Еўфрасіння Полацкая

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
EufrasinniaPolackaja.jpg

Еўфрасі́ння Полацкая, верагоднае[1] хроснае імя Еўпра́ксія (Параскева), свецкае імя Прадсла́ва (магч. 5.1.1104[2], Віцебск[3]? — 23.5.1173[4] або 23.5.1167[5], Іерусалім), — манахіня і і ігумення праваслаўнага манастыра, асветніца. Прылічана да святых Рускай праваслаўнай царквой (1893).

У наш час прынятае шанаванне Еўфрасінні як "заступніцы Беларусі" і "асветніцы Беларусі" (Гл. таксама: шанаванне і кананізацыя). Таксама заўважаецца, што асветніцкая дзейнасць Еўфрасінні магла мець не цалкам кананічны характар, а яе царкоўная дзейнасць магла быць скіраванай, на грунце яе высокага паходжання, у абыход царкоўнай іерархіі, на павышэнне самастойнасці Полацка ў царкоўных справах. Мяркуецца, што гэта магло быць прычынай канфліктаў між Еўфрасінняй і царкоўнымі ўладамі, і паслужыла сапраўднай прычынай таго, што астанкі Еўфрасінні былі пакінутыя ў Кіеве, а не вярталіся ў Полацак[6].

Дакументальных звестак пра жыццё і дзейнасць Еўфрасінні амаль не існуе. Асновай гістарыяграфіі з'яўляецца яе "Жыціе", а іканаграфіі — ікона, што была напісаная да кананізацыі і не захавалася да нашых дзён, а ў крыніцы 19 ст. апісваецца так: "Подобием бледна лицем от пощения, ризы преподобнические, как у преподобномученицы Евдокеи". Найбольш старажытнай захаванай іканапіснай выявай лічыцца гравюрная копія 16 ст., зробленая з даўняга арыгіналу.

[правіць] Сям'я

Прадслава паходзіла з княскай сям'і і была старэйшай[7] дачкой Святаслава Усяславіча[8] (ракло́, г. зн. хроснае імя, Георгій), сына Усяслава Брачыславіча. Паводле ўскосных звестак, маці была адна са старэйшых дачок Уладзіміра Манамаха, і, магчыма, мела імя Соф'я[9]. Звесткі пра блізкае сваяцтва з домам Камнінаў лічацца бяздоказнымі.

Прадслава атрымала параўнальна добрую для таго часу хатнюю адукацыю. У 12-гадовым узросце бацька намерыўся выдаць яе замуж[10]. Князёўна, аднак, адмовілася ад шлюбу і ўвогуле ад свецкага жыцця, і патаемна прыняла пострыг у Полацкім[11] манастыры (магчыма, 15.2.1116)[12]. Прычыны такой пастановы невядомыя, але не выключана, што свой уплыў зрабіла даволі бяспраўнае становішча жонак тагачасных арыстакратаў[13].

[правіць] У царкве

Верагодна, у канцы 1110-х гг. Еўфрасіння прыняла і чын схімы. Праз пэўны час перасялілася (між 1118 і 1122, магчыма, што пасля ваенных дзеянняў 1119) у келлю пры полацкім Сафійскім саборы, пачала перапісваць кнігі ў скрыпторыі пры тамтэйшай бібліятэцы. Менавіта перапісванне кніг было, відаць, адным з яе схімных зарокаў. Звесткі пра пісанне Еўфрасінняй Полацкага летапісу, якія прыводзяцца, напр., у Борха і Ластоўскага — легендарныя, нічым не пацверджаныя[14].

