Міжнародны адказны купон

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з МКА)
Адваротны бок купона з Беларусі.

Міжнаро́дны адка́зны купо́н, скарочана МАК (фр.: coupon-réponse international, CRI; англ.: international reply coupon, IRC)[1] — купон, які быў створаны Сусветным паштовым саюзам (СПС) для абмену на знакі паштовай аплаты у дзяржавах-членах СПС. Купон абменьваецца на пошце адпраўшчыкам ліста за мяжу на адну або болей паштовых марак для аплаты мінімальнага паштовага збору[2].

Прызначэнне і выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Міжнародныя адказныя купоны распаўсюджваюцца пад эгідай СПС. З прычыны, што на сённяшні дзень СПС аб’ядноўвае 190 краін-членаў, а адказныя купоны прымаюцца ўсімі ўдзельнікамі Саюза, механізм МАК фактычна ахоплівае ўвесь свет.

Прызначэнне міжнароднага адказнага купона — наданне магчымасці асобе, якая набыла яго, даслаць адрасату, які знаходзіцца ў іншай краіне, ліст разам з аплатай кошту перасылкі адказнага ліста. Калі адрасат знаходзіцца ў той жа самай краіне, то неабходнасці ў такіх купонах няма, бо магчыма выслаць аплачаны канверт з адваротным адрасам. Але калі адрасат жыве ў іншай краіне, то выкарыстанне міжнароднага адказнага купона здымае з яго неабходнасць набыцця знакаў паштовай аплаты або высылкі яму для гэтай пакупкі адпаведнай валюты. Атрымальнік ідзе з адказным лістом на пошту, абменьвае там ужо прысланы яму ў канверце купон на адпаведную колькасць марак, налеплівае гэтыя маркі на канверт і адсылае яго. Такім чынам, паштовыя выдаткі нясе ініцыятар ліставання.

Паштовыя службы дзяржаў-удзельніц СПС абавязаныя абменьваць такія купоны на знакі паштовай аплаты, але не абавязаныя прадаваць іх. Усе надпісы на вонкавым боку купона зробленыя на французскай мове (як афіцыйнай мове СПС), незалежна ад краіны яго выпуску. На адваротным баку купона знаходзіцца кароткі тлумачальны тэкст на шасці мовах (зверху ўніз) — нямецкай, англійскай, арабскай, кітайскай, іспанскай і рускай:

« Гэты купон абменьваецца ва ўсіх краінах Сусветнага паштовага саюза на паштовыя маркі мінімальнага кошту аплаты простага прыярытэтнага адпраўлення або простага авіяліста, які адпраўляецца за мяжу. »

Міжнародныя адказныя купоны ахвотна выкарыстоўваюць калекцыянеры аўтографаў і этыкетак, філатэлісты, радыёаматары (пры адпраўцы адно аднаму QSL-картак[3]), нават паэты[4] — г. зн. катэгорыі асоб, якія маюць шырокае кола міжнародных знаёмстваў або пачынаюць шырокую міжнародную перапіску. Традыцыйна прынята лічыць добрым тонам пры пісьмовым звароце да калегі па родзе дзейнасці або хобі ўкласці такі купон і чакаць адказу поштай.

Купоны можна выкарыстоўваць пры перапісцы з замежнымі навучальнымі або навуковымі ўстановамі, камерцыйнымі кампаніямі, міжнароднымі арганізацыямі, калі адпраўшчык разлічвае на адказныя лісты, і г. д. Нават калі паштовыя выдаткі не ўяўляюць для адрасата вялікай праблемы або яму па шэрагу прычын нязручна выкарыстоўваць купон, адпраўка яму МАК — знак таго, што адпраўшчык дбаў пра камфорт атрымальніка.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Паштовая картка з перадаплачаным адказам — папярэдніца міжнароднага адказнага купона: вонкавы і адваротны бакі (Гельгаланд, 1870 г.).

