Перайсці да зместу

Трынідад і Табага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рэспубліка Трынідад і Табага
Republic of Trinidad and Tobago
Герб Трынідада і Табага
Сцяг Трынідада і Табага Герб Трынідада і Табага
Дэвіз: «Together we aspire, together we achieve (Разам імкнёмся - разам дасягнём)»
Гімн: «Forged From The Love of Liberty»
Дата незалежнасці 31 жніўня 1962 (ад Вялікабрытаніі)
Афіцыйная мова англійская
Сталіца Порт-оф-Спейн
Найбуйнейшыя гарады Чагуанас
Сан-Фернанда
Сан-Хуан
Порт-оф-Спейн
Форма кіравання Парламенцкая рэспубліка
Прэзідэнт
Прэм'ер-міністр
Крысцін Кангалу
Keith Rowley
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
171-я ў свеце
5 131 км²
нязначны
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

1 218 208[1] чал.
254.4 чал./км²
ВУП
  • Разам (2017)
  • На душу насельніцтва

$38 млрд.  (90-ы)
$31 000
Валюта Долар Трынідада і Табага (код TTD)
Інтэрнэт-дамен .tt
Код ISO (Alpha-2) TT
Код ISO (Alpha-3) TTO
Код МАК TTO
Тэлефонны код +1-868
Часавыя паясы -4

Рэспу́бліка Трыніда́д і Таба́га (англ.: Republic of Trinidad and Tobago) — краіна на поўдні Карыбскага мора. Астраўная дзяржава складаецца з двух асноўных астравоў — Востраў Трынідад і Востраў Табага — і 21 меншага. Сталіца — горад Порт-Оф-Спейн. Нягледзячы на прыналежнасць да Вест-Індыі, астравы болей нагадваюць суседнія краіны Паўднёвай Амерыкі: падобныя геалагічная будова, характар рэльефу, карысныя выкапні, субэкватарыяльны клімат, раслінны і жывёльны свет.

Этнічны і рэлігійны малюнак Трынідада і Табага вельмі стракаты, што абумоўлена насычанай падзеямі гісторыяй каланізацыі. Дзяржаўная мова — англійская. Сталіца не з’яўляецца буйнейшым горадам.

Узровень жыцця насельніцтва вельмі высокі, паводле ВУП на душу насельніцтва ў Амерыцы краіна саступае толькі ЗША і Канадзе. Аснову дабрабыту складаюць здабыча прыроднага газу і яго экспарт у звадкаваным стане, здабыча нафты і прыроднага асфальту, турызм, афшорная дзейнасць. Негатыўны бок заключаецца ў моцнай залежнасці эканомікі ад кошту нафты.

Хрыстафор Калумб назваў востраў «Ла-Ісла-дэ-ла-Трынідад» («Востраў Сёмухі»), выканаўшы зарок, зроблены адплыццём у трэцяе падарожжа. Востраў жа Табага, хутчэй за ўсё, атрымаў назву ад сваёй цыгарэтнай формы.

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Астравы размешчаны ў Атлантычным акіяне: Трынідад ў аддзелены ад паўночнага ўзбярэжжа Венесуэлы дзесяцікіламетравым пралівам Калумба. Прыкладна на такую ж адлегласць з усходу да Трынідада не далятае, патанаючы ў праліве Бака-дэль-Драгон (пашча Цмока), страла паўвострава Парыя. Паміж востравам і Паўднёвай Амерыкай размясціўся заліў Парыя. У 50 км на поўдзень — вусце Арынока. Востраў Табага ляжыць у 25 км на паўночны ўсход ад Трынідада. Бліжэйшая Антыльская дзяржава — Грэнада. На востраў Трынідад прыходзіцца 93% плошчы Трынідада і Табага (4 800 кв.км).

Карта

Трынідад і Табага, у адрозненні ад большасці Антыльскіх астравоў, знаходзяцца на кантынентальным шэльфе Паўднёвай Амерыкі, то бок, маюць мацерыковае паходжанне, Табага — з праявамі даўнейшай вулканічнай дзейнасці. Горы Трынідада (да 940 м., гара Арыпа) і Табага (да 640 м) з'яўляюцца працягам венесуэльскіх Андаў.

