Іван Луцкевіч

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Луцкевіч
Іван Луцкевіч, 1915 г.
Іван Луцкевіч, 1915 г.
Навіна
Навіна
Нараджэнне 28 мая (9 чэрвеня) 1881
Смерць 20 жніўня 1919(1919-08-20) (38 гадоў)
Месца пахавання
Імя пры нараджэнні Ян Герман Луцкевіч
польск.: Jan Herman Łuckiewicz
Бацька Ян Баляслаў Луцкевіч
Маці Зоф’я з Лычкоўскіх[d]
Веравызнанне каталіцтва
Партыя
Член у
Адукацыя
Дзейнасць публіцыст, палітык, археолаг, краязнавец, калекцыянер
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера археалогія
Месца працы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Іва́н Луцке́віч, народжаны Ян Ге́рман Луцке́віч (28 мая (9 чэрвеня) 1881, Шаўлі, Ковенская губерня20 жніўня 1919, Закапанэ, Польшча) — беларускі палітык і грамадскі дзеяч, публіцыст, археолаг, краязнавец, збіральнік старажытнасцяў. Адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады і газеты «Наша ніва». Актыўны дзеяч Беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя, зрабіў уплыў на многіх удзельнікаў тагачаснага беларускага руху.

Распрацоўваючы ідэю беларускага самавызначэння ад ідэй краёвасці і Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага паступова прыйшоў да ідэі поўнай незалежнасці Беларусі. Сябра Віленскай беларускай рады і Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Удзельнік пасяджэння Рады БНР 24—25 сакавіка 1918 года, на якім абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Арганізатар беларускага культурнага жыцця ў Вільні, зрабіў вялікі ўклад дзеля адкрыцця Віленскай беларускай гімназіі. Сабраў багаты збор старажытнасцяў, якія сталі асновай збору Беларускага музея ў Вільні. Брат беларускага дзеяча Антона Луцкевіча.

Імя[правіць | правіць зыходнік]

Іван Луцкевіч быў ахрышчаны паводле рыма-каталіцкага абраду пад імем Ян Герман. Дакладна невядома з якога часу ён пачаў карыстацца формай імя Іван. Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) у сваіх перапісках упамінала: «Паміж іншым, не ведаю, хто і калі пачаў старэйшага Луцкевіча называць Іванам, бо ён у лістах падпісываўся Ян, маю пару яго лістоў з такім подпісам». Антон Луцкевіч і іншыя беларускія дзеячы называлі яго Іванам. Пры гэтым выкарыстоўвалася таксама форма з імем па бацьку Іван Іванавіч, што таксама адпавядае праваслаўнай традыцыі, але бацьку звалі Ян Баляслаў[1].

Паводле даследчыка Анатоля Сідарэвіча, форма Іван была больш зручнай у беларускім праваслаўным нацыянальным асяроддзі[1]. Таксама існуе думка пра тое, што пераход да формы імя Іван можа быць звязаны з прыхільнасцю Луцкевіча да ўніяцтва[2].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Ян Баляслаў Луцкевіч.

Паходзіў са збяднелага шляхецкага роду Мінскай губерні герба Навіна[3]. Род мае татарскае паходжанне[4]. Бацька — Ян Баляслаў (Іван Якімавіч) Луцкевіч (1831—1895) — вайсковец Расійскай імперыі, удзельнік Крымскай вайны ў чыне капітана, за баявыя заслугі ў абароне Севастопаля быў узнагароджаны крыжамі Святога Георгія і Святой Ганны і двума медалямі. На вайне быў паранены, з войска дэмабілізаваўся. Сваёй маёмасці Ян Баляслаў не меў[3]. Вядома, што ў 1860-х гадах быў арандатарам маёнтка пана Вайніловіча ў Тарасевічах Бабруйскага павета Мінскай губерні. Верагодна, у гэты час ён пазнаёміўся з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, з якім у далейшым меў прыяцельскія стасункі, Дунін-Марцінкевіч у 1868 годзе прысвяціў Луцкевічу верш па-беларуску[3]. Першай жонкай Яна Баляслава была Казіміра Асяцімская, у іх нарадзіліся дзве дачкі: Станіслава (1877—1953) і Марыя Алёйзія (1876—1914). Пані Казіміра памерла ў 1878 ці 1879 годзе[5].

Увесну 1880 года Ян Баляслаў павянчаўся другі раз[5], з Зоф’яй Лычкоўскай (1850—1918), дачкой уладальніка невялікага фальварка Ракуцёўшчына, каля мястэчка Краснага. Зоф’я да фальварка дачынення ўжо не мела, але ў спадчыну ёй застаўся невялікі драўляны дом на Садовай вуліцы ў Мінску[3]. У Яна Баляслава і Зоф’і было пяць дзяцей: Ян Герман (Іван) быў іх першым дзіцем, у далейшым нарадзіліся Вікторыя (памерла ў маленстве; ?—?), Антон (1884—1942), Эмілія (1886—1974), Стэфан (Сцяпан; 1889—1947). Стэфан быў названы ў гонар дзядзькі — Стэфана Луцкевіча, удзельніка паўстання 1863—1864 гадоў, які загінуў у 1863 годзе[5].

Сям’я была каталіцкай, у хаце гаварылі па-польску[3]. Іван Луцкевіч наступным чынам згадвае светапогляд сям’і: «…сям’я жыла ўспамінамі аб напалеонаўскім паходзе і паўстаннях 1831 і 1863 гадоў, жыла ідэаламі дэмакратызму з часоў французскае рэвалюцыі і паўстанчаскімі настроямі, у ёй панаваў заўсёды шчыра дэмакратычны дух, — і гэтым духам былі прасякнуты дзеці, што шукалі ў школе дружбы не панічоў, а сыноў мужыцкіх»[6].