Прамблема папярэдняй аплаты паштовай карэспандэнцыі на нацыянальным узроўні вырашалася паштовымі адміністрацыямі рознымі спосабамі[5]. Аднак пытанне аб уніфікаванай папярэдняй аплаце ліста ў адказ пры перасячэнні дзяржаўных меж заставалася адкрытым. Ідэальным варыянтам, вядома, было бы ўвядзенне ўніверсальнай агульнаміравой паштовай маркі. Гэта ідэя ўпершыню была высунута перад Сусветным паштовым саюзам Артурам Моры ў 1897 г., але яе адхілілі[6].

На парыжскім кангрэсе СПС 1878 г. было заключана пагадненне паміж 13 паштовымі адміністрацыямі, у тым ліку Аргенціны, Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Італіі, Люксембурга, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Румыніі, Туніса, Францыі і Швейцарыі, аб выкарыстанні паштовых картак з аплачаным адказам[7]. Аднак няўзгодненая (бо, з прычыны розніцы суверэнітэтаў, яна і не магла быць узгодненай прынцыпова) фінансавая палітыка дзяржаў, некантраляванае змяненне абменных валютных курсаў і спекуляцыйная рызыка, якая магла стаць вынікам усяго гэтага, падаваліся перашкодамі, якія немагчыма пераадолець.

Выхад быў знойдзены ва ўсталяванні сістэмы міжнародных адказных купонаў. Ідэя іх ужывання была прапанаваная дэлегацыяй Вялікабрытаніі, разгледжаная поруч з канкурэнтнымі праектамі іншых краін і прынятая ў 1906 г. на кангрэсе СПС у Рыме. Увядзенне купонаў у зварот адбылося 1 кастрычніка 1907 г.

У той час міжнародны адказны купон абменьваўся на простую паштовую марку звычайнага тарыфу, якой аплачвалася наземная перасылка карэспандэнцыі ў іншую дзяржаву, паколькі гэта было яшчэ да з’яўлення авіяпошты. Зараз ён абменьваецца ў любой дзяржаве-члене СПС на знак паштовай аплаты мінімальнага паштовага збору за перасылку прыярытэтнага або простага авіяліста за мяжу.

Змена дызайну[правіць | правіць зыходнік]

Міжнародныя адказныя купоны друкуюцца ў фармаце, які дазваляе без цяжкасцей змяшчаць іх у паштовы канверт, на паперы з вадзянымі знакамі і іншымі сродкамі абароны і змяшчаюць сімволіку СПС. Знешне больш за сто гадоў свайго існавання яны змянілі пяць асноўных тыпаў дызайну. Калекцыянеры купонаў падзяляюць іх па гарадах правядзення кангрэсаў СПС, на якіх кожны з тыпаў уводзіўся ў міжнародны зварот. У межах кожнага з гэтых тыпаў існуюць разнавіднасці ў залежнасці ад краіны выпуску, змяненняў паштовых тарыфаў і іншых асаблівасцей і новаўвядзенняў[8]:

Разнавіднасці, у сваю чаргу, падзяляюцца на заводы або «выпускі» — першы, другі і г. д. Гэтакіх знаходзіцца 4—7 у межах кожнай.

Храналагічная табліца[правіць | правіць зыходнік]

Выява Горад, у гонар якога названы Кангрэс СПС Пачатак ужытку Канец ужытку Асаблівасці Нумарацыя
Рым 1906 года 1 кастрычніка 1907 года 1926 год IAS 1
Стакгольм 1924 года 1925 год 1930 год IAS 2
Лондан 1929 года 1 ліпеня 1930 года 1966 год У некаторых краінах пачаў ужывацца ўжо ў маі 1930 года IAS 3
Лондан 1929 года 1 ліпеня 1930 года 1966 год Тэкст быў зменены на Кангрэсе СПС 1952 года ў Бруселі IAS 3a
Вена 1964 года 1 студзеня 1966 года 1978 год IAS 4
Лазана 1974 года 1 студзеня 1976 года 31 жніўня 2007 года IAS 5
Пекін 1999 года 2002 год 31 снежня 2006 года IAS ?
Найробі 2008 года 2009 год 31 снежня 2013 года IAS ?
Доха 2012 года 2013 год 31 снежня 2017 года IAS ?

