Соф’я Гальшанская

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Соф'я Гальшанская)
Соф’я Гальшанская
польск.: Zofia Holszańska
Каралева польская

Нараджэнне каля 1405
Смерць 21 верасня 1461(1461-09-21)
Месца пахавання
Род родапачынальніца дынастыі Ягелонаў[1]
Бацька Андрэй Вязынскі
Маці Аляксандра Друцкая[ru]
Муж Ягайла
Дзеці
Дзейнасць кансорт
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Соф’я Андрэеўна Гальшанская (польск.: Zofia Holszańska; каля 1405 — 21 верасня 1461, Кракаў) — князёўна з роду Гальшанскіх, каралева польская, з 1422 года чацвёртая і апошняя жонка польскага караля Уладзіслава II Ягайлы[1].

Перад шлюбам з каралём Соф’я перайшла з праваслаўя ў каталіцтва. Каранавана ў 1424 годзе. Разам з мужам дамагалася замацавання польскага стальца за сваім сынам Уладзіславам. Пасля смерці Ягайлы 1 чэрвеня 1434 года Уладзіслаў стаў каралём, але Соф’я так і не стала рэгентам. У 1440 годзе Уладзіслаў стаў таксама каралём Венгрыі, а малодшы сын Казімір — вялікім князем літоўскім.

Пасля гібелі старэйшага сына ў бітве пад Варнай[ru] 10 лістапада 1444 года Соф’я адстойвала права на сталец іншага свайго сына Казіміра, які, па патрабаванні маці, 25 чэрвеня 1447 года быў каранаваны як польскі кароль.

Была ініцыятаркай першага перакладу Бібліі на польскую мову, вядомага як Біблія каралевы Соф’і.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнай крыніцай пра біяграфію Соф’і ёсць «Аналы[ru]» Яна Длугаша[4] — крыніца, якой няма роўных па паўнаце і дасканаласці апісання ўнутранага жыцця Польшчы таго перыяду. Некаторыя цікавыя звесткі пра дзяцінства будучай каралевы змяшчае «Хроніка Быхаўца»[5]. Найбольш падрабязнае даследаванне жыцця Соф’і — праца польскага гісторыка Эдварда Руцкага «Польскія каралевы» (польск.: Polskie królowe), дзе ёй прысвечана асобная глава[6]. Вывучэннем паходжання чацвёртай жонкі Ягайлы займаўся аўтар працы па генеалогіі Гедымінавічаў Ян Тэнгоўскі[pl][7]. Мноства звестак пра яе змешчана і ў працах, прысвечаных Уладзіславу Ягайле[8][9].

Соф’я — прадстаўніца княжацкага літоўскага роду Гальшанскіх герба «Гіпацэнтаўр»[заўв 1]. Другая з трох дачок князя Андрэя Вязынскага, намесніка кіеўскага, і Аляксандры Дзмітрыеўны[ru] з роду князёў Друцкіх[10].

Старэйшая сястра Соф’і — Васіліса (памерла да 25 жніўня 1448 года)[11], малодшая — Марыя[ru] (памерла да 1456 года)[12]. Паводле Хронікі Быхаўца, пасля смерці бацькі Васіліса і Соф’я разам з маці жылі і выхоўваліся ў сям’і матчынага брата, друцкага князя Сямёна Дзмітрыевіча ў Друцку[10][заўв 2].

Шлюб з Ягайлам[правіць | правіць зыходнік]

Гатычныя капліцы Навагрудскага Фарнага касцёла

У караля польскага і вялікага князя літоўскага Уладзіслава II Ягайлы было 4 жонкі. Першыя дзве (Ядвіга і Ганна Цэльская), рана памерлі і пакінулі па дачцэ, трэцяя — Эльжбета Граноўская[ru] памерла 12 мая 1420 года, не пакінула нашчадкаў[11].

Германскі імператар Жыгімонт прапанаваў яму ажаніцца з удавой[en] чэшскага караля Вацлава, абяцаючы як пасаг Сілезію. Рада і каронная шляхта згаджаліся з гэтай прапановай, аднак Ягайла ажаніўся з праваслаўнай князёўнай Соф’яй Гальшанскай, тым часам 17-гадовай дзяўчынай, якая вызначалася «прыгажосцю болей, чым цнотамі»[заўв 3].

У канцы 1420 — пачатку 1421 гадоў Ягайла і Вітаўт, вяртаючыся ў Літву пасля заваявання Смаленска, спыніліся ў друцкага князя Сямёна Дзмітрыевіча[13]. Паводле «Хронікі Быхаўца»:

" І, вяртаючыся назад, прыехалі ў Друцк і былі там на абедзе ў князя Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага. А ў караля Ягайлы памерла ўжо трэцяя жонка, не даўшы нашчадкаў; І ўбачыў ён ў князя Сямёна дзвюх яго прыгожых пляменніц, старэйшую з іх клікалі Васіліса па мянушцы Бялуха, а другую ‒ Сафія. І прасіў Ягайла Вітаўта, кажучы яму так: «Было ў мяне ўжо тры жонкі, дзве полькі, а трэцяя немка, а нашчадкаў яны не пакінулі. А цяпер прашу цябе, высватай мне ў жонкі ў князя Сямёна малодшую пляменніцу Сафію, яна з роду рускага і можа быць бог дасць мне нашчадкаў»[5].

