Горацка-Мсціслаўскае ўзвышша

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горацка-Мсціслаўскае ўзвышша (2001)
Горацка-Мсціслаўскае ўзвышша (1977)

Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна — фізіка-геаграфічны раён Усходне-Беларускай правінцыі, размяшчаецца ў Магілёўскай вобласці Беларусі. Тэрытарыяльна супадае з геамарфалагічным раёнам, які носіць назву Горацкая раўніна.

Займае найбольш высокую частку Аршанска-Магілёўскай раўніны. Абмяжоўваецца далінай ракі Сож на поўдні і вярхоўямі ракі Проні на захадзе. Мяжуе з Аршанскім і Смаленскім узвышшамі, Лучоскай нізінай.

Найбольшая вышыня 239 м. Працягваецца ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход на 100 км. Шырыня складае 40—50 км, плошча — больш за 2400 км².

Аснову тэктанічнай будовы складае Аршанская ўпадзіна, запоўненая магутнымі адкладамі дэвонскіх і мелавых глін і вапнякоў. Адклады антрапагену прадстаўлены невялікай магутнасці марэнай сожскага ўзросту. Характэрная асаблівасць раўніны — магутныя адклады лёсападобных карбанатных суглінкаў і супескаў таўшчынёй да 5—10 м, якія займаюць водападзелы рэчак і ствараюць плоскахвалістую платопадобную паверхню раўніны з суфазійнымі ярамі і лагчынамі глыбінёй да 20—30 м. На дне некаторых з іх цякуць ручаі. Часта трапляюцца сподкападобныя паніжэнні дыяметрам да 50 м і глыбінёй 1—1,5 м.

Рака Віхра

Глыбока ўрэзаныя даліны рэк Сож, Віхра і Проня асіметрычныя, шырынёй 0,6—1 км, з добра выражанай поймай і дзвюма надпоймавымі тэрасамі на вышыні 5-6 і 7-8 м.

Глебы ўрадлівыя, дзярнова-палева-падзолістыя, часам дзярнова-карбанатныя з наяўнасцю гумусу ў ворным слоі да 2,5 %. Яны спалучаюцца з перагнойна-ілавата-глеевымі глебамі суфазійных сподкаў. Тарфяна-балотныя глебы па днішчах лагчын. Торф абагачаны вапнай, якая ўтварае вапнавыя туфы і тарфатуфы.

Частка глебаў моцна эрадзіраваныя. Пад ворывам 60 %, натуральнай расліннасцю — 10 % тэрыторыі. Захаваліся невялікія ўчасткі ялова-дубовых лясоў пераважна кіслічнага тыпу, маюцца хваёвыя і драбналістыя лясы. Пашырана лугава-балотная расліннасць.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]