Фінансавая піраміда Понці[правіць | правіць зыходнік]

Ідэя аб тым, што, згуляючы на розніцы паштовых тарыфаў у розных краінах пры закупцы танных міжнародных адказных купонаў у адной краіне для наступнага абмену іх на паштовыя маркі на большую суму ў іншай (арбітраж), можна ў выніку атрымаць прыбытак, лягла ў аснову фінансавай піраміды, арганізаванай у 1920-х гг. амерыканцам італьянскага паходжання Чарлзам Понці (Charles Ponzi; 18821949 гг.), — па так званай «схеме Понці».

У жніўні 1919 г. адзін з іспанскіх бізнесменаў у лісце Чарлзу з запытам аб прасоўванні рэкламнай публікацыі прыклаў міжнародны адказны купон. Убачыўшы купон і высветліўшы падрабязнасці яго звароту, Понці заўважыў, што суадносіны пасляваенных абменных курсаў валют дазваляюць перапрадаваць купоны, набытыя ў краінах большай часткі Еўропы, у Злучаных Штатах. Прадпрымальны дзялок заснаваў кампанію «Securities and Exchange Company» і схіліў некалькіх інвестараў да фінансавання прапанаванай ім аферы ў абмен на просты вэксаль, абяцаючы ім 50 % прыбытку ад трансатлантычнага гандлю ўжо праз 45 дзён.

Чарлз Понці (каля 1920 г.).

Насамрэч гэта была падвойная афера: Понці і не збіраўся ўкладаць інвестарскія грошы ў скупку еўрапейскіх купонаў. Ён прыхаваў ад іх невялікую дэталь: па ўмовах СПС тых часоў міжнародны адказны купон мог быць абменяны толькі на маркі, але не на наяўныя грошы, таму як інструмент спекуляцыі купоны не падыходзілі. Гэтыя звесткі не былі сакрэтнымі — пры невялікім жаданні гэта змог бы высветліць для сябе кожны з укладчыкаў арганізаванай Чарлзам фінансавай піраміды. Тым не менш, к ліпеню 1920 г. Понці атрымоўваў ад іх па 250 000 $ штодзень. Ажыятаж падаграваўся, у тым ліку, і прэсай (у прыватнасці, «The Boston Post»), якая публікавала аплачаныя заахвочваючыя матэрыялы.

Піраміды абрынулася толькі пасля публікацыі ў часопісе «Post Magazine», які падлічыў, што для пакрыцця інвестыцый, зробленых у кампанію Понці, у звароце павінны былі знаходзіцца 160 млн купонаў — а ў тыя гады па ўсім свеце на руках іх было каля 27 000 асобнікаў. 10 жніўня 1920 г. пры закрыцці кампаніі Понці федэральныя агенты заўважылі, што ён сапраўды не меў ніякага інвестыцыйнага запасу купонаў.

Понці быў арыштаваны, асуджаны за махлярства ў дачыненні федэральнай паштовай службы ЗША і ўзяты ў турму. Агулам яму ўдалося ашукаць больш за 17 000 укладчыкаў. У 1924 г. рэшткі багацця Чарлза Понці былі прадметам цяжбы з боку некаторых ашуканых ім інвестараў у Вярхоўным судзе краіны. Падчас даследавання справы старшыня суда Тафт, у прыватнасці, абнародаваў інфармацыю, што Понці пачынаў сваё «купоннае» прадпрыемства, маючы толькі 150 $ у кішэні.

З тых часоў прадажная цана купонаў і абменны кошт марак былі скарэкціраваныя такім чынам, каб не пакідаць магчымасці для атрымання прыбытку.

Альтэрнатыўныя міжнародныя праекты[правіць | правіць зыходнік]

Адказныя купоны каланіяльнага тыпу — Канады, Алжыра, Маньчжоу-го і Сірыі (1930-я1950-я гг.).

