Маргарэт Тэтчэр
Маргарэт Хільда Тэтчэр (англ.: Margaret Hilda Thatcher, дзявоч. Робертс; нар. 13 кастрычніка 1925 г.) — брытанская палітычная дзяячка, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі (1979—1990).
Скончыла Оксфардскі універсітэт у 1950 годзе. Была першай жанчынай-старшынёй універсітэцкай асацыяцыі кансерватыўнай партыі. У 1951 году выйшла замуж за прадпрымальніка Дэніса Тэтчэра. У 1954 годзе атрымала пасведчанне адваката. У 1959 годзе была вылучаная дэпутатам Палаты абшчын. У 1961—1964 гадах парламенцкі сакратар міністэрства пенсій і сацыяльнага забеспячэння. У 1970—1974 гадах Маргарэт Тэтчэр была міністрам асветы і навукі ў кабінеце Э. Хіта. З лютага 1975 года лідар Кансерватыўнай партыі.
У 1979 годзе Тэтчэр стала прэм'ер-міністрам і пачала энергічныя высілкі па рэфармаванні брытанскай эканомікі, у рамках якіх былі, між іншым, прыватызаваныя шматлікія дзяржаўныя кампаніі.
Падчас Фалклендскага канфлікту Тэтчэр выявіла сябе рашучым палітыкам і лідарам дзяржавы, і ваеннай экспедыцыяй вярнула Вялікабрытаніі кантроль над астравамі.
Рашучымі дзеяннямі Тэтчер заслужыла мянушку «жалезная ледзі» за непахіснае ўтрыманне абранага курсу. У лістападзе 1990 года пакінула пост лідара партыі і тым самым прэм'ер-міністра.
Прэм'ерства Тэтчер было самым працяглым у XX стагоддзі. Нават у XIX стагоддзі даўжэй, чым яна, брытанскі ўрад узначальвалі толькі лорд Ліверпуль і Гладстон (прычым Гладстон не за адзін раз).
Пасля выхаду ў адстаўку напісала кнігу «Мастацтва кіравання дзяржавай».
26 чэрвеня 1992 Тэтчэр быў прысвоены тытул баранесы (у сваім праве) і герб.
Сталы член Більдэльберскага клуба.