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Іван Луцкевіч у час вучобы ў Мінскай гімназіі.

Нарадзіўся 28 траўня (9 чэрвеня) 1881 года ў горадзе Шаўлі Ковенскай губерні, дзе ягоны бацька ў той час працаваў на чыгунцы. Неўзабаве бацька быў пераведзены па працы ў Лібаву. У 1890 годзе Іван пачынае вучыцца ў Лібаўскай Мікалаеўскай гімназіі. У Мікалаеўскай гімназіі Лібавы вучылася шмат латышоў і літоўцаў. У гэты перыяд адбывалася станаўленне літоўскага і латышскага нацыянальнага руху, якія адмяжоўвалі сябе ад палякаў і немцаў, таму ў школьным жыцці быў раздзел паміж польскімі панскімі дзецьмі і простымі вясковымі дзецьмі іншых нацыянальнасцей[6]. Іван Луцкевіч сябраваў з літоўцамі, у 13—14 гадоў Іван наведваў літоўскі патрыятычны гурток пад кіраўніцтвам старога рэвалюцыянера Ёнаса Амбразайціса[lt][7]. У гэты перыяд у Івана фармуецца нацыянальны светапогляд, ён разумее што беларусы маюць такое ж права на самавызначэнне і развіццё ўласнай мовы як літоўцы і латышы[6]. У 1895 годзе Луцкевічы пераязджаюць у Мінск, але Іван дзеля далейшага навучання застаецца ў Лібаве[6]. Праз паўгода пасля пераезду памірае бацька Ян Баляслаў. У 1897 годзе маці забірае Івана ў Мінск, дзе ён паступае ў пяты клас Мінскай губернскай гімназіі.

Антон Луцкевіч адзначаў, што яшчэ ў Мінскай гімназіі ён і яго брат Іван усвядоміліся і нацыянальна, і сацыяльна, і пачалі гуртаваць вакол сябе болей-меней свядомых беларусаў[6]. Пазнаёміўшыся з беларускім паэтам, мастаком і перакладчыкам Карусём Каганцом, браты Луцкевічы арганізавалі гімназічны гурток, у занятках якога значнае месца займала беларуская тэматыка. Браты мелі цесныя стасункі з Генрыхам Францішкам Татурам, беларускім гісторыкам, краязнаўцам і калекцыянерам[5]. Таксама ў братоў Луцкевічаў збіраўся і інтэрнацыянальны гурток, у якім яны займаліся сацыяльнымі пытаннямі[6]. Браты заклалі беларускую бібліятэчку з кніжкамі па беларускай гісторыі і этнаграфіі[6].

Пачатак палітычнай дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

У 1902 годзе Іван заканчвае вучобу ў гімназіі, разам з Антонам яны едуць у Санкт-Пецярбург. Іван паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта і адначасова ў Археалагічны інстытут. У сталіцы Расійскай імперыі ў гэты час было шмат беларускіх студэнтаў, тут браты знаёмяцца з Вацлавам Іваноўскім. У гэтым жа годзе Іван і Антон Луцкевічы разам з Іваноўскім арганізоўваюць «Круг беларускай народнай прасветы і культуры»; мэтай гуртка было стварэнне беларускай школьнай адукацыі і выдавецтва беларускіх кніг[6]. Пры ўдзеле Івана была выдадзена брашура «Калядная пісанка на 1904 год» і зборнік Янкі Лучыны «Вязанка»[8].

У гэты час Іван Луцкевіч шукае кантактаў з рэвалюцыйнымі арганізацыямі, сыходзіцца з сацыял-рэвалюцыянерамі і знаёміцца з сёстрамі Ізмайлавічанкамі з Мінска[8]. Увесну 1903 года пры падрыхтоўцы да першамайскай дэманстрацыі ў Санкт-Пецярбургу Іван арыштоўваецца на кватэры Ізмайлавічанак. Спярша ён быў змешчаны ў Дом папярэдняга заключэння[ru], а пазней пераведзены ў «Кресты[ru]». Прасядзеў у турме амаль да канца лета, за гэты час прыняў удзел у галадоўцы палітвязняў, а ў «Крестах» захварэў і быў змешчаны ў бальніцу ў аддзел сухотнікаў[9]. Увосень 1903 года браты Луцкевічы разам з Вацлавам Іваноўскім засноўваюць палітычную арганізацыю Беларуская рэвалюцыйная грамада на базе ўжо існуючай Беларускай рэвалюцыйнай партыі. Мэтай арганізацыі было змаганне супраць самадзяржаўнай улады, за дэмакратычны лад: зямлю для сялян, фабрыкі і заводы для рабочых. Арганізацыя патрабуе свабоды для беларусаў: школы на беларускай мове і роўных правоў у краі[10].

У 1904 годзе Іван Луцкевіч заканчвае Археалагічны інстытут і атрымлівае камандзіроўку для навуковых доследаў на Беларусь і для далейшай навукі ў Вену. У Вене ён навучаецца ў «Славянскім семінары» пры Венскім універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Ватраслава Ягіча[10]. Выезд за мяжу дазволіў пазнаёміцца з рэвалюцыйнымі і нацыянальна-вызваленчымі рухамі іншых краін. У Аўстра-Венгрыі Іван сустракаецца з уніяцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім[11]. У Львове Луцкевіч сыходзіцца з украінскім нацыянальным рухам, а пазней у Кракаве і Варшаве наладжвае кантакты з Польскай партыяй сацыялістычнай[6]. У канцы 1904 ці пачатку 1905 года Іван Луцкевіч знаёміцца з украінскім дзеячам Міхайлам Грушэўскім[11]. У пачатку 1905 года Іван Луцкевіч вяртаецца ў Санкт-Пецярбург дзеля заканчэння навучання на юрыдычным факультэце ўніверсітэта. У гэты ж час ён ад Беларускай рэвалюцыйнай грамады атрымлівае мандат на з’езд прадстаўнікоў сацыялістычных партый у Фінляндыі[10].

