Горад Стамбул

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Горад
Стамбул
турэцк.: İstanbul
Сцяг Герб
Сцяг
Istanbul collage 5f.jpg
Зверху ўніз, злева направа:
дзелавы раён Маслак, Дзявочая вежа, Муніцыпалітэт, Басфорскі мост, Плошча Таксім, Мячэць Лалялі, фінансавы раён Левант, гандлёвы цэнтр «ІсціньеПарк», вуліцы Нішанташы, мост Фаціх Султан Мехмет, панарама горада

Каардынаты: 41°00′00″ пн. ш. 29°00′00″ у. д. / 41° пн. ш. 29° у. д. (G) (O) (Я)41°00′00″ пн. ш. 29°00′00″ у. д. / 41° пн. ш. 29° у. д. (G) (O) (Я)

Краіна
Ранейшыя назвы
Візанціён, Канстанцінопаль
Плошча
2.106 км²
Вышыня цэнтра
100 м
Насельніцтва (2008)
16.767.000 чалавек
Шчыльнасць
6521 чал./км²
Афіцыйны сайт
http://www.ibb.gov.tr/
(тур.)  (англ.) 

Стамбул (Турцыя)
Стамбул
Стамбул

Стамбул — самы вялікі горад Турцыі, марскі порт, культурны і прамысловы цэнтр краіны. Амаль 13-мільённае насельніцтва робіць яго чацвёртым мегаполісам Еўропы. Адзіны мегаполіс планеты, размешчаны ў двух частка свету (Еўропе і Азіі). Былая сталіца Рымскай імперыі (330—395), Усходняй Рымскай імперыі (Візантыі) (395—1204 і 1261—1453), Лацінскай імперыі (1204—1261), Асманскай імперыі (1453—1922). Мае важнае міжнароднае гістарычнае і культурнае значэнне. Гістарычныя раёны Стамбула ў 1985 унесеныя ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Самая старажытная назва горада, якую надалі грэчаскія каланісты — Візантый (па-грэчаску: Βυζάντιον, па-лацінску: Byzantium). Кароткі час у 3 ст. горад называўся Аўгуста Антаніна, гэтую назву даў імператар Септымій Север у гонар свайго сына.

Калі Канстанцін Вялікі зрабіў горад усходняй сталіцай Рымскай імперыі, горад пачаў звацца Другім Рымам (лац: Secunda Roma, грэц.: Δευτέρα Ρώμη). У 5 ст. выкарыстоўвалася назва Новы Рым (лац.: Nova Roma, грэч.: Νέα Ρώμη).

Замест назвы Новага Рыму неўзабаве сталі часцей выкарыстоўваць назву Канстанцінопаль або Канстанцінопаліс (грэч: Κωνσταντινούπολις, лац.: Constantinopolis), што азначае «горад Канстанціна». Да таго ж, у Візантыі горад называлі і «Царыцай гарадоў».

У ісламскім свеце, горад быў вядомы на арабскай мове як: القسطنطينية, лацінкай: al-Qusṭanṭiniyah, старатурэцкай: قسطنطينيه, лацінкай: Kostantiniyye. Пасля заваёвы Канстанцінопаля ў 1453, гэта была афіцыйная назва горада ў турэцкай мове, выкарыстоўвалася да падзення Асманскай імперыі ў 1923. У персідскай і арабскай мовах карысталіся назвамі Rūmiyet al-kubra (буйны горад рымлян) або Taht-i Rūm (сталіца рымлянаў) і падобнымі.

Назва Стамбул ўпершыню згадваецца ў 10 ст. ў армянскіх, турэцкіх і арабскіх крыніцах. Назва паходзіць ад грэчаскага паняцця εἰς τὴν Πόλιν або στην Πόλη, што азначае «у горадзе». Гэтая назва выкарыстоўвалася асманамі да заваёвы гэтага горада, выкарыстоўвалася таксама і падчас асманскага валадарства, хоць афіцыйная назва была قسطنطينيه, (Kostantiniyye). Пасля стварэння Турэцкай Рэспублікі ў 1923, гэтае імя абвешчана адзінай афіцыйнай назвай горада. Як у Візантыі так і ў Асманскай імперыі гораду давалі ганаровыя імёны, напрыклад Дзверы дабрабыту, Высокая Порта, Сталіца прастолу і інш.