Асфальтавае возера Піч-Лейк

Паўднёвая і цэнтральная частка Трынідада нізінная, чатка Табага ўяўляе сабою вапняковае плато. На востраве Трынідад маюцца радовішчы нафты (на сушы і на шэльфе), асфальту (возера Піч-Лейк), прыроднага газу. Піч-лейк на паўднёва-заходнім беразе вострава Трынідад з'яўляецца найбуйнейшым прыродным рэзервуарам асфальту ў свеце.[3]

Клімат субэкватарыяльны, гарачы, вільготны. Сярэднемесячныя тэмпературы 25-27 °С. Ападкаў за год ад 1200 на захадзе да 3800 мм на усходзе (на наветраных схілах). Дажджлівы сезон цягнецца з чэрвеня па снежань. Астравы ляжаць на поўдзень ад зоны трапічных цыклонаў, і большасць ураганаў абыходзяць іх бокам. На Трынідадзе ёсць рэкі: Карані (40 км) і Артойрэ (50 км), на Табага — толькі ручаі.

Трапічныя лясы (трынідадскі цік, карыбская хвоя, махагоні, чырвоны сандал, бальса) займаюць 46 % тэрыторыі. На Трынідадзе з падветранага боку распаўсюджаныя ўчасткі другасных саван. Фаўна мае падабенства з фаўнай Паўднёвай Амерыкі. Трапляецца пекары, ацэлот, апосум, агуці, малпа-капуцын, кажаны, чарапахі. Багатая арнітафаўна: чырвоныя ібісы і чырванахвостая чачалака, якія з'яўляюцца сімваламі астравоў Трынідад і Табага адпаведна, трымаюць шчыт на гербе дзяржавы. Пырхаюць на гербе і калібры. На астравах сустракаецца 650 відаў матылькоў[4]. Ёсць рэзерваты і марскі запаведнік.

Астравы былі заселеныя каля 7000 гадоў назад (першымі сярод Антыльскіх). Плямёны індзейцаў змянялі адно аднаго, апошнімі (у 14 стагоддзі) сюды мігравалі аравакі і карыбы. На час адкрыцця ў 1498 г. Хрыстафорам Калумбам востраў Трынідад быў населены індзейцамі-аравакамі, востраў Табага — карыбамі. У 15321797 гг. востраў Трынідад быў іспанскай калоніяй. Першапачатковая цікавасць да астравоў была невялікая з-за беднасці глебаў і адсутнасці карысных выкапняў. Праўда, ў 1511 мясцовых жыхароў сталі вывозіць для здабычы жэмчугу на востраў Маргарыта. У 1797 г. Трынідад быў захоплены Вялікабрытаніяй (афіцыйна замацаваны за ёй па выніках Ам'енскага дагавора 1802 г.). За валоданне востравам Табага спрачаліся розныя еўрапейскія дзяржавы (у 16521658 гг. — уладанне Курляндскага герцагства, васала ВКЛ), у 1763 г. захоплены Вялікабрытаній (замацаваны за ёй у 1814 г.). У 1889 г. абодва вострава аб'яднаны ў адзіную калонію. У 1834 г. пасля адмены рабства ў Брытаніі пачалася эміграцыя рабочых з Індыі і Кітая. У 19581962 гг. Трынідад і Табага ў складзе Федэрацыі Вест-Індыі.

31 жніўня 1962 г. Трынідад і Табага абвясціў незалежнасць у складзе Садружнасці нацый. 1 жніўня 1978 г. абвешчана рэспубліка. Да сярэдзіны 1980-х гадоў у палітычным жыцці краіны дамінаваў Народны нацыянальны рух, які адлюстроўваў інтарэсы пераважна афратрынідадцаў. З канца 1980-х гадоў значны ўплыў набыў Аб'яднаны нацыянальны кангрэс, які адлюстроўваў інтарэсы пераважна індатрынідадскай абшчыны. У 1990 ўзброенай групоўкай «Jamaat al Muslimeen» была зроблена спроба дзяржаўнага перавароту, узяты ў закладнікі ўрад, але праз пяць дзён тэрарысты былі абясшкоджаны.

Трынідад і Табага — парламенцкая рэспубліка ў складзе Садружнасці нацый. Па канстытуцыі, прынятай 1 жніўня 1976 г., кіраўніком дзяржавы з'яўляецца прэзідэнт, які выбіраецца калегіяй выбаршчыкаў з членаў парламента на 5 гадоў.

