Беларусы ў лівійскім канфлікце

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Беларусы ў лівійскім канфлікце
Беларусь і Лівія на мапе.
Беларусь і Лівія на мапе.
Гады існавання 2011
Краіна  Беларусь
Тып Ваенныя спецыялісты Беларусі, Найміты з былых савецкіх рэспублік у Афрыцы
Складаецца з агульнавайсковыя спецыялісты, лётчыкі, танкісты, тэхнікі-рамонтнікі, спецыялісты спецаперацый
Функцыя садзейнічанне ў баявых дзеяннях
Колькасць
  • • 500 чалавек (даваенныя звесткі беларускага пасольства ў Трыпалі)
  • • некалькі сотняў чалавек (звесткі «Камсамольскай праўды»)
  • • ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў чалавек (ацэнкі А. Алесіна)
Дыслакацыя Лівія Лівія
Удзел у Грамадзянская вайна ў Лівіі (2011)

Падчас грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 2011 года ў Лівіі прадстаўнікі паўстанцаў, рабочая група ААН і шматлікія СМІ неаднаразова заяўлялі аб дапамозе ўрадавай арміі Муамара Кадафі з боку беларускіх ваенных саветнікаў і наймітаў. Урад Беларусі афіцыйна адмаўляў падобнага роду інфармацыю. Меркаванне ваенных і палітычных аналітыкаў па пытанні беларускага ўдзелу ў канфлікце адрозніваюцца. Адны спасылаліся на слабую доказную базу і магчымую інфармацыйную вайну. Іншыя дапускалі дадзены факт, абгрунтоўваючы яго наяўнасцю моцных даваенных сувязяў дзвюх краін і распаўсюджваннем практыкі найміцтва ў асяроддзі былых вайскоўцаў Узброеных Сіл Беларусі.

Так ці інакш, але па абвінавачанні ў супрацоўніцтве з рэжымам Кадафі лівійскімі баевікамі захоплены чацьвёра беларусаў, якія былі вызвалены намаганнямі дыпламатаў і спецслужбаў.

Паралельна гэтаму праходзіла інфармацыя аб удзеле наймітаў з Чорнай Афрыкі, Блізкага Усходу і Усходняй Еўропы, у тым ліку грамадзян такіх краін як Румынія, Сербія, Украіна, Казахстан і Расія[1]. Паслугамі розных замежнікаў карысталіся што ўлады, што і паўстанцы.

Уводзіны[правіць | правіць зыходнік]

Даваеннае становішча[правіць | правіць зыходнік]

У 2000-х гадах адбылася актывізацыя адносін паміж Беларуссю і Лівіяй, у тым ліку па ваенным кірунку.

3 лістапада 2008 года тагачасны міністр абароны Леанід Мальцаў падчас сустрэчы ў Мінску са старшынёй Усеагульнага часовага камітэта абароны Абу Бакрам Юнісам Джаберам падкрэсліў, што «Лівія з’яўляецца адным з прыярытэтаў знешняй палітыкі Беларусі». Праз год, 16 снежня 2009-га, у Трыпалі з афіцыйным візітам прыехала беларуская дэлегацыя на чале з новым кіраўніком ваеннага ведамства Юрыем Жадобіным. Тады паміж бакамі быў заключаны пратакол аб супрацоўніцтве ў ваеннай галіне[2][3].

У той жа час на вучэнні «Захад-2009» у Беларусь прыязджаў малодшы сын Кадафі, Хаміс, камандзір элітнай 32-й брыгады лівійскай арміі[2][3]. У чэрвені 2010 года лівійскія вайскоўцы прынялі ўдзел у вучэннях з беларускай 11-й асобнай механізаванай брыгадай са Слоніма, якія праходзілі на Абуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі[4].

Як заяўляў саветнік пасольства Беларусі ў Трыпалі Георгій Грамыка, да грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі ў краіне быў размешчаны кантынгент з 500 беларускіх ваенных саветнікаў, інструктараў і спецыялістаў, але з пачаткам баявых дзеянняў частку з іх эвакуявалі. Аднак са слоў ваеннага аташэ Ігара Качугіна, афіцыйна ў краіну вайскоўцы не накіроўваліся. Тым не менш ён не выключыў, што хтосьці мог заключыць індывідуальныя кантракты з лівійскімі сілавымі структурамі[1].