У часе рэвалюцыі 1905 года ў Мінску, дзе праходзіць найбольш шырокая дзейнасць партыі. Іван Луцкевіч выступае на мітынгах па-беларуску, нацыянальны элемент у выступах пераважае палітычны і сацыяльны. У час другой усеагульнай стачкі 1905 года ў Мінску была складаная сітуацыя, пасля Курлоўскага расстрэлу 18 кастрычніка на фабрыках была пільная ахова. У дзень стачкі Іван Луцкевіч, пераапрануўшыся, прайшоў на фабрыку Якабсона і загадаў рабочаму даць гудок, які мусіў распачаць забастоўку, пасля сігналу ён выступіў з прамовай перад рабочымі, пасля чаго тыя выйшлі на вуліцы[12].

На II з’ездзе Беларускай сацыялістычнай грамады (у яе была перайменаваная БРГ) разам Антонам Луцкевічам, Аляксандрам Бурбісам і Вацлавам Іваноўскім абраны ў склад цэнтральнага камітэта партыі. У лютым 1906 года сумесна з братам Антонам пераходзяць на нелегальнае становішча, пераязджаюць у Вільню. Пераезд адбываецца з той прычыны, што распачалося следства ў справе замаху на мінскага губернатара Паўла Курлова. Замах здзейснілі Іван Пуліхаў і сёстры Аляксандра і Кацярына Ізмайловіч, якія былі частымі гасцямі на мінскай кватэры Луцкевічаў, таму апошнія аўтаматычна падпадалі пад падазрэнне[13]. Ёсць звесткі, што з віленскімі кантактамі Луцкевічам дапамог Вацлаў Іваноўскі[14]. На нелегальным становішчы ў Вільні браты жылі да 1908 года[6].

Вільня[правіць | правіць зыходнік]

Іван і Антон Луцкевічы, Аляксандр Уласаў у час выхаду «Нашай Нівы».

Жыве ў Вільні на нелегальным становішчы, з фальшывым пашпартам на імя Івана Міхальчука. Іван Луцкевіч разгортвае агітацыйную дзейнасць у праваслаўнай духоўнай семінарыі, чытае вучням лекцыі па гісторыі Беларусі. Тут жа пашыраецца партыйная дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады, канспірацыйнай кватэрай якой ёсць кватэра Алаізы Пашкевіч (Цёткі). З ініцыятывы Івана Луцкевіча з лістапада 1906 года выходзіць газета «Наша ніва»[15]. У гэты ж час Луцкевіч займаецца археалагічнымі працамі і зборам беларускага антыкварыяту, старадрукаў і рукапісных кніг, калекцыя захоўвалася ў рэдакцыі «Нашай нівы» на вуліцы Завальнай, 7[16]. Ініцыятар стварэння Выдавецтва «Нашай нівы» ў 1907 годзе, пазней таксама меў дачыненне да стварэння выдавецтва «Наша хата» (1908—1911) і Беларускага выдавецкага таварыства.

Рэдакцыя «Нашай нівы» на Завальнай вуліцы ў Вільні, 1907 г. Іван Луцкевіч першы злева.

У чэрвені 1908 года едзе ў Прагу на Усеславянскі з’езд прагрэсіўных студэнтаў, дзе кіруе беларускае секцыяй і адкрыта крытыкуе расійскія ўлады за нацыянальны прыгнёт[17]. У 1909 годзе ўдзельнічаў у стварэнні Беларускага хору і Тэатральнай дружыны, якія дэбютавалі на Першай беларускай вечарынцы ў Вільні 12 лютага 1910 года. Разам з братам Антонам быў сярод заснавальнікаў у 1910 годзе ў Вільні масонскай ложы «Еднасць» (польск.: Jendość). Ложа была створаная паводле ініцыятывы расійскіх масонаў, сябраў партыі кадэтаў[6]. У «Еднасці» былі прадстаўлены ўсе асноўныя народы беларуска-літоўскага краю. Луцкевічы прытрымліваліся краёвай ідэалогіі[6]. Прытрымліваючыся краёвай ідэалогіі, Іван Луцкевіч супрацоўнічае з іншымі нацыянальнасцямі. У 1910 годзе, калі ладзілася польскае Таварыства прыяцеляў навук (Towarzystwo Przyjaciół Nauk) ён зрабіў багата працы для арганізацыі яго музея, а таксама перадаў шмат сваіх рэчаў, якія вярнуў пасля пачатку Першай сусветнай вайны[18]. Супрацоўнічае з Украінскім царкоўным музеем у Львове, дасылаў туды рэчы, звязаныя з уніяцтвам, ладзіць там беларускі аддзел. Публікуецца ў часопісах «Lietuvių tauta[lt]» і «Rocznik Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie[d]». Напярэдадні выбараў у ІІІ Дзяржаўную думу Расіі Беларуская сацыялістычная грамада, сярод лідараў якой Іван Луцкевіч, засноўвае ў Вільні газеты «Kurjer Krajowy» і «Вечернюю газету», у якіх прасоўвае ідэі краёвасці для польскамоўных і рускамоўных чытачоў. Перад Першай сусветнай вайной удзельнічае ў з’ездзе аўтанамістаў-федэралістаў у Маскве, пасля наведвае Санкт-Пецярбург і Фінляндыю ўзімку 1914—1915 гадоў[18]. У гэты час у яго пагаршаецца здароўе, абвастраецца старая сухотная хвароба[18]. Вайну сустракае ў Вільні.

