Змітрок Бядуля
Змітрок Бядуля | |
---|---|
| |
Асабістыя звесткі | |
Імя пры нараджэнні | ідыш: שמואל בן חיים פּלאַווניק |
Псеўданімы | Ясакар, Саша Пл-ік, Змітро Бядуля, Сымон Пустэльнік, Іскра, Святагор і Ярыла Чырвоны |
Дата нараджэння | 23 красавіка 1886[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 лістапада 1941[1] (55 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Месца працы | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | перакладчык, пісьменнік, паэт, дзіцячы пісьменнік, публіцыст |
Мова твораў | беларуская, руская, іўрыт і ідыш |
Грамадская дзейнасць | |
Партыя | |
Член у | |
Узнагароды | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы | |
Цытаты ў Вікіцытатніку |
Змітро́к Бяду́ля, сапраўднае імя Самуі́л Яфі́мавіч (Яўхі́мавіч) Пла́ўнік (23 красавіка 1886, мяст. Пасадзец, цяпер Лагойскі раён, Мінская вобласць — 3 лістапада 1941, каля Уральска, Казахская ССР) — беларускі паэт, празаік, публіцыст і мовазнаўца яўрэйскага паходжання. Удзельнік беларускага нацыянальна-вызваленчага руху пачатку XX ст[2].
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Дзяцінства
[правіць | правіць зыходнік]Самуіл Плаўнік нарадзіўся ў небагатай яўрэйскай сям’і ў мястэчку Пасадзец Вілейскага павета Віленскай губерні. Бацька Хаім (Яфім) быў арандатарам, а зімой працаваў на лесанарыхтоўках. Часам ён займаўся дробным гандлем, любіў музыку — іграў на скрыпцы. Маці, Хана Плаўнік (у дзявоцтве Рабіновіч), працавала швачкай-каптурніцай[3]. У Ханы і Хаімы было сямёра дзяцей: сыны Самуіл (1886—1941), Мацвей (1903—1988), Ізраіль (1905—1941), дочкі Марыя (1892—?), Ірына (1901—1976), Яўгенія (1903—1981), Зоф’я (1912—1998). Яшчэ двое дзяцей памерлі немаўлятамі[3].
Дзед, адзіны ў мястэчку каваль і меднік, меў уласную бібліятэку. У яго на паліцы, акрамя Талмуда і іншых рэлігійных кніг, стаялі тамы «Металічнае справы», «Геаметрыі», «Матэматыкі»[4] і інш. Яго дзеці — трое сыноў і чатыры дачкі, — атрымалі пачатковую адукацыю. Паміж старэйшай і малодшай дочкамі была розніца ў 25 гадоў[4].
Самуілу з самага дзяцінства прыйшлося дапамагаць у гаспадарцы сваёй вялікай сям’і. На здольнасці і інтарэсы хлопчыка паўплываў бацька, які чытаў сваім дзецям кнігі. Будучы пісьменнік вучыўся ў пачатковай яўрэйскай школе — хедары, а пасля яе заканчэння — у школе рабінаў (ешыбоце), з якой быў выгнаны за вальнадумства. Ведаў іўрыт, ідыш, нямецкую, беларускую, рускую і крыху польскую мовы. Нейкі час працаваў хатнім настаўнікам іўрыта.
З дзяцінства захапіўся чытаннем. Выпісваў кнігі з Вільні, Масквы і Пецярбурга, выпрошваў у заможных гаспадароў, шукаў у школах, якія знаходзіліся непадалёк. Як і браты, граў на скрыпцы[4]. Першыя творы пісаў на іўрыце, пасля — на рускай мове. Перайсці на беларускую падказаў яму Вульф Сосенскі з мястэчка Даўгінава, дзе хлопчыкам Самуіл навучаўся ў ешыбоце.
Пачатак актыўнасці. Віленскі і Менскі перыяды
[правіць | правіць зыходнік]Пасля ешыбота Самуіл Плаўнік працаваў хатнім настаўнікам, а з 1902 года канторшчыкам на лесараспрацоўках. Займаўся самаадукацыяй[5]. Яшчэ хлопчыкам Плаўнік складаў вершы на старажытнаяўрэйскай мове, але пачаткам яго літаратурнай дзейнасці лічыцца 1907 год, калі ён пачаў пісаць вершы на рускай мове і пасылаць іх у пецярбургскія часопісы. Там вершы хвалілі, але не друкавалі. Пачынаючы пісаць, ён арыентаваўся на старадаўнюю яўрэйскую літаратуру (тагачасныя рэлігійныя творы). Але пазней адмовіўся ад гэтай манеры пісьма і стаў вывучаць сучасную літаратуру. У 1909 годзе ў рукі Самуіла Плаўніка, дзякуючы яго сябру Вульфу Сосенскаму, які быў палітычным актывістам, трапіла беларускамоўная газета «Наша Ніва»[6]. Факт існавання «простанароднай» газеты вельмі ўразіў Плаўніка. Знаёмства з беларускай газетай замацоўвае ягоны рэалістычны светапогляд. У 1910 годзе Плаўнік пачынае дасылаць свае вершы ў беларускую газету, але першыя творы не былі апублікаваныя, магчыма праз няспеласць яго творчасці. Першым надрукаваным творам Плаўніка стала імпрэсія на беларускай мове «Пяюць начлежнікі», надрукаваная з подпісам С. Плаўнік у 1910 годзе газетай «Наша ніва»[5]. Плаўнік наладжвае сувязь з беларускай газетай і становіцца яе сталым карэспандэнтам. У 1911 годзе пад псеўданімам Змітрок Бядуля ў «Нашай Ніве» быў надрукаваны верш «Мой спеў». У 1911—1912 гадах таксама друкуюцца ягоныя рускамоўныя вершы ў часопісах для маладых літаратараў «На берегах невы» (Санкт-Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня).