Пазіцыя па канфлікце[правіць | правіць зыходнік]

Рэспубліка Беларусь стала адной з нямногіх краін, якія падтрымалі Кадафі, не прызналі паўстанцкі Нацыянальны пераходны савет і асудзілі дзеянні блока НАТА. Прадстаўнік Міністэрства замежных спраў заявіў[5]:

" Бамбардзіроўкі тэрыторыі Лівіі выходзяць за рамкі рэзалюцыі Савета Бяспекі ААН 1973 і парушаюць яе галоўную мэту — забеспячэнне бяспекі мірнаму насельніцтву. Рэспубліка Беларусь заклікае дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у ваеннай аперацыі, неадкладна спыніць ваенныя дзеянні, што прыводзяць да чалавечых ахвяр. Урэгуляванне канфлікту з’яўляецца ўнутранай справай Лівіі і павінна ажыццяўляцца толькі лівійскім народам без ваеннага ўмяшання звонку. "

21 красавіка 2011 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступіў са штогадовым пасланнем беларускаму народу і парламенту краіны, у якім раскрытыкаваў асвятленне заходнімі СМІ лівійскага канфлікту. Таксама ён згадваў пра размову з Кадафі, з якім стэлефанаваўся падчас баявых дзеянняў. Са слоў прэзідэнта, лівійскі лідар таксама застаўся незадаволеным фэйкамі ад СМІ[6].

Даведаўшыся пра забойства Муамара Кадафі, Лукашэнка сказаў наступнае[7]:

" Здзейснена агрэсія, забіта кіраўніцтва краіны, не толькі Муамар Кадафі. Прытым, як забіта? Ну, застрэлілі б, у баі загінуў бы чалавек. Дык гэта ж з дапамогай спецслужбаў (не думайце, што яго, кіраўніка дзяржавы, пацаны затрымалі. Як яго ахоўвалі, вы ведаеце), захоп кіраўніка краіны ажыццявілі натаўскія спецпадраздзяленні. Над ім здзекаваліся, стралялі, параненага гвалтавалі, выкручвалі і ламалі рукі, а потым закатавалі. Горш, чым фашысты ў свой час. "

Як адзначыў палітолаг Сяргей Богдан у эфіры праграмы «Итоги дня» на «Радыё Свабода», забойства лівійскага лідара для беларускага кіраўніцтва было шокам[8].

Удзел у канфлікце[правіць | правіць зыходнік]

Паведамленні і абвінчаванні[правіць | правіць зыходнік]

15 лютага, па даных SIPRI, з Баранавічаў у Себху вылецеў транспартнік Іл-76. Самалёт меркавана вёз зброю для войск Кадафі[9].

У канцы лютага амерыканскае разведвальна-аналітычнае агенцтва Stratfor са спасылкай на ўласныя крыніцы распаўсюдзіла інфармацыю аб тым, што ў расправах над апазіцыяй прымалі ўдзел выхадцы з Усходняй Еўропы[3] — у прыватнасці, з Беларусі, Украіны, Сербіі і Румыніі[10]. Тэлеканал CNN паказаў відавочцаў, якія казалі, быццам у джыпах з АК-47 на плячы раз’язджалі людзі «з усходнееўрапейскай знешнасцю»[3]. Замежныя байцы пілатавалі баявую авіяцыю, абстрэльваючы апазіцыю, а таксама праводзілі патруляванне і зачыстку вуліц на аўтамабілях[10].

