Камуністычная партыя Беларусі (1918)
Камуністычная партыя Беларусі | |
---|---|
Лідар | Першы сакратар ЦК КПБ |
Дата заснавання | 30 снежня 1918 |
Дата роспуску | 25 жніўня 1991 |
Штаб-кватэра | |
Ідэалогія | марксізм-ленінізм |
Маладзёжная арганізацыя | Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі |
Колькасць членаў | 697 тыс.чалавек (на 1 студзеня 1990) |
Дэвіз | Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся! |
Гімн | Інтэрнацыянал |
Партыйны друк | газета «Звязда» |
Постаці | члены партыі ў катэгорыі (34 чал.) |
Камуністычная партыя Беларусі Беларускія секцыі РКП(б) — КП(б)ЛіБ — КПБ — КПЗБ |
Гісторыя партыі |
Арганізацыя КПБ |
Камуністы́чная па́ртыя Белару́сі (скар. КПБ) — камуністычная партыя на тэрыторыі Беларусі ў 1918—1991 гадах, складовая частка спачатку Расійскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) (РКП(б)), потым Камуністычнай партыі Савецкага Саюза (КПСС). У 1918—1952 гадах называлася Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі (КП(б)Б). Фактычна спыніла існаванне ў жніўні 1991 года пасля прыняцця Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь Пастановы «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ — КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь»[1].
Перадгісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Ідэя стварэння Камуністычнай партыі бальшавікоў Беларусі зарадзілася на канферэнцыі беларускіх секцый РКП(б), якая праходзіла ў Маскве 21 — 23 снежня 1918 г.. На канферэнцыі прысутнічалі дэлегаты Маскоўскай, Петраградскай, Саратаўскай, Тамбоўскай, Мінскай і Невельскай секцый, якія прадстаўлялі амаль тысячу камуністаў-беларусаў. Канферэнцыя абрала выканаўчы орган — Цэнтральнае бюро беларускіх камуністычных секцый на чале са Зміцерам Жылуновічам.
Стварэнне партыі
[правіць | правіць зыходнік]Арганізацыйна партыя аформілася на VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б) 30 — 31 снежня 1918 ў Смаленску, якая абвясціла сябе першым і ўстаноўчым з’ездам партыі. Гэтаму папярэднічалі палітычныя падзеі, якія стваралі прынцыпова новую геапалітычную сітуацыю для РКП(б) як кіруючай партыі Савецкай Расіі: абвяшчэнне незалежнасці Польшчы, Фінляндыі, БНР і іншых нацыянальных дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі, рэвалюцыя 1918 у Германіі, арыентацыя на сусветную пралетарскую рэвалюцыю і інш. Арганізатар і кіраўнік РКП(б) У. Ленін разумеў важнасць падтрымкі палітыкі бальшавікоў з боку тых палітычных сіл, якія выступалі за нацыянальнае адраджэнне.
Дырэктыва Наркамнаца РСФСР ад 27 снежня 1918 г. вызначыла асноўныя прынцыпы партыйна-дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі. Паводле яе старшыня Цэнтральнага Бюро КП(б)Б або ЦК КП(б)Б павінен быў адначасова з’яўляцца прадстаўніком ЦК РКП(б) і ўрада Расійскай Федэрацыі ў беларускіх органах улады. Правы і абавязкі ЦБ КП(б)Б і ўрада Беларусі заставаліся такімі ж, як і ў былога Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) і Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха). Гэта азначала поўную залежнасць ад ЦК РКП(б) і ўрада Савецкай Расіі. 29 снежня 1918 г. І.Сталін паведамляў старшыні Аблвыкамзаха А. Мяснікову, што «сёння выязджаюць у Смаленск беларусы (дэлегаты ад Беларускіх секцый РКП(б). Вязуць з сабой Маніфест. Просьба ЦК партыі і У. Леніна прыняць іх, як малодшых братоў, магчыма яшчэ нявопытных, але гатовых аддаць сваё жыццё партыйнай савецкай рабоце». Хоць кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б) не падзяляла ідэю Белнацкома і Беларускіх секцый РКП(б) аб стварэнні Кампартыі Беларусі і абвяшчэнні Беларусі Сацыялістычнай Савецкай Рабоча-Сялянскай Рэспублікай, яно падпарадкавалася ўказанням цэнтра. 30 снежня 1918 г. у Смаленску пачала работу VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б). 206 яе дэлегатаў прадстаўлялі 17771 камуніста ад партыйных арганізацый Мінскай, Магілёўскай, Віцебскай, Смаленскай, беларускіх партыйных арганізацый Віленскай і Чарнігаўскай губерняў. Па прапанове Мяснікова Канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі». У рашэннях I з’езда падкрэслівалася, што работу ўсіх партыйных арганізацый узначальвае ЦБ, якое з’яўляецца «вярхоўным органам у рэспубліцы і верным вокам Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі ўсіх расійскіх савецкіх сацыялістычных рэспублік». У «Палажэнні аб партыйных арганізацыях» вызначаліся агульныя палажэнні, схема арганізацый, палажэнні аб фракцыях, «Інструкцыя для работ раённага і падраённага камітэтаў», абавязкі камуніста. Яно ўяўляла сабой спалучэнне асноўных праграмных і статутных палажэнняў РКП(б). У «Інструкцыі» падкрэслівалася, што «ячэйкі не з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, не павінны непасрэдна ўмешвацца ў работу Саветаў і іх устаноў, а толькі ў сілу партыйнай дысцыпліны дзейнічаць цераз сваіх членаў, якія працуюць у савецкіх органах, і толькі такім чынам кіруюць іх работай». Аднак на справе прынцыпы дэмакратычнага цэнтралізму не заўсёды выконваліся і ўся дзейнасць КП(б)Б рэгламентавалася ўказаннямі цэнтральных органаў і кіраўнікоў РКП(б).
На I з’ездзе КП(б)Б і пасля яго працягвалася барацьба за кіраўніцтва ў партыйных і дзяржаўных органах паміж дзеячамі Паўночна-Заходняга абласнога камітэта і Беларускіх секцый РКП(б). Пры падтрымцы ЦК РКП(б) перамогу атрымалі кіраўнікі Паўночна-Заходняга абласнога камітэта. 3 15 членаў ЦБ толькі З. Жылуновіч і І. Лагун прадстаўлялі Беларускія секцыі. Старшынёй ЦБ КП(б)Б быў выбраны В. Кнорын. Цэнтральным друкаваным органам партыі стала газета «Звязда».
Адным з галоўных на I з’ездзе было пытанне пра беларускую дзяржаўнасць. У ЦК быў падрыхтаваны Маніфест аб стварэнні «самастойнай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь», абвешчаны на з’ездзе. У прынятай на з’ездзе рэзалюцыі «Аб граніцах Беларускай Рэспублікі» называліся населеныя беларусамі тэрыторыі, якія павінны былі ўвайсці ў склад рэспублікі. У адміністрацыйна-гаспадарчых адносінах тэрыторыя Беларусі падзялялася на 7 раёнаў (Баранавіцкі, Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Магілёўскі, Мінскі, Смаленскі) і 53 падраёны (паветы). У адпаведнасці з такім падзелам будавалася і структура партыйных органаў: райкомы (губпарткомы), падрайкомы, валасныя і сельскія партыйныя ячэйкі. Адначасова з КП(б)Б ствараўся і камсамол рэспублікі — арганізацыя, праз якую моладзь далучалася да сферы партыйна-палітычнага і ідэалагічнага ўплыву, набывала вопыт арганізацыйнай работы і потым папаўняла рады кампартыі. Галоўным у дзейнасці Кампартыі Беларусі заставаліся пытанні дзяржаўнага будаўніцтва, умацавання і абароны савецкай улады. Рашэнні I з’езда КП(б)Б і асабліва абвяшчэнне 1 студзеня 1919 г. Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі аб утварэнні самастойнай рэспублікі выклікалі ў насельніцтва і беларускіх камуністаў пачуццё энтузіязму, надзеі на далейшае развіццё і ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці.
Пачалася падрыхтоўка да І Усебеларускага з’езда Саветаў, які павінен быў надаць законнасць партыйным рашэнням. На мітынгах і сходах прымаліся рэзалюцыі аб даверы партыі бальшавікоў і падтрымцы савецкай улады. У студзені 1919 г. Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі і ЦБ КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэнне, паводле якога ў складзе РСФСР заставаліся Віцебская і Магілёўская губерняў. Спробы членаў ЦБ КП(б)Б апеляваць да ЦК РКП(б) і зварот да У. Леніна аб захаванні Беларусі ў яе этнічных межах станоўчых вынікаў не далі. Гэта рашэнне ЦК РКП(б) зацвердзіў I Усебеларускі з’езд Саветаў (2-3 сакавіка 1919 г.). На з’ездзе была прынята Канстытуцыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, выбраны Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВК БССР).
Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]Па прапанове старшыні УЦВК і сакратара ЦК РКП(б) Я. Свярдлова з’езд прыняў рашэнне аб аб’яднанні Літвы і Беларусі ў адзіную рэспубліку. 28 лютага 1919 г. у Вільні на першым пасяджэнні ЦБ КП(б)Б і ЦК Кампартыі Літвы была вызначана яе назва — «Сацыялістычная савецкая рэспубліка Літвы і Беларусі» (Літбел), назва і склад урада, сцяг, герб. На аб’яднаным пасяджэнні ЦВК Літвы і Беларусі (27 лютага 1919 г.) створаны ўрад Літбела на чале з В. Міцкевічам-Капсукасам. 4 — 6 сакавіка 1919 у Вільні адбыўся Аб’яднаўчы з’езд Кампартый Літвы і Беларусі (ІІ з’езд КП(б)Б). Старшынёй прэзідыума ЦК Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (КП(б)ЛіБ) з’езд выбраў Міцкевіча-Капсукаса, сакратаром — Кнорына. Сярод 15 членаў Цэнтральнага Камітэта КП(б)ЛіБ (Прэзідыум: Вінцас Міцкявічус-Капсукас — старшыня, З. Ангарэціс, В. Багуцкі, Я. Далецкі, С. Іваноў, М. Калмановіч, В. Кнорыньш (сакратар), А. Мяснікоў, І. Уншліхт, К. Цыхоўскі, В. Яркін і інш.) не было ніводнага беларуса. Беларускіх камуністаў прадстаўлялі былыя кіраўнікі Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б). Кіраўніцтва партыйнымі арганізацыямі на Беларусі фактычна ажыццяўляў Мінскі губернскі камітэт КП(б)ЛіБ.
Шмат увагі аддавалася пытанням ваеннага будаўніцтва. Неаднаразова праводзіліся партыйныя мабілізацыі на франты грамадзянскай вайны. Члены КП(б)Б, потым КП(б)ЛіБ разам з беларускімі эсэрамі, прадстаўнікамі іншых партый удзельнічалі ў барацьбе супраць польскай акупацыі. 1 студзеня 1920 г. ініцыятыўная група арганізацыі «Маладая Беларусь» (У. Ігнатоўскі, А. Сташэўскі, У. Каранеўскі, М. Кудзелька (М. Чарот) і інш.) стварылі арганізацыйны цэнтр Беларускай камуністычнай арганізацыі (БКА), якая заявіла аб прызнанні праграмы і тактыкі РКП(б). Хоць БКА актыўна ўключылася ў антыпольскую барацьбу, кіраўніцтва ЦК КП(б)ЛіБ адносілася да яе насцярожана. У жніўні 1920 г. БКА увайшла ў склад КП(б)ЛіБ.
Кампартыя Беларусі ў міжваенны перыяд (1920—1941)
[правіць | правіць зыходнік]3 абвяшчэннем незалежнасці Літвы (май 1920 г.) і заключэннем мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой (12 ліпеня 1920 г.) Літбел фактычна перастала існаваць. 31 ліпеня 1920 на пасяджэнні ЦК КП(б)ЛіБ, БКА, Бунда, членаў ЦК прафсаюзаў і Мінскага губернскага ВРК прынята новая Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Паводле рашэння ЦК РКП(б), 5 верасня 1920 г. ЦК КП(б)ЛіБ прыняў пастанову аб стварэнні самастойных кампартый (бальшавікоў) Беларусі і Літвы і асобных органаў іх кіраўніцтва. Пачалося аднаўленне структуры мясцовых партыйных органаў.
III з’езд КП(б)Б (22 — 26 лістапада 1920 г. і ўсе наступныя праходзілі ў Мінску) указаў на неабходнасць «шырока развіць лозунг „арабочвання“ і „асяляньвання“ ўсіх нашых арганізацый», умацавання дыктатуры пралетарыяту і самой партыі; адзначыў, што «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б), і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». Цэнтральныя дзяржаўныя органы БССР падпарадкоўваліся адпаведным камісарыятам РСФСР. Дыскусія аб прафсаюзах, якая пачалася таксама і ў КП(б)Б восенню 1920, выклікала рознагалоссі ў многіх партыйных і савецкіх органах. Мінскія гарадскія і павятовыя партыйныя канферэнцыі (канец студзеня-люты 1921), IV з’езд КП(б)Б (25 лютага-2 сакавіка 1921) падтрымалі ленінскую платформу «дзесяці» па гэтым пытанні. З’езд прыняў шэраг рэзалюцый. У «Тэзісах аб Галоўпалітасвеце і агітацыйна-прапагандысцкай рабоце» падкрэслівалася неабходнасць стварыць сістэму «дзяржаўнай прапаганды камунізму», а органы, якія вядуць гэту работу, «павінны знаходзіцца пад больш блізкім і непасрэдным кіраўніцтвам партыі, па сутнасці, з’яўляецца чыста партыйнымі органамі…» На X з’ездзе РКП(б) (8-16 сакавіка 1921) У. Леніну і яго прыхільнікам удалося правесці рашэнне аб замене палітыкі «ваеннага камунізму» на новую эканамічную палітыку (нэп), умацаваць давер да бальшавікоў, у т. л. на Беларусі.
24 сакавіка 1921 ЦБ КП(б)Б заслухала пытанне «Аб справаздачах аб рабоце X з’езда партыі», адзначыла неабходнасць барацьбы з вялікадзяржаўным шавінізмам і мясцовым нацыяналізмам. Пачалася актыўная прапаганда матэрыялаў з’езда, перабудова работы партыйных і савецкіх органаў рэспублікі. У рашэнні ЦБ «Аб становішчы ў Ігуменскай і Мазырскай арганізацыі» ад 12 красавіка 1921 адзначалася недастатковая сувязь з рабочымі, указвалася на неабходнасць выбіраць іх у кіруючыя партыйныя, савецкія і прафсаюзныя органы. Ствараліся партыйныя ячэйкі на прадпрыемствах, транспарце, у вайсковых часцях, навучальных установах. Слабай заставалася партыйная работа сярод сялянства.
V з’езд КП(б)Б (15—20 кастрычніка 1921) прааналізаваў першыя вынікі пераходу да нэпа, прыняў рэзалюцыю «Народная асвета і задачы партыі», у якой былі вызначаны асноўныя кірункі станаўлення дашкольнай і школьнай адукацыі і выхавання, падрыхтоўкі прафесійных кадраў. 3 адкрыццём у 1921 БДУ пачалося стварэнне сістэмы вышэйшай адукацыі, якая пастаянна знаходзілася ў полі зроку партыйных органаў. У рэзалюцыі з’езда адзначалася, «што асветніцкая работа можа быць лепш за ўсё ўспрынята працоўнымі розных нацыянальнасцей на іх роднай мове, органы адукацыі Беларусі ў сваёй працы павінны гэтай акалічнасцю кіравацца». Фактычна гэты тэзіс паклаў пачатак афіцыйнай палітыцы беларусізацыі з боку КП(б)Б, хоць некаторыя рашэнні па гэтым пытанні былі прыняты яшчэ ў канцы 1920 — пачатку 1921. Вялася работа па ўмацаванні партыйных радоў. У выніку чысткі ў партыі і абмену партдакументаў (15 жніўня-20 кастрычніка 1921) з КП(б)Б было выключана 1589 чалавек (24,7 %).
Вынікі першага года дзейнасці партыі ва ўмовах нэпа падвёў VI з’езд КП(б)Б (15-19 сакавіка 1922). Ён вызначыў галоўныя задачы рэспубліканскай партыйнай арганізацыі: хутчэйшае аднаўленне народнай гаспадаркі, далейшае ўмацаванне сувязі партыі з шырокімі масамі рабочага класа і працоўнага сялянства. Важнае значэнне мела рэзалюцыя «Аб партыйным будаўніцтве». Паколькі ў 1920—22 у КП(б)Б былі прыняты некаторыя бундаўцы, меншавікі і эсэры, асаблівая ўвага звярталася на ўмацаванне партыі, прыём новых членаў, работу камуністычных ячэек, апарату партыйных камітэтаў, камуністычных фракцый, агітацыйна-прапагандысцкую дзейнасць.
У студзені—лютым 1922 праведзены Усерасійскі перапіс членаў РКП(б). КП(б)Б налічвала 5884 членаў і кандыдатаў у члены партыі. У барацьбе супраць іншых палітычных партый бальшавікі, як і раней, выкарыстоўвалі дзяржаўны карны апарат Надзвычайнай камісіі (ЧК), потым Аб’яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення (АДПУ). У выніку многія актыўныя палітычныя дзеячы вымушаны былі пакінуць рэспубліку або былі высланы за мяжу. Адной з асноўных у палітыцы бальшавікоў з’яўлялася праблема дзяржаўнага будаўніцтва. Ваенна-палітычны саюз рэспублік, заключаны ў часы грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—20, не адпавядаў новым умовам. Пытанне пра заключэнне новага саюзнага дагавора неаднойчы абмяркоўвалася ў ЦК РКП(б) і ЦБ КП(б)Б. Аднак дакладнага ўяўлення пра форму будучай дзяржавы не было. 16 верасня 1922 ЦБ КП(б)Б выказалася за сталінскі праект «аўтанамізацыі» і ўключэнне ў склад БССР Віцебскай і Гомельскай губ. Толькі пасля кастрычніцкага (1922) пленума ЦК РКП(б), які падтрымаў план Леніна (у аснове яго ляжаў прынцып федэрацыі), кіраўніцтва КП(б)Б атрымала ясныя палітычныя арыенціры.