У 1912 годзе пераязджае ў Вільню, дзе на сталую працу ўладкоўваецца ў беларускія культурныя арганізацыі[5]. Наладжвае знаёмства з такімі дзеячамі беларускага адраджэння, як Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Алаіза Пашкевіч, Ядвігін Ш. і інш[6]. Працаваў у выдавецкім таварыстве, змяшчаў вершы і артыкулы ў газеце «Biełarus». Удзельнічае ў віленскім беларускім грамадска-палітычным жыцці, у Беларускім музычна-драматычным гуртку. У друку выступае з вершамі, апавяданнямі, публіцыстычнымі, гістарычна-папулярнымі артыкуламі. Апавяданні, напісаныя Змітраком Бядулям у тыя гады, у далейшым сталі класікай беларускай літаратуры. У 1913 годзе санкт-пецярбургскае выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» надрукавала яго першы зборнік вершаў «Абразкі» (арыг. лац. «Abrazki»)[5]. У 1914 годзе прызначаны сакратаром у «Нашай Ніве», дзе працаваў разам з Янкам Купалам[6].
З пачаткам нямецкай акупацыі Вільні ў час Першай сусветнай вайны газета «Наша ніва» спыняе сваю дзейнасць. Улетку 1915 года Змітрок Бядуля з Вільні вярнуўся ў роднае мястэчка Пасадзец, але калі фронт наблізіўся да родных мясцін, то сям’я яго была вымушана ратавацца ад яўрэйскіх пагромаў (падзеі адлюстраваны ў паэме «Жыды», напісанай Бядулем у тым жа годзе[7]). Самуіл Плаўнік пераязджае ў Мінск. Працуе ў Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[5]. У 1916—1917 гадах збліжаецца з Максімам Багдановічам, яны разам жывуць у кватэры дома на Мала-Георгіеўскай вуліцы № 12.
Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года ў творчасці Бядулі ўзмацняецца нацыянальная беларуская ідэя[5], якая адлюстроўваецца ў публікацыях мінскай газеты «Вольная Беларусь» пад псеўданімам Ясакар. Уваходзіць у арганізацыйнае бюро Беларускай народнай партыі сацыялістаў, створанай у траўні 1917 года ў Мінску, блізкай да Беларускай сацыялістычнай грамады, але з менш радыкальнай, на думку заснавальнікаў, ідэалогіяй[5]. Удзельнік Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 года, разагнанага бальшавікамі, склаў пра яго справаздачу для газеты «Вольная Беларусь»[8]. У 1918 годзе супрацоўнічаў з газетай «Беларускі шлях», якая выходзіла за часам нямецкай акупацыі Менска і падтрымлівала палітыку Беларускай Народнай Рэспублікі[5]. У публікацыях выступаў з незалежніцкіх беларускіх пазіцый, абараняў дэмакратыю, крытыкаваў бальшавізм[5]. Апрача таго, ён выступаў як прыхільнік супрацоўніцтва і добрых адносін яўрэяў і беларусаў, напісаў нарысы «Жыды на Беларусі: бытавыя штрыхі» (1918), «Да жыдоўства» (1919), «На дарозе да сваёй бацькаўшчыны» (1920, пра канферэнцыю сіяністаў, якая адбылася ў Менску ў снежні 1919).
З польскай акупацыяй у 1919 годзе стаў карэспандэнтам грамадска-палітычнага і літаратурнага часопіса «Беларускае жыццё», у пачатку 1920 года, калі рэдакцыя месцілася ў Менску, быў яго літаратурным рэдактарам[5]. 6 лістапада 1919 года разам з Язэпам Лёсікам, Макарам Краўцовым і Янкам Купалам звяртаўся да старшыні Рады Народных міністраў БНР Антона Луцкевіча па атрыманне субсідый для газеты «Беларусь»[9]. Падтрымліваў намаганні па стварэнні беларускага войска, дапамагаў у рабоце Беларускай вайсковай камісіі пры польскай адміністрацыі, выступаў у жанры «жаўнерскай песні»[5].
Савецкая Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]Па ўсталяванні савецкай улады і паўторным абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі ў ліпені 1920 года падтрымаў курс на адраджэнне беларускай культуры і пазнейшую беларусізацыю, актыўна ўключыўся ў культурнае і грамадска-палітычнае жыцця савецкай Беларусі. Жыве ў Менску.
