Беларуска-чэхаславацкія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуска-чэхаславацкія адносіны ўключалі ў сябе кантакты афіцыйнай Прагі з беларускай эміграцыяй і БССР.

Рада БНР у выгнанні[правіць | правіць зыходнік]

Пасля грамадзянскай вайны ў Расіі ў Чэхаславакію адбыўся наплыў эмігрантаў з Беларусі, прыхільнікаў Рады БНР. Тут таксама аселі некаторыя ваеннапалонныя, захопленыя ў гады Першай сусветнай. Выбар гэтай краіны абумоўлены агульнаславянскай блізкасцю і гуманітарнымі праграмамі, якія чэхаславацкая дзяржава арганізавала для бежанцаў. Беларусы змаглі атрымліваць сярэднюю і вышэйшую адукацыю ў дзяржаўных адукацыйных установах[1]. Прага, сталіца краіны, стала палітычным цэнтрам беларускай эміграцыі[2]. Сюды ж перабралася Рада БНР.

Сустрэча беларускага нацыянальнага актыву ў Празе 30 снежня 1924 г. на 40-я ўгодкі смерці В. Дуніна-Марцінкевіча.

Увосень 1919 года ўрад БНР у выгнанні сваім прадстаўніком у краіне прызначыў Мікалая Вяршыніна. Ён павінен быў наладзіць сталыя кантакты з чэхаславацкім урадам, дамагчыся афіцыйнага прызнання БНР з боку Прагі, інфармаваць чэхаславацкае грамадства аб палітычным і культурным становішчы Беларусі. 1 лютага 1920 года Вяршынін надзелены правамі консула. Варта адзначыць, што чэхаславацкія ўлады падтрымлівалі з ім кантакты як з прыватнай асобай. Толькі пасля стварэння Беларускай грамады ў Празе ён стаў выступаць перад чэхаславацкімі ўладамі ў якасці прадстаўніка дадзенай арганізацыі, гэта значыць ад імя арганізаванага беларускага насельніцтва Чэхаславакіі[3].

Беларуская ССР[правіць | правіць зыходнік]

У 1966 годзе ўстаноўлены двухбаковыя кантакты паміж Гомельскай вобласцю БССР і Паўднёва-Чэшскай вобласцю ЧССР[4].

Падтрымліваліся кантакты па адукацыйнай лініі. Студэнты з БССР праходзілі стажыроўку ў ЧССР. У 1964 годзе 4 студэнты БДУ атрымалі магчымасць на працягу года навучацца ў ЧССР. У 1968 годзе БПІ ўсталяваў пастаянныя кантакты з вышэйшай тэхнічнай школай у Браціслава[4].

Станам на 1984 года беларускія прадпрыемствы і арганізацыі мелі 36 партнёраў у ЧССР[4].

Выязны турызм[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівае месца ў Савецкай Беларусі адводзілася маладзёжнаму турызму. Ажыццяўленне моладзевага турызму ў 60-я гады было даручана Бюро моладзевага турызму «Спадарожнік» пры ЦК ЛКСМБ. Адна з першых студэнцкіх груп была сфарміравана ў 1956 годзе для паездкі ў Чэхаславакію. Па дазвол для ажыццяўлення паездкі Беларускі савет прафсаюзаў абавязаны быў звярнуцца ў аддзел адміністрацыйных органаў ЦК КПБ. Ён даў дазвол і зацвердзіў спіс турысцкай групы, у якую ўваходзілі 9 студэнтаў з БДУ, 11 — з БПІ, прадстаўнікі іншых ВНУ[4].

31 мая 1961 года было створана беларускае аддзяленне Саюза чэхаславацка-савецкай дружбы (БелАСЧСД). З пачатку 1960-х гадоў БелАСЧСД пачало праводзіць турыстычныя паездкі ў ЧССР. У першыя групы ўключаліся, у асноўным, прадстаўнікі партыйнай наменклатуры, творчая і навуковая інтэлігенцыя. Першыя арганізаваныя наведванні Чэхаславакіі насілі азнаямленчы характар. Шырока распаўсюджанай стала практыка выезду беларускіх дзяцей на аздараўленне ў ЧССР. Акрамя таго, у летні перыяд выкладчыкі з БССР выязджалі ў піянерскія лагеры на тэрыторыі ЧССР, дзе праводзілі заняткі па рускай мове[5].

БелАСЧСД адыграла немалаважную ролю ў пашырэнні беларуска-чэхаславацкіх культурных сувязяў, узаемным азнаямленні двух народаў з гісторыяй, традыцыямі, жыццёвым укладам адзін аднаго. Большасць паездак турыстычных груп былі складзеныя такім чынам, што прадстаўнікі БССР мелі магчымасць не толькі азнаёміцца са славутасцямі ЧССР, але і наведаць прадпрыемствы і ўстановы, якія іх цікавялі з прафесійнага пункту гледжання. Як правіла, ва ўдзельнікаў паездак складалася станоўчае ўражанне аб Чэхаславакіі, асобныя непрыемныя інцыдэнты былі абумоўлены нізкай моўнай кампетэнцыяй гідаў, якія прадстаўляліся чэхаславацкім бокам, неразуменнем савецкімі грамадзянамі некаторых нюансаў жыцця незнаёмай краіны. У той жа час у дзейнасці выяўляліся тыповыя для большасці савецкіх устаноў бюракратызм і невысокая ступень мабільнасці[6].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Hoptová 2017, pp. 22–24.
  2. Hoptová 2017, pp. 34–40.
  3. Буча 2010, p. 85.
  4. а б в г Шадурский 1998.
  5. Казак 2018, pp. 2–4.
  6. Казак 2018, p. 5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]