Кумяльган
Кумяльган — прапанаваны фалькларыстам П. Шпілеўскім злы дух у абліччы чалавека і каня.
Этымалогія імя
[правіць | правіць зыходнік]Слова паходзіць ад літоўскага kumelė "кабыла", латышскага kumeļš "жарабя", што добра стасуецца з "конскім" выглядам Кумяльгана[1]. П.Драўлянскі, які згадаў Кумяльгана, не ведаючы балцкіх моў, тлумачыў, што слова паходзіць ад "кумель" ці "камель" — ніжняя частка тулава жывёл, заднія ногі, лапы ці ад "кумяльганіць" — станавіцца на заднія лапы[2]. Такія балтызмы ў беларусаў ужываліся і ў звычайнай гаворцы - пад Івацэвічамі казалі "кумялём" у значэнні "вельмі хутка" (гэта значыць, як конь)[3].
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Беларусы быццам уяўлялі яго з чалавечым тулавам, пакрытым конскай шэрсцю, і такімі ж рукамі і нагамі; з конскай галавой і такімі ж капытамі на руках і нагах, і верылі, што ён ходзіць часам, як конь, на карачках, а часам, нібы чалавек, на задніх нагах. Прызначэнне яго — мучыць, псаваць, раніць коней; падмешваць у іх корм атрутную расліну і г.д.
Не менш шкодным лічаць беларусы Кумяльгана і ў час начлегаў. Кумяльган адводзіць з табуна па адным кані ў бок лесу і там мучыць іх гэтак жа, як і ў хляве. Кумяльган адводзіць таксама жарабят ад кабыл, але не мучыць іх, а пакідае на здабычу драпежным звярам. Прычына, па якой Кумяльгану ўдаецца прабірацца ў табун незаўважаным, у тым, што ён вельмі падобны да каня: прыняўшы масць каня якога-небудзь гаспадара, ён спакойна ўваходзіць у хлеў, не сустракаючы з боку гаспадара ніякай перашкоды, часам нават гаспадар сам адмыкае яму хлеў, прымаючы яго за свайго каня.
Праблема верыфікацыі
[правіць | правіць зыходнік]Фалькларыст П. Шпілеўскі неаднаразова абвінавачваўся ў недастатковым прафесіяналізме і вольнасці пры рэканструкцыі беларускай міфалогіі і фальклору[4]. Мяркуецца, што значная, калі не пераважная, частка з 52 зафіксаваных ім духаў і бостваў — плён яго ўласнай фантазіі. Хутчэй аматар, чым сапраўдны даследчык, ён наіўна вылучаў імёны ніколі не існаваўшых багоў з народных прыказак, песень, фразеалагізмаў.
Пры гэтым тое, што Шпілеўскі запісаў пра Кумяльгана, не ведаючы пра балцкае паходжанне гэтага слова, пацвярджае, што часам ён грунтаваўся на рэальных звестках з захаванага ў беларусаў фальклору.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн. Менск, 2004. С. 265-266.
- ↑ (Древлянский, с. 100—101.)
- ↑ Зайка А. Дыялектны слоўнік Косаўшчыны. Слонім, 2011. С. 118.
- ↑ Віктар Корбут. Вечнае змаганне за містыфікацыі. Архівавана 14 верасня 2016.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Уладзімір Васілевіч // Міфы Бацькаўшчыны: Літаратурна-мастацкае выданне. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. ISBN 5-85700-162-5