Перайсці да зместу

Інстытут вывучэння СССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вокладка Беларускага Зборніка № 10, які выдаваўся Інстытутам

Інстытут Вывучэння СССР — грамадская арганізацыя, якая складалася з вучоных эмігрантаў з Савецкага Саюза. Была арганізаваная 8 ліпеня 1950 года ў Мюнхене, у канцы 1954 году была зарэгістраваная Беларуская Рада Інстытуту. Першапачаткова Інстытут быў па сваім паходжанні цалкам эмігранцкім ўтварэннем і імкнуўся да незалежнасці ад якіх бы то не было фундатараў, быў створаны эмігрантамі — выхадцамі з тэрыторыі Расіі. У сярэдзіне 1954 году шэфства над Інстытутам узялі шэраг Амерыканскіх арганізацый і ў выніку Інстытут фінансаваўся Амерыканскім Камітэтам Вызвалення[1]..

Інстытут займаўся даследаваннем жыцця і праблематыкі Савецкага Саюза. Таксама публікаваў матэрыялы па мовазнаўству розных моў свету (у тым ліку рускай, беларускай, украінскай, англійскай, нямецкай і інш.).

З 1955 года пачаў выдавецкую дзейнасць. За 5 год выдавецкай працы інстытут выдаў 12 кніг «Беларускага Зборніка» ў беларускай мове і 8 кніг «Беларускага Зборніка» («Belorussian Review») ў англійскай мове. У англійскай версіі змяшчаліся найлепшыя артыкулы з беларускіх зборнікаў. Апрацаваў 9 манаграфій на беларускія тэмы ў беларускай, рускай, англійскай і нямецкай мовах. Працы інстытуту змяшчаліся таксама ў агульнаінстытуцкіх выданнях, напрыклад, у зборніку на нямецкай мове Sowjetstudien. Беларусы з інстытуту рэдагавалі такія выданні, як зборнік для Паўднёва-Усходняй Азіі Studies on the Soviet Union, зборнік для Лацінскай Амерыкі Estudios sobre la Union Sovietica, тыднёвы Аналіз бягучых падзей у СССР у англійскай і рускай мовах. Усе кнігі Зборніка, як і іншыя выданні, выйшлі ў перыяд з 1955 па 1960 год. Пазней дзейнасць Інстытута і яго выданні спыніліся, а большасць супрацоўнікаў перабраліся ў іншыя краіны[2].

Таксама варта прывесці пазіцыю супрацоўнікаў інстытута па нацыянальных справах:

" На Захадзе часта можна пачуць цьверджанне, што ў Савецкім Саюзе ня існуе нацыянальнай праблемы, а значыцца ня існуе нацыянальных супярэчнасьцяў і нацыянальнага супраціву падсавецкіх народаў. Звычайна гэты ўпрошчаны выснаў выцякае з двух недаразуменьняў: або з уплыву прапаганды, што ў СССР усе нацыі маюць роўныя правы, што іхняя нацыянальная свабода забясьпечаная Канстытуцыяй і неразрыўнай зь ейнымі прынцыпамі палітыкай партыі ў нацыянальным пытанні; або з таго, што быццам бы ў Савецкім Саюзе нацыянальнае пытаньне адыйшло ў мінуўшчыну, адмірае, дзякуючы шматгадоваму супольнаму палітычнаму жыцьцю народаў Расеі, а пасьля й СССР[3]. "

Зноскі

  • Станкевіч Ст. Інстытут Вывучэньня СССР і Беларусы // «Бацькаўшчына», № 26 (510), Мюнхэн, 3 ліпеня 1960. — С. 3-4.
  • Беларускі Зборнік № 2, Ад выдавецкай калегіі Інстытуту, Мюнхен, 1955, с. 4-5