30 снежня 1922 РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР падпісалі дагавор аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). VII з’езд КП(б)Б (20—26 сакавіка 1923) падкрэсліў неабходнасць актыўнага ўдзелу беларускіх камуністаў у агульнасаюзным будаўніцтве, умацаванні адзінства і дружбы народаў, вызначыў меры па рэгуляванні сацыяльнага складу партыі, арганізацыі фабрычных ячэек, пашырэнні сувязі партыйных органаў з ячэйкамі, вёскай, камсамолам, Чырвонай Арміяй. Адзначалася неабходнасць пашырэння тэрыторыі Беларусі (Узбуйненне БССР) і новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу Беларусі. Пасля смерці У. Леніна (21 студзеня 1924) ЦК РКП(б) аб’явіў ленінскі прызыў у партыю. На апошнім пасяджэнні 8 лютага 1924 пленум ЦБ КП(б)Б абмеркаваў пытанне «Аб прыёме рабочых у партыю» і стварыў камісію на чале з сакратаром ЦБ В. Багуцкім. Практычную работу ажыццяўляла Часовае беларускае бюро ЦК РКП(б) (8 лютага — 12 мая 1924). Усяго па ленінскім прызыве ў КП(б)Б было прынята 2007 чалавек, з іх больш за 98 % рабочых. На 1 лютага 1924 у КП(б)Б налічвалася 3653 рабочыя (44,2 %) і 951 селянін (23,6 %). У выніку ленінскага прызыву колькасць рабочых у КП(б)Б вырасла да 5660 чал. (55,1 %); да канца ліпеня 1924 створана 21 новая вытворчая партыйная ячэйка.
VIII з’езд КП(б)Б (12 — 14 мая 1924) адзначыў станоўчыя зрухі ў аднаўленні прамысловасці і сельскай гаспадаркі, спыненне працэсу дэкласавання, паляпшэнне сацыяльнага становішча рабочага класа. Разам з тым некаторыя рашэнні з’езда і партыйных органаў на месцах сведчаць, што поспехі нэпа і змены ў сацыяльна-эканамічным становішчы насельніцтва, асабліва сялянства, выклікалі ў партыйнага кіраўніцтва намеры абмежаваць рост колькасці заможных сялян, развіццё прыватнага сектара ў прамысловасці, гандлі і інш., штучна паскорыць працэсы вытворчай кааперацыі ў форме камун і калгасаў. Палітычная апора рабілася на батракоў і сялян-беднякоў, падкрэслівалася неабходнасць рашучай барацьбы з кулацкімі элементамі. У сувязі з уключэннем у склад БССР тэрыторый Віцебскай і Гомельскай губерняў і зменамі ў адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле ў 1924 створана новая структура КП(б)Б: цэнтральныя органы (ЦК, ЦКК, Рэвізійная камісія), 10 акруговых, 100 сельскіх і 9 гарадскіх раённых камітэтаў партыі. Аператыўнае кіраўніцтва партыйнай і палітычнай работай паміж з’ездамі КП(б)Б і пленумамі ЦК ажыццяўляла Бюро ЦК КПБ. Партыйныя ячэйкі будаваліся паводле тэрытарыяльна-вытворчага прынцыпу (за 1924-25 іх колькасць вырасла з 262 да 649).
З’езды і пленумы 1920-х г. вялікую ўвагу аддавалі пытанням дзяржаўнага і нацыянальна-культурнага будаўніцтва. X і XII з’езды РКП(б) патрабавалі, каб партыйныя і дзяржаўныя органы нацыянальных рэспублік і абласцей камплектаваліся пераважна з мясцовых кадраў, якія ведаюць мову, побыт, звычаі сваіх народаў. Своеасаблівую пазіцыю ў падтрымку гэтай палітыкі займаў у той час І. Сталін. На абвінавачванні беларускіх камуністаў у нацыяналізме на X з’ездзе РКП(б) ён адказаў, што «існуе беларуская нацыя, у якой ёсць свая мова, адметная ад рускай, з прычыны чаго ўзняць культуру беларускага народа можна толькі на роднай яго мове». Хоць кіраўнікі шэрагу беларускіх партыйных арганізацый насцярожана ставіліся да беларускага нацыянальнага руху, скептычна адносіліся да беларускай мовы і культуры, яны вымушаны былі выконваць рашэнні цэнтра.
Галоўнымі пытаннямі ліпеньскага (1924) і студзеньскага (1925) пленумаў ЦК КП(б)Б былі чарговыя задачы і мерапрыемствы ў нацыянальнай палітыцы. Быў падтрыманы дэвіз «Уся КП(б)Б павінна гаварыць на беларускай мове». Прызнавалася раўнапраўе ўсіх нацыянальнасцей у развіцці культуры, дзяржаўнымі абвяшчаліся 4 мовы — беларуская, руская, яўрэйская, польская. Студзеньскі пленум адзначыў, што «аднак справа развіцця мовы, літаратуры, школы, усёй культуры на беларускай мове прызнаецца першай і асноўнай справай». Яна была выбрана ў якасці асноўнай для зносін паміж дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі і ўстановамі. Пытанні нацыянальнай палітыкі абмяркоўваліся і на іншых пленумах ЦК КП(б)Б. 3 канца 1925 пасяджэнні і пратаколы ЦК і акруговых камітэтаў партыі вяліся на беларускай мове.
Поспехі ў аднаўленні разбуранай вайной гаспадаркі, правядзенні дзяржаўнай і нацыянальна-культурнага будаўніцтва, арганізацыйная і ідэалагічная работа садзейнічалі ўмацаванню аўтарытэту кампартыі, аслабленню і знікненню з палітычнай арэны яе канкурэнтаў. У сакавіку 1921 самаліквідаваўся Бунд, у чэрвені 1924 прыняла рашэнне аб самароспуску БПС-Р. Частка іх членаў улілася ў КП(б)Б, іншыя ўдзельнічалі ў рэвалюцыйным руху па-за межамі БССР (Заходняя Беларусь, Польшча). Вялася рашучая барацьба з фракцыйнымі групамі ўнутры КП(б)Б. На Беларусі трывала ўсталявалася аднапартыйная палітычная сістэма.
XIV канферэнцыя РКП(б) (1925) канстатавала, што ў СССР ёсць усё неабходнае і дастатковае для пабудовы сацыялізму. У адносінах да БССР рашэнні канферэнцыі былі канкрэтызаваны кастрычніцкім (1925) пленумам ЦК і ІХ з’ездам КП(б)Б (8 — 12 снежня 1925). З’езд прыняў рашэнне лічыць усе канферэнцыі КП(б)Б, пачынаючы з VI Паўночна-Заходняй абласной канферэнцыі РКП(б), з’ездамі Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі. Падкрэслівалася, што асноўнымі задачамі ў галіне гаспадарчага будаўніцтва з’яўляюцца развіццё прамысловасці як асновы сацыялістычнай гаспадаркі і апоры дыктатуры пралетарыяту, залучэнне сялянства да сацыялістычнага будаўніцтва праз шырокую кааперацыю.
Другая палова 1920-х г. характарызавалася карэннымі зменамі ў палітыцы Камуністычнай партыі, паступовым адыходам ад прынцыпаў нэпа. XIV з’езд РКП(б) (18 — 31 снежня 1925) перайменаваў партыю ў УКП(б), асноўнай задачай вызначыў сацыялістычную індустрыялізацыю краіны. Пашыраны пленум ЦК КП(б)Б (1926) адобрыў разгром «новай апазіцыі», выказаўся за ўмацаванне і развіццё СССР «як базы і першага паспяховага вялікага вопыту на шляху сусветнай пралетарскай рэвалюцыі». У адпаведнасці з рашэннямі красавіцкага (1926) пленума ЦК КП(б)Б умацоўваўся апарат Цэнтральнай кантрольнай камісіі — Рабоча-сялянскай інспекцыі (ЦКК—РСІ), пашыраліся кантрольныя функцыі цэнтральнай і акруговых камісій, што стварала ўмовы для ўмацавання бюракратычнай сістэмы кіравання.
Важную ролю ў культурным будаўніцтве, развіцці сістэмы адукацыі і падрыхтоўцы кадраў, пашырэнні выданняў на беларускай мове адыграў аб’яднаны пленум ЦК і ЦКК КП(б)Б (22 — 27 ліпеня 1926). Аднак у яго рашэннях ужо выразна праявіліся тэндэнцыі на згортванне ўнутрыпартыйнай дэмакратыі. Пленум без абмеркавання ўхваліў рашэнні ліпеньскага (1926) пленума ЦК УКП(б) аб немэтазгоднасці агульнапартыйнай дыскусіі па пытаннях сацыялістычнага будаўніцтва. Кастрычніцкі (1926) пленум ЦК КП(б)Б фактычна адобрыў палітычную расправу з членамі «новай апазіцыі».
26 верасня 1926 ЦК КП(б)Б накіраваў у ЦК УКП(б) пісьмо з прапановай аб пашырэнні тэрыторыі рэспублікі. Для вывучэння пытання была створана камісія Палітбюро ЦК УКП(б). 18 лістапада 1926 Палітбюро прызнала неабходным далучыць да тэрыторыі БССР Гомельскі і Рэчыцкі паветы. Снежаньскі (1926) пленум ЦК КП(б)Б «прызнаў правільнай і дастатковай работу, праведзеную Бюро ЦК КП(б)Б па пытанні аб граніцах БССР». У такіх межах БССР існавала да 1939 года.
