Перайсці да зместу

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт
Заснаваны 1948
Рэктар Наталля Яўгеньеўна Лапцева
Краіна
Размяшчэнне
Сайт www.mslu.by
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (МДЛУ), першапачаткова Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў — вышэйшая навучальная ўстанова ў Мінску, заснаваная ў 1948 годзе. Размешчаны па адрасе вул. Захарава, 21.

На базе ўніверсітэта дзейнічаюць 5 прафесійных асацыяцый: Беларускія асацыяцыі выкладчыкаў англійскай, французскай і нямецкай моў, Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, Беларуская асацыяцыя амерыканскіх даследаванняў.

Студэнты маюць шырокія магчымасці да творчасці. Так, напрыклад, студэнцкі хор «Cantus Juventae» існуе ўжо больш за 15 гадоў. У рэпертуары — беларуская нацыянальная музыка, духоўныя песні, вядомыя творы беларускіх і замежных кампазітараў, джаз і інш. Хор выпусціў тры кампакт-дыскі са сваімі спевамі.

Некалькі гадоў існуе Французскі тэатр, які робіць пастаноўкі на французскай мове.

Ва ўніверсітэце дзейнічае таксама шэраг інфармацыйных цэнтраў (беларускай, іспанскай, турэцкай і кітайскай моў і культураў).

Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў як самастойная вышэйшая навучальная ўстанова пачаў сваю дзейнасць з 1 верасня 1948 г. У яго складзе ўваходзілі тры факультэты — англійскай, нямецкай і французскай моў. Інстытут быў створаны на базе факультэта замежных моў Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага. З моманту стварэння з’яўляўся адзінай вышэйшай навучальнай установай у рэспубліцы па падрыхтоўцы настаўнікаў замежных моў для сярэдніх школ, выкладчыкаў для вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, а таксама перакладчыкаў.

У 1948/49 навучальным годзе ў інстытуце на дзённай форме навучання займаліся 364 студэнты, з якіх на факультэце англійскай мовы — 204 студэнты, нямецкай — 86 і французскай — 74. У 1949 г. у інстытуце было адкрыта завочнае аддзяленне. Да 1956 г. падрыхтоўка настаўнікаў вялася па адной спецыяльнасці. З 1 верасня 1956 г. было ўведзена пяцігадовае навучанне з мэтай падрыхтоўкі спецыялістаў па замежнай і рускай ці беларускай мовах, з 1964 г. — па дзвюх замежных мовах.

На момант стварэння інстытут размяшчаўся ў будынку школы № 13 па вул. Пушкіна, 35. Пад інтэрнаты для студэнтаў інстытута былі перададзены будынкі гарадскіх навучальных устаноў. Першы вучэбны корпус (цяпер корпус Б) быў уведзены ў строй у 1958 г., другі (корпус А) — у 1964, трэці (корпус В) — у 1966 г., корпус Г са спартыўнай і актавай заламі — 1971 г. Першы студэнцкі інтэрнат на 400 месцаў пачаў дзейнiчаць у 1957 г. (цяпер корпус Д).

З 1960 г. пры інстытуце былі арганізаваны 2-гадовыя курсы замежных моў для спецыялістаў, якая накіроўваліся на працу ў замежныя краіны (у 1994 г. ператвораны ў спецыяльны факультэт кіруючых работнікаў і спецыялістаў).

У 1962 г. адкрыта аддзяленне іспанскай мовы, на базе якога ў 1967 г. быў створаны самастойны факультэт. У 1964 г. на факультэтах англійскай, нямецкай і французскай моў сфарміраваны перакладчыцкія аддзяленні, якія з 1969 г. былі аб’яднаны ў перакладчыкі факультэт. З 1979 г. на факультэце рускай мовы для замежных грамадзян вядзецца навучанне студэнтаў з розных краін свету. З верасня 1994 г. пачаў працу факультэт заходнееўрапейскіх (англійскай, нямецкай і французскай) моў, у 2001 г. пераўтвораны ў факультэт міжкультурных камунікацый. З 2006 г. у структуру ўніверсітэта ўваходзіць лінгвагуманітарны каледж. У 2018 г. былі аб’яднаныя факультэты французскай мовы і іспанскай мовы ў факультэт раманскіх моў і створаны факультэт кітайскай мовы і культуры.

У 1993 г. Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў пераўтвораны ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт.[1] У 2008 г. створаны Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, ў 2011 — Інстытут Канфуцыя, у 2024 — адукацыйны цэнтр «Лінгвапарк МДЛУ».

Абвінавачванні ў палітычных рэпрэсіях

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле справаздачы, падрыхтаванай Польскім фондам свабоды і дэмакратыі, Наталля Баранава, рэктар універсітэта, адлічала студэнтаў за іх палітычную дзейнасць[2].

Падзеі 2020 года

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, студэнты ўніверсітэта ўзялі ўдзел у пратэстах 1-4 верасня. 4 верасня яны праспявалі англамоўную песню «Do You Hear The People Sing?  (англ.)» з фільма «Адрынутыя» ў холе навучальнай установы, трымаючы ў руках бела-чырвона-белы сцяг, у будынак уварваліся людзі ў цывільным і пачалі жорстка затрымліваць навучэнцаў[3].

9 верасня выкладчыкі МДЛУ ў адказ на жорсткія затрыманні запісалі відэазварот, у якім і падтрымалі студэнтаў і асудзілі дзеянні міліцыі і пазіцыю адміністрацыі ўніверсітэта, заклікалі прыцягнуць усіх вінаватых да адказнасці[3]. Сярод іншых у відэазвароце выступілі дацэнт Сяргей Карчыцкі, прафесары Алена Лукашанец, Вольга Судлянкова.

26 кастрычніка па закліку Святланы Ціханоўскай многія студэнты ўніверсітэта далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі. Да страйку далучылася некалькі дзясяткаў выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта[4]. У гэты ж дзень у сацсетках з’явілася няпоўнае відэа, дзе дацэнт універсітэта Валерый Пішчыкаў, які паказваў сярэднія пальцы студэнтам. 27 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў адлічваць усіх студэнтаў і звальняць выкладчыкаў, якія прымаюць удзел у несанкцыянаваных акцыях[5]. 29 кастрычніка з універсітэта звольнілі дацэнтку кафедры італьянскай мовы і актыўную ўдзельніцу страйкавага руху Наталлю Дуліну[6]. 30 кастрычніка ў знак салідарнасці з адлічанымі і звольненымі з універсітэта сышла прафесар Алена Лукашанец[7].

Дзеянні кіраўніцтва ўніверсітэта былі шырока асуджаныя на міжнародным узроўні[8]. У справаздачы «International Media Support  (англ.)», у прыватнасці, было адзначана, што «падзеі ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце паказваюць, як студэнты падвяргаюцца пагрозам і рэпрэсіям з боку сваіх уласных навучальных устаноў»[9].

Вядомыя выпускнікі

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Пастанова № 700 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 кастрычніка 1993 г. «Аб пераўтварэнні Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт»
  2. Беларуская сістэма рэпрэсій. Пераследнікі і іх ахвяры = Białoruski system represji. Prześladowcy i ich ofiary / pod redakcją dr Dariusza Zalewskiego, Marka Bućko  (польск.), Michała Kurkiewicza i Tomasza Pisuli. — Warszawa: Fundacja Wolność i Demokracja, 2007. — С. 41. — 72 с. Архівавана 3 снежня 2013.
  3. а б Выкладчыкі Лінгвістычнага ўніверсітэта запісалі зварот у падтрымку студэнтаў ВІДЭА
  4. Некалькі дзясяткаў выкладчыкаў і супрацоўнікаў МДЛУ далучыліся да страйку, — дацэнтка кафедры
  5. Лукашэнка запатрабаваў адлічваць і звальняць пратэстуючых студэнтаў, медыкаў, рабочых
  6. З МДЛУ звальняюць дацэнтку кафедры італьянскай мовы і актывістку забастоўкі
  7. В Минске задержана уволенная преподаватель МГЛУ. 30.10.2020
  8. 2020-10-20 Minsk State Linguistic University, Belarusian State University of Culture and Arts, Brest State Technical University (англ.). Scholars at Risk  (англ.). Праверана 17 снежня 2020.
  9. Students in Belarus stand up against repression. International Media Support  (англ.). Праверана 17 снежня 2020.
  10. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 3 чэрвеня 2021. Праверана 3 чэрвеня 2021.