Ідэя міжнароднага адказнага купона аказалася плённай: многія каланіяльныя дзяржавы перанялі паспяховы досвед СПС і, не маючы магчымасці па розных прычынах (пераважна праз розніцу валют метраполіі і розных яе калоній) увесці ў межы сваіх каланіяльных імперый універсальную паштовую маркі ці прынамсі ўніфікаваць паштовыя тарыфы і набор паслуг пошты, увялі альтэрнатыўныя адказныя купоны. Аналагічныя праекты ажыццяўляліся і краінамі-членамі некаторых рэгіянальных паштовых саюзаў. Зрэшты, не ўсе такія праекты аказаліся ў выніку паспяховымі[9].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Міжнародныя адказныя купоны заказваюцца паштовымі ведамствамі ў штаб-кватэры СПС у Берне (Швейцарыя), большая іх частка друкуецца ў Францыі і рассылаецца ў адпаведнасці з заяўкамі краін па ўсім свеце. Іх магчыма набыць на паштамтах больш чым 70 дзяржаў[10]. У развітых краінах кожнае паштовае аддзяленне, дзе ёсць дастатковы попыт на такія купоны, заказвае іх і пазней прадае поруч са звычайнымі паштовымі маркамі. У краінах «трэцяга свету» распаўсюджванне МАК звычайна абмяжоўваецца галоўпаштамтамі гарадоў. Штогод праз паштовыя аддзяленні краін-членаў СПС рэалізуюцца некалькі мільёнаў купонаў. Цэны на іх адрозніваюцца ў залежнасці ад краіны.

Міжнародныя адказныя купоны сапраўдныя толькі абмежаваны тэрмін, які з 2002 г. пазначаецца на іх яўна. Тэрмін дзеяння міжнароднага адказнага купона пекінскага ўзору № 2 скончыўся 31 снежня 2009 г. Такое абмежаванне было ўведзена нядаўна: яшчэ ў 2001 г. быў абавязковы прыём купонаў, выпушчаных кожнай краінай-членам СПС з 1975 г. Аднак у 2002 г. палажэнне змянілася і тэрмін зменшыўся.

Напрыклад, пошта ЗША абвясціла[11], што выпушчаныя да 2002 г. купоны павінны былі рэалізавацца да 10 кастрычніка 2007 г., а выпушчаныя да 31 снежня 2006 г. — да 1 верасня 2008 г., у абодвух выпадках з дысконтам у 1 цэнт ад пазначанай на іх цаны. Усе купоны, выпушчаныя ў іншых краінах да пачатку 2007 г., зараз не прымаюцца ў ЗША.

Парадак выкарыстання купона[правіць | правіць зыходнік]

На міжнародным адказным купоне пекінскага ўзору № 2 (юбілейны выпуск) былі прадугледжаны два акенцы — месцы для штэмпеляў, злева і справа. У левым акенцы ставіўся каляндарны штэмпель падчас продажу купона ў паштовым аддзяленні краіны-эмітэнта або проста пазначаецца назва гэтай краіны. Купон, які прадаваўся ўвогуле без такога штэмпеля, тым не менш, захоўваў сваю сілу.

У правым акенцы ставіўся штэмпель краіны, якая абменьвала купон на паштовыя маркі ў адпаведнасці з умовамі, выкладзенымі на купоне. Такім чынам купон пагашаўся і станавіўся нядзейнічаючым. На купоне мог быць адзначаны і яго кошт падчас продажу (раней, у часы хаджэння лазанскага тыпу дызайну, гэта рабілася ў трэцім, цэнтральным, акенцы, але цяпер спецыяльнага месца для прастаўлення наміналу не прадугледжана).

Звычайна прадажная цана купонаў у 2—3 разы перавышае кошт адпраўкі лістоў за мяжу з той жа краіны. У той жа час, напрыклад, у ЗША пры звароце купона, набытага раней на амерыканскай жа пошце, у абмен выдаюцца паштовыя маркі, як раней адзначалася, на суму ўсяго на 1 цэнт меншую за суму, за якую ён быў набыты. У Японіі аналагічны дысконт складае 20 іен[12].

Пры павышэнні цэн на купоны ў некаторых краінах часам на іх могуць налепліваць дадатковыя паштовыя маркі і нярэдка адразу жа гасіць іх штэмпелем. Гэта не ўплывае на статус купона і служыць выключна для забеспячэння належнага ўліку на пошце.