Пачалося стварэнне народна-гаспадарчага комплексу як састаўной часткі адзінага народна-гаспадарчага комплексу СССР. X з’езд КП(б)Б (3 — 10 студзеня 1927) засяродзіў увагу на выніках эканамічнага развіцця рэспублікі за 1926 год, чарговых задачах індустрыялізацыі і кааперавання сельскай гаспадаркі, пытаннях стварэння і ўмацавання матэрыяльнай базы саўгасаў. Дакументы з’езда сведчаць, што аднаўленчы перыяд у БССР быў закончаны не ў 1925, як доўгі час сцвярджалася, а да 1927. Асноўным сродкам накаплення капіталу з’яўляўся падатковы ціск на прыватны капітал і працоўныя масы, асабліва на сялянства, праз прамыя і ўскосныя падаткі. Усё больш выразна праяўляўся курс на згортванне нэпа. Такая палітыка супярэчыла рашэнням папярэдніх партыйных з’ездаў, пагаршала матэрыяльнае становішча насельніцтва. Адначасова з заклікамі не аслабляць тэмпаў беларусізацыі X з’езд заявіў пра ажыўленне розных праяў нацыяналізму і нацыянал-шавінізму, пераход нацыянал-дэмакратычных элементаў інтэлігенцыі на пазіцыі наступальнага беларускага нацыяналізму і неабходнасць рашучай барацьбы супраць рускага, беларускага, польскага і яўрэйскага нацыяналізму.
Асновы 1-га пяцігадовага перспектыўнага плана развіцця народнай гаспадаркі БССР абмеркаваў чэрвеньскі (1927) пленум ЦК КП(б)Б. Бюро ЦК КПБ было даручана накіраваць адпаведным органам дырэктыву па распрацоўцы галіновых планаў. Такая практыка прыняцця партыйнымі органамі найважнейшых палітычных, эканамічных і кадравых рашэнняў, указанні дзяржаўным і гаспадарчым органам па асноўных кірунках іх працы, пастаянны кантроль і ўмяшанне ў іх дзейнасць захаваліся на ўвесь перыяд існавання кампартыі як кіруючай палітычнай арганізацыі.
Летам-восенню 1927 зноў абвастрыліся ўзаемаадносіны ў кіраўніцтве УКП(б). У Беларусі погляды апазіцыі («платформа 83-х») падзялялі нямногія камуністы, аднак пытанні агульнапартыйнай дыскусіі шырока абмяркоўваліся на чэрвеньскім (1927) пленуме ЦК КП(б)Б, пленумах, партыйных актывах, сходах партыйных ячэек у Віцебску, Бабруйску, Магілёве, Мінску, Мазыры і інш. За падтрымку апазіцыі з КП(б)Б было выключана 16 чал. Узмацніліся пазіцыі прыхільнікаў І. Сталіна.
XI з’езд КП(б)Б (22-29.11.1927) сканцэнтраваў увагу на разгортванні сацыялістычнага будаўніцтва, распрацоўцы пяцігадовага плана, умацаванні сацыялістычнага і кааператыўнага сектара ў народнай гаспадарцы, далейшым развіцці сістэмы адукацыі і падрыхтоўцы нацыянальных кадраў, пашырэнні палітыкі беларусізацыі, павышэнні палітычнай і працоўнай актыўнасці. Некаторыя рашэнні па пытаннях нацыянальнай, рэлігійнай і кадравай палітыкі, партыйнага і культурнага будаўніцтва, кааперацыі, выкарыстання прыродных рэсурсаў былі супярэчлівыя, вызначаліся валюнтарысцкімі падыходамі да планавання, вызначэння метадаў і сродкаў іх выканання. У катэгарычнай форме заяўлялася пра небяспеку нацыянал-дэмакратызму і неабходнасць рашучай барацьбы з ім. з’езд узяў курс на калектывізацыю сельскай гаспадаркі.
У 1928 Сталін выказаў тэзіс аб узмацненні класавай барацьбы па меры пабудовы сацыялізму, які стаў тэарэтычным абгрунтаваннем палітычных рэпрэсій супраць усіх сацыяльных груп насельніцтва. Галоўным сродкам барацьбы з іншадумствам у краіне і партыі станавіліся судовая і пазасудовая расправа. Аб’яднаны пленум ЦК і ЦКК КП(б)Б (28.11-1.12.1928) падкрэсліў, што ва ўмовах Беларусі (нязначная колькасць пралетарыяту, шматнацыянальны склад насельніцтва, пагранічнасць рэгіёна) барацьба на 2 франты — супраць трацкізму і правага ўхілу — мае асобае значэнне. У 1929 паводле фальшывых абвінавачванняў у сабатажы мерапрыемстваў партыі, скрыўленні класавай лініі, імкненні звергнуць савецкую ўладу, адарваць БССР ад СССР і стварыць буржуазную рэспубліку з КП(б)Б былі выключаны і пазней рэпрэсіраваны 28 партыйных і савецкіх кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры.
XII з’езд КП(б)Б (5-16.2.1929) абмеркаваў 1-ы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР, адзначыў неабходнасць развіцця традыцыйных і новых галін вытворчасці, якія павінны былі працаваць на прывазной сыравіне і паўфабрыкатах. Асаблівая ўвага была звернута на пытанні партыйнага будаўніцтва, неабходнасць барацьбы супраць правага ўхілу і буржуазнага нацыяналізму. Падкрэслівалася важнасць рэгулявання сацыяльнага складу КП(б)Б, павелічэння да канца 1930 колькасці непасрэдна занятых на вытворчасці рабочых не менш чым да 50 %. У выніку чысткі ў партыі (23-29.4.1929) з КП(б)Б выключана 3717 чал. Пад лозунгам барацьбы з т.зв. беларускім буржуазным нацыяналізмам пачаліся мэтанакіраваныя рэпрэсіі супраць беларускай савецкай інтэлігенцыі. Пачатак гэтаму быў пакладзены дзейнасцю ў Беларусі ў маі—чэрвэні 1929 камісіі Затонскага, накіраванай ЦК УКП(б) для абследавання практыкі правядзення нацыянальнай палітыкі ў БССР. Даклад, зроблены У. Затонскім 27 чэрвеня на пасяджэнні Бюро ЦК КП(б)Б, адкрыта заклікаў да барацьбы з навуковай і творчай інтэлігенцыяй. 1929 стаў годам пераходу ад нэпа да аўтарытарных метадаў кіраўніцтва эканамічным і грамадска-палітычным жыццём.
XIII з’езд КП(б)Б (30.5-12.6.1930) звярнуў увагу на паскарэнне развіцця прамысловасці, асабліва галін, якія выпускалі сродкі вытворчасці, адзначыў сур’ёзныя недахопы ў калгасным будаўніцтве, неабходнасць арганізацыйна-гаспадарчага ўмацавання калгасаў, аднаўлення і далейшага развіцця сеткі нізавой сельскагаспадарчай кааперацыі. Ен канстатаваў поспехі ў развіцці адукацыі і ліквідацыі непісьменнасці, павелічэнні колькасці вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, рост тыражоў кніг, газет і часопісаў на беларускай мове і інш. Да сярэдзіны 1930 са згоды К. Гея (са студзеня 1930 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б) органы АДПУ БССР на чале з прысланым з Масквы Р. Рапапортам (са студзеня 1930 член Бюро ЦК КП(б)Б) сфабрыкавалі справу «Саюза вызвалення Беларусі», скіраваную супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. Па гэтай справе было рэпрэсіравана больш за 110 чал. Разам з тым шмат увагі аддавалася пытанням партыйнага будаўніцтва. У 1931 у КП(б)Б прынята 15981 чл. і 8273 кандыдатаў ў члены партыі (самы высокі гадавы паказчык за перыяд 1919—58).
Папярэднія вынікі выканання планаў 1-й пяцігодкі падвёў XIV з’езд КП(б)Б (23-29.1.1932). Удзельная вага прамысловасці ў народнай гаспадарцы вырасла да 50 % у 1931. Хутка расла колькасць рабочых, было ліквідавана беспрацоўе, разгортвалася жыллёвае і сацыяльна-бытавое будаўніцтва. Аднак нізкімі заставаліся прадукцыйнасць працы і зарплата, якасць прадукцыі, высокім быў яе сабекошт. з’езд ухваліў дырэктывы ЦК УКП(б) па 2-м пяцігадовым плане развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1933—37, даручыў ЦК КП(б)Б пачаць яго распрацоўку для БССР. За гады 1-й пяцігодкі БССР ператварылася з аграрнай у аграрна-індустрыяльную рэспубліку. Значнымі былі дасягненні ў развіцці адукацыі, навукі, культуры. Было пабудавана 538 прадпрыемстваў, у тым ліку 78 буйных. Калгасы аб’ядноўвалі 52 % сялянскіх гаспадарак. Аднак аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў 2,7 раза (пры плане ў 3,7 раза), высокі быў яе сабекошт пры нізкай якасці. План капітальнага будаўніцтва быў выкананы на 68,1 %. Зрываліся пастаўкі сыравіны і матэрыялаў. У выніку калектывізацыі, якая ажыццяўлялася пад непасрэдным кіраўніцтвам партыйных органаў, былі ліквідаваны альтэрнатыўныя шляхі развіцця сельскай гаспадаркі. Рашэнні аб’яднанага пленума ЦК і ЦКК КП(б)Б (20—23.7.1933) па ліквідацыі недахопаў у развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі мелі агульны характар, не былі прааналізаваны іх прычыны, паколькі трэба было б прызнаць нерэальнасць вызначаных планаў, заганныя метады кіраўніцтва з боку ЦК УКП(б). Эканамічным працэсам надавалася вострапалітычнае значэнне, невыкананне планаў тлумачылася дзейнасцю «нацдэмаў» і «контррэвалюцыянераў», якія «прабраліся ў партыю і на кіруючыя пасады». «Шкодніцтва» было выкрыта ў Наркамземе, Белтрактарацэнтры, Белдзяржзабеспячэнні і інш. У 1933 у 3013 пярвічных арганізацыях КП(б)Б налічвалася 65040 камуністаў. У ходзе чысткі (пачалася ў чэрвені 1933) з КП(б)Б выключана 9756 чал.