Першая сусветная вайна[правіць | правіць зыходнік]

Віленскія беларускія настаўніцкія курсы, 1916 г. У сярэднім радзе злева направа сядзяць: Іван Луцкевіч, Баляслаў Пачопка (кіраўнік курсаў), Антон Луцкевіч.

У час эвакуацыі з Вільні расійскія ўлады хацелі вывезці Івана Луцкевіча разам з яго калекцыяй старажытнасцяў, абяцаючы для гэтага цэлы вагон. На гэта Іван казаў: «Мая павіннасць — аставацца ў родным краю і бароцца за мой народ незалежна ад таго, якія войскі будуць тут гаспадарыць!»[19]. Каб не быць прымусова эвакуяваным, апошнюю ноч перад расійскай эвакуацыяй ён правёў не ў сябе дома. Удзельнічаў у арганізацыі «лятучых дружын», якія пільнавалі парадак у горадзе ў час змены ўладаў, раздабываў для дружыннікаў зброю і праводзіў з імі ночы[19]. Нямецкія войскі ўвайшлі ў Вільню 18 верасня 1915 года.

Іван Луцкевіч актыўна ўдзельнічае ў працы Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, адзін з арганізатараў Беларускага народнага камітэта, які дзейнічаў пад прыкрыццём таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны і пры якім канцэнтруецца беларуская асветніцкая праца[20]. Быў адным з трох дэлегатаў ад беларусаў у Віленска-ковенскім абывацельскім камітэце[19]. У 1915 годзе закладзены блок беларускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх арганізацый Канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага, арганізатарам якога стаў Іван Луцкевіч. У снежні 1915 года выдадзены першы «ўніверсал» Канфедэрацыі, напісаны Іванам Луцкевічам. На той час браты Луцкевічы прытрымліваліся ідэй «краёвасці». У 1916 годзе Беларускі нацыянальны камітэт, старшынёй якога быў Антон Луцкевіч, ухваліў канфедэрацыйную канцэпцыю Злучаных Штатаў ад Балтыйскага да Чорнага мора. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года выказвалася ідэі за ўключэнне ў склад будучай беларуска-літоўскай дзяржавы ўсіх беларускіх зямель, за наданне дзяржаўнага статуса ўсім мясцовым мовам, школьнае навучанне на роднай мове. Аднак, паводле Антона Луцкевіча, ідэя канфедэрацыі была разбітая літоўскім нацыяналізмам[21].

Іван Луцкевіч, 1918 г.

У 1915 годзе ў Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа, але кваліфікаваных настаўнікаў не хапала. У снежні Іван Луцкевіч і Алаіза Пашкевіч стварылі настаўніцкія курсы, на іх Іван Луцкевіч выкладае краязнаўства. Працуе скарбнікам кааператыва «Райніца». Арганізатар Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы. Улетку 1916 года пры актыўнай працы Івана Луцкевіча адрываецца Беларускі клуб, ён становіцца яго старшынёй. Таксама ўлетку 1916 года разам з Вацлавам Ластоўскім удзельнічае ў III канферэнцыі народаў, якая была арганізаваная Саюзам народаў 27—29 чэрвеня ў швейцарскай Лазане, у мемарыяле беларускай дэлегацыі была выкладзена канцэпцыя Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага[22].

Незалежніцкая пазіцыя, якую выказваў Іван Луцкевіч на лазанскай канферэнцыі, занепакоіла нямецкія акупацыйныя ўлады. Немцы ставяць братоў Луцкевічаў пад асабісты нагляд шпіёна Эдмунда Зузэміля, які на той час быў прызначаны беларускім перакладчыкам пры Управе друку. Пад Зузэміля рэквізуецца частка віленскай кватэры Луцкевічаў, і ён мае магчымасць сачыць за імі[21]. Іван Луцкевіч арганізоўвае Беларускі вучыцельскі саюз, які высоўвае Луцкевіча сваім прадстаўніком у Цэнтральнае бюро прафесійных саюзаў. Зузэміль настойвае на тым, каб вучыцельскі саюз высунуў іншага кандыдата, але калі новы сход Саюза зацвердзіў свой выбар, арганізацыя была закрытая нямецкімі ўладамі[23].

У 1916 годзе дапамагае ў арганізацыі беларускіх школ на Віленшчыне, Гродзеншчыне, Беласточчыне. Адзін з заснавальнікаў і фактычных рэдактараў газеты «Гоман»[24], аўтар артыкулаў у ёй[25]. У 1917 годзе нямецкія ўлады рыхтуюцца да арганізацыі літоўскага прадстаўнічага органа — Тарыбы, дзе беларусам вызначаецца адно месца. Акупацыйныя ўлады шукаюць кандыдатаў, якія б былі цалкам лаяльныя да нямецкай адміністрацыі, таму Зузэміль высоўвае кандыдатам Вацлава Ластоўскага[23]. 16 верасня 1917 года на сацыялістычным мітынгу партый усіх нацыянальнасцяў, прамоўцы сярод беларусаў, між імі Іван Луцкевіч, кляймяць палітыку немцаў і тых літоўцаў, якія пайшлі на згоду з імі.

