Беларуска-аргенцінскія адносіны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларуска-аргенцінскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Аргенцінскай Рэспублікай. Дыпламатычныя адносіны паміж дзяржавамі ўстаноўлены 6 лістапада 1992 года. Пратакол аб усталяванні дыпламатычных адносін быў падпісаны ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку Пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Беларусь пры ААН Генадзем Бураўкіным і Пастаянным прадстаўніком Аргенцінскай Рэспублікі пры ААН Хорхэ Васкесам.

У сакавіку 2000 года ў Аргенцінскай Рэспубліцы адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь. Пасол Аргенцінскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі акрэдытаваны ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтву.

У кастрычніку 2004 года адбыўся афіцыйны візіт у Аргенціну Міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава. У ходзе візіту дасягнуты дамоўленасці аб актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, развіцці гандлёва-эканамічных сувязяў, прапрацоўцы магчымасці наладжвання навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Падпісаны міжурадавыя пагадненні аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і аб узаемных бязвізавых паездках па дыпламатычных і службовых пашпартах, а таксама пагадненне аб супрацоўніцтве паміж міністэрствамі замежных спраў і пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне стандартызацыі і сертыфікацыі.

У 2009 годзе ў Буэнас-Айрэсе адбыліся кансультацыі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Аргенціны. У 2012 годзе Пасол Аргенцінскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі быў акрэдытаваны па сумяшчальніцтву ў Рэспубліцы Беларусь.

У беларускім парламенце створана рабочая група па супрацоўніцтве з Аргенцінай. Пытанне стварэння аналагічнай структуры ў аргенцінскім парламенце знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

У верасні 2014 года прайшоў візіт Намесніка міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь А. Я. Гур'янава ў Аргенціну. На сустрэчах у Міністэрстве замежных спраў абмяркоўваліся перспектыўныя напрамкі актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва. Адначасова праведзены шэраг сустрэч у міністэрствах навукі і тэхналогій, сельскай гаспадаркі, нацыянальнай абароны, рэгіянальнай улады і бізнесу ў ходзе якіх падкрэслівалася важнасць неабходнасці паглыблення эканамічнага ўзаемадзеяння з абавязковым удасканаленнем дагаворна-прававой базы, як асновы далейшага развіцця адносінаў паміж краінамі.

У студзені 2015 года ў ходзе ўрачыстых мерапрыемстваў, прысвечаных уступленню на пасаду Прэзідэнта Балівіі Эва Маралеса, адбылася сустрэча Кіраўніка спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Віктара Шэймана з Віцэ-прэзідэнтам Аргенцінскай Рэспублікі Амада Буду.

У маі 2015 года адбыўся візіт дэлегацыі МЗС Аргенціны (на ўзроўні начальнікаў упраўленняў) у Мінск для абмеркавання пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва ў палітычнай і эканамічнай сферах.