У матэрыялах XV з’езда КП(б)Б (16-22.1.1934) адзначалася, што ў непрымірымай барацьбе з класавым ворагам Кампартыя Беларусі пад кіраўніцтвам ЦК УКП(б) дабілася вялікіх поспехаў на ўсіх франтах сацыялістычнага будаўніцтва. Традыцыйнымі засталіся рашэнні пра неабходнасць павышэння класавай пільнасці і барацьбы з нацыяналізмам, пашырэнне інтэрнацыянальнага выхавання, умацавання дружбы народаў СССР і ўсяго свету, абараназдольнасці краіны і інш. Пленум ЦК КП(б)Б (28.2-1.3.1934) увёў новую структуру партыйных органаў. Колькасць членаў і кандыдатаў у члены бюро ЦК скарачалася адпаведна з 16 да 11 і з 7 да 3. У апараце ЦК КП(б)Б ствараліся аддзелы: сельскагаспадарчы, прамыслова-транспартны, савецкага гандлю, культуры і прапаганды ленінізму, кіруючых партыйных кадраў. У гаркомах і райкомах былі ліквідаваны аддзелы і ўведзены пасады інструктараў, кожны з якіх адказваў за работу канкрэтнай групы пярвічных арганізацый. 3.8.1934 пленум ЦК КП(б)Б абавязаў Бюро ЦК, гаркомы і райкомы партыі павысіць узровень кіраўніцтва савецкімі органамі. Гэта быў яшчэ адзін крок па ўзмацненні партыйнага кантролю за дзейнасцю заканадаўчых і выканаўчых дзяржаўных органаў, усіх грамадскіх арганізацый.
У 1934 АДПУ рэарганізавана ў НКУС СССР. У 1933-36 у сувязі з чысткай у партыі, праверкай і абменам партыйных дакументаў з КП(б)Б выключана 8246 чал. (21 % усяго складу), з іх 1078 з фармулёўкай «за пасіўнасць». Прыём у партыю ў гэты перыяд не праводзіўся. Вынікі 2-га пяцігадовага плана падвёў XVI з’езд КП(б)Б (10-19.6.1937). Афіцыйна заяўлялася, што аб’ём валавой прадукцыі ў БССР павялічыўся ў 1,9 раза. Гэта сведчыла пра хуткае прамысловае развіццё рэспублікі. Меліся дасягненні ў калгасным і культурным будаўніцтве. Палепшылася матэрыяльнае становішча насельніцтва. У 1935-36 адменена картачная сістэма. з’езд вызначыў мерапрыемствы па паляпшэнні кіраўніцтва прамысловасцю, далейшым развіцці энергетыкі, калгасным будаўніцтве. Аднак многія рашэнні (зніжэнне сабекошту прадукцыі, паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту, бытавых умоў рабочых, калгаснікаў, інтэлігенцыі і інш.) мелі дэкларатыўны характар. з’езд даў указанне ЦК КП(б)Б і СНК БССР пачаць складанне 3-га пяцігадовага плана развіцця БССР. Упершыню з часу існавання КП(б)Б 1-м сакратаром быў выбраны беларус В. Шаранговіч.
Вясной—летам 1937 органы НКУС Беларусі (наркамы БССР, члены ЦК КП(б)Б Б. Берман, потым А. Наседкін) сфабрыкавалі справу аб існаванні на Беларусі «антысавецкіх дыверсійна-шкодніцкіх, шпіёнскіх, тэрарыстычных і паўстанцкіх арганізацый» (т.зв. «Аб’яднанае антысавецкае падполле» («ААП»). Трагічную ролю адыграў ліпеньскі (1937) пленум ЦК КП(б)Б. Даклад А. Якаўлева «Аб рашэнні ЦК УКП(б) па пытаннях аб кіраўніцтве ЦК КП Беларусі» фактычна быў устаноўкай на знішчэнне кіруючых кадраў рэспублікі. У 1937-38 па справе «ААП» рэпрэсіравана больш за 2570 чал. 3 1938 у палітычным, навуковым жыцці, ідэалагічнай і культурнай рабоце асноўнымі сталі пастулаты «Кароткага курса гісторыі УКП(б)». Згортвалася ўнутрыпартыйнае жыццё. Ствараўся культ асобы Сталіна і яго паплечнікаў. Пленумы і сходы партыйных арганізацый склікаліся нерэгулярна, выбары партыйных органаў замяняліся кааптацыяй. Пасля XVII з’езда КП(б)Б (10-18.6.1938) менш чым за год у члены ЦК было кааптавана 26,2 % яго саставу, у склад гаркомаў і райкомаў — 28,9 %. Рашэнні ЦК КП(б)Б перыяду 1937—38 практычна дубліравалі рашэнні ЦК УКП(б). ЦК і ніжэйстаячыя партыйныя органы займаліся пытаннямі будаўніцтва прадпрыемстваў, стварэння навучальных устаноў, сяўбы, захоўвання ўраджаю, падпіскай на пазыкі і інш. У 1938 быў ліквідаваны Інстытут гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі. У ходзе чыстак і масавых палітычных рэпрэсій колькасць членаў і кандыдатаў у члены КП(б)Б скарацілася з 75238 у 1932 да 31526 у 1938.
У чэрвені 1938 Выканкам Камінтэрна па ініцыятыве ЦК УКП(б) распусціў Камуністычную партыю Польшчы і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ. Актыўны ўдзел у разгроме КПЗБ прымалі кіраўнікі КП(б)Б. У 1939 г. адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. У заходніх абласцях пачалося стварэнне партыйных органаў і арганізацый КП(б)Б.
XVIII з’езд КП(б)Б (15-20.5.1940) абмеркаваў пытанні гаспадарчага будаўніцтва і сацыялістычных пераўтварэнняў у заходніх абласцях, вызначыў задачы партыі ў барацьбе за датэрміновае выкананне планаў 3-й пяцігодкі. У сувязі з ліквідацыяй акруг і ўтварэннем 5 абласцей БССР (15.1.1938) былі ўнесены змены ў структуру мясцовых партыйных органаў. Значная ўвага аддавалася пашырэнню ўплыву КП(б)Б у заходніх абласцях БССР (4.12.1939).
Хоць у 1939-40 пачалася рэабілітацыя некаторых партыйных і дзяржаўных дзеячаў, з’езд зноў адобрыў рэпрэсіі супраць «ворагаў народа», прызнаў неабходным і надалей ачышчаць партыю, дзяржаўны апарат ад не выкрытых яшчэ варожых элементаў, правяраць кіруючыя кадры на «палітычную сталасць». 3 кастрычніка 1939 да 22.6.1941 у заходніх абласцях Беларусі пры актыўным удзеле членаў Бюро ЦК КП(б)Б, партыйных органаў Беластоцкай, Брэсцкай, Баранавіцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей было рэспрэсіравана (за выключэннем ваеннапалонных польскай арміі) больш за 125 тыс. чал., з іх больш за 120 тыс. высланы ў Сібір, Казахстан і іншыя рэгіёны СССР. У лістападзе 1936 адноўлены прыём у КП(б)Б. На 1.6.1941 у 5337 пярвічных партыйных арганізацыях і групах налічвалася 50754 членаў і 24297 кандыдатаў у члены КП(б)Б. Працавалі 10 абласных, 14 гарадскіх, 12 раённых у гарадах і 187 сельскіх раённых камітэтаў партыі.