З 1920 па 1926 гады Змітрок Бядуля працуе загадчыкам літаратурна-крытычнага аддзела газеты «Савецкая Беларусь». У перыяд з 1921 па 1923 гады таксама рэдагуе дзіцячы часопіс «Зоркі». У ліку нямногіх старэйшых пісьменнікаў быў прыняты ў літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», у 1926 годзе перайшоў ува «Узвышша»[5]. У 1926 годзе пачаў працу ў Інстытуце беларускай культуры (Інбелкульт), быў першым рэдактарам краязнаўча-этнаграфічнага часопіса «Наш край». Удзельнік менскай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў лістападзе 1926 года. 10 снежня 1928 года ў ліку дзесяці беларускіх дзеячаў культуры падпісаў хадайніцтва на імя старшыні СНК БССР Мікалая Галадзеда аб вызваленні «першага створцы і арганізатара Беларускага тэатру» Францішка Аляхновіча, які дагэтуль быў асуджаны і адпраўлены на Салаўкі.
Член Саюза пісьменнікаў СССР з моманту заснавання ў 1934 годзе. Няма звестак пра тое, што ў час палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў Змітрок Бядуля падвяргаўся арышту, пры гэтым вядома што арыштоўвалі яго брата Ізраіля Плаўніка, паэта і перакладчыка[10]. Змітрок Бядуля трапляў пад крытыку ў друку за «нацыянал-дэмакратызм». У жніўні 1936 годзе разам з іншымі беларускімі літаратарамі ад імя Саюза савецкіх пісьменнікаў БССР падпісаў зварот да «роднага, любага» Сталіна з заклікам знішчыць «бандыцкіх вылюдкаў» з «контррэвалюцыйнай трацкісцка-зіноўеўскай хеўры»[11]. У 1939 годзе ўзнагароджаны Ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Апошнія гады. Смерць
[правіць | правіць зыходнік]У чэрвені 1941 года з наступам войскаў Германіі на СССР у час Другой сусветнай вайны эвакуяваўся з Беларусі. Вярнуўся з Хойнікаў у Мінск, забраў маці і дабраўся з ёй да Барысава, дзе паспеў сесці на цягнік, які ішоў у Расію. Нейкі час жыў у Піжме Горкаўскай вобласці, потым разам з жонкай і дзецьмі ў пасёлку Новыя Бурасы Саратаўскай вобласці, дзе яны жылі да канца кастрычніка 1941 года[12]. Памёр ад інфаркту ў эвакуацыі каля Уральска (Казахстан), дзе і быў пахаваны. У пахаванні Змітрака Бядулі ўдзельнічаў Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр, які ў гэты час гастраляваў ва Уральску. Было зладжана тэатральнае развітанне, труна стаяла на чырвоным узвышшы. Акцёры чыталі яго творы[4].
У лютым 2020 года адбылася эксгумацыя рэшткаў Змітрака Бядулі, самалётам іх даставілі ў Беларусь. Праз жаданне сваякоў рэшткі захоўваліся з бласлаўлення мітрапаліта ў Ільінскай царкве ў Бабруйску, нягледзячы на тое што Бядуля быў іўдзеем і пазней атэістам. 3 лістапада 2020 года, у 79-ю гадавіну смерці пісьменніка, рэшткі даставілі ў Мінск. Шыльды, літары з надмагілля таксама былі прывезены ў Беларусь і перададзены ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (філія Беларуская хатка). Рэшткі Змітрака Бядулі ўрачыста перапахавалі на Усходніх могілках Мінска, паніхіду адслужыў праваслаўны святар і іўдзейскі рабін, на магіле ўсталяваны праваслаўны крыж з надпісам на рускай мове[13].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Жонка — Марыя Ісакаўна Плаўнік (дзявочае прозвішча Шыркес; 1900—1984), дзеці Зоя (1929—1975) і Яфім (1934)[4][14].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Дарэвалюцыйная творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Пісаў неапублікаваныя вершы на іўрыце, пазней на рускай мове. Першы твор надрукаваны ў газеце «Наша Ніва» ў 1910 годзе, ім стала імпрэсія на беларускай мове «Пяюць начлежнікі». У 1911—1912 гадах друкаваў вершы на рускай мове ў часопісах «На берегах Невы» (Санкт-Пецярбург) і «Молодые порывы» (Вільня). У 1913 годзе апублікаваў зборнік лірычных імпрэсій «Абразкі» (выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Санкт-Пецярбург).