6 красавіка выдавецтва «Камсамольская праўда» выпусціла артыкул аб удзеле ў баявых дзеяннях у Лівіі на баку Кадафі беларускіх ваенных саветнікаў. Рэдакцыя пісала, што замежнікі займаліся падрыхтоўкай лівійскіх сілавікоў, рамонтам і эксплуатацыяй тэхнікі. Яны не ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, але пастаянна знаходзіліся на лініі фронту. Паведамлялася і пра наймітаў з індывідуальнымі кантрактамі, і пра дзейных вайскоўцаў Узброеных Сіл Беларусі, сярод якіх былі былыя байцы 334-га атрада са складу 5-й асобнай брыгады спецпрызначэння. Некаторыя з іх, як мяркуецца, праходзілі падрыхтоўку на расійскіх базах спецназа і ўдзельнічалі ў вайне ў Аўганістане. Ваенспецы пераканалі лівійцаў аддаць перавагу ўзброеным пікапам замест бранятэхнікі, а таксама ўнесці ў тактыку некаторыя элементы партызанскай вайны, тым самым знізіўшы эфектыўнасць авіяўдараў НАТА і павялічыўшы мабільнасць арміі. Дзякуючы іх садзейнічанню, у канцы сакавіка—пачатку красавіка войскі Кадафі нават змаглі перайсці ў контрнаступленне на ўсходзе краіны. Рэдакцыя звязалася з нейкім Міхаілам, адным з беларускіх наймітаў. Ён паведаміў, што яго зарплата ў Лівіі складае 3000 долараў. Паводле інфармацыі суразмоўцы, пры ўрадавых узброеных сілах знаходзяцца некалькі сотняў беларусаў[1].

8 красавіка кіраўнік рабочай групы ААН па выкарыстанні наймітаў Хасэ Луіс Гомес дэль Прада паведаміў аб наяўнасці мноства доказаў выкарыстання Кадафі замежных байцоў. Большасць, па яго словах, з’яўляліся афрыканцамі, аднак, верагодна, сярод іх меліся і беларусы[11].

Ізноў пра беларускі ўдзел загаварылі ў жніўні—верасні, калі з’явілася інфармацыя аб прысутнасці беларусаў, у тым ліку снайпераў[12], на паўночным захадзе краіны, дзе яны маглі ўступіць у прамыя сутыкненні са спецпадраздзяленнямі НАТА, ААЭ і Катара[13]. Ібрагім Абдэль Магід, адзін з ваенных кіраўнікоў Нацыянальнага пераходнага савета, заявіў, што апазіцыя была праінфармавана з «некаторых крыніц разведкі» аб прыбыцці на дапамогу кадафістам снайпераў розных еўрапейскіх нацыянальнасцяў, у тым ліку ўкраінцаў, беларусаў і іншых. Група ўвайшла ў Лівію праз порт Нуфейда ў Тунісе, пасля чаго перамешчана ў Трыпалі[12]. Акрамя таго, як паведамлялася, лівійскія паўстанцы выявілі ў будынку спецслужбаў дакументацыю, згодна з якой пастаўкі зброі ў Лівію вяліся беларускай арганізацыяй «Белтэхэкспарт»[14].

Заявы ўладаў[правіць | правіць зыходнік]

Прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных неадразова заяўляў аб адсутнасці ў Лівіі беларускіх наймітаў або вайскоўцаў. Ён назваў абвінавачванні ва ўдзеле дзяржавы ў канфлікце абсурднымі[15]. Пры гэтым, як выказваў прэс-сакратар, «у дачыненні да Беларусі дапушчана памылка»[16]. Што датычыцца інфармацыі ААН, то Савіных і яе раскрытыкаваў, нагадаўшы пра лютаўскі выпадак, калі міжнародная арганізацыя папрасіла прабачэння перад рэспублікай за памылковыя абвінавачванні ў зброевых пастаўках у Кот-д’Івуар[17]. У адказ на публікацыю выдання «Камсамольская праўда» прадстаўнік МЗС заявіў наступнае[1]:

" З’яўленне такога артыкула можна разглядаць як жаданне зарабіць на легкавернасці чытачоў. Альбо мы сутыкнуліся з чарговай акцыяй па дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. "

Разам з тым улады адмаўлялі нават магчымасць удзелу ў баявых дзеяннях «наймітаў-авантурыстаў». На прэс-канферэнцыі 9 лістапада, адказваючы на пытанне «Радыё Свабода», ці ўдзельнічалі беларусы ў аперацыях у Лівіі, памочнік міністра абароны па пытаннях ваеннай палітыкі генерал-маёр Аляксандр Анісімаў сказаў[18]:

" Не, яны не ўдзельнічалі. Як вы можаце ўявіць сабе, што беларускія вайскоўцы, наяўнасць якіх кожны дзень правяраецца ў нашай краіне, могуць знаходзіцца за яе межамі? Я добра ведаю ўсіх вайскоўцаў, якія выйшлі ў адстаўку і маюць авантурны характар, і якія нейкім чынам маглі б апынуцца ў Лівіі. Аднак усе яны знаходзяцца ў Беларусі. Таму яшчэ раз магу з упэўненасцю сказаць, што беларускія вайскоўцы не бралі ўдзел у ваенных дзеяннях у Лівіі. "

Паўторна ў жніўні 2013 года міністр абароны Юрый Жадобін з іроніяй абверг дадзеныя паведамленні[19].

" Інфармацыю тыпу таго, што беларускія вайскоўцы бяруць удзел у ваенных канфліктах у краінах Паўночнай Афрыкі, ці пра тое, ці будзе прымяняцца ядзерная зброя на ваенным вучэнні «Захад – 2013», павінен каментаваць не міністр абароны, а міністр аховы здароўя. У мяне няма такіх спецыялістаў, каб каментавалі падобную інфармацыю. "

Пасля вызвалення Вячаслава Качура[⇨] прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны Уладзімір Макараў таксама абверг удзел беларусаў у лівійскім канфлікце[20].

Аналітыкі і аглядчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова паведамленні аб ваеннай дапамозе ад Беларусі, якія ўзніклі вакол звестак SIPRI аб зброевых пастаўках, спісваліся на следства інфармацыйнай вайны і нечаканасць для заходняй супольнасці зацягвання працэсу звяржэння рэжыму Кадафі.

Як адзначыў намеснік дырэктара Інстытута палітычнага і ваеннага аналізу Аляксандр Храмчыхін, цалкам выключыць ваенныя сувязі паміж Кадафі і Лукашэнкам немагчыма, але доказная база досыць бедная. Ён адным з першых спісаў гэта на нечаканае для Захаду зацягванне канфлікту. Эксперт Інстытута Блізкага Усходу і Расійскага савета па міжнародных справах Сяргей Балмасаў заявіў, што ўсе абвінавачванні ў супрацоўніцтве Мінска і Трыпалі будаваліся на галаслоўных сцвярджэннях дырэктара SIPRI Х’ю Грыфітса[21].

У той жа час, на думку беларускага ваеннага аналітыка Аляксандра Алесіна, адпраўка ў краіну якой-небудзь зброі здавалася немэтазгоднай, паколькі лівійская армія на той момант была добра забяспечана. Значна большую неабходнасць, як заявіў аглядальнік, прадстаўлялі ваенныя спецыялісты і рамонтнікі, якія б падтрымлівалі баяздольнасць тэхнікі і яе рамонт[22][23].

Крыху пазней Алесін у прамым эфіры «Еўрарадыё», калі гаворка зайшла аб артыкуле «Камсамольскай праўды», нагадаў, што беларуская армія неадразова скарачался (асабліва ў 1990-х), шмат кадравікоў былі звольнены, а некаторыя самастойна пакінулі ўзбооеныя сілы з-за нізкай зарплаты. Многія з’ехалі на замежныя заробкі. Былі запатрабаваны лётчыкі, танкісты, тэхнікі-рамонтнікі, спецыялісты спецпадраздзяленняў. Гэта значыць, што размова ідзе пераважна пра адстаўных вайскоўцаў, паколькі афіцыйна дзяржава імкнецца не адпраўляць дзеючыя кадры ў «гарачыя кропкі», нават калі яна зацікаўлена ў канфлікце. Беларусаў у Лівіі, паводле ацэнак аглядальніка, налічвалася ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх сотняў. Некаторыя маглі паспець паваяваць у іншых канфліктах у Афрыцы. Так, напрыклад, Алесін згадаў удзел суайчыннікаў у івуарыйскіх падзеях 2004 года[24].