Кампартыя Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны (1941—1944)
[правіць | правіць зыходнік]3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны асноўная дзейнасць партыйных органаў была скіравана на арганізацыю насельніцтва на барацьбу, правядзенне мабілізацыі, дапамогу Чырвонай Арміі, эвакуацыю і інш. 22 чэрвеня 1941 г. ЦК КП(б)Б разгледзеў пытанне «Аб задачах партыйных арганізацый у сувязі з вераломным нападам фашысцкай Германіі на СССР». У гэты ж дзень на сходзе партактыву ў Мінску з дакладам «Аб задачах партыйных арганізацый у сувязі з пачаткам вайны» выступіў 1-ы сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка. 25 чэрвеня 1941 ЦК КП(б)Б пераехаў у Магілёў, потым яшчэ неаднойчы мяняў месца знаходжання, з лістапада 1941 працаваў у Маскве. 30 чэрвеня 1941 ЦК КП(б)Б накіраваў партыйным органам дырэктыву № 1 «Аб падрыхтоўцы да пераходу на падпольную работу партарганізацый раёнаў, якія знаходзіліся пад пагрозай фашысцкай акупацыі», 1.7.1941 дырэктыву № 2 «Аб разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага», у якіх вызначаны асноўныя кірункі дзейнасці па стварэнні падпольных арганізацый, партызанскіх і дыверсійных груп, задачы, формы і метады барацьбы. Аднак у першыя дні вайны гэта работа праводзілася ў значнай меры стыхійна. Да жніўня 1941 ў дзеючую армію мабілізавана 26,5 тыс. камуністаў (больш за 34 % усяго складу КП(б)Б); на камандную і палітычную работу ў армію накіравана 30 членаў і 17 кандыдатаў у члены ЦК КП(б)Б, 18 членаў Рэвізійнай камісіі, многія сакратары абкомаў, гаркомаў і райкомаў партыі. 3 верасня 1941 да снежня 1943 ЦК КП(б)Б разгледзеў і прыняў рашэнні больш чым па 130 пытаннях, звязаных з арганізацыяй падполля і партызанскага руху. Для кіраўніцтва барацьбой у тыле ворага ЦК КП(б)Б ў верасні 1942 стварыў Беларускі штаб партызанскага руху. Усяго на акупіраванай тэрыторыі Беларусі было створана і дзейнічала 10 абласных, 193 міжраённыя, гарадскія і раённыя падпольныя камітэты КП(б)Б, больш за 1200 партызанскіх арганізацый у партызанскіх фарміраваннях, 184 гарадскія партыйныя арганізацыі, якія аб’ядноўвалі больш за 35 тыс. камуністаў. Барацьба з ворагам значна паўплывала на ўмацаванне аўтарытэту Кампартыі сярод насельніцтва.
У Беларускай ССР (пасляваенны час)
[правіць | правіць зыходнік]Пасля вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў асноўнай задачай КП(б)Б стала аднаўленне гаспадаркі. Становішча было надзвычай цяжкае. Агульныя матэрыяльныя страты, нанесеныя за час акупацыі, склалі 75 млрд руб., што ў 35 разоў перавышала дзяржаўны бюджэт БССР.
У 1944 у рэспубліцы працавалі 12 абкамаў, 14 гаркамаў, 181 райкам партыі. На ўліку ў пярвічных арганізацыях было 30 тыс. камуністаў. Для партыйных рашэнняў першых пасляваенных гадоў характэрны дэталёвая рэгламентацыя, імкненне ахапіць усе сферы грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця. Гэта работа вялася метадам шырокіх эканамічных і палітычных кампаній, што не заўсёды давала станоўчыя вынікі. 8-я сесія Вярхоўнага Савета БССР (верасень 1946) прыняла закон аб 4-м пяцігадовым плане аднаўлення і развіцця народнай гаспадаркі БССР. Пашырылася практыка прыняцця сумесных пастаноў ЦК КП(б)Б і СНК БССР, мясцовых партыйных і савецкіх органаў па розных пытаннях. Аднаўленне эканомікі забяспечвалася жорсткай цэнтралізацыяй і каманднымі метадамі.
Пасля вайны ў заходніх абласцях рэспублікі працягвалася дзейнасць груп Арміі Краёвай, Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, якія вялі ўзброеную барацьбу супраць савецкай улады, забівалі партыйных і савецкіх работнікаў, калгасных актывістаў. У 1947 у заходніх абласцях Беларусі органамі НКУС выяўлены і разгромлены шэраг падпольных арганізацый і груп («Саюз беларускіх патрыётаў», «Чайка» і інш.). 15-ы пленум ЦК КП(б)Б (27.11—1.12.1947) у пастанове «Аб палітычнай і ідэалагічнай рабоце КП(б) Беларусі сярод інтэлігенцыі» вызначыў шэраг палажэнняў, якія наклалі негатыўны адбітак на вывучэнне айчыннай гісторыі. Аднаўляліся палітычныя рэпрэсіі супраць інтэлігенцыі.
Ход аднаўлення гаспадаркі, выканання заданняў 4-й пяцігодкі разгледзеў XIX з’езд КП(б)Б (15—18.2.1949). Ён канстатаваў, што прамысловасць Беларусі дасягнула 65,8 % даваеннага ўзроўню. Пачалася вытворчасць новых відаў прадукцыі, у т.л. аўтамабіляў, трактароў, металарэзных станкоў і інш. з’езд паставіў задачу мабілізаваць усе сілы працоўных на датэрміновае выкананне і перавыкананне пяцігадовага плана.
У змененым Статуце партыі, які быў прыняты ХХ з’ездам КП(б)Б (20—23.9.1952), увага партыйных органаў звяргалася на ўмацаванне партыйнага кіраўніцтва прамысловасцю і сельскай гаспадаркай, павышэнне якасці прадукцыі, ураджайнасці, матэрыяльнага дабрабыту, развіццё аховы здароўя, навукі, адукацыі, культуры. Як і раней, з’езд ад імя народа запэўніў ЦК УКП(б), што КП(б)Б будзе змагацца за ажыццяўленне «велічнай праграмы будаўніцтва камунізму ў нашай краіне». 3 гэтага часу з’езды кампартый саюзных рэспублік сталі папярэднічаць усесаюзным і выбіраць дэлегатаў на іх. Паводле пастаноў аб зменах у Статуце партыі і яе назвы КП(б)Б стала называцца КПБ.
5.3.1953 памёр І. Сталін. Пачынаўся новы этап у гісторыі краіны і партыі. У чэрвені 1953 Л. Берыя зрабіў спробу скарыстаць недахопы ў правядзенні нацыянальнай палітыкі ў Беларусі з мэтай змясціць з пасады 1-га сакратара ЦК КПБ М. Патолічава і на яго месца прызначыць М. Зімяніна. Аднак на IV (пашыраным) пленуме ЦК КПБ (25—27.6.1953) члены яго не далі аднадушнай згоды на такую кадравую змену. Безумоўна, Берыя змог бы правесці сваё рашэнне, але 26 чэрвеня быў арыштаваны. Патолічаў захаваў пасаду 1-га сакратара. Зімянін быў рэкамендаваны на пасаду Старшыні Савета Міністраў БССР. V пленум ЦК КПБ (24.7.1953) адмяніў папярэднюю заяву ЦК аб скажэннях у нацыянальнай палітыцы як памылковую.
XXI з’езд КПБ (10—13.2.1954) падвёў вынікі выканання планаў за 3 гады пяцігодкі, адзначыў поспехі і прааналізаваў недахопы ў развіцці эканомікі. 3 1954 пачалася актыўная праца па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій. У рашэннях з’ездаў і пленумаў гаварылася пра поспехі ў эканамічным развіцці, рост дабрабыту народа. Але нічога не сказана аб тым, што аднаўленне калгасна-саўгаснай сістэмы, асабліва калектывізацыя ў заходніх абласцях, ажыццяўлялася партыйнымі органамі прымусова паводле сцэнарыя 1930-х г. Адсутнасць пашпартоў у сялян і сістэма прапіскі ў гарадах надзейна прымацоўвалі іх да калгасаў і саўгасаў.
XXII з’езд КПБ (24—27.1.1956) адзначыў павелічэнне за гады 5-й пяцігодкі аб’ёму валавой прадукцыі прамысловасці на 206 %. Значнымі былі дасягненні ў машына- і станкабудаванні, металаапрацоўцы, вытворчасці трактароў і аўтамабіляў. Стваралася новая структура прамысловасці БССР. Аднак празмерная цэнтралізацыя кіравання эканомікай, рэгламентаванне з боку партыйных і дзяржаўных органаў, пагоня за выкананнем і перавыкананнем планаў, фактычнае ігнараванне гаспадарчага разліку зніжалі эфектыўнасць і тэмпы развіцця, асабліва сацыяльнай сферы. Некаторыя зрухі адбыліся ў сельскай гаспадарцы, хоць сістэма ўліку працы ў форме працадзён не адпавядала інтарэсам калгаснікаў.
Важнае значэнне ў жыцці ўсіх народаў СССР мелі рашэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) і пастанова ЦК КПСС ад 30.6.1956 «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». Пленум ЦК КПБ (28.7.1956) другі раз з часу існавання Кампартыі Беларусі выбраў 1-м сакратаром ЦК беларуса К. Мазурава. Пэўныя змены адбываліся ў грамадска-палітычным жыцці. Пастанова ЦК КПБ «Аб становішчы і мерах паляпшэння выкладання беларускай і рускай моў і літаратур ў школах рэспублікі» ад 2.4.1957 прадугледжвала развіццё беларускай нацыянальнай школы, мовы, літаратуры і культуры. На практыцы адбывалася ўзмацненне ролі рускай мовы, асабліва сярод гарадскога насельніцтва.
Кантрольныя лічбы развіцця гаспадаркі БССР на сямігодку зацвердзіў XXIII з’езд КПБ (нечарговы, 1959). Адзначаліся значныя дасягненні ў сацыяльна-эканамічным развіцці за 40 гадоў з часу ўтварэння КПБ і БССР, ухваляліся «велічныя планы камуністычнага будаўніцтва ў нашай краіне». Было ўхвалена «своечасовае выкрыццё і разгром антыпартыйнай фракцыйнай групы Маленкова, Кагановіча, Молатава, Булганіна і Шапілава», якая імкнулася да захавання ранейшых формаў і метадаў кіравання краінай. XXIV з’езд КПБ (17—19.2.1960) акцэнтаваў увагу на станоўчых зрухах у развіцці прамысловасці, будаўніцтва і транспарту. За 4 гады аб’ём прамысловай вытворчасці павялічыўся ў 1,6 раза. Адчувальнымі былі поспехі ў галіне навукі, культуры, адукацыі. Працягвалася рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій. У 1956—60 штогод у члены КПБ прымаліся 9—15 тыс. чал. У палітычную і ідэалагічную кампанію вылілася абмеркаванне ў ліпені—верасні 1961 праектаў 3-й Праграмы і Статута КПСС. Аднак Праграма пабудовы камунізму за 20 гадоў грунтавалася на ідэалізаванай мадэлі эканамічнага і сацыяльнага развіцця і аказалася сацыяльнай утопіяй. XXV з’езд КПБ (26—28.9.1961) адобрыў праекты Праграмы і Статута КПСС, вызначыў задачы па выкананні заданняў сямігадовага плана.