"

Паводле польскай крыніцы тых гадоў, вядомай як «Шамотульскі дадатак» (польск.: Dopełnienie szamotulske), у часы Ягайлы было павер’е, што шлюб пажылога мужчыны з маладой дзяўчынай абяцаў шматлікіх нашчадкаў[13]. Па «Хроніцы Быхаўца», Ягайла планаваў ажаніцца з Васілісай, аднак заўважыў у яе вусікі, што, на яго думку, сведчыла пра моцны характар, тым часам сам Ягайла быў ужо немалады і «не адважыўся на яе паквапіцца». Таму кароль схіліў выбар да Сафіі. Напэўна, князь Сямён Дзмітрыевіч меў пярэчанні, бо тады не было ў звычаі выдаваць малодшую сястру раней за старэйшую. Вялікі князь Вітаўт развязаў сітуацыю, выдаў старэйшую сястру Васілісу за пляменніка Ягайлы, бельскага князя Івана Уладзіміравіча, які таксама быў пры Ягайле ў Друцку[5]. Дыскусійным застаецца ці сам Ягайла папрасіў Вітаўта зладзіць шлюб з Соф’яй, як гэты апісвае «Хроніка Быхаўца»[5], ці Вітаўт раію яму ў жонкі пляменніцу сваёй жонкі Юліяніі, як гэта апісвае Длугаш[4][14].

Дрэварыт «Каралева Соф’я»

Паколькі Сафія была праваслаўнай і, адпаведна, не магла стаць каралевай польскай, у пачатку 1422 года ў Навагрудку яна была ахрышчана паводле каталіцкага абраду і прыняла імя Соф’я[4]. Вяселле адбылося ў лютым 1422 года ў Навагрудскай касцёльнай капліцы. Цырымонію праводзіў біскуп віленскі Мацей. Дакладная дата вяселля невядомая: некаторыя даследчыкі называюць 7 лютага[15], другія — 24[7][9]. Пасля шлюбу (вянчання) «маладыя» выехалі ў Ліду, дзе і адбываліся асноўныя ўрачыстасці[16]. У Лідзе сабралася мноства гасцей, у ліку якіх быў нунцый папы Марціна V Антоніа Зена[en], чэшскае пасольства, літвінскае баярства. Банкетаванне ў Лідзе цягнулася аж да вялікага посту. Каранацыя Соф’і адбылася ў Кракаве ў сакавіку 1424 года. Гэта была самая ўрачыстая каранацыя каралевы ў гісторыі Польшчы.

Існавала значная розніца ва ўзросце паміж маладых. Традыцыйна лічыцца, што ў час вяселля Ягайлу было каля 71 года, аднак сучасныя даследчыкі схіляюцца да таго, што ён быў прыкладна на 11 гадоў маладзей[11]. Соф’і было каля 17 гадоў[13].

Каралева, жонка Ягайлы (1422—1434)[правіць | правіць зыходнік]

Ягайла і Соф’я Гальшанская
Соф’я Гальшанская. Данія, 1627 год.

Пасля вяселля Соф’я жыла ў каралеўскім замку на Вавельскім узгорку. Кароль часта вымушаны быў пакідаць маладую жонку. Так Соф’я заставалася адна ў перыяды з сакавіка па лістапад 1422, калі існавала пагроза з боку Ордэна; са снежня 1422 па люты 1423, калі Ягайла знаходзіўся ў Літве; у сакавіку 1423, калі ён адправіўся ў Славакію для сустрэчы з каралём Жыгімонтам. У гэтыя перыяды становішча Соф’і было асабліва хісткім: супраць яе кандыдатуры ў якасці каралевы выступалі прадстаўнікі абедзвюх польскіх партый, у той час як Уладзіслаў не спяшаўся з яе каранацыяй[13].

Прадстаўнікі народна-курыяльнай групоўкі жадалі бачыць на польскім стальцы дачку Ягайлы ад другога шлюбу Ядвігу[ru], заручаную з сынам курфюрста Брандэнбурга Фрыдрыхам II[ru]. Гэта партыя выступала ў падтрымку гусітаў, у чым нярэдка знаходзіла падтрымку з боку Вітаўта, які, мабыць, і дамогся іх згоды на шлюб караля з Соф’яй. У 1422 годзе ён адправіў у Чэхію пяцітысячнае войска на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам у ролі намесніка Чэхіі. Паспяховая гусіцкая палітыка Вітаўта — узяцце Жыгімонтам Прагі і абвяшчэнне яго кіраўніком Чэхіі — некалькі ўмацавалі пазіцыі Соф’і. Супраць Соф’і выступалі і прадстаўнікі процілеглай, антыгусісцкай пралюксембургскай партыі, якая імкнулася выдаць замуж за Ягайлу ўдаву Вацлава IV Соф'ю (Офку) Баварскую[pl]. Да гэтай групоўкі сярод іншых прылічвалі прадстаўнікоў родаў Тэнчынскіх[ru], Тарноўскіх[ru] і ўплывовага протанатарыя каралеўскай канцылярыі Збігнева Алясніцкага[13].

Існуе гіпотэза, што Соф’я, вырашыўшы абаперціся на пралюксембургскую партыю, адыграла не апошнюю ролю ў шэрагу буйных прызначэнняў канца 1422 — пачатку 1423 гадоў: Збігнеў Алясніцкі стаў кракаўскім біскупам, Ян Шафранец[ru] — каронным канцлерам[ru], Станіслаў Цёлак[ru] — падканцлерам[pl][17]. Супраць гэтай версіі кажа той факт, што, хоць на гэты момант шлюб Соф’і з Ягайлам доўжыўся ўжо год, у рэчаіснасці пара не пражыла разам больш 8‒9 тыдняў[18].

У сакавіку 1423 года ў Кежмарку адбылася сустрэча Ягайлы і Жыгімонта Люксембургскага. Было прынята пагадненне, паводле якога Польшча адмаўлялася ад кантактаў з гусітамі і адклікала з Чэхіі Жыгімонта Карыбутавіча. Праз некаторы час палітычныя пазіцыі Соф’і і пралюксембургскай партыі значна ўзмацніліся. Восенню 1423 года Ягайла прыняў канкрэтныя меры ў справе яе каранацыі, якая была прызначана на 25 снежня, аднак па невядомых прычынах не была праведзена ў тэрмін. У канцы года, у адсутнасць Уладзіслава, які быў тады на Русі, Соф’я прыняла ў Кракаве караля Нарвегіі, Даніі і Швецыі Эрыка Памеранскага[ru][13].