Для ранніх твораў, як для вершаў, так і для прозы быў характэрны рамантызм. Для таго, каб перадаць светапогляд і багацце духоўнага і культурнага жыцця чалавека наогул і сялян у асаблівасці, Бядуля імкнецца пераймаць Янку Купалу і Якуба Коласа. У маладосці Змітрок Бядуля быў блізкі да сімвалістаў, але элементы сімвалізму ў яго творчасці грунтаваліся на беларускай глебе, на фальклорна-міфалагічных вытоках. У беларускую літаратуру ён прынёс, як падкрэслівае Іван Навуменка, адзнаку інтэлігентнасці, культ пачуцця, замілаванасць да прыгажосці, разлітай у навакольным свеце. Да ранняй лірыкі Змітрака Бядулі прымыкае яго першы зборнік імпрэсіяністычных замалёвак «Абразкі» (1913), якія толькі адсутнасцю рыфмы адрозніваюцца ад вершаў. У большасці сваіх імпрэсій пісьменнік звяртаўся да прыроды, імкнуўся супрацьпаставіць убогаму вясковаму жыццю яе вечна маладую, паказваў зменлівую прыгажосць. Класікай беларускай літаратуры сталі апавяданні Змітрака Бядулі, напісаныя ў гэтыя ж гады: «Пяць лыжак заціркі» (1912), «Малыя дрывасекі» (1914), «На каляды к сыну» (1913), «Велікодныя яйкі» (1913), «Летапісцы» (1914). У 1923 годзе яны ўвайшлі ў першую кнігу апавяданняў Бядулі «На зачарованых гонях». У гэтых апавяданнях пісьменнік малюе тагачаснае цяжкае вясковае жыццё, часта без надзеі на будучае. Героі многіх апавяданняў — дзеці, якія галадаюць, не маюць магчымасці развіваць свае здольнасці, паміраюць. У сваіх творах пісьменнік імкнецца паказаць цяжкую долю працоўных («Ля вапеннай гары»), расказвае пра гора людзей, якія пацярпелі ад пажару («Чырвоная казка»), паказаць трагедыю селяніна ў сутыкненні з жорсткасцю жыцця («Без споведзі»). Паказаць усю рэальнасць і складанасць сялянскага жыцця дапамагае менавіта блізкасць літаратара да гэтага жыцця і выдатнае разуменне душы сялянства.
Паслярэвалюцыйны перыяд
[правіць | правіць зыходнік]У паслярэвалюцыйны час выйшлі кнігі паэзіі «Пад родным небам» (1922), «Буралом» (1925), «Паэмы» (1927), зборнікі апавяданняў «На зачарованых гонях» (1923), «Апавяданні» (1926), «Выбраныя апавяданні» (1926), «Танзілія» (1927), «Дэлегатка» (1928), «Тры пальцы» (1930), «Незвычайныя гісторыі» (1931), «Па пройдзеных сцежках» (1940), аповесці «Салавей» (1928, экранізавана і пастаўлена ў 1937 годзе, аднайменны балет у 1939 годзе), «Набліжэнне» (1935), «У дрымучых лясах» (1939, часопіс «Полымя»), двухтомны раман «Язэп Крушынскі» (1929—1932), «Выбраныя творы» (1934). Для дзяцей выдадзены кнігі «Качачка-цацачка» (1927, казка), «Вясной» (1928, вершы), «Гаспадарка» (1930, вершы), «Мурашка-Палашка» (1939, вершаваная казка), «Люцік» (1940, верш), «Хлопчык з-пад Гродна» (1940, паэма).
Цяпер малавядомыя ваяцкія песні і патрыятычныя вершы, уключаныя ў зборнік «Пад родным небам» (1922), якія пазней не друкаваліся. Гэта публіцыстычныя, грамадзянскія вершы-заклікі, санеты патрыятычнага гучання. У той час Змітрок Бядуля напісаў некалькі паэм: «Беларусь», «У ясных Крушнях», «З сказаў буры і віхуры», «Дзед», у якіх супрацьпастаўляў цяжкае дарэвалюцыйнае жыццё новаму — светламу і шчасліваму. Пісьменніка цікавіла вусная народная творчасць, міфалогія, этнаграфія, краязнаўства. Як народная легенда была пазначана яго паэма «Госць», напісаная на аснове народнага падання і ўключаная ў зборнік «Паэмы» (1927). Цалкам на этнаграфічным і фальклорным матэрыялах створана паэма Змітрака Бядулі «Ярыла». На фальклоры Палесся напісана паэма «Палескія былі». Пытанням этнаграфіі і фальклору прысвяціў ён шэраг артыкулаў, а ў 1924 годзе выдаў асобную кнігу «Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песнях і казках». Выдаў кнігу нарысаў «Дзесяць» (1930).
Адметнай з’явай стала аповесць Змітрака Бядулі «Салавей» (1927), прысвечаная мінуўшчыне, часам прыгоннага права — казачна-прыгодніцкі і рамантычны твор. Паводле матываў аповесці быў пастаўлены балет «Салавей». Няпросты лёс быў у сацыяльна-псіхалагічнага рамана «Язэп Крушынскі» (1929—1932). Па выхадзе першага тома крытыка папракала аўтара за слабую ідэйнасць твора, недастатковае адлюстраванне класавай барацьбы, калектывізацыі. Пісьменнік цяжка перажываў нападкі крытыкі; другі том рамана ён зрабіў больш «ідэйным», што не пайшло на карысць мастацкай праўдзе.
Язэп, зблудзіўшы ў цёмных крушнях, Дваім нам блутанай пуцінай |
Ц. Гартны. «Змітраку Бядулю (эпіграма)».[15] |
У 1930-х гадах Змітрок Бядуля напісаў аўтабіяграфічныя аповесці «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). Апошнім яго творам стала аповесць-казка «Сярэбраная табакерка» (1940). Упершыню яна цалкам была надрукавана толькі ў 1953 годзе. У аснове сюжэта аповесці матывы народнай казкі пра тое, як дудар-паляшук паланіў смерць, запазычаныя з фальклорных запісаў Аляксандра Сержпутоўскага. З народнай казкі Бядуля зрабіў філасофска-павучальную прытчу аб барацьбе дабра і зла, жыцця і смерці.