У адпаведнасці з рашэннямі лістападаўскага (1962) пленума ЦК КПСС праведзена рэарганізацыя кіруючых органаў КПБ: у 1963 створаны Прэзідыум ЦК, Бюро ЦК па кіраўніцтве прамысловасцю і будаўніцтвам, Бюро ЦК па кіраўніцтве сельскай гаспадаркай, а таксама адзіны кантрольны орган — камітэт партыйна-дзяржаўнага кантролю ЦК КПБ і СМ БССР. У выніку падзелу мясцовых партыйных органаў арганізаваны 12 абкамаў, 25 гаркамаў і гарадскіх райкамаў, 23 камітэты па прамысловых зонах і 77 па вытворчых калгасна-саўгасных упраўленнях. Аднак гэта структура не апраўдала сябе. Пасля змяшчэння з пасады М. Хрушчова і абрання 1-м сакратаром ЦК КПСС Л. Брэжнева ў лістападзе 1964 быў адноўлены тэрытарыяльна-вытворчы прынцып пабудовы партыйных органаў.
У 1964 у КПБ прынята 22348 членаў (самы высокі гадавы прыём за ўвесь час існавання). XXVI з’езд КПБ (3—5.3.1966) адзначыў павелічэнне за сямігодку аб’ёму прамысловай прадукцыі ў 2,1 раза, сярэднегадавы прырост яе склаў 11,4 %. Заданні сямігодкі ў сельскай гаспадарцы не былі выкананы. Атрымалі развіццё новыя галіны прамысловасці — нафтаперапрацоўчая, электронная, баваўняная, мінеральных угнаенняў, у дзеянне ўведзена больш за 300 буйных прадпрыемстваў і цэхаў. Будаваліся новыя гарады. Паступова паляпшаўся дабрабыт насельніцтва, уведзена гарантаваная грашовая аплата працы калгаснікаў. Павялічвалася колькасць прадпрыемстваў саюзнага значэння, эканоміка Беларусі ўсё больш уключалася ў адзіны гаспадарчы, у т.л. і ваенна-прамысловы комплекс СССР.
27.2.1968 прынята спецыяльная пастанова ЦК КПБ «Аб 50-годдзі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», у якой асноўная заслуга ў стварэнні БССР, яе эканамічным і сацыяльным развіцці аддавалася кіраўніцтву бальшавікоў і Камуністычнай партыі. У прынятых ЦК КПБ пастановах «Аб паляпшэнні палітычнай інфармацыі насельніцтва рэспублікі» (7.6.1968), «Аб стане і мерах паляпшэння масавай палітычнай работы ў рэспубліцы» (17—18.6.1968), «Аб рабоце Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР» (15.2.1970) і інш. увага звярталася на актыўнае фарміраванне грамадскай думкі, камуністычнае выхаванне, павышэнне пільнасці і ўзмацненне барацьбы з ідэалагічнымі дыверсіямі імперыялістычнай прапаганды. Узмацнілася цэнзура за навуковымі і грамадска-палітычнымі выданнямі, запаволілася рэабілітацыя ахвяр палітычных рэпрэсій. У рашэннях па эканамічных праблемах важная роля адводзілася паскарэнню тэхнічнага прагрэсу ў прамысловасці, будаўніцтве і на транспарце, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы сельскай гаспадаркі, росту прадукцыйнасці працы і якасці прадукцыі.
XXVII з’езд КПБ (22—24.2.1971) падвёў вынікі выканання планаў 8-й пяцігодкі. Эканамічныя рэформы 1960-х г. далі пэўныя станоўчыя вынікі. Сярэднегадавыя тэмпы прыросту нацыянальнага даходу ў прамысловасці склалі 14 % (самы вялікі прырост за ўвесь пасляваенны перыяд). Было пабудавана больш за 60 прадпрыемстваў. Павысіўся тэхнічны ўзровень прамысловай вытворчасці, уведзена ў дзеянне 1330 механізаваных паточных і аўтаматычных ліній. з’езд адзначыў традыцыйныя недахопы: маруднае ўкараненне дасягненняў навукі, тэхнікі, перадавых тэхналогій, нізкія прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі, нерацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прыродных рэсурсаў і інш.
У 1973—74 праведзены абмен партыйных дакументаў, які разглядаўся як сродак умацавання партыйных радоў і паляпшэння дзейнасці ўсіх партыйных арганізацый рэспублікі. 3 1977 да 1990 прыём захоўваўся на ўзроўні амаль 21 тыс. чал. у год. Асноўная ўвага аддавалася росту КПБ за кошт рабочых. Колькасць служачых абмяжоўвалася 27—28 % ад усіх прымаемых. Для многіх членства ў кампартыі было абавязковым у іх службовай дзейнасці. Паніжаўся працэнт калгаснікаў, якія жадалі ўступіць у партыю.
На XXVIII з’ездзе КПБ (1976) пры падвядзенні вынікаў выканання 9-й пяцігодкі адзначалася павелічэнне аб’ёму прамысловай прадукцыі на 64 % замест. Уведзена ў дзеянне 97 буйных прадпрыемстваў, у т.л. Беларускі шынны камбінат у Бабруйску, нафтаперапрацоўчы завод у Мазыры, завод аўтаматычных ліній у Баранавічах і інш. Асноўныя фонды індустрыі выраслі больш чым у 1,7 раза, вытворчасць збожжа — на 57 %. У 1977 новая Канстытуцыя СССР (арт. 6) замацавала палажэнне аб кіруючай ролі КПСС у грамадстве, якое было прадубліравана ў Канстытуцыі Беларускай ССР 1978.
XXIX з’езд КПБ (27—29.1.1981) па традыцыйнай схеме прыняў прывітанні і запэўніванні ў адданасці ў адрас ЦК КПСС і Генеральнага сакратара Л. Брэжнева. з’езд адобрыў праект ЦК КПСС «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» і даручыў СМ БССР і іншым дзяржаўным органам на яго аснове распрацаваць 11-ы пяцігадовы план эканамічнага і сацыяльнага развіцця рэспублікі.
У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. уведзена ў дзеянне 186 буйных прадпрыемстваў. Ствараліся новыя галіны індустрыі — хімічная і нафтахімічная. Відавочнымі былі значныя дасягненні, разам з тым паглыблялася залежнасць эканомікі Беларусі ад энерганосьбітаў і вытворчых сувязей з іншымі рэгіёнамі СССР, што не садзейнічала ўмацаванню эканамічнай самастойнасці рэспублікі. Усё большая колькасць прадпрыемстваў кіраваліся з цэнтра. У адпаведнасці з партыйнымі рашэннямі значныя сродкі былі ўкладзены ў сельскую гаспадарку, энергетычныя магутнасці якой у параўнанні з 1970 выраслі амаль утрая. У 1982 прынята Харчовая праграма СССР. Аднак павелічэнне ў цэлым у 1965-85 валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў 1,6 раза не забяспечвала патрэб насельніцтва ў прадуктах харчавання, а прамысловасці ў сыравіне. Больш за 25 % прадукцыі страчвалася з-за безгаспадарчасці. Павялічваўся разрыў паміж эканамічным і сацыяльным развіццём. У 1985 па ўзроўні асабістага спажывання СССР займаў 77-е месца ў свеце і саступаў ЗША ў 4 разы, хоць у Беларусі сітуацыя была крыху лепшая, чым у іншых рэгіёнах краіны.
Пашыраліся міжнародныя сувязі, ва ўмацаванні іх актыўна ўдзельнічалі партыйныя арганізацыі рознага ўзроўню. У сярэдзіне 1980-х г. БССР падпісала больш за 160 пагадненняў, прымала ўдзел у рабоце амаль 70 міжнародных арганізацый і органаў ААН. Аднак кантроль і дыктат партыйных органаў рабіў сувязі з замежжам заідэалагізаванымі, абмяжоўваў кола ўдзельнікаў міжнародных кантактаў, не дазваляў узнімаць і абмяркоўваць пытанні жыцця і ўзаемаадносін з беларускай эміграцыяй і дыяспарай.
XXX з’езд КПБ (30—31.1.1986) не засяродзіў увагі на пошуках шляхоў далейшага развіцця БССР, аднак адзначыў, што зроблены «істотны крок наперад на шляху камуністычнага будаўніцтва». Вызначаны XXVII з’ездам КПСС новы палітычн. курс («Перабудова») прадугледжваў пераход ад пераважна адміністрацыйных да эканамічных метадаў кіраўніцтва на ўсіх узроўнях, некаторую дэмакратызацыю кіравання, абнаўленне форм і метадаў дзейнасці партыі на дэмакратычных прынцыпах і інш. Асноўныя спадзяванні ў пошуку эфектыўных шляхоў развіцця звязваліся з пераходам да рыначных адносін і шматукладнай эканомікі.
