Адносіны БССР і КНР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Адносіны БССР і КНР — двухбаковыя кантакты паміж Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і Кітайскай Народнай Рэспублікай у 1949—1991 гадах.

Пік узаемадзеяння на розных узроўнях прыйшоўся на 1950-я гады. Праз савецка-кітайскі раскол кантакты паміж Мінскам і Пекінам спыніліся. Аднаўленне двухбаковых адносін адбылося толькі пасля здабыцця Беларуссю незалежнасці[1].

На міжнароднай арэне[правіць | правіць зыходнік]

У лютым 1944 года савецкае кіраўніцтва прадаставіла рэспублікам знешнепалітычныя паўнамоцтвы, што прывяло да выхаду БССР на міжнародную арэну. У 1945 годзе разам з УССР яна стала членам ААН[2].

У 1949 годзе, калі па выніках грамадзянскай вайны ў Кітаі была абвешчана КНР, беларуская дыпламатыя занялася барацьбой за прадастаўленне Пекіну месца ў ААН. Дэлегацыя БССР выступала за пазбаўленне тайваньскага ўрада правы прадстаўляць інтарэсы кітайскага народа ў міжнароднай супольнасці[3].

3 кастрычніка 1950 года міністр замежных спраў БССР Кузьма Кісялёў без санкцыі агульнасаюзнага кіраўніцтва выступіў з трыбуны Генасамблеі ААН у абарону КНР, з рэзкім асуджэннем пазіцыі прадстаўніка Тайваня. Ініцыятыва беларускага міністра не адпавядала тактыцы савецкага прадстаўніцтва. Міністр замежных спраў СССР Андрэй Вышынскі абвінаваціў калегу ў экстрэмізме, загадаў пасадзіць яго пад дамашні арышт і адправіў адпаведную тэлеграму ў Маскву. Аднак Іосіф Сталін ухваліў учынак Кісялёва[4].

Грамадскія сувязі[правіць | правіць зыходнік]

У 1950-я гады вялася перапіска паміж студэнтамі Віцебскага і Пекінскага педінстытутаў, навучэнцамі СШ № 29 горада Мінска і СШ № 14 горада Нанкін, супрацоўнікамі Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску і Музей рэвалюцыі ў Пекіне[5].

У 1960 годзе ў складзе Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежжам заснавана рэспубліканскае аддзяленне Таварыства савецка-кітайскай дружбы (ТСКД). Гарадскія аддзяленні арганізацыі адкрыліся ў Мінску, Віцебску і Магілёве. За першы год першасныя ячэйкі былі створаны на 5 беларускіх прадпрыемствах. Члены ТСКД у БССР займаліся абменам з кітайскім бокам выставамі, фотападборкамі, дакументальнымі і мастацкімі фільмамі, іншымі інфармацыйнымі матэрыяламі[6].

У 1958 годзе абмяняліся дэлегацыямі Мінскі і Цяньцзінскі трактарныя заводы, у 1961-м былі ўсталяваныя сувязі паміж БДУ і Цзіньмінскім універсітэтам горада Гірын[7].

Эканамічныя сувязі[правіць | правіць зыходнік]

З 1950 года пастаўкі ў Кітай выраблялі мінскія аўтамабільны, трактарны, станкабудаўнічы заводы, Гомельскі станкабудаўнічы завод, Мазырскі завод меліярацыйных машын, Бабруйскі машынабудаўнічы завод. У гэты ж перыяд у СССР знаходзілася на практыцы каля 8 тыс. кітайцаў, якія працавалі, у тым ліку на найбуйнейшых прадпрыемствах Мінска, Гомеля, Віцебска[8].

Культурныя сувязі[правіць | правіць зыходнік]

На кітайскую мову перакладзены зборнікі вершаў «Жалейка» Янкі Купалы і зборнік апавяданняў «У Маскву» Івана Шамякіна, п’есы Кандрата Крапівы «Пяюць жаваранкі» і «Хто смяецца апошнім». Выдадзены зборнік выбраных твораў Максіма Танка. У сваю чаргу на беларускую перакладаліся кітайскія творы. Сярод выдадзенага — зборнік кітайскіх народных казак 1952 года і зборнік твораў кітайскіх аўтараў 1953 года[9].

У ліпені 1952 года Беларускі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа (Віцебск) паставіў спектакль «Пралітая чаша» па творы пісьменніка Ван Шыфу[10]. Вялікай папулярнасцю карысталіся ў рэспубліцы выступленні кітайскіх артыстаў. Адным з першых мерапрыемстваў такога роду быў прыезд у Мінск у лютым 1952 года мастацкага ансамбля моладзі КНР. У 1955 годзе БССР наведаў Шанхайскі тэатр шаосінскай оперы, у 1957 — Маладзёжны ансамбль песні і танца, у 1960 — балетная трупа Цэнтральнага тэатра оперы і балета[7], у 1965 — ансамбль Народна-вызваленчай арміі Кітая[1].

У сакавіку—красавіку 1959 года ў Мінску дэманстравалася выстава твораў маладых мастакоў Кітая, у верасні прайшлі выстава кітайскай кнігі і Тыдзень кітайскай музыкі, у кастрычніку — Дэкада кітайскага фільма, у лістападзе – вечар памяці (да 1200-годдзя з дня смерці) паэта і мастака Ван Вэя[7].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Шадурский 2011, с. 35.
  2. Владимир Снапковский. Внешняя политика Республики Беларусь: первые итоги первого десятилетия // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 2000. — № 4. — С. 45—51.
  3. Игорь Бабак Белорусско-китайское сотрудничество в международных организациях (1990-е) // Белорусский журнал международного права и международных отношений. — 2001. — № 1. — С. 51—55.
  4. Шадурский 2011, с. 30—31.
  5. Шадурский 2011, с. 31—32.
  6. Шадурский 2011, с. 32.
  7. а б в Шадурский 2011, с. 33.
  8. Ирина Воронкова Крепкой дружбою сильны // Беларуская думка : журнал. — 2016. — С. 18—25.
  9. Шадурский 2011, с. 34—35.
  10. Шадурский 2011, с. 34.

Літаратуа[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]