У суаўтарстве з Нохімам Рубінштэйнам выдаў кішэнны «Яўрэйска-беларускі слоўнічак» (пад сапраўдным прозвішчам, 1932).
Шмат твораў і зборнікаў выйшлі па смерці і ў пасляваенныя гады: «Апавяданні» (1947), «Мае забавы» (1949, вершы), «Сярэбраная табакерка» (1958, казка і апавяданні), «Дзень добры!» (1979, вершы, казкі, апавяданні), асобныя вершы, казкі. У 1951—1953 гг. выйшаў збор твораў у 4-х, у 1985—1989 — у 5 тамах.
Карыстаўся літаратурнымі псеўданімамі: Саша Пл-ік; Ясакар; мітро Бядуля, Сымон Пустэльнік; Іскра; Святагор; Ярыла Чырвоны[16].
-
«Буралом» (1925)
-
«На зачарованых гонях» (1927)
-
«Паэмы» (арыг. «Поэмы) (1927)
-
«Салавей» (1928)
Перакладчыцкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Пераклаў з ідыша на беларускую мову аповесць Шолам-Алейхема «Хлопчык Мотка» (1930), раман Самуіла Годынера «Чалавек з вінтоўкай» (1933), кнігу Сары Каган «Апавяданні» (1940), з украінскай — паасобныя вершы Юрыя Будзяка , Тараса Шаўчэнкі, у тым ліку «Халодны Яр », «Запавет », «Русалка», «Ведзьма», «Лілея» і іншыя[17].
Пасмяротныя выданні. Выбраная бібліяграфія
[правіць | правіць зыходнік]- Збор твораў : у 5 т. / Змітрок Бядуля; рэдкалегія : В. В. Барысенка [і інш.]; падрыхтоўка тэкстаў і каментарыі А. Д. Атаевай і В. Ю. Дэконскай. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1985—1989.
- Т. 1 : Вершы, паэмы. — 1985. — 407 с., 1 л. партр.
- Т. 2 : Вершы ў прозе, лірычныя імпрэсіі, апавяданні. — 1986. — 351 с., 1 л. партр.
- Т. 3 : Аповесці. — 1987. — 358 с., 1 л. партр. — Змест: Салавей; Тры пальцы; Таварыш Мінкін; У дрымучых лясах.
- Т. 4 : Язэп Крушынскі : раман. Кн. 1. — 1987. — 375 с., 1 л. партр.
- Т. 5 : Язэп Крушынскі : раман. Кн. 2 ; Сярэбраная табакерка : казка ; Публіцыстычныя артыкулы. — 1989. — 519 с., [8] л. фат.
- Выбранае: аповесці і апавяданні / Змітрок Бядуля; Уклад. і паслясл. Т. Тарасава. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. — 431 с.
- В дремучих лесах: перевод с белорусского / Змитрок Бядуля; Составл. и вступ. статья Виктора Коваленко. — Москва: Художественная литература, 1975. — 428 с.
- Апавяданні / Змітрок Бядуля. — Мінск: Народная асвета, 1973. — 158 с.
- Салавей; Сярэбраная табакерка: аповесць. Казка: (для сярэдняга і ст. школьнага ўзросту) / Змітрок Бядуля; прадм. В. Каваленкі. — Мінск: Юнацтва, 1983. — 288 с.
- Змитрок Бядуля (1886—1941) // Антология педагогической мысли Белорусской ССР / Составит.: Э. К. Дорошевич и др.; ред. кол.: М. А. Лазарук (отв.ред.) и др. Москва, 1986. С. 319—325.
- Клад: сказки: (для дошкольного возраста) / Змитрок Бядуля; перевод с белорус. В. М. Казберука. — Минск: Юнацтва, 1986. — 31 с.
- Дзень добры!: вершы, казкі, апавяданні: (для дашкольнага ўзросту) / Змітрок Бядуля. — Мінск: Юнацтва, 1989. — 88 с.
- Скарб; Музыка; Іванка-прасцячок; Сярэбраная табакерка / Змітрок Бядуля // Берасцянка: казкі беларускіх пісьменнікаў: (для мал. школьнага ўзросту) / уклад. М. А. Зелянкова. Мінск, 1994. С. 11—193.
- Салавей: аповесць: (для сярэдняга і ст. школьнага ўзросту) / Змітрок Бядуля; прадм. І. Навуменкі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1996. — 238 с.
- Скарб; Музыка; Іванка-прасцячок; Сярэбраная табакерка / Змітрок Бядуля // Сінявочка: казкі беларускіх пісьменнікаў: (для мал. школьнага ўзросту) / уклад. М. А. Зелянкова. Мінск, 1998. С. 23—199.
- Сярэбраная табакерка: апавяданні, казка: (для мал. школьнага ўзросту) / Змітрок Бядуля. — Мінск: Юнацтва, 1997. — 272 с.
