвішчам. Непрыманне фігуры дэ Голя ў наш час характэрна ў асноўным для крайніх левых. Партыя «Аб’яднанне ў падтрымку рэспублікі», створаная дэ Голем, пасля шэрагу рэарганізацый і перайменаванняў працягвае заставацца ўплывовай сілай у Францыі. Партыю, менавіта зараз «Саюз за прэзідэнцкую большасць», або, з той жа абрэвіятурай, «Саюз за народны рух» (UMP), прадстаўляе былы прэзідэнт Нікаля Сарказі, у сваёй інаўгурацыйнай прамове ў 2007 годзе, які сказаў: «[Прыступаючы да выканання функцый Прэзідэнта рэспублікі], я думаю пра генерала дэ Голя, які два разы выратаваў Рэспубліку, вярнуў Францыі незалежнасць, а дзяржаве — яе прэстыж». За прыхільнікамі гэтага правацэнтрысцкага курсу яшчэ пры жыцці генерала замацавалася назва галісты. Адступленні ад прынцыпаў галізму (у прыватнасці, у бок аднаўлення адносін з НАТА) былі характэрныя для ўрада сацыялістаў пры Франсуа Мітэране (1981—1995); у падобнай жа «атлантызацыі» курсу крытыкі нярэдка вінавацілі і Сарказі.
Паведамляючы пра смерць дэ Голя па тэлебачанні, яго пераемнік Пампіду сказаў: «Генерал дэ Голь памёр, Францыя заўдавела». У яго гонар названы парыжскі аэрапорт, парыжская плошча Зоркі і шэраг іншых памятных месцаў, а таксама атамны авіяносец французскіх ВМС. Блізу Елісейскіх Палёў ў Парыжы генералу ўзведзены помнік. У 1990 годзе яго імем названая плошча перад гасцініцай «Космас» у Маскве, а ў 2005 годзе на ёй у прысутнасці Жака Шырака быў усталяваны помнік дэ Голю.
Зноскі
- ↑ Charles André Joseph Marie De Gaulle — ministère de la Culture. Праверана 30 чэрвеня 2024.
- ↑ а б Charles de Gaulle // filmportal.de — 2005. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ а б Catálogo de autoridades BNMM
- ↑ а б National Library of Brazil — 1810.
- ↑ Charles de Gaulle // Brockhaus Enzyklopädie Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ Lundy D. R. The Peerage
- ↑ https://www.gaullisme.net/gaullisme-droite-gauche.html
- ↑ Cinquième République
- ↑ http://www.grolier.com/wwii/wwii_degaulle.html Архівавана 23 лютага 2005.
- ↑ https://by.ambafrance.org/Vizit-Posla-Francii-v-Grodno
- ↑ Шант К. Танки: Иллюстрованная энциклопедия. — С. 21. — ISBN 5-465-00378-2.
- ↑ а б в Уинстон Черчилль. Вторая мировая война. Ч. 2, гл. 10 Архівавана 19 жніўня 2010..
- ↑ Военные мемуары, с. 110.
- ↑ Военные мемуары, с. 371—374 (текст документа).
- ↑ Военные мемуары, с. 416—417 (текст документа).
- ↑ Военные мемуары, с. 383—388 (текст документа).
- ↑ И. С. Иванов. Очерки истории Министерства иностранных дел России. 1802—2002: В 3 т. Т. 2.
Гл. таксама
Літаратура
- Жан Лякуцюр. — Шарль дэ Голь. — Мн., выдавец Зміцер Колас, 2009, — 326, ISBN 978-9856783-69-5
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шарль дэ Голь
- Charles de Gaulle (1890—1970) Архівавана 21 лістапада 2008. Біяграфія. (фр.)
- Fondation Charles-de-Gaulle (фр.)
- Cercle d’Etudes Charles de Gaulle de Belgique (фр.)
- Fondation de la France libre Архівавана 29 лістапада 2014. (фр.)
- Нарадзіліся 22 лістапада
- Нарадзіліся ў 1890 годзе
- Нарадзіліся ў Лілі
- Памерлі 9 лістапада
- Памерлі ў 1970 годзе
- Памерлі ў дэпартаменце Верхняя Марна
- Пахаваныя ў рэгіёне Гранд-Эст
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Ганаровага легіёна
- Афіцэры ордэна Ганаровага легіёна
- Кавалеры ордэна Ганаровага легіёна
- Кавалеры Вялікага Крыжа французскага Ордэна «За заслугі»
- Кавалеры французскага Ордэна Вызвалення
- Узнагароджаныя французскім Ваенным крыжом 1939—1945
- Кавалеры ордэна Серафімаў
- Кавалеры ордэна Слана
- Кавалеры Каралеўскага Віктарыянскага ордэна
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна «За заслугі перад Італьянскай Рэспублікай»
- Асобы
- Кавалеры Вялікага крыжа ордэна Virtuti Militari
- Кавалер Вялікага крыжа ордэна Святога Олафа
- Кавалеры ордэна Каралеўскага дому Чакры
- Кавалеры ордэна Белай ружы Фінляндыі
- Кавалеры Каралеўскага ордэна Камбоджы
- Кавалеры ордэна Заслуг (Камерун)
- Чалавек года па версіі часопіса «Time»
- Прэзідэнты Францыі
- Прэм’ер-міністры Францыі
- Военачальнікі Францыі
- Ваеннапалонныя Першай сусветнай вайны (Францыя)
- Удзельнікі Другой сусветнай вайны
- Ваенныя тэарэтыкі
- Рух Супраціўлення ў Францыі
- Мемуарысты Францыі
- Асобы на марках
- Антыкамуністы
- Пахаваныя ў Францыі
- Пятая французская рэспубліка
- Кандыдаты ў прэзідэнты Францыі (1965)
- Кандыдаты ў прэзідэнты Францыі (1958)