У сярэдзіне 1120-х гг. Еўфрасіння, тады яшчэ інакіня, ініцыявала будову жаночага Спаскага манастыра кінавіяльнага чыну[15] ў Сяльцы, на месцы старой рэзідэнцыі полацкіх епіскапаў (легендарны відзеж і благаслаўленне епіскапа адносяцца, між іншым, да ночы свята Праабражэння Гасподняга 6.8.1126[16]), тады ж была ўзведзена ў сан ігуменні гэтага манастыра. У далейшым, ініцыявала будову або перабудову Спаса-Праабражэнскай царквы манастыра (канец 1132— жнівень 1133[17], іншая думка: 1139—1140)

Пазней ініцыявала будову мужчынскага Багародзіцкага манастыра (збуд. у сяр. XII ст.; у 1580 г. ўжо не існаваў, або быў у поўным заняпадзе) і царквы Святой Багародзіцы пры ім (1151—1154 гг., асвячэнне - 1157 г.) не захавалася.

Паслала слугу[18] Міхаіла да цара Мануіла I Камніна і патрыярха Лукі Хрысаверга ў Канстанцінопаль па ікону святой Эфескай Багародзіцы для Багародзіцкага манастыра, але насамрэч ёй была прысланыя копіі Царградскай Адзігітрыі і рэліквіі (1159—1160). Заказала Лазару Богшу выраб напрастольнага крыжа з рэліквіямі, які пазней стаў вядомы як Крыж Еўфрасінні Полацкай (1161)

У канцы жыцця выправілася ў паломніцтва ў Іерусалім (1167). Магчыма, што пры гэтым выконвала і царкоўна-дыпламатычную місію, а на землях Русі, якія праяжджала — міратворчую місію. Сустракалася з імператарам Мануілам, верагодна, была ў Канстанцінопалі, у канцы красавіка дасягнула Іерусаліму[19], дзе захварэла і памерла.

[правіць] Пасля смерці

Еўфрасіння была пахаваная ў Феадосіевым Іерусалімскім манастыры, пасля захопу гораду мусульманамі рака з целам была перанесеная ў Феадосіеву пячору Кіеўскай лаўры (1187). Існуе думка, што апошняй воляй Еўфрасінні магло быць пахаванне ў манастыры святога Феадосія, што і стала прычынай[20] таго, што рака з астанкамі была пакінута ў Кіеве, а не вернута ў Полацак.

Мясцовае царкоўнае шанаванне ў Полацкай зямлі пачалося ўжо ў канцы XII ст., калі тут ужо існавала царкоўная служба найпадобнай Еўфрасінні Полацкай, і было складзена агіяграфічнае "Жыціе" (верагодна, да 1187, і ў адным з заснаваных Еўфрасінняй манастыроў).

Царкоўнае шанаванне да 16 ст. мела толькі мясцовы характар, і ў Маскоўскай Русі, да ўключэння ў Макар'еўскія спісы, імя Еўфрасінні амаль не было вядомым. Аднак, і на Макар'еўскіх саборах 1547 і 1549 афіцыйнай кананізацыі не адбылося. Агульная служба святой была зацверджана РПЦ толькі адносна нядаўна (1893).

Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр у Полацку

У новы час, пасля хадайніцтваў вернікаў Полацкага павету, спачатку частка мошчаў (1871), а потым і самі астанкі, з выняткам сімвалічнай часткі былі перанесеныя ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр (1910). Таксама была абвешчана і гаючасць астанкаў. У час эвакуацыі ў Першую сусветную вайну астанкі былі перанесены (1915) ў Растоўскі Аўраміеў манастыр. Там, у 1920 г., грабніца была ўскрытая, а 13 мая 1922 г. яна была ўскрытая паўторна, астанкі былі адасланыя на атэістычную выставу ў Маскву, а адтуль — у экспазіцыю Віцебскага краязнаўчага музея. Усе каштоўнасці, якія былі пры астанках, у тым ліку 40-пудовая срэбная рака, былі канфіскаваныя. У час нямецкай акупацыі вернікі перанеслі раку ў Свята-Пакроўскую царкву, потым (23.10.1943) астанкі былі вернутыя ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, дзе застаюцца і дагэтуль.