Каранацыя Соф’і адбылася 5 сакавіка 1424 года ў кракаўскім Кафедральным саборы. Цырымонію праводзіў архібіскуп гнезненскі Войцех Ястжэмбец[pl] пры ўдзеле кардынала Бранда дэ Касцільёне[pl]. На цырымоніі прысутнічалі таксама кароль чэшскі і венгерскі Жыгімонт з жонкай Барбарай, герцаг баварскі Людвіг VII, Эрык Памеранскі, чатыры мазавецкіх Пясты, восем сілезскіх, а таксама шматлікая дэлегацыя літоўскіх і рускіх князеў на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам[13]. У якасці каранацыйнага абетнага дару Соф’я ахвяравала сабору рэлікварый, у якім захоўвалася галава святога Станіслава.

Дакумент, па якім Уладзіслаў Ягайла, кароль польскі, дадае вёскі Загасць і Багучыцэ да вяна сваёй жонкі, каралевы Соф’і Гальшанскай

9 сакавіка 1424 года Ягайла перадаў у валоданне жонцы вёскі Загасць[pl] і Багучыцэ[pl], а 11 сакавіка — вена на суму 20 тысяч пражскіх грошаў на гарадах Радаме, Сончы, Бечы, Жарноўцы, Санаку, Інаўроцлаве і Няшаве[9].

У ноч на 31 кастрычніка 1424 года Соф’я нарадзіла сына Уладзіслава. Намаганні каралеўскай пары былі накіраваны на замацаванне за ім права на пасад. Для пачатку Ягайла пастанавіў духавенству маліцца за спадчынніка, было праведзена вельмі ўрачыстае хрышчэнне. Дзіцяці прыпісалі аж 25 хросных бацькоў, у тым ліку Папу Марціна V, караля Жыгімонта, дожа Венецыі. Бацькоўства Ягайлы ніхто не аспрэчваў, бо сын быў вельмі на яго падобны. У красавіку 1425 года на з’ездзе ў Брэсце Куяўскім быў распрацаваны дакумент, у выпадку прыняцця якога Уладзіслаў прызнаваўся каралём, але выбарным каралём (элекцыйным). Пра рэгенцтва Соф’і, якога яна настойліва дабівалася, гаворка не ішла. Акрамя таго, будучы кароль мог уступіць на пасад толькі па дасягненні паўналецця, папярэдне даўшы прысягу на захаванне старых і наданне новых прывілеяў[13].

Па радзе Жыгімонта Люксембургскага і літоўскай шляхты, каралеўская пара адмовілася падпісваць гэты дакумент. Было вырашана пачаць збор подпісаў гарадоў, зямель і службовых асоб, якія прызнавалі права Уладзіслава на атрыманне ў спадчыну трона і магчымае рэгенцтва Соф’і і князя Вітаўта. На з’ездзе ў Лэнчыцы ў 1426 годзе Алясніцкі вярнуў прысутным непадпісаны каралём дакумент, які тыя ў знак пратэсту пасеклі шаблямі на часткі[13].

У лютым 1425 года спадчыну трона прызнаў горад Кракаў, у сакавіку — Конін, у кастрычніку — Львоў. У чэрвені 1427 года галіцкая шляхта дала згоду на атрыманне ў спадчыну трона каралевічам Уладзіславам, а Соф’ю і Вітаўта прызнала магчымымі рэгентамі[13].

10 мая 1426 года ў Соф’і нарадзіўся другі сын, які пры хрышчэнні атрымаў імя Казімір. Аднак неўзабаве, 2 сакавіка 1427 года, дзіця памерла. Існуюць некаторыя сумненні ў дакладнасці дат нараджэння і смерці каралевіча. У 1950 годзе былі праведзены даследаванні астанкаў Казіміра, якія дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што ён памёр у паўтарагадовым узросце[18]. 30 лістапада 1427 года нарадзіўся трэці сын, названы ў гонар дзеда Андрэя Гальшанскага Казімірам Андрэем[13].

Фелікс Сыпнеўскі[pl]. «Прысяга каралевы Соф’і», 1873 год.

Вясной 1427 года цяжарная трэцім дзіцем Соф’я была абвінавачана ў шлюбнай здрадзе, і Ягайла паверыў чуткам. Дваровыя} Соф’і Катажына і Эльжбета Шчукаўскія былі заключаны пад варту, пад катаваннямі яны назвалі імя нібыта палюбоўніка Соф’і. Ім аказаўся сын кароннага падскарбія рыцар Гінча (Генрых) з Рогава[pl]. Акрамя Гінчы было названа яшчэ шэсць імён: Пётр Куроўскі[pl], Ваўжынец Зарэмба, Ян Краска, Ян Канецпольскі[ru] і браты Пётр і Дабяслаў з Шчэкацін. Тром абвінавачаным (Яну Канецпольскаму і братам Шчэкацінскім) удалося збегчы, астатнія былі арыштаваныя. Каралева была пасаджана пад дамашні арышт, бо, паводле Длугаша, баяліся, «каб пры звычайных плоці сваёй недахопах не трапіла ў горшую бяду». Усе арыштаваныя не пацвярджалі віны Соф’і, а Гінча толькі паўтараў: «Каралева не здраджвала каралю». Па рашэнні Ягайлы быў праведзены суд пад старшынствам Вітаўта (іншымі суддзямі былі кракаўскі ваявода Ян Тарноўскі, ваявода сандамірскі Мікалай Куразвенцкі[pl], кракаўскі кашталян і Збігнеў Алясніцкі). Пасля нараджэння трэцяга сына Соф’я прынесла ачышчальную клятву на Бібліі, тое ж зрабілі сем паважаных дам і адна служанка Соф’і. Справа была закрыта, арыштаваных адпусцілі, але адносіны каралеўскай пары і рэпутацыя Соф’і былі сапсаваныя назаўжды. У будучыні факт бацькоўства Ягайлы не падвяргаўся сумненню, напрыклад, па словах польскага гісторыка другой паловы XVI стагоддзя Мацея Стрыйкоўскага, Казімір быў вельмі падобны да бацькі[18].