Вядомыя выпадкі[правіць | правіць зыходнік]

Тут пералічаны спіс баёў, бітв, кампаній, аперацый і эпізодаў грамадзянскай вайны, у якіх меркавана ўдзельнічалі беларусы.

Дата Эпізод Пераможца Роля
17—25 лютага Пратэсты ў Трыпалі Лівія Кадафісты Удзел у падаўленні беспарадкаў, забяспячэнне зброяй.
28 сакавіка — 15 красавіка Другое контрнаступленне кадафістаў Лівія Кадафісты Удзел як ваенных саветнікаў.
31 сакавіка — 7 красавіка Трэцяя бітва за Брэгу Лівія Кадафісты Удзел як ваенных саветнікаў.
8—18 красавіка Баі на дарозе Брэга–Адждабія (першы этап) не вызначаны Удзел як ваенных саветнікаў.
20—28 жніўня Бітва за Трыпалі Лівія Паўстанцы Удзел снайпераў і былых байцоў 334-га асобнага атрапа СпП.

Палоннікі[правіць | правіць зыходнік]

У жніўні 2011 года чацвёра грамадзян Беларусі (Валерый Гардзіенка, Ігар Ядзімічаў, Фёдар Труфанаў[25] і Вячаслаў Качура[26]) былі ўзяты ў палон паўстанцамі ў Трыпалі. Як заяўлялі затрыманыя, у чэрвені праз Туніс яны прыбылі ў Лівію на грамадзянскія работы. Разам з 2 грамадзянамі Расіі і 19 Украіны іх судзілі за «дапамогу» рэжыму Кадафі. Усіх падсудных прысудзілі да 10 гадоў турмы за супрацоўніцтва з лаялістамі[27].

Увесь гэты час дыпламаты праводзілі перамовы па вызваленні беларусаў з палону. Да 2017 года пытаннем займаліся толькі МЗС Беларусі і КДБ. Потым падключыліся расійскія дыпламаты, кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў і наследны прынц Абу-Дабі шэйх Мухамед бен Заід аль-Нахаян[28][29].

У 2014 годзе ўдалося дамагчыся датэрміновага вызвалення Гардзіенка, Едзімічава і Труфанава[25]. Аднак пад арыштам усё яшчэ заставаўся Качура. Да снежня да яго яшчэ прыязджалі беларускі пасол і консул у Лівіі, але потым зачынілася дыпмісія ў Трыпалі, і візіты дыпламатаў спыніліся[30].

У чэрвені таго ж года па ініцыятыве кіраўніцтва МЗС Расіі, Дзяржаўнай Думы і кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі была створана кантактная група па Лівіі пад кіраўніцтвам Льва Дзяньгова. Каманда займалася пытаннямі затрыманых у краіне расіян. Былі паспяхова завершаны аперацыі па вызваленні членаў экіпажаў танкераў «Міхаіл Чабатароў» і «Тэметэрон», маракоў з судна «Мерле». Акрамя таго, група паралельна праводзіла аналіз становішча ў краіне. У верасні 2017 года, пасля візіту ў Мінск Рамзана Кадырава, спецыялісты Дзяньгова пачалі актыўнае супрацоўніцтва з беларускім бокам. Неўзабаве ён і яшчэ некалькі чалавек вылецелі ў Трыпалі, дзе правялі 2,5 месяца, займаючыся вызваленнем Качуры. Як пазней успамінаў кіраўнік кантактнай групы, перамовы маглі пачацца ў 12 дня, а скончыцца ў 5 раніцы[30].

29 студзеня 2018 года палоннік быў адпушчаны[30]. Спярша з Трыпалі ён паляцеў у Абу-Дабі, адтуль – у Маскву, і раніцай 2 лютага беларус прыбыў у Мінск. У аэрапорце Качуру сустракалі сын Міхаіл і дачка Алена[28]. Як адзначалі СМІ, раней ён быў начальнікам штаба 334-га атрада спецыяльнага прызначэння[26]. Лівійскі бок падазраваў, што той — снайпер арміі Кадафі[30].