Заканадаўчая ўлада належыць двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Сената (31 член; зацвярджаецца прэзідэнтам (16 членаў — паводле рэкамендацыі прэм'ер-міністра, 6 — паводле рэкамендацыі лідара апазіцыі і 9 — паводле меркаванні прэзідэнта з улікам неабходнасці прадстаўніцтва ў парламенце вядомых дзяржаўных, грамадскіх і рэлігійных дзеячаў), які зацвярджаецца прэзідэнтам, і Палаты прадстаўнікоў (36 дэпутатаў), якія выбіраюцца на 5 гадоў паводле сістэмы адноснай большасці.

Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм'ер-міністрам, лідарам партыі, якая складае большасць у парламенце. Урад прызначаецца з ліку членаў Сената і Палаты прадстаўнікоў і нясе адказнасць перад парламентам.

Прававая і судовая сістэмы Трынідада і Табага заснаваныя на прынцыпах англійскага права. Вышэйшы орган судовай улады — Вярхоўны суд. Яго старшыня прызначаецца прэзідэнтам па прадстаўленні прэм'ер-міністра і лідара апазіцыі, а астатнія суддзі — па рэкамендацыі судова-прававога камітэта. Ніжэйстаячыя органы — Высокі суд, Апеляцыйны суд і магістраты.

Адміністрацыйны падзел

[правіць | правіць зыходнік]

Трынідад і Табага — унітарная рэспубліка, якая падзяляецца на 5 муніцыпалітэтаў, 9 рэгіянальных карпарацый і самакіравальную тэрыторыю Табага.

Рост насельніцтва ў апошнія гады нават адмоўны, што звязана з высокім узроўнем эміграцыі (у 2017 натуральны прырост склаў 0.4 %, міграцыйны адток — -0.6 %)[5]. Індатрынідадцы — 37 %, афратрынідадцы — 36 % (нашчадкі закантрактаваных рабочых). Дзяржаўная мова — англійская. У гутарцы выкарыстоўваюцца трынідадская крэольская і бхаджпуры. Рэлігійны склад: 55 % — хрысціяне (пераважна пратэстанты), 18 % — індуісты.[6]. Сталіца краіны Порт-оф-Спейн з'яўляецца трэцім па колькасці насельніцтва горадам (37 тыс.), саступаючы гарадам Чагуанас (83 тыс.), Сан-Фернанда (48 тыс.).

Грашовая адзінка — доллар Трынідада. ВУП на душу насельніцтва — каля 31 000 даляраў (2017), трэці ў Амерыцы. Трынідад і Табага — найбагацейшая краіна Карыбскага басейна і мае развітую эканоміку з моцным прыватным і невялікім дзяржаўным сектарамі. Дзякуючы паспяховым эканамічным рэформам, праведзеным у 1995 г., дзяржава стала прывабным рэгіёнам для замежных інвестыцый. Адбылося ажыўленне знешняга гандлю. Інвестыцыі ў прамысловасць і пашырэнне будаўніцтва спрыялі значнаму эканамічнаму росту.

Да пачатку 20 стагоддзя Трынідад стаў цэнтрам плантацыйнага гаспадаркі, асноўнымі культурамі былі какава і кава (у сярэдзіне (XX стагоддзя плантацыі загінулі ў выніку эпідэмій і ўраганаў, какававыя былі часткова адноўленыя). У другой палове (XIX стагоддзя ля возера Піч-Лейк пачалася здабыча нафты (адна з першых у свеце). Сёння экспарт нафты і звадкаванага газу (6 месца ў свеце, 17 млрд м³ у 2015) — найважнейшая крыніца даходу (40 % ВУП, 80 % экспарту пры ўсяго 5 % занятых). Негатыўны бок заключаецца ў моцнай залежнасці эканомікі ад цаны на нафту. У 2015 па 2017 год ва ўмовах нізкіх цэн на нафту ВУП краіны ўпаў на 8 %. Вырошчваюцца какава, перац, какосавыя арэхі. Найважнейшы знешнеэканамічны партнёр — ЗША (да 50 % экспарту і 27 % імпарту). Як і большасць Карыбскіх астравоў Трынідад з'яўляецца цэнтрам турызму і афшорнай зонай.

Зноскі

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).