Праз некалькі гадоў, у 1431 годзе, каралева абвінаваціла ў паклёпе Яна Стража з Бялачава, звязанага як з Алясніцкім, так і з князямі мазавецкімі. Па выніках суда, на якім сведкамі выступілі Гінча з Рогава і Пётр Куроўскі, Страж быў пасаджаны ў турму ў Сандаміры[14].

4 сакавіка 1430 года на з’ездзе ў Едліне[pl] Ягайла быў вымушаны прыняць выстаўленыя ўмовы. Была зацверджана элекцыйнасць (выбарнасць) прастола (пасля смерці караля палякі павінны абраць новага манарха з аднаго з яго сыноў), новы манарх быў абавязаны пацвярджаць прывілеі, Соф’і і князю Вітаўту адмаўлялася ў регенцтве[13].

Каля 1430 года захварэла прынцэса Ядвіга. Шмат хто лічыў, што яе атруціла Соф’я, да чаго схіляюцца і некаторыя сучасныя гісторыкі, у прыватнасці Малгажата Дучмаль[18]. Справа дайшла да прынясення ачышчальнай клятвы, але звесткі Яна Длугаша настолькі няпэўныя, што не вядома, ці не клялася хворая Ядвіга, што не была атручана[18][19], ці Соф’я, што не датычная да атручвання[17]. Ядвіга памерла 8 снежня 1431 года. Нягледзячы на тое, што ў Ягайлы было двое сыноў, Ядвіга ўсё ж мела некаторыя шанцы на трон. Сярод польскай шляхты былі рознагалоссі па пытанні спадчыннасці або выбарнасці манархіі. Акрамя таго, яшчэ ў 1413 годзе з’езд у Едліне прызнаў Ядвігу пераемніцай прастола[11].

Соф’я была адной з тых, хто падтрымліваў ідэю каранацыі вялікага князя Вітаўта. Каранацыя была прызначаная на 15 жніўня 1430 года, але карона ад імператара Жыгімонта Люксембургскага была затрымана палякамі, якія асцерагаліся ўзмацнення Вялікага Княства Літоўскага[13].

1 чэрвеня 1434 года ў Гарадку памёр кароль Уладзіслаў II, Соф’я засталася ўдавой. Перад смерцю Ягайла прасіў, каб каралём абралі яго старэйшага сына, а апеку над дзецьмі даручыў Алясніцкаму, якому ён перадаў свой пярсцёнак ад шлюбу з Ядвігай. Невядома, ці казаў Ягайла што-небудзь пра каралеву Соф’ю[13].

Каралева-маці (1434—1461)[правіць | правіць зыходнік]

Ягайла. Фрагмент эфігіі[ru]
Пячатка Соф’і Гальшанскай, каралевы польскай

На з’ездзе ў Познані было вырашана правесці элекцыю (выбары) 29 чэрвеня, а непасрэдна перад гэтым каранаваць Уладзіслава. У час пахавання Ягайлы дата выбараў была перанесена на 25 ліпеня. 20 ліпеня антыягелонаўская апазіцыя склікала свой з’езд. Удзельнікі былі супраць абрання Уладзіслава, бо лічылі дзесяцігадовага хлопчыка занадта маладым для пацвярджэння прывілеяў, што магло пахіснуць пазіцыі шляхты. Сітуацыю змяніў Алясніцкі, які прыбыў у спешцы на з’езд, заручыўшыся падтрымкай каралевы, і здолеў не дапусціць прыняцця якіх-небудзь шкодных для дынастыі рашэнняў[13].

На выбарах, якія прайшлі 25 ліпеня, апазіцыя зноў паставіла пытанне аб спрэчнасць прысягі непаўналетняга манарха. Большасць прысутных пагадзілася з пярэчаннямі, баючыся што ў будучым Уладзіслаў можа адмовіцца ад дадзенай пры элекцыі прысягі, спаслаўшыся на сваё непаўналецце. Слова ўзяў Алясніцкі. Ён пачаў зачытваць статуты[ru] караля Казіміра Вялікага, у якіх нічога не было сказана пра абмежаванні на каранацыю непаўналетніх. Акрамя таго, Алясніцкі прапанаваў, каб сваякі каралевіча і некаторыя духоўныя асобы ад імя каралевіча абавязаліся стрымаць тронныя абавязацельствы і пасля дасягнення ім паўналецця. Словы Алясніцкага не пераканалі шляхту, і тады прыхільнікі дынастыі вырашылі пайсці на хітрасць. Каронны маршалак[ru] Ян Алясніцкі[ru], брат Збігнева, прапанаваў, каб усе прыхільнікі юнага караля сталі па правы бок ад яго, а праціўнікі — па левую. У выніку ў лагеры праціўнікаў аказалася толькі тры чалавекі, але і яны былі выцесненыя на правы бок прыхільнікамі каралевіча[13].

Соф’я не стала рэгентам, але ўвайшла ў рэгенцкі савет, які ўзначаліў Алясніцкі[18]. Саюз каралевы-маці і Алясніцкага неўзабаве распаўся. Рэгент Алясніцкі быў прыхільнікам барацьбы з гусітамі, у грамадзянскай вайне ў Вялікім княстве Літоўскім падтрымліваў Жыгімонта Кейстутавіча і быў адным з апалагетаў[ru] ідэі інкарпарацыі Літвы ў склад Польшчы. Соф’я ж сімпатызавала гусіцкаму руху, а ў міжусобнай вайне падтрымлівала Свідрыгайлу Альгердавіча[13].

31 кастрычніка 1436 года Уладзіслаў дасягнуў паўналецця — яму споўнілася чатырнаццаць гадоў, што і было прызнана на з’ездзе ў Пётркаве. 16 студзеня 1437 года кароль пацвердзіў прывілеі. Пазіцыі Соф’і ў каралеўстве значна аслаблі, хоць яе ўплыў на караля быў досыць вялікі[18].

