Mowag Piranha
Mowag Piranha | |
---|---|
Названа ад | piranha[d] |
Краіна паходжання | |
Вытворца | Mowag[d] |
Дызайнер | Mowag[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Mowag Piranha — сямейства шматмэтавых колавых бронемашын, распрацаванае швейцарскай фірмай Mowag, якая з 2010 года належыць General Dynamics.
Бронемашыны Piranha стаяць на ўзбраенні армій больш за 20 дзяржаў і вырабляюцца па ліцэнзіі шэрагам замежных кампаній. Агульная колькасць выпушчаных і ўключаных у спіс заказаў машын Piranha складае больш за 10700 штук.
Распрацоўка
[правіць | правіць зыходнік]Piranha была распрацавана канструктарскім бюро MOWAG у пачатку 1970-х гадоў як універсальнае шасі для розных баявых і спецыяльных машын з колавай формулай 4 × 4, 6 × 6 і 8 × 8, з коламі, якія забяспечваюць магчымасць безаварыйнай язды на спушчаных/прабітых кулямі шынах. Усе прадстаўнікі сямейства машын Piranha плаваюць, для чаго аснашчаны двума вяслярнымі вінтамі ў кармавой частцы корпуса. Швейцарская армія мела патрэбу перш за ўсё ў знішчальніку танкаў і самаходным СТРК на замену састарэлым пазадарожнікам з 106-мм безадкатнымі гарматамі M40 — у такіх варыянтах ёй патрабавалася 400 машын тыпу Piranha[1]. Прэзентацыя машын для КМП ЗША адбылася ў канцы 1980 года. На ўзбраенне амерыканскіх марпехаў машыны паступілі ў 1983 годзе, на два гады раней, чым на ўзбраенне швейцарскай арміі, так як швейцарскі ўрад выдзеліў 500 млн франкаў на закупку машын толькі ў бюджэце на 1985—1986 год[2].
Вытворчасць
[правіць | правіць зыходнік]Зборка машын ажыццяўлялася на заводзе MOWAG Motorenfabrik AG у швейцарскім Кройцлінгене. Вежы для машын вырабляліся нарвежскім кансорцыумам Thune-Eureka. Вежы і гарматы для амерыканскіх мадыфікацый LAV вырабляліся карпарацыяй AAI ў Мэрылендзе[2]. Ліцэнзійная вытворчасць машын з колавай формулай 4 × 4, 6 × 6 для чылійскай арміі ажыццяўлялася на заводзе Industrias Cardoen SA ў Сант’яга. Адрозненнем чылійскай мадыфікацыі з’яўляецца павялічаная ёмістасць паліўнага бака (400 супраць 250 літраў арыгінальнай швейцарскай мадэлі), а адсюль удвая большы запас ходу (1200 супраць 600 км). Акрамя таго, вузел мацавання вежы з’яўляецца ўніверсальным і па выбары заказчыка могуць усталёўвацца розныя вежы з гарматамі замежных вытворцаў: швейцарскія Oerlikon-Bührle GAD-AOA з 20-мм гарматай, ізраільскія TCM-20 са спаранай 20-мм зенітнай гарматай, французскія Hispano-Suiza з 90-мм гаўбіцай-гарматай, бразільскія ENGESA ET-90 з 90-мм гаўбіцай-гарматай і чылійскія вежы Cardoen пад бельгійскую 90-мм гармату Cockerill Mk III. Таксама, па замове чылійскай арміі, на базе варыянту 6 × 6 была створана паўгусенічная мадэль машыны падвышанай праходнасці для дзеянняў у горнай і перасечанай мясцовасці[3]. Для амерыканскіх ліцэнзійных мадыфікацый карпарацыяй AAI былі распрацаваны розныя варыянты вежаў пад рознае ўзбраенне, у прыватнасці, пад 90-мм гармату ARES, і Universal Turret пад 75-мм гармату ARES, — у абодвух варыянтах з 7,62-мм кулямётам[2][4].
Варыянты
[правіць | правіць зыходнік]Вырабляецца ў мадыфікацыях 4 × 4, 6 × 6, 8 × 8 і 10 × 10 і мае варыянты: бронетранспарцёр, баявая машына пяхоты, баявая разведвальная машына, разведвальная машына РХБА, камандна-штабная машына, браняваная рамонтна-эвакуацыйная машына і БММ.
Мадыфікацыі:
- Piranha I
- Piranha II
- Piranha III
- Piranha IV
- Piranha V
ТТХ
[правіць | правіць зыходнік]- Вага: 9500 кг
- Даўжыня: ад 6,25 да 7,45 м
- Шырыня: ад 2,5 да 2,66 м
- Вышыня: ад 1,8 да 1,98 м
- Хуткасць: да 100 км/г
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Jane’s 1985, p. 341.
- ↑ а б в Jane’s 1985, p. 342.
- ↑ Jane’s 1985, p. 257.
- ↑ Jane’s 1985, p. 861.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Jane’s Armour and Artillery 1985-1986. / Edited by Christopher F. Foss. — 6th ed. — London: Jane’s Information Group, 1985. — 900 p. — (Jane’s Defence Data) — ISBN 0-7106-0820-9.