Ва ўсходніх і паўднёвых славянскіх мовах, а таксама ў беларускай па-ранейшаму выкарыстоўваецца назва Царград (стараславянск. мова: Цѣсарьградъ, руск. мова: Царьград, балгарск. мова: Цариград, украінск. мова: Царгород, паўднёваславянск. мовы: Цариград). Спалучэнне славянскіх слоў «цар» і «горад», якое, верагодна паходзіць ад грэчаскага тэрміна Βασιλέως Πόλις, што азначае «горад імператара» (або цара).

Сярэднявечныя вікінгі, іначай варагі, гэты горад называлі нарвежскім імем Miklagarðr (Вялікі Горад). Сёння гэта назва выкарыстоўваецца ў ісландскай мове ў выглядзе Mikligarður.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першае паселішча[правіць | правіць зыходнік]

Першым паселішчам чалавека на месцы сучаснага Стамбула лічыцца неалітычнае паселішча, якое было размешчана ў раёне сучаснай станцыі стамбульскага метро Енікапы. Яно датуецца 6500 да н.э.

Самы старажытны помнік культуры знаходзіцца на Анаталійскім беразе Басфора — курган Фіяртэпе, датуецца 55003500 да н.э.

Фракійцы, якія засялілі берагі Басфора ў канцы II тысячагоддзя да н.э., пабудавалі паселішчы Семістра і Лігас (апошняе на Палацавым мысе поруч сучаснага палаца Тапкапы (1100 — 1000 да н.э.) У 685 да н.э на мысе Мода грэкі з Мегары заснавалі паселішча Халкідон.

Візантый[правіць | правіць зыходнік]

Vista-xmag.png Асноўны артыкул: Візантый

У 667 да н.э. на месцы фракійскага Лігаса мегарцы на чале з Бізасам (Бізантам) заснавалі новы горад. У гонар правадыра каланістаў ён атрымаў імя Візантый.

У 512 — 478 да н.э. Візантый знаходзіўся пад уладай Персіі. Пасля вызвалення ўвайшоў у склад Афінскай Архе. У 411 — 409 і 405 — 389 да н.э. — часова знаходзіўся пад кантролем Спарты, у 364 да н.э. — Фіваў. У 357 да н.э. канчаткова выходзіць з падначалення Афін.

У 227 да н.э. горад атакавалі кельты (галы), якія пасля пасяліліся на паўночным беразе Залатога Рога.

У 146 да н.э. Візантый заключыў пагадненне з Рымам, у 74 да н.э. — увайшоў у склад Рымскай рэспублікі. У 193 горад пасля трохгадовай аблогі быў захоплены Септыміем Северам. Ён загадаў разбурыць гарадскія сцены і пазбавіць горад усіх прывілеяў.

Канстанцінопаль[правіць | правіць зыходнік]

Vista-xmag.png Асноўны артыкул: Канстанцінопаль

У 324—330 гадах Канстанцін Вялікі пабудаваў на месцы Візантыя новую сталіцу Рымскай імперыі. За час праўлення Канстанціна ў горадзе было пабудавана 30 палацаў і храмаў, 4 тысячы вялікіх жылых дамоў, па паўтары сотні лазняў і пякарань, 8 вадаправодаў, 2 тэатры, цырк і новы іпадром.

Пасля смерці імператара Феадосія І у 395 г. Рымская імперыя канчаткова распалася на дзве часткі. Канстанцінопаль робіцца сталіцай Усходняй Рымскай або Візантыйскай імперыі.

12 ліпеня 400 г. жыхары Канстанцінопаля з зброяй у руках выганяюць з горада кельтаў. У 412 г. Канстанцінопаль і яго абарончыя збудаванні былі пашкоджаныя землетрасеннем. Таму ў часы Феадосія II на захад ад «канстанцінавых сцен» былі пабудаваны новыя сцены.

Найвышэйшага росквіту Візантый дасягнуў у часы імператара Юстыніяна I (527—565). Ён разгарнуў у сталіцы грандыёзных маштабаў будаўніцтва. У 532—537 гадах быў пабудаваны сабор Святой Сафіі — па тых часах найбуйны ў свеце хрысціянскі храм.

