Беларуска-партугальскія адносіны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуска-партугальскія адносіны — дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Партугальскай Рэспублікай устаноўлены 26 студзеня 1992 г. шляхам падпісання Пратакола аб устанаўленні дыпламатычных адносін. Адносіны захоўваюць пазітыўную дынаміку гандлёва-эканамічных сувязяў, пашырэнне гуманітарных і культурных кантактаў. Беларуска-партугальскае палітычнае супрацоўніцтва развіваецца ў агульным разрэзе ўзаемаадносін з ЕС. 10 сакавіка 2017 года ў Мінску адбыліся першыя беларуска-партугальскія палітычныя кансультацыі на ўзроўні Намесніка міністра замежных спраў з беларускага боку і Палітычнага дырэктара МЗС з партугальскага, якія прадэманстравалі ўзаемную зацікаўленасць бакоў у павышэнні ўзроўню палітычнага дыялогу і актывізацыі супрацоўніцтва па шырокім спектры кірункаў. Палітычны дырэктар МЗС Партугаліі Ф. Д. Лопеш быў прыняты Міністрам замежных спраў Беларусі У. Макеем. У красавіку 2018 года ў Лісабоне праведзены другія беларуска-партугальскія кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў намеснік міністра замежных спраў Беларусі А. Краўчанка, партугальскую дэлегацыю — Палітычны дырэктар П. К. Перэйра. У ходзе кансультацый былі падпісаны міжурадавае пагадненне аб эканамічным супрацоўніцтве і Пратакол аб супрацоўніцтве паміж знешнепалітычнымі ведамствамі. У 2021 годзе аб’ём узаемнага гандлю склаўся ў памеры 45 млн дол. (137,6 % у параўнанні з 2020 годам). Беларускі экспарт у Партугалiю — 8,7 млн дол. (140,5 %). Імпарт з Партугалiі — 36,3 млн дол. (136,9 %).