Беларуска-мангольскія адносіны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларуска-мангольскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Манголіяй. Манголія адной з першых краін прызнала дзяржаўны суверэнітэт і незалежнасць Рэспублікі Беларусь (у снежні 1991 года). Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Манголіяй ўстаноўлены 24 студзеня 1992 года. У студзені 1992 года Манголію наведаў Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, у верасні 2013 года адбыўся візіт Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь у Манголію.

Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь наведаў Манголію ў красавіку 1996 года, а міністр замежных спраў Манголіі ажыццявіў візіт у Беларусь у траўні 2001 года. Адбыліся тры раўнды беларуска-мангольскіх кансультацый паміж МЗС (у верасні 2012 года ў г. Улан-Батар, у маі 2013 года ў г. Мінск і ў красавіку 2015 года ў г. Улан-Батар). У Манголіі па сумяшчальніцтве былі акрэдытаваныя паслы Беларусі ў КНР (В. М. Кузняцоў — 1998—2000 і В. П. Бура — 2011-май 2014).

Традыцыйна ў Рэспубліцы Беларусь па сумяшчальніцтве акрэдытоўваюць паслоў Манголіі ў Расійскай Федэрацыі: у 1990—1994 гг. — Н.Мішыгдорж, у 1994—1996 гг. — Н.Бавуу, у 1996—2000 гг. — Ц.Цалмон, у 2001—2005 гг. — С.Баяр, у 2005—2009 гг. — Л.Хангай, у 2009—2014 гг. — Д.Ідэўхтэн, у 2014—2015 гг. — Ш.Алтангэрэл.

У лістападзе 2004 года адкрыты консульскі пункт Манголіі ў г. Брэсце, у 2012 годзе пункт перамешчаны ў г. Мінск. У рамках рэалізацыі дамоўленасцей у сферы двухбаковых палітычных адносін 30 чэрвеня 2014 года адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь у Манголіі. 6 жніўня 2014 г. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Манголіі Станіслаў Уладзіміравіч Чапурны ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Манголіі Ц.Элбэгдоржу.

16-19 сакавіка 2016 года Манголію наведала беларуская дэлегацыя на чале з Намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Сямашкам.