18—23 верасня 1917 года ў Вільні праходзіць Літоўская канферэнцыя, якая абірае прадстаўнічы орган Літвы — Тарыбу. У адказ на гэта 30 верасня ў Беларускім клубе пад старшынствам Івана Луцкевіча адбываецца беларускі мітынг, які выносіць ноту пратэсту супраць адносін да беларусаў і патрабуе ў нямецкіх уладаў дазволу на скліканне ў Вільні беларускай нацыянальнай канферэнцыі для ўтварэння беларускага прадстаўнічага органа[23]. Неўзабаве дазвол на правядзенне быў атрыманы, Арганізацыйны камітэт дзеля склікання Беларускай канферэнцыі паведамляў аб сваім афіцыйным заснаванні 17 лістапада 1917 года. Іван Луцкевіч актыўна займаецца арганізацыяй канферэнцыі, прадаючы рэчы з сваёй калекцыі старасвеччыны дзеля фінансавага забеспячэння. У справах канферэнцыі едзе ў Беласток, дзе прадстаўнікі нямецкіх уладаў спрабуюць пераканаць яго ў карысці далучэння да Германіі, на што Іван Луцкевіч адказвае: «Я маю на гэта яшчэ адзін аргумент. Калі і нашым манархам стане Вільгельм, дык нам не прыйдзецца рабіць свае асобнае рэвалюцыі, каб скінуць яго: гэта зробіць сам нямецкі народ!»[23].

23 студзеня 1918 года быў зацверджаны статут Беларускага навуковага таварыства, Іван Луцкевіч быў адным з закладальнікаў таварыства.

Беларуская Народная Рэспубліка. Апошнія гады[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнікі Беларускай канферэнцыі ў Вільні. Іван Луцкевіч сядзіць другі справа. 25—27 студзеня 1918 г.
Прэзідыум беларускай канферэнцыі ў Вільні. Іван Луцкевіч сядзіць другі справа. 25—27 студзеня 1918 г.

Удзельнік Беларускай канферэнцыі ў Вільні, якая праходзіла 25, 26 і 27 студзеня 1918 года. Канферэнцыя абрала Івана Луцкевіча адным з членаў Беларускай Рады, якая стала галоўным прадстаўніцтвам беларусаў на тэрыторыі нямецкай акупацыі. У часе канферэнцыі ў Менску памірае маці Луцкевічаў[23]. 18 сакавіка некалькі сяброў Віленскай беларускай рады, сярод якіх Антон і Іван Луцкевічы, Дамінік Сямашка, Язэп Туркевіч, Вацлаў Ластоўскі, былі ўключаныя ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, якая дзейнічала ў Менску[26].

Дэлегацыя Віленскай беларускай рады, у склад якой уваходзілі Антон Луцкевіч, Іван Луцкевіч, Янка Станкевіч, Дамінік Сямашка, Язэп Туркевіч, едзе ва ўжо заняты немцамі Менск, каб прыняць удзел у пасяджэнні ў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года на пасяджэнні Рады была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, паводле якой была абвешчаная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, браты Луцкевічы былі аднымі з ініцыятараў яе абвяшчэння. Неўзабаве вяртаецца ў Вільню. Паводле Антона Луцкевіча, паездка ў Менск моцна падарвала здароўе брата[27].

У Вільні працягвае дзейнасць у Віленскай беларускай радзе, але найперш займаецца культурнай працай, працуе над адкрыццём беларускага музея. Ладзіць выстаўкі беларускай старасвеччыны ў Вільні і Менску, па вяртанні з менскай выстаўкі доўга лечыцца ў пасцелі[27].

Пасля ваеннага паражэння і Лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі, нямецкія ўлады дазваляюць літоўцам закласці ўрад у Вільні, пры гэтым забараняючы беларускую палітычную дзейнасць. У гэтых умовах беларусы ідуць на супрацоўніцтва з літоўцамі. Літоўцы абяцаюць беларусам 6 месцаў у Тарыбе і Міністэрства беларускіх спраў пры Урадзе, выбар міністра застаецца за Віленскай беларускай радай[27]. Беларуская рада збіраецца пад старшынствам цяжка хворага Івана Луцкевіча і абірае 6 членаў у Тарыбу (Іван Луцкевіч, Вацлаў Ластоўскі, Ян Станкевіч, Дамінік Сямашка, кс. Уладзіслаў Талочка, Казімір Фалькевіч), міністрам беларускіх спраў стаў Язэп Варонка. Іван Луцкевіч дапамагае ў арганізацыі беларускіх паветаў і беларускага войска. Пасля таго, калі Іван Луцкевіч убачыў, што літоўцы не гатовыя супрацоўнічаць з беларусамі на роўных умовах, ён выйшаў са складу Тарыбы, тое ж зрабіла бальшыня беларускіх дзеячаў[27].

Адзін з арганізатараў Віленскай беларускай гімназіі, якая адкрылася 1 лютага 1919 года ў Базыльянскіх мурах. У канцы сакавіка Рада Міністраў БНР прызначыла Івана Луцкевіча на пасаду беларускага камісара Віленшчыны[28]. Прынамсі двойчы бальшавікі праводзілі ператрусы ў Івана Луцкевіча (у сакавіку, і 18 красавіка 1919 года), Вільня на той час ёсць сталіцай Літоўска-Беларускай ССР.

Іван Луцкевіч, малюнак В. Дыдзякаса (Уладаса Дыджокаса), 13 чэрвеня 1919 г.

У сярэдзіне чэрвеня 1919 года Іван Луцкевіч выехаў з занятай палякамі Вільні для лячэння на польскі курорт Закапанэ. Памёр 20 жніўня 1919 года ў Закапанэ, пахаваны тут жа на Новых могілках 23 жніўня[29].

Прыблізна ў 1963 годзе магіла Івана Луцкевіча была прыбраная з рэестра. У 1991 годзе гісторык Алег Латышонак знайшоў месца магілы Луцкевіча, аднак там ужо было новае пахаванне[29]. Ён узяў грунт з магілы, і 18 траўня 1991 года адбылося ўрачыстае сімвалічнае перапахаванне на могілках Роса ў Вільні[29].

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Іван Луцкевіч і Юліяна Мэнке, 1915—1916 гг.

У чэрвені 1915 года Іван Луцкевіч пазнаёміўся ў Вільні з Юліянай Мэнке, якая паходзіла з віленскіх немцаў. Неўзабаве ў іх завязаліся стасункі, якія працягваліся да смерці Івана. Пара не пабралася шлюбам і не была заручоная, бо ўва ўмовах вайны і складанага фінансавага становішча Іван Луцкевіч не хацеў ісці ў прымы да сям’і Мэнке[30]. Улетку 1916 года Луцкевіч падарыў Юліяне сямейны заручальны пярсцёнак[30], які ўжо пасля Другой сусветнай вайны Юліяна вярнула сям’і Луцкевічаў, бо лічыла што рэліквія мусіць захоўвацца ў іх[31].

У 1922 годзе Юліяна Мэнке выйшла замуж за беларускага нацыянальнага дзеяча і архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Прысвяціла Івану Луцкевічу некалькі ўспамінаў, пад сваім імем Юліяна Вітан Дубейкаўская і пад псеўданімам Кветка Вітан.

Палітычная і культурная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Карціна «Партрэт Івана Іванавіча Луцкевіча», 1914 г. Мастак Анікіта Пятровіч Хатулёў. (Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь)

Разам з Антонам Луцкевічам і інш., Іван Луцкевіч распрацоўваў пытанні дзяржаўнага самавызначэння Беларусі — ад канцэпцыі краёвай аўтаноміі, аднаўлення на канфедэратыўнай аснове дзяржаўнай уніі Беларусі і Літвы (1906—1918) да абвяшчэння незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах. Лічыў дэнацыяналізуючай у адносінах да беларусаў ролю рэлігійна-царкоўных праваслаўных і каталіцкіх структур на Беларусі як праваднікоў палітыка-ідэалагічных інтарэсаў Расіі і Польшчы. Выступаў за аднаўленне на Беларусі царкоўнай уніі дзеля паяднання рэлігійнага і грамадска-палітычнага рухаў у адзіным нацыянальна-адраджэнскім працэсе. Паводле яго ініцыятывы і з асабістым яго ўдзелам пытанне аб нацыянальным самавызначэнні беларускага народа ўпершыню прагучала на міжнародных форумах — канферэнцыі сацыялістычных і рэвалюцыйных партый (Фінляндыя, 1905), Славянскім з’ездзе прагрэсіўных студэнтаў (Прага, 1908), Міжнароднай канферэнцыі нацый (Лазана, 1916). Быў прыхільнікам раўнапраўных адносін Беларусі з Расіяй, Польшчай, Украінай, Літвой.

Беларуская сацыялістычная грамада, адным з заснавальнікаў і лідараў якой быў Іван Луцкевіч, была галоўнай сілай беларускага нацыянальнага руху пачатку XX стагоддзя[12]. Практык-арганізатар, таленавіты прамоўца, Іван Луцкевіч спрыяў ажыўленню культурна-асветнай працы, абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі, інтэлігенцыі. Паўплываў на творчы лёс Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага і інш.

Ян Луцэвіч (Янка Купала) упершыню сустрэўся з братамі Луцкевічамі, а таксама з іншымі дзеячамі БСГ, улетку 1904 года ў Мінску[32]. Паводле Янкі Купалы, які дагэтуль пісаў толькі па-польску, тая сустрэча паўплывала на далейшы лёс, бо да яго ў рукі патрапілі беларускамоўныя рэвалюцыйныя пракламацыі і беларускія кнігі, пасля прачытання якіх ён канчаткова вырашыў што ён беларус і мусіць служыць свайму народу[32]. У 1908 годзе браты Луцкевічы паклікалі Янку Купалу ў Вільню, дзе ён знаходзіўся каля года, дагэтуль працаваўшы на бровары ў вёсцы. У Вільні Луцкевічы ўладкавалі Купалу памочнікам бібліятэкара ў бібліятэцы «Знание» Барыса Даніловіча[33], таксама па сумяшчальніцтве яму давалі працу па адбіранні і рэдагаванні тэкстаў у «Нашай ніве»[34]. Другі раз Янка Купала прыехаў у Вільню ў кастрычніку 1913 года, у пачатку сакавіка 1914 года Іван і Антон Луцкевічы далі яму пасаду рэдактара «Нашай Нівы», у сярэдзіне траўня Купала замяніў Аляксандра Уласава на пасадзе афіцыйнага выдаўца газеты[35]. Таксама Луцкевічы пазнаёмілі Луцэвіча з расійскімі творцамі ў Вільні, такімі як Валерый Брусаў[36]. Пры гэтым блізкіх стасункаў паміж Луцкевічамі і Купалам не было, праз свавольнасць і апалітычнасць апошняга. У час савецкіх палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў у СССР Купала падтрымаў нападкі на беларускіх дзеячаў, назваўшы ў тэксце для газеты Звязда 1937 года Івана і Антона Луцкевічаў «бандай» і параўнаўшы іх з царскай цэнзурай[37].

Якуб Колас у лісце да Льва Клейнбарта ад 18 чэрвеня 1927 года ўспамінаў: «Выхад у свет беларускай газеты быў найвялікшай падзеяй у маім жыцці. Я цалкам аддаўся беларускай паэзіі, стаў гарачым прапагандыстам беларускага адраджэння. Я ў канцы 1906 года, ужо будучы без месца, прыязджаў у Вільню, каб пазнаёміцца з рэдакцыяй і застацца там. Мяне сустрэлі там вельмі ветліва. Там я пазнаёміўся з братамі Луцкевічамі, якія былі душою беларускага адраджэння»[38]. У канцы траўня 1907 года Якуб Колас прыязджае ў Вільню, працуе ў «Нашай ніве» загадчыкам літаратурнага аддзела і жыве ў памяшканні рэдакцыі[38]. Паводле Аляксандра Уласава, менавіта Іван Луцкевіч прапанаваў Тэрэзе Гардзялкоўскай стварыць прыватную беларускую школу, куды скіраваў Якуба Коласа настаўнікам[38]. Вядомы ліст Канстанціна Міцкевіча (Якуба Коласа) да Івана Луцкевіча ад 23 жніўня 1914 года, які пачынаецца такімі словамі: «Даражэнькі Яне! Забягаў каб пабачыцца з Вамі, але Вас не было тутака. Я ўчора прыехаў з Пінска, дзе думаў жыць, але мяне зноў забіраюць на вайну, і справа наша дрэнна...»[39].

Улетку 1911 года Максім Багдановіч наведаў Беларусь па запрашэнні Івана і Антона Луцкевічаў[40]. Ён правёў лета ў родавым маёнтку маці Луцкевічаў — Ракуцёўшчыне, які на той час належаў Вацлаву Лычкоўскаму, дзядзьку Луцкевічаў[41]. Таксама паэт наведаў Вільню і рэдакцыю «Нашай нівы», дзе чытаў свае вершы, азнаёміўся са зборам старажытнасцяў Івана Луцкевіча, у тым ліку слуцкімі паясамі. Вынікам вандроўкі Багдановіча сталі цыклы вершаў «Старая Беларусь», «Места», «У вёсцы» і «Вераніка»[42]. Вершы цыклаў «Старая Беларусь» і «Места» спадабаліся Антону Луцкевічу, як літаратурнаму крытыку і рэдактару, таму ён прапанаваў Івану Луцкевічу выдаць іх коштам «Нашай нівы», на што той пагадзіўся[42].

У лістападзе 1914 года Максім Гарэцкі пасля франтавога ранення ляжаў у віленскім яўрэйскім шпіталі «Мішмерас Хойлем». Доктар Ром, загадчык шпіталя, быў блізкім прыяцелем Івана Луцкевіча, таму пасля наведвання шпіталя Луцкевічам у ім былі створаныя найлепшыя ўмовы для Гарэцкага[43].

У навуцы[правіць | правіць зыходнік]

«Кінуўшы рынуўшы паўстанне…». Сялянскі верш пра Паўстанне 1830—1831 гг.[44], запісаны ў 1903 г. І. Луцкевічам у вёсцы Вухвішча Лепельскага павета ад лесніка К. Касцюка. Аўтограф І. Луцкевіча.

Іван Луцкевіч — аўтар навукова-публіцыстычных прац па гісторыі, мастацтве, кніжнай культуры Беларусі. Увёў у навуковы ўжытак помнікі старабеларускай літаратуры XVI ст., пісаныя арабскай графікай «Аль-Кітаб». Збіральнік і даследчык беларускіх старажытнасцей. Яго асабістая калекцыя стала асновай Беларускага музея ў Вільні, адкрытага ў 1921 годзе.

Карыстаўся псеўданімамі Ян Міхальчык, Нашанівец, Шчасны, Palissander Нев.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Канверт Белпошты, прысвечаны Івану Луцкевічу, 2006 г. Мастак Мікола Рыжы.

У першыя ўгодкі смерці Івана Луцкевіча была выдадзеная кніга «Памяці Івана Луцкевіча ў першыя ўгодкі смерці яго» пад рэдакцыяй Антона Луцкевіча. У кнізе змешчаныя тэксты пра Івана Луцкевіча аўтарства Антона Луцкевіча, Лялі (Юліяны) Мэнке, Юрыя (Ежы) Янкоўскага[pl], Адвардага (Эдварда) Будзькі, Максіма Гарэцкага, Леапольда Родзевіча, А. Сегеня, Міхаіла Кахановіча, Язэпа Салаўя, Клаўдзія Дуж-Душэўскага, Змітрака Бядулі. У 1921 годзе ў Вільні быў адкрыты Беларускі музей імя Івана Луцкевіча, створаны на аснове калекцыі Луцкевіча, ліквідаваны савецкімі ўладамі ў 1944 годзе, калекцыя была падзеленая паміж музеямі ЛітССР і БССР, частка адабраная ў РСФСР. У 2001 годзе ў Вільнюсе беларускай дыяспарай было закладзенае грамадскае аб’яднанне «Беларускі музей імя Івана Луцкевіча», якое дзейнічае станам на 2022 год і мае на мэце працяг традыцый Беларускага музея Вільні.

За нямецкай акупацыяй Мінска ў Другую сусветную вайну цяперашнія вуліца і завулак Талстога насілі імя Івана Луцкевіча (ням.: Luzkewitschstrasse і ням.: Luzkewitsch Gasse)[45].

Памятны знак у гонар братоў Луцкевічаў у парку імя Янкі Купалы, Мінск.
Сімвалічная магіла Івана і Антона Луцкевічаў на віленскіх могілках Роса, 2019 г.

У 1993 годзе ў Мінску створана Фундацыя сацыяльных ініцыятыў і даследаванняў імя братоў Луцкевічаў. У прыватным музеі Анатоля Белага ёсць памятная дошка «Заснавальнікам БНР», на якой размешчаны, сярод іншых, барэльеф Івана Луцкевіча[46]. У 2006 годзе Белпошта выпусціла канверт, прысвечаны Івану Луцкевічу (мастак Мікола Рыжы). 7 сакавіка 2018 года ў Мінску ў рамках мерапрыемстваў да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі быў усталяваны памятны знак у гонар братоў Антона і Івана Луцкевічаў. Памятны знак пастаўлены на месцы дамоў Зоф’і Луцкевіч па колішняй Садовай вуліцы (цяпер парк імя Янкі Купалы), дзе браты жылі ў 1896—1906 гадах[47]. 20 жніўня — 11 верасня 2019 года ў Дзяржаўным літаратурным музеі імя Янкі Купалы адбылася першая персанальная выстаўка пра Івана Луцкевіча, прысвечаная 100-годдзю з дня яго смерці[48].

Імя Івана Луцкевіча носіць вуліца ў Драгічыне.

Выбраная бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Анатоль Сідарэвіч. Яны былі першыя. Іван Луцкевіч (да 100-годдзя БНР, публ.27-я)(недаступная спасылка). bsdp.org (14 лістапада 2017). Архівавана з першакрыніцы 21 лістапада 2021. Праверана 21-11-2021.
  2. Як Ян Герман Луцкевіч зрабіўся Іванам? Версія рэлігійная(недаступная спасылка). krynica.info (17 ліпеня 2018). Архівавана з першакрыніцы 21 лістапада 2021. Праверана 21-11-2021.
  3. а б в г д Крывіцкі Л. 1991, с. 10.
  4. Богдан С., Пабеданосцава Кая А. 2018, с. 71.
  5. а б в г Сідарэвіч А. 2014.
  6. а б в г д е ё ж з і к л Серыкава В. 2009.
  7. Сідарэвіч А. 2017.
  8. а б Крывіцкі Л. 1991, с. 11.
  9. Луцкевіч А. 2015, с. 105.
  10. а б в Крывіцкі Л. 1991, с. 13.
  11. а б Анатоль Сідарэвіч. Жыццёвы шлях Івана Луцкевіча. bsdp.org (20 жніўня 2019). Архівавана з першакрыніцы 2-11-2021. Праверана 2-11-2021.
  12. а б Луцкевіч А. 1928.
  13. Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху: выбраныя творы 2003, с. 90.
  14. Антон Луцкевіч. Да гісторыі беларускага руху: выбраныя творы 2003, с. 11.
  15. Крывіцкі Л. 1991, с. 14.
  16. Крывіцкі Л. 1991, с. 15.
  17. Луцкевіч А. 2015, с. 108.
  18. а б в Луцкевіч А. 2015, с. 109.
  19. а б в Луцкевіч А. 2015, с. 110.
  20. Крывіцкі Л. 1991, с. 16.
  21. а б Луцкевіч А. 2015, с. 111.
  22. Міхалюк Д. 2015, с. 119.
  23. а б в г д Луцкевіч А. 2015, с. 112.
  24. Міхалюк Д. 2015, с. 115.
  25. Міхалюк Д. 2015, с. 116.
  26. Міхалюк Д. 2015, с. 200.
  27. а б в г Луцкевіч А. 2015, с. 113.
  28. Міхалюк Д. 2015, с. 354.
  29. а б в Зміцер Лупач, Пётр Яворскі. У Закапаным знайшлі магілу бацькі беларускага нацыянальнага адраджэння?. belsat.eu (20 жніўня 2021). Архівавана з першакрыніцы 31-10-2021. Праверана 31-10-2021.
  30. а б Юліяна Вітан-Дубейкаўская. Мае ўспаміны (25 сакавіка 1994).
  31. Антон Рудак. Як Іван Луцкевіч да сваіх вяртаўся. nlb.by (28 жніўня 2019). Архівавана з першакрыніцы 23-11-2021. Праверана 23-11-2021.
  32. а б Сідарэвіч А. 2003, с. 7.
  33. Сідарэвіч А. 2003, с. 11.
  34. Сідарэвіч А. 2003, с. 14.
  35. Сідарэвіч А. 2003, с. 26.
  36. Сідарэвіч А. 2003, с. 27.
  37. Сідарэвіч А. 2003, с. 50.
  38. а б в Міцкевіч М. 2019, с. 105.
  39. Міцкевіч М. 2019, с. 109.
  40. Чыквін Ян 2005, с. 191.
  41. Ганна Іванова. Сонечны кут у краіне паэтаў. zviazda.by (24 жніўня 2021). Праверана 21-11-2021.
  42. а б Чыквін Ян 2005, с. 192.
  43. Крывіцкі Л. 1991, с. 17.
  44. Уладзімір Сосна «Польскае» паўстанне 1830-1831 гг. і беларускае сялянства. // Российские и славянские исследования : науч. сб. Вып. 4. — 2009. — С. 194.
  45. Нямецкая карта Менска часоў Другой сусветнай вайны. karty.by. Архівавана з першакрыніцы 29-12-2021. Праверана 29-12-2021.
  46. Вячаслаў Кулік. Створаны першы помнік заснавальнікам БНР. svaboda.org. Архівавана з першакрыніцы 22 студзеня 2018.
  47. Максім Ляшко. У парку Янкі Купалы ў Мінску ўсталявалі мемарыяльную дошку ў гонар братоў Луцкевічаў. nashaniva.by (7 сакавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2018. Праверана 7 сакавіка 2018.
  48. «Выбачэнне за гады бяспамяцтва». Упершыню ў Мінску адкрылася выстава пра Івана Луцкевіча // nashaniva.by 21 жніўня 2019

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]