Подпіс Соф’і Гальшанскай як каралевы польскай, 1454 год: Zophia dei gratia Regina Polonie

Яшчэ летам 1435 года Соф’я дапамагла збегчы з польскай турмы малдаўскаму гаспадару Ільі[ru]. У 1438 годзе беспаспяхова спрабавала дабіцца для малодшага сына чэшскага стальца. 3 мая 1439 года 168 шляхціцамі на чале са Спыткам з Мельштына[ru], сярод якіх былі і набліжаныя Соф’і (у тым ліку і Гінча з Рогава), была ўтворана накіраваная супраць Алясніцкага прагусісцкая навакорчынская канфедэрацыя[pl]. Паводле Длугаша, канфедэрацыя адбылася толькі дзякуючы «падбухторванню і абяцанням з боку Соф’і». Алясніцкі накіраваў на канфедэратаў войска. Перад самай бітвай па невядомых прычынах прыхільнікі Соф’і пакінулі лагер канфедэратаў і перайшлі на бок Алясніцкага, а Гінча нават узначаліў каралеўскую пяхоту. 4 мая ў бітве пад Гратнікамі[pl] паўстанцы былі разгромленыя. Уплыў Алясніцкага дасягнуў свайго піку, у той час як Соф’я ў чарговы раз пацярпела палітычнае паражэнне[13].

27 кастрычніка 1439 года памёр кароль Венгрыі, Чэхіі і Германіі Альбрэхт Габсбург. Алясніцкі пры падтрымцы Соф’і планаваў выдаць трыццаціаднагадовую ўдаву Альбрэхта Лізавету[ru] за шаснаццацігадовага караля Уладзіслава. Справа ўскладнялася тым, што Лізавета была цяжарная і спадзявалася на нараджэнне сына. Антынямецкі настроены венгерскі сейм дабіваўся ад удавы згоды на замужжа з Уладзіславам Ягелонам: дынастычны саюз значна ўзмацніў бы шанцы ў процістаянні з усё мацнейшай агрэсіяй асманаў. Лізавета была вымушана пагадзіцца на шлюб, але пасля нараджэння сына, названага Уладзіславам, 22 мая адклікала сваю згоду і аб’явіла каралём сына. 8 сакавіка польскі кароль Уладзіслаў прыняў прысягу на шлюб з Лізаветай і пачаў рыхтавацца да ад’езду ў Венгрыю, дзе склалася вельмі напружаная абстаноўка, якая пагражала грамадзянскай вайной. Соф’я правяла з сынам два дні, яшчэ не ведаючы, што бачыць яго апошні раз у жыцці[13].

20 сакавіка 1440 года ў выніку змовы быў забіты вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч. Яго сын Міхаіл паспрабаваў заняць бацькоўскі трон, але не атрымаў дастатковай падтрымкі сярод магнатаў. Па ініцыятыве каралевы-маці было вырашана паслаць у Вільню малодшага сына Соф’і Казіміра. Па радзе Алясніцкага кароль прызначыў яго толькі сваім намеснікам у Вялікім Княстве Літоўскім. У княстве Казімір карыстаўся шырокай падтрымкай магнатэрыі, у тым ліку яго падтрымлівалі сваякі па матчынай лініі: Гальшанскія і Друцкія, а таксама вельмі ўплывовы магнат Ян Гаштольд. 29 чэрвеня Казімір быў абраны вялікім князем Літоўскім, тым самым выйшаў з падпарадкавання брату[13].

У 1440—1444 гадах Соф’я адышла ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Яна жыла ў Санацкім замку[uk], цікавілася, пераважна, вядзеннем гаспадаркі і ўважліва сачыла за інфармацыяй, якая паступала з Венгрыі. Дзякуючы сваёй актыўнай дзейнасці ў барацьбе з асманамі яе старэйшы сын Уладзіслаў праславіўся ў Еўропе. У снежні 1444 года да Соф’і сталі даходзіць чуткі пра яго трагічную гібель у бітве пры Варне[ru]. Аднак, цела ніхто не бачыў, таму Соф’ю не пакідала надзея, што Уладзіслаў жывы і трапіў у палон да турак. Час ішоў — вестак пра лёс Уладзіслава не паступала. У гэтых умовах Соф’я накіравала ўсе намаганні на забеспячэнне польскага трона свайму малодшаму сыну[18].

У красавіку 1445 года на з’ездзе ў Серадзе Казімір быў абраны каралём з умовай, што ў выпадку вяртання Уладзіслава абранне будзе анулявана. Восенню таго ж года ў Пётркове адбыўся з’езд, на якім прысутнічала і Соф’я. Запрошаны быў і Казімір, але па патрабаванні шляхты Вялікага княства, якая выступала за незалежнасць ад Польшчы, Казімір адмовіўся прыехаць, перадаўшы з пасламі, што не прэтэндуе на польскую карону, бо верыць у вяртанне брата. Было вырашана паслаць да Казіміра афіцыйнае пасольства з прапановай польскай кароны. Хоць Соф’я і не была ўключана ў пасольства, яна вырашыла да яго далучыцца. Сустрэча адбылася ў Гродне, але нягледзячы на ​​просьбы маці, Казімір быў непахісны[18].

У студзені 1446 года на сейме ў Пётркове Соф’я заклікала палякаў выбраць іншага караля. Яна чакала, што Казімір не захоча губляць права на трон і вернецца ў Польшчу. 30 сакавіка было прынята рашэнне, што, калі Казімір не вернецца, трон дастанецца мазавецкаму князю Баляславу Варшаўскаму[ru]. У тым жа годзе на сейме ў Новым Корчыне Соф’я са слязамі на вачах умольвала па страце ёй старэйшага сына не пазбаўляць кароны малодшага. Восенню таго ж года ў Брэсце Літоўскім каралева сустрэлася з сынам. Пад уплывам маці і некаторых паноў Казімір пагадзіўся стаць польскім каралём. 23 чэрвеня 1447 года ён урачыста заехаў у Кракаў, а 25 чэрвеня адбылася каранацыя[18].