Пасля 2011 года[правіць | правіць зыходнік]

Нягледзячы на дыпламатычную падтрымку Кадафі, пасля прыходу да ўлады паўстанцаў Беларусь працягвала падтрымліваць кантакты з Лівіяй, хоць шмат у чым двухбаковыя сувязі саслаблі[31]. Ад падзей пасля 2011 года пацярпела рэалізацыя большасці міждзяржаўных дакументаў і праектаў. Тым не менш нават ва ўмовах ваеннага канфлікту пэўныя ўзаемаадносіны падтрымліваліся. Так, напрыклад, у маі 2013 года ў Беларусь прыбыла група з 300 лівійскіх грамадзян, у асноўным вайскоўцаў, якія прайшлі курс рэабілітацыі[32]. З пачатку 2011 года па гэты перыяд каля 1500 вайскоўцаў з Лівіі прайшлі лячэнне ў рэспубліцы.

Падчас новай вайны (2014—2020) беларускія ўлады не выказалі канкрэтнай пазіцыі, падтрымліваючы кантакты з абодвума бакамі, хоць Табрук (Палата прадстаўнікоў Лівіі) з’яўляўся больш прыярытэтным[31].

Паводле інфармацыі ААН, з Беларусі ў аэрапорт Трыпалі ў перыяд з 2013 па 2014 гады было здзейснена 15 палётаў. Дадзеныя рэйсы змаглі перавесці больш за 3 000 тон боепрыпасаў для патрэб Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНА) фельдмаршала Халіфа Хафтара, падкантрольнага Палаце прадстаўнікоў у Табруку[33].

У 2015—2017 гадах, як пісаў Яўген Сатаноўскі з газеты «Военно-промышленный курьер», чартарная кампанія Ruby Star Airlines, афіляваная з беларускім агенцтвам абароннага экспарту «Белтэхэкспарт», пастаўляла зброю ў аэрапорт Гадамеса, падкантрольны брыгадзе Зінтана, што на той момант была саюзніцай ЛНА. Самалёты з прадукцыяй ваеннага прызначэнне садзіліся таксама ў аэрапорце Лабрака. У рэйсах часта выкарыстоўваўся Іл-76 з рэгістрацыйным нумарам EW-78836. Ён перыядычна рабіў тэхнічны прыпынак у аэрапорце Лейпцыга (Германія), дзе размешчаны аб’екты НАТА. Ускосная падтрымка «Белтэхэкспарту» Захадам супадае з адменай ЕС забаронаў у дачыненні да беларускай кампаніі ў пачатку сакавіка 2015-га. Санкцыі ў дачыненні да тагачаснага яе дырэктара Аляксандра Пефціева былі зняты ў канцы 2014 года[34].

У маі 2020 года быў выпушчаны даклад ААН аб удзеле расійскай ПВК «Вагнер» у лівійскім канфлікце на баку сіл Хафтар, дзе згадвалася, што сярод наймітаў ёсць і беларусы[35]. Крыху пазней СМІ заявілі аб пастаўцы ЛНА з Беларусі знішчальнікаў МіГ-29 і верталётаў Мі-24. Іх пілатавалі альбо самі беларусы (Belarus Security Blog меркаваў, што лётчыкі дзейнічалі па прыватных кантрактах), альбо найміты з Сербіі[36]. Улетку таго ж года ў сетку трапілі фатаграфіі комплексаў РЭБ «Навальніца» беларускай вытворчасці, якія выкарыстоўваліся ў Лівіі. Гэтыя сістэмы былі перададзены ЛНА ад ААЭ, якія ўжо закупілі іх непасрэдна ў Беларусі[37]. Паводле звестак прыхільнікаў фельдмаршала Хафтара, пры дапамозе беларускіх комплексаў былі абясшкоджаны 11 варожых дронаў[38].

Згадкі[правіць | правіць зыходнік]

Мінск ужо не першы раз выкарыстоўваецца як перавалачная база для «салдат удачы», тут і да пандэміі каранавірусу вадзіліся найміты, якіх называлі беларускімі «партызанамі». Прычым не толькі падчас міграцыйных пералётаў «дзікіх гусей», былі і мясцовыя. Іх асаблівая актыўнасць была адзначана, напрыклад, у 2011 годзе, калі патрабаваліся найміты ў лівійскую армію. Тады ў Мінску існавала своеасаблівая «біржа працы» для адстаўных вайскоўцаў, гатовых прымяніць свой баявы вопыт за мяжой. Акрамя Лівіі для «камандзіровак» прапаноўвалася Венесуэла, Кот-д’Івуар, яшчэ шэраг краін. Зразумела, што аб’яў аб «прыёме на работу» не існавала — засакрэчаная «фірма» сама прапаноўвала патэнцыйнаму кандыдату магчымасць падзарабіць у якасці найміта. Ведалі гэты «адрасок» і ў Расіі, адкуль прыязджалі людзі з вопытам службы, каб заключыць кантракт з нібыта замежнай фірмай па выкананні абстрактных работ, што на справе аказвалася ваеннай службай у якой-небудзь «гарачай кропцы». Асабліва запатрабаваны былі спецыялісты ў галіне СПА, флоцкія і авіямеханікі, саветнікамі на агульнавайсковыя пасады патрабаваліся афіцэры ў званні не ніжэй маёра. Трэба меркаваць, што і тады работа «канторы па найму» была пад наглядам спецслужб, як беларускіх, так і расійскіх.

Журналіст Віктар Сакірка ў артыкуле аб затрыманні расійскіх наймітаў у Беларусі, выданне «Свободная пресса», 30 ліпеня 2020.

Вышэй прыведзена, вядома, не ўся геаграфія дзеянняў беларусаў у Афрыцы, спалучаных з ваеннай справай. Тут я не разглядаў, у прыватнасці, дзейнасць беларускіх авіятранспартных кампаній і лётчыкаў па дастаўцы ваенных грузаў, беларускіх ваенных саветнікаў пры Кадафі, якіх «не было», удзельнікаў расійскіх ПВК у Афрыцы і іншых.

Пра беларускую ваенную прысутнасць у Афрыцы, тэлеграм-канал ваеннага аналітыка Ягора Лебядка, 6 лютага 2021.

У 2022 годзе ў інтэрв’ю газеце «Наш город Тамбов» адстаўны афіцэр Вячаслаў Качура ўсё ж прызнаўся ў ваеннай дзейнасці ў Лівіі[39]:

" Падпісаў кантракт з прыватнай кампаніяй. Займаўся падрыхтоўкай атрадаў спецыяльнага прызначэння Кадафі. Пасля заканчэння кантракта застаўся ў Лівіі. Працаваў у нафтавай кампаніі. А калі пачаліся баявыя дзеянні, вярнуўся на радзіму. Праз нейкі час мне прапанавалі туды вярнуцца. Займаўся ўсё той жа вайсковай справай, праўда, гэтым разам нядоўга. Праз месяц мяне затрымалі так званыя рэвалюцыянеры.
"