- Жыды на Беларусі / Змітрок Бядуля // ARCHE. — 2000. — № 3. — С. 23 — 31 (перадрук з выдання 1918 г.).
- Салавей: аповесць, апавяданні: (для сярэдняга і ст. школьнага ўзросту) / Змітрок Бядуля. — Мінск: Юнацтва, 2000. — 222 с.
- «Жыды» (паэма) // Анахну кан. — 2002. — № 7[18], 8[19].
- Рукапіс чарнакніжніка ХVIII веку (Багатыя матэрыялы па беларускай этнаграфіі) // Мы яшчэ тут! — 2003. — № 1. (перадрук з часопіса «Вольны сьцяг», 1921 г.)[20].
- На дарозе да сваёй Бацькаўшчыны // Мы яшчэ тут! — 2003. — № 2. (перадрук з газеты «Беларусь», 1920 г.)[21].
- Выбраныя творы / Змітрок Бядуля. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006. — 496 с.[22]
- Прытчы беларускіх сялян а большэвіках // Беларускі шлях. — 1918. — № 63. — С. [Перадрук: // ARCHE. — 2009. — № 3 (78). — Сакавік. — С. 611—612.]
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Імем Змітрака Бядуля названа плошча ў Мінску, вуліцы ў Мінску, Віцебску, Глыбокім, Жабінцы, Лагойску, Маладзечне, Рэчыцы.
Таксама імем Змітрака Бядулі названа школа на яго радзіме, у вёсцы Пасадзец Лагойскага раёна, цяпер школа закрыта. Каля колішняга будынка школы ёсць музей творца, дзе захоўваецца аўтограф пісьменніка на рамане «Язэп Крушынскі» 1933 года[23]. На будынку школы размешчана памятная дошка, каля будынка бюст аўтарства Заіра Азгура[24]. Таксама музей Змітрака Бядулі ёсць у горадзе Уральску (Казахстан)[4].
Памятныя камяні з дошкамі ёсць у аграгарадку Ілья і Даўгінаве[6].
У 2021 годзе абвешчаны збор сродкаў на стварэнне надмагільнага помніка Змітраку Бядулю на Усходніх могілках у Мінску[25]. У 2022 годзе, паводле «Рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні „Года гістарычнай памяці“», помнік Бядулю планавалася ўсталяваць[26]. Станам на май 2023 года ёсць эскіз манумента, абвешчаны паўторны збор сродкаў на выраб і ўстаноўку[27].
Успаміны пра Змітрака Бядулю
[правіць | правіць зыходнік]- Плаўнік М. Успаміны пра Змітрака Бядулю.
- Успаміны пра Змітрака Бядулю / Уклад.: Я. І. Садоўскі, К. А. Цвірка. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1988. — 174 с.
- Азгур З. И. Змитрок Бядуля // То, что помнится… : рассказ о времени, об искусстве и о людях / Заир Азгур. Мн., 1977. С. 179—191.
- Аўрамчык М. Я. Зменлівае ўражанне / Мікола Аўрамчык // Знаёмыя постаці / Мікола Аўрамчык. Мн., 2004. С. 64—67.
- Вольскі А. Дзядзька Змітрок / Артур Вольскі // Пачатковая школа. 1999. № 2. С. 34—35.
- Грахоўскі С. І. Нібы ўчора было / Сяргей Грахоўскі // Так і было : артыкулы, успаміны, эсэ / Сяргей Грахоўскі. Мн., 1986. С. 28—32.
- Кавалёў П. Н. Памятны аўтограф / Павел Кавалёў // На ўсё жыццё : нарысы, успаміны / Павел Кавалёў. Мн., 1986. С. 133—139.
- Казека Я. З далечы гадоў / Янка Казека // Падарожжа ў маладосць : артыкулы, літаратурныя партрэты, успаміны / Янка Казека. Мн., 1984. С. 41—46.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.
- ↑ Каваленка В. 1994, с. 159.
- ↑ а б Віктар Жыбуль. Змітраку Бядулю — 130 . belisrael.info (19 красавіка 2016). Архівавана з першакрыніцы 9-1-2022. Праверана 9-1-2022.
- ↑ а б в г д е Людмила Рублевская. Семейная сага соловья (руск.). sb.by (9 красавіка 2011). Праверана 9-1-2022.
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л Каваленка В. 1994, с. 160.
- ↑ а б в г Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Жыццёвы і творчы шлях Змітрака Бядулі . nlb.by. Архівавана з першакрыніцы 9 студзеня 2022. Праверана 9-1-2022.
- ↑ Юлія Аляшкевіч. З нагоды 124-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі . pawet.net (21 красавіка 2010). Праверана 9-1-2022.
- ↑ Каля Ўсебеларускага з’езду . Наша Слова (pawet.net) (13 снежня 2017). Праверана 9-1-2022.
- ↑ Збор твораў Т. 9 Кн. 2. 2003, с. 143.
- ↑ Людміла Рублеўская. Змітрок Бядуля: гісторыя жыцця ў пяці дакументах . zviazda.by (24 красавіка 2021). Праверана 9-1-2022.