Ужо ў першыя гады свайго кіравання Казімір уступіў у канфлікт з Алясніцкім. У 1448 годзе пры ўдзеле Соф’і была прадпрынята няўдалая спроба перавесці Збігнева на пасаду Гнезненскага архіепіскапа[ru]. Для Алясніцкага гэта азначала аддаленне ад сталіцы і страту ўплыву на дзяржаўныя справы. Аднак ён змог застацца ў Кракаве, а 27 кастрычніка таго ж года архіепіскапам Гнезненскім быў абраны Уладзіслаў Апароўскі[ru]. Вядома, што сярод ворагаў Алясніцкага быў і маршалак дворны Ян з Загужа[18].

Эксгумацыя цела Соф’і Гальшанскай, 1902 год.

У адрозненне ад Алясніцкага, у малдаўскіх справах Казімір падтрымліваў пляменніка Соф’і (то-бок свайго стрыечнага брата) Рамана II[ru], якому ў 1447 годзе дапамог забіць правенгерскі настроенага дзядзьку і заняць трон. Аднак ужо ў наступным годзе Пётр II[ru], іншы дзядзька Рамана, з дапамогай венграў скінуў яго. Раман збег у Кракаў, але быў атручаны і памёр ва ўзросце 22 гадоў. У 1449 годзе з дапамогай Казіміра барацьбу за трон пачаў брат Рамана Алексэндрэл[ru]. У наступным годзе палякі пацярпелі паразу ад Багдана II[ru]. Алексэндрэл змог стаць гаспадаром толькі пасля смерці Багдана ў 1452 годзе (і тое, толькі паловы княства), але ўжо ў 1455 годзе быў канчаткова разбіты Пятром III Аронам[ru][20].

У 1448 годзе каралева знаходзілася з сынам у Літве. У 1452 годзе памёр пажыццёвы валадар Луцкай зямлі Свідрыгайла Альгердавіч. Каралева выношвала планы далучэння гэтых земляў да Польшчы, але Казімір быў за пакіданне Валыні у складзе княства. На з’ездзе ў Пётркове ў 1453 годзе ў працягу пяці дзён Соф’я на каленях умольвала сына больш клапаціцца аб пашырэнні Польскай кароны (актыўным прыхільнікаў экспансіі быў таксама кракаўскі кашталян Ян з Чыжова[pl]). Аднак кароль быў непахісны. У тым жа годзе ён пацвердзіў правы маці на атрыманыя раней зямлі і даходы, але новых правоў не дараваў[18].

Восенню 1458 года Соф’я адправіла пасла ў Рым з мэтай афіцыйнага выказвання павагі новаму Папе Пію II. Аднак сапраўднай мэтай пасольства было даведацца пра меркаванне Папы аб бягучай вайне Польшчы з Ордэнам[18].

Хвароба і смерць[правіць | правіць зыходнік]

Летам 1461 года каралева-маці захварэла. Мяркуючы, што арганізм зможа перамагчы хваробу, яна адмовілася прымаць лекі. Аднак хвароба прагрэсіравала — Соф’ю разбіў параліч[ru]. 21 верасня 1461 года яна памерла ў Кракаве, паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце па хрысціянскіх канонах. Казіміра ў гэты час у сталіцы не было, таму на працягу васьмі дзён (да вяртання караля) цела Соф’і знаходзілася ў касцёле святога Міхаіла[4].

28 верасня Соф’я была ўрачыста пахавана ў заснаванай па яе ж фундацыі капліцы Святой Тройцы[pl] Вавельскага кафедральнага касцёла. Яшчэ раней каралева распарадзілася, каб яе пахавалі пры заходняй сцяне капліцы, як гэта прынята па праваслаўным звычаі. Надмагілле каралевы Соф’і можна ўбачыць і сёння. Пасля смерці Соф’я пакінула вялікія даўгі, разабрацца з якімі даручалі сыну[4]. Некаторыя яе землі адыйшлі да Гінчы з Рогава[13].

Уклад у культуру і навуку[правіць | правіць зыходнік]

Старонка з «Бібліі каралевы Соф’і»

Існуе меркаванне, што Соф’я была апошняй непісьменнай каралевай Польшчы [6]. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што яна навучылася чытаць ужо пасля вяселля[18]. Як бы там ні было, каралева аказвала істотную фінансавую падтрымку Кракаўскай акадэміі і была адзіным заступнікам гэтай навучальнай установы[18].

Каля 1427 года сакратар і падканцлер каронны (а пазней Познанскі епіскап[ru]) Станіслаў Цёлак[ru] напісаў лацінскі тэкст на музыку невядомага аўтара — знакаміты гімн «Пахвала Кракаву» (лац.: Laus Cracoviae)[21]. Акрамя іншага, у гімне ёсць словы, якія прыкладна можна перакласці як «…чысціня каралевы ззяе на ўвесь свет сярод хараства палацаў»[22].

У 1432 годзе каралева заснавала капліцу Святой Тройцы ў Вавельскім кафедральным касцёле. Сцены капліцы былі ўпрыгожаны фрэскамі ў рускім стылі, якія, аднак, не захаваліся да нашых дзён. Лічыцца, што для капліцы Соф’я заказала алебастравыя пліты з выявай Дабравешчання і Адведзін Найсвяцейшай Панны Марыі, хоць, магчыма, што пліты прызначаліся для кракаўскага касцёла Святой Ганны[ru][6].

У 1453 годзе па яе ініцыятыве пачаўся пераклад Бібліі на польскую мову. Адным з аўтарам перакладу з чэшскай мовы быў капелан Андрэй з Яшовіц[pl]. Гэты пераклад, вядомы як «Біблія каралевы Соф’і», з’яўляецца першым вядомым перакладам Бібліі на польскую мову. Праца над першым томам была завершана ў 1455 годзе, другім — у 1460 годзе. Не выключана, што другі том быў скончаны ўжо пасля смерці Соф’і[6].

Каралева Соф’я, напэўна, была аўтарам слоў найстарэйшага твора ў жанры[ru] думка[en]. У тэксце ўтрымліваўся заклік да казакаў[ru] адпомсціць за смерць яе сына Уладзіслава[23].

Вынікі жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Соф’я нарадзіла Ягайлу трох сыноў (сярэдні памёр немаўлём) і стала заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. У сучаснікаў былі сумненні наконт бацькоўства першага хлопчыка, але трэці сын Казімір, які нарадзіўся, калі каралю Ягайлу споўнілася 76 гадоў, быў настолькі падобны да бацькі, што атрымаў мянушку Ягелончык. Дынастыя Ягелонаў правіла аб’яднанай польска-літвінскай дзяржавай да 1572 года, Венгрыяй і Чэхіяй — да 1529 года. Два сыны, чатыры ўнукі і два праўнукі Соф’і Гальшанскай сталі каралямі.

Вобраз у мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Соф’я Гальшанская на памятнай манеце Нацбанка Беларусі, 2006 год.

Біяграфія Соф’і Гальшанскай легла ў аснову гістарычнай аповесці польскага пісьменніка Юзафа Крашэўскага «Маці каралёў[pl]», напісанай у рамках цыкла з 29 аповесцей «Гісторыя Польшчы» (польск.: Dzieje Polski) і выданай у 1883 годзе[24]. Аўтар, які добра ведаў гісторыю Польшчы, пабудаваў сюжэт аповесці на аснове «Хронікі Польшчы» гісторыка, кракаўскага каноніка Яна Длугаша, да якой часам падыходзіў некрытычна[25].

Дзеянне твору ахоплівае перыяд з 1421 года па 1434 год. У пачатку аповесці Сонька паўстае прыгожай шаснаццацігадовай дзяўчынай, якая знаходзіцца пад апекай вялікага князя Вітаўта, што гістарычна няпэўна[25] (хоць Соф’я і часта гасцявала ў яго). Мудрагелісты і разважлівы палітык Вітаўт хоча выкарыстоўваць Соф’ю, каб узмацніць уплыў на слабавольнага Ягайлу і ў канчатковым выніку дабіцца самастойнасці Вялікага Княства Літоўскага. Але Соф’я не збіраецца падпарадкоўвацца Вітаўту, маючы ўласныя амбіцыі[25]. У аповесці каралева мудрая і набожная, старанна клапоціцца ў першую чаргу пра сваіх дзяцей; Вітаўт — інтрыган і ўладалюбец. На думку перакладчыка аповесці на беларускую мову літаратуразнаўца Міхаіла Кенькі, гэтакі адмоўны вобраз Вітаўта сфарміраваны пад уплывам Длугаша, які непрыхільна ставіўся да Вітаўта і Соф’і, хоць патрон храніста Збігнеў Алясніцкі намаляваны ў аповесці значна больш крытычна, чым у самой хроніцы[25]. Аповесць заканчваецца падзеямі 1434 года, калі старэйшы сын Соф’і быў абраны каралём польскім[25].

Шлюбу Ягайлы, які не меў дынастычнага пераемніка, з русінскай князёўнай Соф’яй Гальшанскай прысвечана асобная частка паэмы «Пруская вайна» Яна Вісліцкага. Маладая, кажа паэт, «чароўная німфа ў краіне русінаў, Боская німфа — найпрыгажэйшая ў свеце дзяўчына». Поруч з урачыстым аратарскім стылем тут ёсць пастаральныя матывы, дасціпныя эўфемізмы[ru], напрыклад, пра тое, як Юпітэр турбаваў алімпійскіх багоў, «шукаючы князю сівому сужонку». Увага перанесена на лірычную тэму — песню пра любіміцу народа, добрую шляхцянку слаўнага роду Гальшанскіх, што красою сваёю пераўзышла грэчаскіх багінь і німф. На вяселле Юпітэр склікае ўсіх алімпійцаў: багіня Юнона абяцае маладой шчасце і багацце, Мінерва гарантуе яе дзецям мудрасць, а Марс зычыць усёй дынастыі ваенную славу. Урэшце багіня кахання прыводзіць на вяселле «німфу русінаў» Соньку. Народ славіць каралеўскі шлюб радаснымі песнямі, музыкай, гучаць ліры і гуслі.

Генеалогія[правіць | правіць зыходнік]

Іван Альгімонтавіч Гальшанскі
(? — до 1401)
Агрыпіна Святаслаўна, кнж. смаленская
(1350/2 — ?)
Дзмітрый Міхайлавіч, кн. друцкі N.
         
     
  Андрэй Гальшанскі
(ок. 1374 — ?)
Аляксандра Друцкая[ru]
(ок. 1380—1426)
     
   
Ягайла
(каля 1362(?) — 1.07.1434)
  7/24.02.1422
Соф’я Гальшанская
(ок. 1405 — 21.09.1461)
                   
                   
                   
Уладзіслаў III
 (31.10.1424 — 10.11.1444)
 
Казімір
 (16.05.1426(?) — 2.03.1427(?))
 
Казімір IV
 (29/30.11.1427 — 7.06.1492)
 

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Радавы маёнтак — Гальшаны (цяпер вёска ў Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі).
  2. У Вольфа ў раздзеле пра Гальшанскіх «u wuja swego kniazia Iwana Dymitrowicza Druckiego», аднак у раздзеле пра Друцкіх у якасці апекуна дзяўчын указаны Сямён, як і ў летапісе.
  3. паводле Я. Длугаша

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Гальшанскія // Беларуская ССР: Кароткая энцыклапедыя ў 5 т. / Рэд. кал.: І. П. Шамякін і інш. — Мн.: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі, 1981. — Т. 5: Біяграфічны даведнік. — С. 142. — 720 с. — 15 000 экз.
  2. WikiTree — 2005. — ed. size: 23699588 Праверана 14 ліпеня 2019.
  3. https://data.cerl.org/thesaurus/cnp02106773 Праверана 14 ліпеня 2019.
  4. а б в г д Długosz J. Jana Długosza kanonika krakowskiego Dziejów polskich ksiąg dwanaście. — Krakowie, 1869. — T. 4. — Ks. 11, 12. — S. 268. — 712 s.
  5. а б в г Хроника Быховца / Под ред. Н. Н. УлащикаМ.: Наука, 1966. — С. 76—77.
  6. а б в г Rudzki 1990, s. 98—126.
  7. а б Tęgowski 1996, s. 27—47.
  8. Krzyżaniakowa, Ochmański 2006, s. 279—306.
  9. а б в Gąsiorowski 1972, s. 121.
  10. а б Насевіч В. Л. Друцкае княства і князі Друцкія // Друцк старажытны: Да 1000-годдзя ўзнікнення горада. — Мн., 2000. — С. 49—76.
    Насевіч В. Л. Род князёў Друцкіх у гісторыі Вялікага княства Літоўскага (XIV—XVI стст.) // Старонкі гісторыі Беларусі. — Мн., 1992. — С. 80—104.
    Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII — начала XV в. // Древняя Русь. Вопросы медиевистики[ru]. — 2007. — № 4 (40). — С. 50—68.
  11. а б в г Tęgowski 1999, s. 93, 130—131.
  12. Tęgowski J. Powiązania genealogiczne wojewodów mołdawskich Bogdanowiczów z domem Giedyminowiczów w XIV—XV wieku // Genealogia. Studia i materiały historyczne. — Poznań-Wrocław: Wydawnictwo historyczne, 1993. — T. 3. — S. 45—67.
  13. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф Рудзкі 1993.
  14. а б Krzyżaniakowa, Ochmański 2006, s. 279.
  15. Wdowiszewski 2005, s. 75—79.
  16. Памяць 2004.
  17. а б Maleczyńska E. Rola polityczna królowej Zofii Holszańskiej na tle walki stronnictw w Polsce w latach 1422—1434 // Archiwum Towarzystwa Naukowego we Lwowie. — Dz. II. — T. XIX. — Z. 3. — Lwów, 1936. — 118 s.
  18. а б в г д е ё ж з і к л м н о Duczmal 1996, s. 421—432.
  19. Małaczyńska G. Jadwiga, córka Władysława Jagiełły // Polski Słownik Biograficzny. — 1962—1964. — T. 10.
  20. Стати В. История Молдовы.. — Кишинёв: Tipografia Centrală, 2002. — С. 60—64. — 480 с. — ISBN 9975-9504-1-8.
  21. Wojnowska E. «Kras. 52» — europejski zabytek polskiej kultury muzycznej z I połowy XV wieku // Biuletyn informacyjny biblioteki narodowej. — 2002. — № 4 (163). — S. 40—44.
  22. In Praise of Krakow by Stanisław Ciołek (англ.)(недаступная спасылка). Deacon's blog. — Перевод гимна на польский и английский. Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2014. Праверана 3 жніўня 2016.
  23. Serczyk W. A. Na dalekiej Ukrainie. Dzieje kozaczyzny do 1648 roku. — Kraków: Wydawnictwo Literackie, 1984. — 396 s. — ISBN 83-08-01214-0.
  24. Kraszewski J. I. Matka królów. — Warszawa: Spółka Księgarzy Warszawskich, 1883.
  25. а б в г д Крашэўскі Ю. Маці каралёў. Паперы Глінкі. Гістарычныя аповесці / Пер. з польск., прадмова і каментарыі Міхася Кенькі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2007. — С. 3—5. — ISBN 978-985-02-0926-9. (бел.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Собалева Л. П. Соф’я Гальшанская, Соф’я Друцкая // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 91. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Kniaziowe litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895
  • Рудзкі Э. Соф’я Гальшанская — апошняя жонка Ягайлы, маці Ягелонаў Архівавана 27 сакавіка 2022. / Польскія каралевы / Част. пер. з Edward Rudzki. Polskie Krolowie. Zony Piastow I Jagiellonow. Warszawa, 1985. // Спадчына. — 1993. — № 6.
  • Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал. В. Баранаў і інш. — Мн.: Беларусь, 2004.
  • Duczmal M. Jagiellonowie. Leksykon biograficzny. — Poznań-Kraków: Wydawnictwo Literackie, 1996. — S. 421—432. — ISBN 83-08-02577-3.
  • Gąsiorowski A. Itinerarium Władysława Jagiełły 1386—1434. — Warszawa: Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk, 1972. — S. 121.
  • Krzyżaniakowa J., Ochmański J. Władysław II Jagiełło. — 2 ed. — Wrocław: Ossolineum, 2006. — T. 1. — S. 279—306, 330. — 372 s. — ISBN 978-83-04-04778-5.
  • Rudzki E. Polskie królowe. — 2 ed. — Warszawa: Novum, 1990. — T. 1. — S. 98—126. — 300 s.
  • Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczow. / Pod red. Marka Górnego — Poznań-Wrocław: Biblioteka Genealogiczna, 1999. — T. 1. — S. 93, 130—131. — 319 s. — ISBN 83-913563-1-0.
  • Tęgowski J. Przodkowie Zofii Holszańskiej, czwartej żony Władysława Jagiełły. // Genealogia. Studia i materiały historyczne. — Poznań-Wrocław: Wydawnictwo historyczne, 1996. — T. 8. — S. 27—47.
  • Wdowiszewski Z. Genealogia Jagiellonów i Domu Wazów w Polsce. — 2 ed. — Kraków: Avalon, 2005. — S. 75—79. — 335 s. — ISBN 83-918497-2-4.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]