Асобы, якія часта карыстаюцца купонамі, адзначаюць[13], што з прычыны адноснай рэдкасці паслугі па продажы або прыёме купонаў паштовыя служачыя далёка не заўжды праяўляюць кампетэнтнасць. Адна з найбольш непрыемных памылак — прастаўленне штэмпеля не ў левым, а ў правым акенцы купона ўжо падчас яго продажу, што анулюе яго вартасць. Часам яны неабгрунтавана адмаўляюцца прымаць годныя купоны, часам прымаюць да абмену і нягодныя. Бывае, што купоны ўвогуле адсутнічаюць у продажы. У гэтым выпадку пакупніку варта звярнуць увагу персаналу паштовага аддзялення на адпаведныя інструкцыі. Зрэшты, часам бываюць выпадкі, калі тая ці іншая паштовая адміністрацыя выдае цыркуляры і распараджэнні, якія не адпавядаюць міжнародным пагадненням і пагаршаюць умовы, прадугледжаныя дакументамі СПС.

Міжнародны адказны купон у краінах РСС[правіць | правіць зыходнік]

Паштовыя адміністрацыі Арменіі, Беларусі, Літвы, Казахстана, Славеніі, Украіны і некаторых іншых краін РСС заказваюць і прадаюць міжнародныя адказныя купоны.

Вельмі моцна ў стаўленні да міжнародных адказных купонаў вылучаецца сярод членаў РСС Расія. Расійская паштовая адміністрацыя ў асобе ФДУП «Пошта Расіі» продажам міжнародным адказных купонаў не займаецца, што абгрунтоўваецца палажэннем артыкула 142 «Рэгламенту пісьмовай карэспандэнцыі» СПС, у адпаведнасці з якім замежныя паштовыя адміністрацыі маюць права на продаж міжнародных купонаў або абмяжоўваць іх продаж па сваёй волі.

Філатэлістычныя аспекты[правіць | правіць зыходнік]

Міжнародныя адказныя купоны з’яўляюцца прывабнымі аб'ектамі філатэлістычнага калекцыяніравання. На філатэлістычных выставах яны звычайна экспаніруюцца сярод спецыялізаваных калекцый.

Умоўна адказныя купоны часам адносяць да цэлых рэчаў, бо на іх раней або быў надрукаваны намінал, або прадугледжвалася месца для яго запісу. Аднак зараз гэтага ўжо няма, таму філатэлістычная класіфікацыя МАК можа з’яўляцца прадметам дыскусій.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Іншыя назвы — міжнародны паштовы купон, «міжнародная паштовая валюта».
  2. З разліковага кошту простага прыярытэтнага адпраўлення або звычайнага авіяліста вагой да 20 г.
  3. Інфармацыя Архівавана 9 мая 2008. на сайце аматарскай радыёстанцыі N6HB (ЗША). (англ.)
  4. Аўстралійская паэтычная супольнасць. (англ.)
  5. Папярэдняе гашэнне.
  6. Тым не менш праз стагоддзе на пекінскім Сусветным паштовым кангрэсе 2001 г. краіны-члены СПС вярнуліся да гэтага пытання. У рэзалюцыі кангрэса СПС C67/1999 Архівавана 19 мая 2008. гаворыцца: «Кангрэс (…) просіць Савет паштовых адміністрацый вывучыць у каардынацыі з міжнародным бюро Сусветнай асацыяцыі развіцця філатэліі магчымасць выпуску ўніверсальнай маркі пры як мага больш актыўным удзеле краін-членаў Саюза…»
  7. Гэта сістэма з некаторымі зменамі праіснавала з 1 ліпеня 1897 г. да 1 ліпеня 1971 г. і была ліквідавана рашэннямі такійскага кангрэса СПС у 1969 г.
  8. «Postal Reply Coupons». Архівавана 7 чэрвеня 2008. (англ.) (фр.)
  9. «Postal Reply Coupons». Архівавана 11 студзеня 2012. (англ.) (фр.)
  10. Афіцыйны спіс паштовых адміністрацый краін свету, якія прадаюць міжнародныя адказныя купоны Архівавана 11 ліпеня 2009., які абнаўляецца на сайце СПС. (фр.)
  11. US Postal Bulletin 22215 (сс. 28 і 57). (англ.)
  12. Пошта Японіі. (англ.)
  13. Інфармацыя Архівавана 30 чэрвеня 2016. на сайце радыёаматара Юрыя Балціна Архівавана 2 ліпеня 2016. (Латвія).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]