- ↑ Волф Рубінчык. В. Рубінчык пра Якава Бранштэйна (10 лістапада 2017). Праверана 9-1-2022.
- ↑ Віктар Жыбуль. Бядуліха . belisrael.info (14 лістапада 2016). Праверана 9-1-2022.
- ↑ Як на Ўсходніх могілках Менску перапахавалі прах Зьмітрака Бядулі (бел. (тар.)) . svaboda.org (3 лістапада 2020). Праверана 9-1-2022.
- ↑ Віктар Жыбуль. Бядуліха . belisrael.info (14 лістапада 2016). Праверана 16 жніўня 2024.
- ↑ ЛіМ. — 1932. — № 15 ад 5 жніўня. — С.4
- ↑ Бядуля Змитрок // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 96. — 737 с.
- ↑ Шевченківський словник : У двох томах / Інститут літератури імені Т. Г. Шевченка Академії Наук УРСР. — К.: Головна редакція УРЕ, 1978.
- ↑ Анахну Кан № 7(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2018.
- ↑ Анахну Кан № 8(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2018.
- ↑ Мы яшчэ тут № 1(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 студзеня 2022.
- ↑ Мы яшчэ тут № 2(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2018.
- ↑ Выбраныя творы / Змітрок Бядуля. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006 . kamunikat.org. Праверана 9-1-2022.
- ↑ «100 дорог»: Швейцария и «Виагра» (руск.). tut.by (web.archive.org) (6 жніўня 2009). Архівавана з першакрыніцы 3 ліпеня 2018. Праверана 9-1-2022.
- ↑ Каваленка В. 1994, с. 161.
- ↑ https://www.warmuseum.by/news/sotrudnichestvo/zbor_srodka_dlya_stvarennya_pomnika_zmitraku_byaduli/
- ↑ https://edu.gov.by/kalendar-meropriyatiy/respublikanskiy-plan-meropriyatiy-po-provedniyu-v-2022-godu-goda-istoricheskoy-pamyati/ Архівавана 2 лютага 2023.
- ↑ Збор сродкаў на помнік Змітраку Бядулю — Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (bellitmuseum.by)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бядуля Змітрок // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — С. 392—393. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Бядуля Змітрок // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 139. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Бядуля Змітрок // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992. — Т. 1. Абуховіч — Ватацы. — С. 451—467. — 542 с.; іл.. — ISBN 5-85700-061-0.
- Бядуля Змітрок // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Т. 1. А капэла — Габелен. — С. 539—540. — 727 с. — 10 000 экз.
- Бядуля Змітрок // Тэатральная Беларусь : у 2 т. / пад агульнай рэдакцыяй А. В. Сабалеўскага. Мінск, 2002. Т. 1. С. 191—192.
- Бядуля Змітрок // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. — 22 000 экз. — ISBN 5-340-00709-X.
- Гарэцкі М. Бядуля пасля Кастрычніка : гісторыка-літаратурныя нататкі / Максім Гарэцкі // Творы / Максім Гарэцкі. Мінск, 1990. С. 364—369.
- Каваленка В. Бядуля Змітрок // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — С. 159—161. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Каліта І. Мова твораў Змітрака Бядулі як фразеалагічная скарбонка. // Svět v obrazech a ve frazeologii — World in Pictures and in Phraseology. Praha: Univerzita Karlova, 2017, с. 129—143.
- Каліта, І. Эмацыянальная насычанасць як мастацкі сродак. // Rejestr emocjonalny języka, Siedlce: Akademie Podlaská, 2009, s. 51-54.
- Каліта І. “Тры пальцы” Змітрака Бядулі ў чэшскім перакладзе. // МОВА, ЛІТЕРАТУРА, КУЛЬТУРА, ФОЛЬКЛОР, МИСТЕЦТВО НАРОДІВ СВІТУ: УНІВЕРСАЛЬНЕ Й УНІКАЛЬНЕ: Міжнародний проєкт. Колективна монографія : самостійне електронне видання / Т. П. Беценко та ін.; за заг. ред. Т. П. Беценко – Суми: видавничо-виробниче підприємство «Мрія-1», 2021. – 676 с. ISBN 978-966-566-783-4. С. 217-231. https://history.sumy.ua/research/books/9465-mova-litetratura-kultura-folklor-mystetstvo-narodiv-svitu-universalne-i-unikalne-kolektyvna-monohrafiia.html
- Кульбянкова І. М. Эвалюцыя лірычнай творчасці Змітрака Бядулі: ідэйна-тэматычны і вобразны аспекты : метадычны дапаможнік / І. М. Кульбянкова. — Магілёў:, 2004. — 46 с.
- Кульбянкова І. М. Змітрок Бядуля пра нацыянальнае адраджэнне: (на прыкладзе невядомых і малавядомых твораў) / І. М. Кульбянкова // Беларускае Асветніцтва: вопыт тысячагоддзя: матэрыялы Міжнароднага кангрэса (Мінск, 20-21 кастрычніка 1998 г.). Мінск, 1998. Кн. 2. С. 32—34.