У 625—626 Канстанцінопаль перажыў цяжкую аблогу — з усходу пад яго сценамі стаялі персы, з захаду — авары. У 670, 674—678, 717—718 гг. горад штурмавалі арабы, у 698 г. яго захапілі і абрабавалі самі візантыйцы — супернікі імператара Ляонція, 705 г. каля сцен сталіцы стаялі балгары, якім адкрыў вароты сам імператар Юстыніян II. З 726 г. да 843 г. Канстанцінопаль знаходзіўся ў эпіцэнтры грамадзянскай вайны паміж іконаборцамі і прыхільнікамі шанавання абразоў. У 860, 874, 944, 1043 на горад нападалі русы.

Пасля перамогі пад Манцыкертам у 1071 г. над імператарам Раманам IV Дыягенам, турэцкія султаны з дынастыі Сельджукаў захопліваюць Малую Азію. Усходняя мяжа імперыі праходзіла амаль па прадмесцях Канстанцінопаля.

Аляксей I Камнін спадзяваўся скарыстаць у сваіх мэтах крыжовы рух. Аднак з'яўленне Іерусалімскага каралеўства (гл. далей: Першы крыжовы паход) і актыўнае прасоўванне на Усход заходніх канкурэнтаў — венецыянцаў, генуэзцаў, пізанцаў нанесла ўдар па эканоміцы візантыйскай сталіцы. Незадаволены гэтым Андронік I Камнін у 1183 г. адмяніў прывілеі італьянскіх гандляроў і выгнаў іх за межы імперыі. Венецыянцы адпомсцілі — падчас Чацвёртага крыжовага паходу, заходнія рыцары аблажылі Канстанцінопаль і 13 красавіка 1204 г. узялі горад штурмам і разрабавалі.

Канстанцінопаль быў пераўтвораны ў сталіцу новай дзяржавы — Лацінскай імперыі. Вярнуць сабе горад грэкі здолелі толькі 15 ліпеня 1261 г., калі жыхары адкрылі вароты імператару нікейскаму Міхаілу VIII Палеалогу.

Аднавіць колішнюю магутнасць Палеалогі не здолелі. Канстанцінопаль заняпаў, яго насельніцтва скарачалася. Асабліва адчувальным адток жыхароў стаў тады, калі суседнія султаны з дынастыі Асманаў сталі аб'ядноўваць пад сваёй уладай да таго разрозненыя турэцкія княствы Малой Азіі і паступова захопліваць візантыйскія гарады і правінцыі.

Сталіца Асманскай імперыі[правіць | правіць зыходнік]

Vista-xmag.png Асноўны артыкул: Асманская імперыя
Уступ Мехмеда II ў Канстанцінопаль

У 1457-58 горад стаў сталіцай Асманскай імперыі. Амаль усе жыхары Канстанцінопаля, якія засталіся ў жывых пасля штурму горада, былі пераведзеныя ў рабоў і прададзеныя.

Для новай сталіцы спатрэбіліся новыя жыхары. Першымі перасяленцамі сталі туркі з Аксарая, армяне з Бурсы, грэкі з Эгейскіх астравоў і Пелапанесу. У 1461 г. Мехмед II захапіў Трапезунд і мясцовых грэкаў таксама перасяліў у Стамбул.

Ужо 3 чэрвеня 1453 г. султан загадаў перабудаваць на мусульманскую мячэць сабор Святой Сафіі. Тая ж доля чакала і большасць іншых хрысціянскіх храмаў. Побач з імі пачалі будаваць і новыя мячэці, першай з якіх стаў комплекс у гонар Ейюба Ансары. Мячэць Фаціх была пабудавана пад кіраўніцтвам грэчаскага архітэктара Хрыстадула на месцы і з матэрыялаў царквы Святых Апосталаў. Пры Мехмедзе II таксама пачалося будаўніцтва стамбульскага Вялікага рынка. Недалёка ад былога Форума Феадосія пабудаваны Султанскі палац (Эскі-Сарай), аднак у ім султану было цесна, і ў 1466 на месцы былога Акропаля Візантыя пачалося будаўніцтва новага палаца — Тапкапы. Пасля сюды пераехаў сам султан і яго канцылярыя, а двор і Гарэм засталіся ў старым палацы.