Праваслаўныя храмы ў імя Еўфрасінні Полацкай існуюць у Лондане, Саўс-Рывер (каля Нью-Йорка, ЗША), Таронта. У Беларусі існавала Івянецкая Свята-Еўфрасіннеўская царква (збуд. у 1914 г., разбурана ў 1951 г.), у 1990-х таксама была збудаваная новая царква таго ж імя. У Мінску на вул. Прытыцкага напрыканцы 1990-х гг. была пабудавана царква ў гонар Еўфрасінні Полацкай, якая адносіцца да Мінскага прыходу.

[правіць] Глядзі таксама

Зноскі

  1. Паводле: Мельнікаў, С.32.
  2. Наогул, дапушчальным інтэрвалам лічыцца перыяд 1101—1105. Дата 1104 прапанаваная ў манаграфіі Мельнікава, С.45—47. Традыцыйная раней дата 1120 з'яўляецца цалкам нерэальнай, а варыянт 1110 таксама здаецца сумлеўным. Мельнікаў, С.35.
  3. Згодна з найбольш верагодным бацькавым валоданнем, якім не быў Полацак. Мельнікаў, С.29,30.
  4. У розных крыніцах дзень смерці падаецца як 23 (традыцыйны ў царкве, дзень шанавання), 24 і 25 мая, і нават безумоўна памылковая дата 11 снежня. Мельнікаў, С.99.
  5. Думка пра 1167 як год смерці прапаноўваецца ў манаграфіі А. А. Мельнікава, але лічыцца неабгрунтаванай, напрыклад, В. А.Чамярыцкім у яго каментары. Мельнікаў, С.99.
  6. Гаранін. Еўфрасіння Полацкая і епіскап Ілля...
  7. Мельнікаў, С.37.
  8. Радзей атаясамляецца з братам Расціславам Усяславічам.
  9. А. А. Мельнікаў са спасылкай на меркаванне В. Л. Яніна лічыць, на падставе тагачаснай традыцыі надання манаскага імя, аднолькавага ў першай літары з свецкім, што тая дачка Манамаха Соф'я, якая была выдана за венгерскага каралевіча, і пазней была інокіняй Яўфіміяй, мела, насамрэч, імя Алена (царкоўнасл. Евфимия і Елена). С.31,32.
  10. Верагодна, за сына смаленскага князя Яраполка Уладзіміравіча (Манамашыча).
  11. У Ізяслаўскім манастыры, паводле версіі Мельнікава, які меркаваў, што іншага адпаведнага манастыра, у т.л. Полацкага, тады ў Полацкай зямлі не было. Мельнікаў, С.42—48.
  12. Мельнікаў, С.42—48.
  13. Асабліва лёс такой вядомай сучасніцы, як Еўпраксія Усеваладаўна (германская імператрыца Адэльгейда), жонка імператара Генрыха IV (каментар Л. В. Ляўшун). Мельнікаў, С. 40, 41.
  14. Мельнікаў, С.54,55.
  15. Каментар Л. В. Л С.76.
  16. Мельнікаў, С.61,62.
  17. Мельнікаў, С.70—72.
  18. Відавочна, пад "слугой" разумеўся "княскі слуга" — былы баярын. Гаранін...
  19. Паводле думкі Мельнікава.
  20. Мельнікаў, С.101.

[правіць] Крыніцы

  • Мельнікаў А. А. Еўфрасіння Полацкая (Жыціе Еўфрасінні Полацкай з каментарыямі А. А. Мельнікава) // Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў / Аляксей Мяльнікаў. — Мн.: Выд-ва "Чатыры чвэрці", 2005. — 592 с.: іл. ISBN 985-6734-28-2. С.14—315.
  • Гаранін С. Л. Еўфрасіння Полацкая і епіскап Ілля: Гісторыя стасункаў і прычына канфлікту [2002] // Мельнікаў А. А. З неапублікаванай спадчыны: Манаграфіі, артыкулы, вершы, матэрыялы навуковай канферэнцыі, успаміны сучаснікаў / Аляксей Мяльнікаў. — Мн.: Выд-ва "Чатыры чвэрці", 2005. — 592 с.: іл. ISBN 985-6734-28-2. С.499—507.
Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах