Жыцень
Жыцень — беларускі міфалагічны персанаж, які жыве ў палях і спрыяе росту і выспяванню збажыны.[1] Вобраз Жыценя апісаны (напэўна, выдуманы[2]) фалькларыстам Паўлам Шпілеўскім як старажытнабеларускі бог урадлівасці і восені. Вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і іншых народаў, «гаспадар» поля; яго жаночая паралель — Жытняя Баба.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]На Беларусі Жыценя уяўлялі маленькім дзедам («Жытні дзед») з доўгай барадой. Асаблівасць яго выгляду — тры вокі, адно з іх на патыліцы. Сагнуты, ён ціха ходзіць па палях і агародах, аглядае наваколле, ці добра сабраны ураджай. Знайшоўшы каласы кінутыя нядбайнымі жнеямі, Жыцень збірае іх і звязвае ў сноп, а потым пераносіць на той жніўнік, дзе збожжа сабрана рупліва. У выніку на полі нядбайных гаспадароў налета будзе недарод, а на полі дбайных можна чакаць вялікага ўраджаю. Тое ж здараецца і на агародах. Убачыўшы каго-небудзь з нядбайных гаспадароў, Жыцень падыходзіць і пагражае пальцам, што ў будучым абяцае неўраджай. Такім жэстам Жыцень, часам у выглядзе жабрака з торбай, папярэджвае кожнага сустрэтага пра вялікі агульны голад. Жыцень у абліччы жабрака можа з’явіцца і перад дбайным гаспадаром, такім чынам ён дае знак пра набліжэнне небяспекі, каб той падрыхтаваў запас хлеба на галодны год. Клапатлівы Жыцень заўсёды нябачна назірае за восеньскай сяўбой. Ходзіць па полі і ўтоптвае зерне, каб ніводнае не прапала і каб хутчэй набрала соку[3].
Лічылася, нібыта ён забяспечваў ураджай жыта — «даваў жыта». Яго паважалі таксама як дух багацця і дабрабыту. Пазней народныя вераванні пра Жыценя зліліся з уяўленнем пра бога як творцу ўраджаю.[4] Рэлігійнае ўяўленне пра яго знікла ў канцы XIX — пачатку XX ст. З вобразам Жыценя звязаны земляробчы абрад «завіванне барады».
Мяркуецца, што ён ніколі не быў боствам у беларускай міфалогіі. Пад імем Жыценя Павел Шпілеўскі, магчыма, сам не разумеючы гэтага, мог апісаць мясцовыя ўяўленні пра даволі распаўсюджаны ў вераваннях усходніх славян дух — палевіка (яго рэгіянальны аналаг). У фальклоры імя (або эпітэт) Жыцень часцей сустракалася ў Мінскай і Магілёўскай губернях (прымаўкі «Жыцень хлеба даў», «Баржджэй на Жытня, калі ў засеку хлеба не прытне», «Жыцень з кабзой, голад на двор»).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак / рэд. Г. П. Пашкоў; маст. В. П. Славук — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2008.
- ↑ http://arche.bymedia.net/2004-1/korbut104.htm Архівавана 14 верасня 2016.
- ↑ Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл. ISBN 978-985-01-0903-3
- ↑ Грушко Е. А., Медведев Ю. М. «Словарь славянской мифологии» — Русский купец, Братья славяне, 1996
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Піліпенка, М. Ф. Жыцень / М. Ф. Піліпенка // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская савецкая энцыклапедыя; Рэдкалегія: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар), В. К. Бандарчык, Я. В. Малашэвіч і іншыя; Навуковыя кансультанты: М. В. Біч, А. П. Грыцкевіч, У. С. Гуркоў і іншыя. — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 199.
- Чароўны свет: з беларускіх міфаў, паданняў і казак / рэд. Г. П. Пашкоў; маст. В. П. Славук — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П.Броўкі, 2008
- Міфалогія беларусаў: энцыклапедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл. ISBN 978-985-01-0903-3