Спачатку горад выглядаў маланаселеным, да таго ж у большасці яго жыхароў не было прыстойных умоў для існавання. Не дзіўна, што людзі паміралі ад хвароб, толькі чума штогод забірала некалькі сотняў жыццяў. Аднак насельніцтва Стамбула хутка расло, і да канца ХV ст. перавысіла 200 тысяч, амаль у 7 раз больш, чым за апошнія гады існавання Візантыі. Мусульмане пры гэтым не складалі і 60 % жыхароў горада. У 1509 г. сталіца стала ахвярай землетрасення, якое разбурыла больш за сто мячэцяў і некалькі тысяч жылых дамоў.

У 1512 г. пры падтрымцы янычараў Стамбул захапіў султан Селім I, які адхіліў ад улады свайго бацьку — Баязіда ІІ. У 1513 г. ён загадаў знішчыць у сваіх уладаннях, і ў сталіцы ў прыватнасці, усіх шыітаў — сапраўдных або падазроных. Затое пасля захопу ў 1517 г. Егіпта ў Стамбул перасялілі тысячы Каірскіх рамеснікаў. Хіджаз прызнаў уладу Асманаў і султана ў якасці халіфа мусульман. У пацвярджэнне гэтаму на берагі Басфора перавезлі ісламскія рэліквіі. Стамбул ператварыўся ў цэнтр ісламскага свету.

Сулейман Вялікі і яго нашчадкі[правіць | правіць зыходнік]

У часы кіравання Сулеймана І у 1520—1566 гадах горад перажывае новы «залаты век». Імперыя, якая працягнулася ад Марока да Індыйскага акіяна, абавязана была трымаць годную сталіцу. У Стамбуле будуюцца новыя мячэці, медрэсэ і іншыя будынкі. Галоўны архітэктар Сулеймана Сінан будуе, у прыватнасці мячэць Шах-задэ (скончана ў 1548) і мячэць Сулеймана, якая ператварылася ў сапраўдны сімвал Стамбула. Разбудоўваецца палац Тапкапы, куды па патрабаванні жонкі султана Раксаланы перабіраецца і султанскі гарэм. Свой палац будуе і вялікі візір Ібрагім-паша — з заходняга боку былога іпадрома.

Пасля смерці Сулеймана Асманская імперыя пачынае хіліцца да заняпаду, але ў сталіцы працягваюць будаваць мячэцямі і медрэсэ, рынкаў і лазняў. У часы Ахмеда I, будуецца Блакітная мячэць (1609—1616) — першая ў ісламскім свеце мячэць з шасцю мінарэтамі.

Велізарныя выдаткі на будаўніцтва ў горадзе спусташалі дзяржаўны скарб, а ваеннае шчасце ад імперыі пачало адварочвацца. Асман II у 1622, раздражнены паражэннем пад Хоцінам, наогул вырашыў перанесці сталіцу на ўсход — да Дамаска або Алепа. Аднак паўсталі янычары, султана схапілі і пасля катавання забілі ў крэпасці Едыкуле.

Да сярэдзіны XVII ст. Стамбул ператвараецца ў адзін з найбуйных гарадоў тагачаснага свету. У горадзе працавала 23 тысячы майстэрняў (80 тысяч рабочых). Толькі буйных купцоў налічвалася 15 тысяч. Ім належала 32 тысячы крам і складоў. Аднак жыллёвае і гаспадарчае будаўніцтва вялося хаатычна і пажары пагражалі ледзь не ўсяму гораду. У 1572 быў прыняты нават адмысловы закон, які патрабаваў ад гаспадара кожнага дому мець драбіны і вялікія бочкі з вадой. Тым не менш толькі з 1633 да 1698 — у Стамбуле адбылося 21 вялікіх пажараў, найбольшы — у 1660.

Стамбул заставаўся цэнтрам не толькі турэцкай або ісламскай культуры. У горадзе працягвала дзейнічаць Канстанцінопальская Патрыярхія праваслаўнай царквы (рэзідэнцыяй патрыярха з 1456 была царква Багародзіцы (у 1587 ператвораная ў мячэць), з 1720 — царква Святога Георгія). У 1565 была адкрыта першая армянская друкарня, у 1627 — першая грэчаская. І толькі ў 1727 султан Ахмед III, які лічыў сябе вялікім асветнікам, пабудаваў у палацы Тапкапы бібліятэку (1719) і даў дазвол на адкрыццё друкарні для друку кніг на турэцкай і арабскай мовах, пры ўмове што яна не будзе друкаваць рэлігійнай літаратуры (супраць гэтага пярэчыла духавенства).