- Кульбянкова І. М. Змітрок Бядуля — майстар «малой прозы» : вучэбны дапаможнік / І. М. Кульбянкова. — Магілёў, 2000. — 47 с.
- Лашкевіч В. А. Змітрок Бядуля — дзецям / В. А. Лашкевіч. — Мінск : Універсітэцкае, 1986. — 110 с.
- Лойка А. А. Змітрок Бядуля (1886—1941) / А. А. Лойка // Гісторыя беларускай літаратуры : дакастрычніцкі перыяд : у 2 ч. / А. А. Лойка. 2-е выд., дапрацаванае і дапоўненае. Мінск, 1989. Ч. 2. С. 364—376.
- Марціновіч А. У душы… міласць да краю свайго: (пра дзяцінства З.Бядулі) / Алесь Марціновіч // Родная прырода. 1993. № 3. С. 24—25.
- Мацюх М. Першы рэдактар — Змітрок Бядуля: (пра працу З. Бядулі ў час. «Наш край») / Мікола Мацюх // Падарожнік. 1996. № 1. 4-я с. укладыша паміж с. 10—11.
- Навуменка І. Я. Змітрок Бядуля / Іван Навуменка. — 2-е выд. — Мінск : Беларуская навука, 2004. — 227 с.
- Навуменка І. Змітрок Бядуля (1886—1941) / Іван Навуменка // Слова пра літаратуру і літаратараў: літаратурна-крытычныя артыкулы па беларускай літаратуры : у 2 кн. / уклад. В. В. Ашмян і інш. Мінск, 2001. Кн. 1. С. 456—490.
- Навуменка І. Змітрок Бядуля (1886—1941) / Іван Навуменка // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. / навук.рэд: І. Я. Навуменка, В. А. Каваленка. Мінск, 1999. Т.1. С. 237—264.
- Навуменка І. Змітрок Бядуля (1886—1941) / Іван Навуменка // Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст. / пад агульнай рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. Выд. 2-е, дапрацаванае. Мінск, 1998. С. 457—491.
- Максімовіч В. А. Дакастрычніцкая творчасць Змітрака Бядулі: сувязь з эстэтыкай сімвалізму і імпрэсіянізму / В. А. Максімовіч // Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя / В. А. Максімовіч. Мінск, 2000. С. 261—283.
- Мельнікава З. П. Творчасць Змітрака Бядулі першай трэці XX стагоддзя ў святле гісторыка-функцыянальнага даследавання / З. П. Мельнікава // Беларускае гісторыка-функцыянальнае літаратуразнаўства / З. П. Мельнікава. Брэст, 2003. С. 93—251.
- Пракопчык, Л. Ц. Бядулеў Пасадзец / Леанід Пракопчык // «Дрэмле памятка дзён…» : краязнаўчыя нарысы / Леанід Пракопчык. Мінск, 1991. С. 114—121.
- Поўны збор твораў: у 9 т. / Янка Купала — Т. 9. Кн. 2. Дапаўненні да папярэдніх тамоў; Летапіс жыцця і творчасці; Дадатак. — Мастацкая літаратура, 2003. — Т. 9. Кн. 2. — 414 с. — ISBN 985-02-0661-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Змітрок Бядуля ў Вікіцытатніку | |
Змітрок Бядуля ў Вікікрыніцах | |
Змітрок Бядуля на Вікісховішчы |
- Змітрок Бядуля. Выбраныя творы . Беларуская палічка.
- Дзяніс Марціновіч. «Жонка была вышэйшая на дзве галавы. На вуліцу стараліся ісці паасобку». Невядомыя факты пра Змітрака Бядулю . nn.by (23 красавіка 2021). Праверана 9-1-2022.
- Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Жыццёвы і творчы шлях Змітрака Бядулі . nlb.by. Архівавана з першакрыніцы 9 студзеня 2022. Праверана 9-1-2022.
- Васіль Дэ Эм. 20 нечаканых фактаў пра Зьмітрака Бядулю, які нарадзіўся 135 гадоў таму (бел. (тар.)) . svaboda.org (23 красавіка 2021). Праверана 9-1-2022.
- Нарадзіліся 23 красавіка
- Нарадзіліся ў 1886 годзе
- Нарадзіліся ў Вілейскім павеце
- Памерлі 3 лістапада
- Памерлі ў 1941 годзе
- Памерлі ў Заходне-Казахстанскай вобласці
- Пахаваныя на Усходніх могілках Мінска
- Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры
- Сябры літаратурнага аб’яднання «Маладняк»
- Сябры літаратурнага аб’яднання «Узвышша»
- Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
- Члены Саюза пісьменнікаў СССР
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Асобы, вядомыя пад літаратурнымі псеўданімамі
- Нарадзіліся ў Лагойскім раёне
- Пісьменнікі Беларусі
- Пісьменнікі СССР
- Паэты Беларусі
- Паэты СССР
- Беларускамоўныя паэты
- Беларускамоўныя пісьменнікі
- Перакладчыкі Беларусі
- Перакладчыкі з украінскай мовы
- Перакладчыкі паэзіі на беларускую мову
- Перакладчыкі з іўрыта
- Перакладчыкі прозы і драматургіі на беларускую мову
- Рускамоўныя паэты