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г На стороне Каддафи воюют белорусские партизаны // Комсомольская правда : газета. — 6 апреля 2011.
  2. а б Сергей Стаховский. Муаммар и Беларусь // Салідарнасць : газета. — 21 октября 2011.
  3. а б в г Белорусская джамахирия: Полковник Каддафи ищет прибежища в Минске // The New Times : журнал. — № 08 (193). — 7 марта 2011.
  4. МИД опровергает информацию о белорусских наемниках в Ливии и самолете с золотом Каддафи. Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2021. Праверана 25 красавіка 2021.
  5. Statement released by the Foreign Ministry in connection with the missile strikes and bombings on Libya (англ.). Праверана 20 красавіка 2016.
  6. Александр Лукашенко разговаривал с Муаммаром Каддафи в разгар войны в Ливии Архівавана 23 красавіка 2016. // СТВ, 21 апреля 2011
  7. Лукашенко об убийстве Каддафи на YouTube
  8. Лукашенко близко к сердцу воспринял события в Ливии
  9. NEWSru.com :: SIPRI: Белоруссия снабдила Каддафи оружием для уничтожения революционеров
  10. а б СМИ: в расправе над ливийскими повстанцами, возможно, участвуют наемники из Белоруссии
  11. ООН: на стороне Каддафи воюют белорусы // Telegraf.by : интернет-ресурс. — 9 сентября 2011.
  12. а б Белорусские снайперы защищали Каддафи в Ливии? Архівавана 24 ліпеня 2020.
  13. В боях за Триполи принял участие иностранный спецназ
  14. Повстанцы: На стороне Каддафи воевали не только украинские, но и белорусские снайперы
  15. МИД: Белорусских военных в Ливии нет и никогда не было Архівавана 19 красавіка 2021.
  16. Белорусских снайперов в Ливии не было, заявил МИД
  17. Публикации со ссылкой на экспертов ООН о наличии в Ливии белорусских наемников не заслуживают доверия - МИД
  18. Генерал Анисимов: белорусских военных в Ливии не было(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2021. Праверана 29 верасня 2021.
  19. Жадобин отшутился о белорусских военных в Судане // Хартыя '97, 28 августа 2013
  20. Минобороны: белорусы не участвовали в военных действиях в Ливии
  21. Сергей Балмасов. Диктатор Лукашенко спасает Полковника // Правда.Ру, 3 марта 2011.
  22. Летало ли белорусское оружие в Ливию и Кот-д'Ивуар? Архівавана 30 лістапада 2018. — TUT.BY, 2 марта 2011
  23. Валер Карбалевіч. Якія наступствы могуць мець скандалы з пастаўкамі зброі? // Радыё Свабода : радыёвяшчальная арганізацыя. — 1 сакавіка 2011.
  24. Эксперт: В Ливии могут воевать белорусские летчики, штабисты и снайперы
  25. а б Белорус, вернувшийся в ливийский плен более шести лет, вернулся в Минск // Комсомольская правда, 2 февраля 2018 года(недаступная спасылка)
  26. а б Источник: освобожденный из плена в Ливии белорусский военный прибыл в Минск
  27. Суд над русскими «наемниками» в Ливии возмутил Москву // RT, 5 июня 2012
  28. а б Хроника событий: как освобождали из ливийского плена Вячеслава Качуру // Sputnik Belarus, 2 февраля 2018
  29. Встреча с ветераном боевых действий в ДРА Качурой В. М. Архівавана 27 сакавіка 2023. // Главное управление юстиции Минского горисполкома, 28 апреля 2022
  30. а б в г Катерина Борисевич."Начинали переговоры в 12.00, заканчивали — в 5 утра". Как освобождали в Ливии белорусского пленника Архівавана 4 мая 2021. // TUT.BY, 3 февраля 2018
  31. а б Александр Филиппов. Попытка перемирия в Ливии — что это значит для Беларуси? // Наше Мнение, 17 февраля 2020
  32. Беларусь реабилитирует ливийских военных «на коммерческой основе по понятным гуманитарным соображениям» (руск.). naviny.by (5 мая 2013).
  33. Libya needs international maritime force to help stop illicit oil, weapons — UN experts
  34. Евгений Сатановский. Африканский экспресс Архівавана 4 мая 2021. // Военно-промышленный курьер, 25 сентября 2018
  35. Доклад: "Солдатами удачи" в ЧВК "Вагнер" в Ливии являются граждане РФ, Беларуси, Молдавии, Сербии и Украины(недаступная спасылка) // Белорусский партизан, 8 мая 2020
  36. Беларусь ввязывается в ливийскую войну? Архівавана 4 мая 2021. // Белорусский партизан, 22 мая 2020
  37. Белорусские системы РЭБ выводят из строя турецкие дроны над Ливией // Avia.pro, 27 июня 2020
  38. Белорусская «Гроза» засветилась в воюющей Ливии Архівавана 17 студзеня 2021. // Naviny.by, 12 июля 2020
  39. Анна Мещерская. Испытание войной: как возвращался к миру самый знаменитый «ливийский пленник» Архівавана 18 ліпеня 2023. // Наш город Тамбов : газета. — ноябрь 2022.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]