Апошняе дзесяцігоддзе кіравання Ахмеда III атрымала назву «эпохі цюльпанаў» і праславілася модай на ўсё раскошнае і французскае. Па ўзоры Версаля ў Стамбуле і побач з ім, адзін за адным будуюцца султанская палацы ў стылі барока і ракако — Саадабад, Гумаюнабад, Нешабад, Ферахабад і інш.

Рэформы[правіць | правіць зыходнік]

У XVIII ст. Асманская імперыя знаходзіцца ў стане глыбокага крызісу. Эканамічная дэградацыя дапаўняецца палітычным застоем. Паражэнні ў войнах з Аўстрыяй і Расіяй ёсць чарговым сведчаннем паглыбленнем крызісу, але і спробы мадэрнізацыі, першым чынам, ваеннай арганізацыі (у Стамбуле, у прыватнасці, ствараюць артылерыйскую, інжынерную, навігацыйную і марскую школы) прычыняюцца да барацьбы між сабою пануючых пластоў грамадства. Порта губляе Крым і Паўночнае Прычарнамор'е, на Егіпет замахваюцца адначасова французы і брытанцы, «вялікія» дзяржавы пачынаюць абмяркоўваць будучыню ўсёй імперыі Асманаў (так званае «Усходняе пытанне») і статус чарнаморскіх праліваў. Порту адкрыта пачынаюць зваць «Хворы Басфор».

Усё гэта прымушае султана Селіма III (1789—1807) пачаць сапраўдныя рэформы. У 1793 г. ствараюцца першыя часці рэгулярнага войска, у сталіцы будуюцца новыя казармы, пашыраюцца ваенныя школы, аднаўляецца праца друкарняў. Незадаволеныя новаўвядзеннямі, янычары у 1807 г. скідваюць манарха-рэфарматара і саджаюць на сталец сваіх марыянетак. Прыхільнікі рэформ збіраюць уласнае войска і з яго дапамогай прыводзяць да ўлады Махмуда II, які працягвае справу Селіма. Праўда яму даводзіцца адначасова змагацца з паўстаннем грэкаў, на боку якіх — грамадская думка ўсёй Еўропы, і змяняць чыноўнікаў-фанарыётаў лаяльных туркам. Пасля чарговага мецяжу янычараў, султан канчаткова ліквідуе янычарскі корпус.

Наступны султан Абдул-Меджыд I (1839—1861) 3 лістапада 1839 выдае Гюльханейсі ўказ аб пачатку глыбокіх рэформ, якія атрымліваюць назву «танзімат». Стамбул таксама мяняецца. У 1845 г. пабудаваны першы пастаянны Галацкі мост. У 1846 г. адчыняецца Сельскагаспадарчая школа, 1848 — першае педагагічнае вучылішча, 1850 — таварыства Еджумен і Даніш (Старатурэцкая Акадэмія навук), у моду зноў, але ўжо сярод шырэйшых пластоў, уваходзяць французская мова і еўрапейская адзежа. Тым больш, што падчас Крымскай вайны англічане з французамі становяцца саюзнікамі, і іх салдаты размяшчаліся ў Стамбуле. Пасля перамогі над Расіяй рэзідэнцыю султана ўрачыста пераносяць з палаца Тапкапы ў новую рэзідэнцыю, пабудаваную па еўрапейскім узоры, — палац Далмабахчэ. У 1867 г. пачынае працаваць першы турэцкі прафесійны тэатр, у 1868 — Галатасарайскі ліцэй. У 1870 афіцыйна адчыняецца ўніверсітэт, праўда праіснаваў ён нядоўга — да канца 1871 г. У 1871 г. ў Стамбуле з'яўляецца першая трамвайная лінія, а ў 1875 карлікавая лінія метро.

Абдул-Гамід II і «младатуркі»[правіць | правіць зыходнік]

Публічнае выступленне, Стамбул, 1908

У 1875 урад імперыі змушаны быў абвясціць аб дзяржаўным банкруцтве. Бездапаможнасцю ўлады паспрабавалі скарыстацца апазіцыянеры — «новыя асманы» на чале з Ахмедам Мідхат-пашою. Пад ціскам вуліц і ўлічваючы незадаволенасць у воінскіх часцях султан Абдул-Азіз у маі 1876 згаджаецца ўвесці Мідхат-пашу ў склад урада, а пасля — і сам зракаецца стальца.

Новы султан Мурад V абмяжоўваецца амністыяй і фармальнай згодай на абмеркаванне праекту канстытуцыі. Праз тры месяца адхіляюць ад улады і яго. Новым султанам робіцца Абдул-Гамід II. Ён прызначае Мідхат-пашу вялікім візірам. 23 снежня 1876 г. на ўрачыстай цырымоніі ў Стамбуле ад імя султана аб'яўляюць аб увядзенні канстытуцыі. Але выконваць яе Абдул-Гамід II не збіраўся. У лютым Мідхата адхіляюць ад урада. Абраны парламент прапрацаваў толькі год. Пад прычынай новай вайны з Расіяй дэпутатаў разганяюць і султан усталёўвае рэжым асабістай дыктатуры, які атрымаў назву «зулюм». Уведзена жорсткая цэнзура, іншадумцаў за малую падазронасць арыштоўваюць, па краіне коцяцца армянскія пагромы.

«Вялікія дзяржавы» на ўсё гэта заплюшчвалі вочы. Бо эканоміка імперыі хутка перайшла пад іх кантроль. У 1881 у Стамбуле еўрапейцы ствараюць «Адміністрацыю асманскай дзяржаўнай пазыкі», якая атрымлівае права збіраць падаткі з падданых султана для вяртання замежных пазык. Функцыі цэнтральнага дзяржаўнага банка фактычна выконвае Атаманскі банк, які на самай справе з'яўляецца ўласнасцю брытанцаў і французаў. Імперыя адчыняецца Захаду. У 1889 у Канстанцінопалі адчыняецца чыгуначны вакзал, які прымае знакаміты «Усходні экспрэс» маршрутам «Парыж-Стамбул». Замежнікі прымаюць удзел і ў развіцці ўласнай інфраструктуры асманскай сталіцы — у канцы XIX ст. горад атрымлівае сучасную сістэму электра і водазабеспячэння.

Змаганне супраць рэжыму «зулюма» узначальвае партыя «Яднанне і прагрэс» («маладыя туркі»), першая суполка якой была створана ў Стамбуле ў 1889 г. У 1908 г. успыхнула Младатурэцкая рэвалюцыя. 24 чэрвеня Абдул-Гамід II, змушаны выканаць ультыматум рэвалюцыянераў, выдае ўказ аб узнаўленні канстытуцыі і склікання парламента. Але ў красавіку 1909 у Стамбуле ўспыхвае мяцеж. Младатуркі накіроўваюць у сталіцу войска і фактычна бяруць горад штурмам. Абдула Гаміда II канчаткова пазбаўляюць стальца.

Турэцкая рэспубліка[правіць | правіць зыходнік]

Вайну за незалежнасць Турцыі ўзначаліў Мустафа Кемаль (Атацюрк). Сталіцай новаўтворанай Турэцкай Рэспублікі стала Анкара. У 1930 г. прыняты закон, які забараніў у афіцыйных дакументах выкарыстоўваць назву Канстанцінопаль. Адзінай афіцыйнай назвай горада стала імя Стамбул.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Стамбул размяшчаецца ў паўночна-заходняй частцы Турцыі, у Мармуроваморскім рэгіёне і займае плошчу каля 5,5 тысяч км². Праліў Басфор, які злучае Мармуровае і Чорнае моры, падзяляе горад на дзве вялікія часткі: еўрапейскую, дзе размяшчаюцца гістарычныя і эканамічныя цэнтры горада, і азіяцкую, ці анаталійскую, — такім чынам, Стамбул з'яўляецца адзіным горадам на планеце, які ляжыць у двух частках свету.

Заходняя частка Стамбула надалей раздзяляецца яшчэ і залівам Залаты Рог, натуральнай бухтай у праліве Басфор, вакол якой ўтварыўся Візантый, а потым Канстанцінопаль. Злучэнне Мармуровага мора, Басфора і Залатога Рогу — гістарычнае сэрца горада і выдатны краявід сучаснага Стамбула.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Стамбул размяшчаецца ў зоне умеранага клімату. Сярэдняя гадавая тэмпература складае 14,3 °C, сярэдняя гадавая колькасць ападкаў — 844 мм.[1] Мікракліматычныя асаблівасці фарміруюцца ў халмістых, прыморскіх і ўнутраных раёнах горада.

Самым цёплым месяцам з'яўляецца жнівень са сярэдняй тэмпературай 23,5 °C, самым халодным — студзень з тэмпературай у 5,8 °C. Найбольшая колькасць ападкаў выпадае ў снежні, у сярэднім 124 мм; найменшае — у чэрвені, у сярэднім 34 мм.

Самая нізкая зарэгістраваная тэмпература склала −16,1 °C (9 лютага 1927). Самая высокая зарэгістраваная тэмпература склала 40,5 °C (12 ліпеня 2000).[2]

Месяц Сту Лют Сак Кра Май Чэр Ліп Жні Вер Кас Ліс Сне Год
Сярэдні максімум °C 8,7 9,1 11,2 16,5 21,4 26,0 28,4 28,5 25,0 20,1 15,3 11,1 18,8
Сярэдні мінімум °C 2,9 2,8 3,9 7,7 12,0 16,0 18,5 18,7 15,5 12,0 8,5 5,3 10,5
Крыніца: Сусветная метэаралагічная арганізацыя

Адміністратыўнае дзяленне[правіць | правіць зыходнік]

Map of the Districts of Istanbul.png

Стамбул дзеліцца на 27 акруг, якія могуць уключаць сельскія прыгарады і асобныя населеныя пункты:

Аўджылар, Кючукчэкмеджэ, Бакыркёй, Бахчэліэўлер, Багджылар, Гюнгёрэн, Эсэнлер, Байрампаша, Зейтынбурну, Фаціх, Эмінёну, Бейёглу, Бешыкташ, Шышлі, Кагытхане, Сарыйер, Газіасманпаша, Эйюп, Ускюдар, Бейкоз, Кадыкёй, Картал, Пендык, Тузла, Юмранійе, Прынцавы астравы і Малтэпе.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Грамадскі транспарт[правіць | правіць зыходнік]

трамвай

Хуткі трамвай (T1) пачаў перавозкі пасажыраў з 1992, маючы еўрапейскую шырыню каляіны, злучыў Сіркеджы з Тапкапы. Лінія была працягнутая ад Тапкапы ў Зейтынбурну ў сакавіку 1994, і ад Сікерджы да Емін'ёну ў красавіку 1996. 30 студзеня 2005 лінія была падоўжаная ад Емін'ёна да Фіндыклі захапіўшы Залаты Рог па Галатыйскаму масту.

Лінія мае 24 станцыі, даўжыню 14 км. Першапачаткова абслугоўвалася 22 цягнікамі лёгкага метро, вытворчасці ABB, якія цяпер пераведзеныя на іншыя лініі, у той час на станцыях былі часовыя высокія платформы. Гэтыя цягнікі былі замененыя на 55 вагонаў Flexity Swift вытворчасці Bombardier Transportation у 2003 г. Працягласць поўнай паездкі 42 хвіліны. Штодзённая здольнасць перавозкі 155 000 чалавек. Кошт праекту US $ 110 млн.

У верасні 2006 г. была адкрыта лінія трамвая Т2 кірункам ад Зейтынбурну да BAGCILAR. Лінія абслугоўваецца 14 вагонамі лёгкага метро вытворчасці ABB. Станцыі маюць высокія платформы на ўзроўні падлогі рухомага саставу.

метро

У пачатку XX стагоддзя ў Стамбуле працаваў Цюнэль (турэцк.: Tünel) — падземны фунікулёр, першапачаткова ён працаваў на коннай цязе, але ў 1910 быў электрафікаваны.

Будаўніцтва сучаснага падземнага метрапалітэна ў Стамбуле пачалося ў 1992 г. Першая лінія (M2) Taксім — 4-ы Левент уведзена ў эксплуатацыю 16 верасня 2000 г. Даўжыня лініі 8,5 км, мае 6 станцый, пабудаваных аднатыпна, але ў розных колерах. Цяпер працуюць 8 цягнікоў па 4 вагона ў кожным. Інтэрвал руху 5 хвілін, штодзённая перавозка 130 000 пасажыраў. Працягласць паездкі 12 хвілін. Падземка здольная процістаяць землетрасенням магутнасцю 9 балаў шкалы Рыхтэра.

Паўночная галіна 4-ы Левент — Маслак была адчыненая ў студзені 2009 г. Паўднёвая галіна ад Таксіму да Енікапі, перасякае Залаты Рог па мосце і далей вяртаецца пад старым горадам у Чычкан, у цяперашні час цалкам гатовая і як чакаецца мусіць уведзена ў эксплуатацыю ў 2009 г. Участак будзе мець даўжыню 5,4 км і чатыры станцыі.

На азіяцкім баку горада, працягваецца будаўніцтва лініі ад Кадыкай да Картал.

Марскі транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Марскі транспарт мае жыццёвую важнасць для Стамбула, бо горад практычна з усіх бакоў абмывае мора: Мармуровае мора і Залаты Рог, Басфор, Чорнае мора. Шмат жыхароў Стамбула жывуць на Азіяцкім баку горада, але працуюць на Еўрапейскім. Знакамітыя прыгарадныя паромы фармуюць аснову штодзённага перамяшчэння паміж двума часткамі горада — і транспартуюць у дзень больш, чым абодва вісячыя масты праз Басфор.

IDO (Istanbul Deniz Otobusleri — Стамбульскі марскі аўтобус) быў заснаваны ў 1987 г., дзейнічае паміж еўрапейскім, азіяцкім і некаторымі іншымі прыстанямі ў Мармуровым моры.

Стамбульскі порт — адзін з галоўных у краіне. Стары порт на Залатым Рогу выкарыстоўваецца для асабістай навігацыі. Порт Каракай, выкарыстоўваецца для круізных караблёў, галоўны Стамбульскі грузавы порт знаходзіцца ў раёне Гарэм на азіяцкім баку горада.

Аэрапорты[правіць | правіць зыходнік]

Стамбул валодае двума міжнароднымі аэрапортамі: найбольшы гэта Міжнародны аэрапорт Атацюрк размешчаны ў раёне Ешылкёй (Сан Стэфана) на Еўрапейскім баку, у 24 км ад цэнтра горада. Калі ён быў пабудаваны, то знаходзіўся на захадзе сталічнай вобласці, але цяпер ляжыць у межах горада.

Меншы — Міжнародны аэрапорт Сабіха Гёкчэн размешчаны ў раёне Курткёй, што ў Азіяцкай частцы горада Знаходзіца, прыкладна ў 20 км на ўсход ад азіяцкіх кварталаў і 45 км на ўсход ад цэнтра горада.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У горадзе знаходзіцца шмат універсітэтаў, якія ў асноўным дзяржаўныя, але існуюць таксама і прыватныя ўніверсітэты.

  • (Bahçeşehir University)
  • (Boğaziçi University)
  • Фаціх універсітэт
  • Галатасарай універсітэт
  • (Işık University)
  • (İstanbul Bilgi University)
  • (İstanbul Technical University)
  • (İstanbul University)
  • (Koç University)
  • (Marmara University)
  • (Sabancı University)
  • (Yeditepe University)
  • (Yıldız Technical University)

Славутасці Стамбула[правіць | правіць зыходнік]

Цэрквы[правіць | правіць зыходнік]

Царква Святой Сафіі
Манастыр Ліпса

Мячэці[правіць | правіць зыходнік]

Блакітная мячэць

Палацы[правіць | правіць зыходнік]

Палац Тапкапы

Плошчы[правіць | правіць зыходнік]

Егіпецкі кірмаш

Вежы[правіць | правіць зыходнік]

Масты[правіць | правіць зыходнік]

Кірмашы Стамбула[правіць | правіць зыходнік]

Небаскробы[правіць | правіць зыходнік]

Гарады пабрацімы[правіць | правіць зыходнік]

Братскімі гарадамі Стамбула з'яўляюцца 48 гарадоў свету:[3]

Файл:Bosphorus Bridge night skyline panorama.jpg
Начная панарама горада

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 356
рус.англ.фр.
Commons

Зноскі

  1. Yıllık Toplam Yağış Verileri - İstanbul.
  2. Extreme Temperatures Around the World- world highest lowest temperatures. Mherrera.org. Праверана 22 студзеня 2010.
  3. http://www.greatistanbul.com/sister_cities.htm Гарады пабрацімы г. Стамбула