3 1989 эканамічны крызіс пачаў рэзка паглыбляцца. У 1990 знізілі аб’ём прамысловай прадукцыі больш як 400 прадпрыемстваў і аб’яднанняў рэспублікі (29 % іх колькасці). Хоць на Беларусі эканамічныя паказчыкі былі лепшыя, чым у іншых рэгіёнах СССР, і мела месца палітычная стабільнасць, аднак змены праводзіліся марудна, не закраналі асноў партыйна-дзяржаўнай адміністрацыйнай сістэмы.
Паводле пастановы Бюро ЦК КПБ ад 11.11.1988 створана Камісія Бюро ЦК па дадатковым вывучэнні матэрыялаў, звязаных з рэпрэсіямі, якія мелі месца ў перыяд 1930-40-х і пач. 1950-х г. 19.2.1989 у Мінску адбыўся першы ў БССР дазволены ўладамі мітынг, арганізаваны БНФ, на якім рэзка крытыкавалася дзейнасць КПСС—КПБ. Аднак партыйнае кіраўніцтва ацэньвала гэта як нацыяналістычнае выступленне і фактычна працягвала ранейшую палітыку. 26.3.1989 на Беларусі адбыліся першыя за многія дзесяцігоддзі савецкай улады свабодныя выбары народных дэпутатаў СССР на альтэрнатыўнай аснове. У кастрычніку 1989 прыняты Закон аб выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР і аб выбарах народных дэпутатаў мясцовых Саветаў. Выбары расцягнуліся да снежня 1991 і праходзілі ў вострай палітычнай барацьбе. Камуністы захавалі большасць ў Вярхоўным Савеце рэспублікі. Нягледзячы на паглыбленне агульнага крызісу КПСС, у КПБ ён адчуваўся не так востра: працягваўся рост партай арганізацыі, да 1990 колькасць членаў і кандыдатаў у члены КПБ дасягнула 697608 чал. Аднак кіраўніцтва партыі не змагло вывесці яе з крызісу. Яна пачала страчваць аўтарытэт.
XXXI з’езд КПБ (28.11—1.12.1990) упершыню востра крытыкаваў ЦК КПСС і Генеральнага сакратара М. Гарбачова, узняў пытанне пра неабходнасць правядзення палітыкі, якая б адпавядала нацыянальным інтарэсам. Была абмеркавана канцэпцыя Праграмы, у якой абвяшчалася, што «КПБ з’яўляецца самастойнай у складзе КПСС». з’езд пацвердзіў ідэйнае і арганізацыйнае адзінства з КПСС і прызнаў немэтазгодным прыняцце Статута КПБ. Аднак прычыны крызісу партыі глыбока не аналізаваліся. Размова вялася аб пазіцыі і праграме дзеянняў КПБ у сувязі з пераходам на рыначныя адносіны, бюджэце і маёмасці партыі. Рэзка крытыкавалася палітычная апазіцыя. Упершыню выбары 1-га сакратара ЦК КПБ праводзіліся на альтэрнатыўнай аснове непасрэдна на з’ездзе без узгаднення ў ЦК КПСС.
Прыпыненне дзейнасці і аб’яднанне з Партыяй камуністаў Беларускай
[правіць | правіць зыходнік]4-я сесія ВС БССР (чэрвень 1990) разгледзела пытанне аб дэпартызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацый. За 1990 з Кампартыі Беларусі добраахвотна выйшлі 53346 чал., было выключана 22218 чал. Рэзка скарацілася колькасць жадаючых уступіць у партыю, асабліва сярод рабочых і моладзі. Многія камуністы адыходзілі ад удзелу ў палітычным і грамадскім жыцці. 31 студзеня 1991 г. набыў сілу Закон СССР «Аб грамадскіх аб’яднаннях», што ўзмацніла працэс пераходу да шматпартыйнасці на Беларусі.
25 жніўня 1991 года, праз некалькі дзён пасля жнівеньскага путчу, Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыняў Пастановы «Аб часовым прыпыненні дзейнасці КПБ-КПСС на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» і «Аб дэпартызацыю органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь, дзяржаўных прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і ўласнасці Камуністычнай партыі Беларусі і Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі Беларусі»[2]. У адказ частка камуністаў у кастрычніку 1991 г. стварылі Ініцыятыўны камітэт па аднаўленні дзейнасці КПБ, які ў снежні таго ж года правеў устаноўчы з’езд новай партыі, якая атрымала назву «Партыя камуністаў Беларуская» (скар. ПКБ). 10 снежня 1991 г. паводле пастановы ВС «Аб уласнасці КПСС — КПБ» партыйная ўласнасць перададзена дзяржаве. У гэты ж дзень ВС ратыфікаваў Пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў і дэнансаваў дагавор 1922 аб утварэнні СССР. Пераемніцай КПБ абвясціла сябе Партыя камуністаў Беларуская, зарэгістраваная 26 мая 1992 г.
Кіраўнікі партыі
[правіць | правіць зыходнік]Сакратары — першыя сакратары ЦК КП(б)/КП Беларусі[3][4]
- 1918—1919 гг. — Аляксандр Фёдаравіч Мяснікоў
- 1919 год — Вінцас Міцкявічус-Капсукас
- 11 лістапада 1920 года — 1921 год — Яфім Барысавіч Генкін
- 25 лістапада 1920 года — май 1922 — Вільгельм Георгіевіч Кнорын
- май 1922 — 4 лютага 1924 — Вацлаў Антонавіч Багуцкі
- 4 лютага — 14 мая 1924 — Аляксандр Мікалаевіч Асаткін-Уладзімірскі
- верасень 1924 — 7 мая 1927 — Аляксандр Іванавіч Крыніцкі
- 7 мая 1927 г. — 4 снежня 1928 — Вільгельм Георгіевіч Кнорын
- 4 снежня 1928 г. — 8 студзеня 1930 — Ян Барысавіч Гамарнік
- 8 студзеня 1930 г. — 18 студзеня 1932 — Канстанцін Веньямінавіч Гей
- 18 студзеня 1932 г. — 18 сакавіка 1937 — Мікалай Фёдаравіч Гікала
- 14 сакавіка — 27 ліпеня 1937 — Васіль Фаміч Шаранговіч
- 27 ліпеня — 11 жніўня 1937 г., і. а. — Якаў Аркадзевіч Якаўлеў
- 11 жніўня 1937 — чэрвень 1938, в. а. — Аляксей Аляксеевіч Волкаў
- 18 чэрвеня 1938 г. — 7 сакавіка 1947 — Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка
- 7 сакавіка 1947 г. — 3 чэрвеня 1950 — Мікалай Іванавіч Гусараў
- 3 чэрвеня 1950 — 28 ліпеня 1956 г. — Мікалай Сямёнавіч Патолічаў
- 28 ліпеня 1956 г. — 30 сакавіка 1965 — Кірыл Трафімавіч Мазураў
- 30 сакавіка 1965 — 4 кастрычніка 1980 — Пётр Міронавіч Машэраў
- 16 кастрычніка 1980 г. — 11 студзеня 1983 — Ціхан Якаўлевіч Кісялёў
- 13 студзеня 1983 г. — 6 лютага 1987 — Мікалай Мікітавіч Слюнькоў
- 6 лютага 1987 — 28 лістапада 1990 — Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў
- 30 лістапада 1990—1991 — Анатоль Аляксандравіч Малафееў
З’езды КПБ
[правіць | правіць зыходнік]- IV (чацвёрты) з’езд КП(б)Б — Мінск, 25 лютага — 2 сакавіка 1921 г.
- V (пяты) з’езд КП(б)Б — Мінск, 15 — 20 кастрычніка 1921 г.
- VI (шосты) з’езд КП(б)Б — Мінск, 15 — 19 сакавіка 1922 г.
- VII (сёмы) з’езд КП(б)Б — Мінск, 20 — 26 сакавіка 1923 г.
- XI з’езд КП(б)Б — Мінск, 22 — 29 лістапада 1927 г.
- XIII (трынаццаты) з’езд КП(б)Б — Мінск, 30 мая — 12 чэрвеня 1930 г.
- XIV (чатырнаццаты) з’езд КП(б)Б — Мінск, 23 — 29 студзеня 1932 г.
- XV (пятнаццаты) з’езд КП(б)Б — Мінск, 16 — 22 студзеня 1934 г.
- XVI з’езд КП(б)Б — Мінск, 10 — 19 чэрвеня 1937 г.
- XVII з’езд КП(б)Б — Мінск, 10 — 18 чэрвеня 1938 г.
- XVIII з’езд КП(б)Б — Мінск, 15 — 20 мая 1940 г.
- XXXI (трыццаць першы) з’езд КПБ — Мінск, 28 лістапада — 1 снежня 1990 г.
- XXXII (трыццаць другі) з’езд КПБ — Мінск, 25 красавіка 1993 г. Аб’яднаўчы з Партыяй камуністаў беларускай (ПКБ).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]- Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі
- Гісторыя Беларусі
- Партыя камуністаў Беларуская
- Камуністычная партыя Беларусі (1996)
- Камуністычная партыя Савецкага Саюза
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 25 августа 1991 г. № 1016-XII «О временном приостановлении деятельности КПБ — КПСС на территории Республики Беларусь»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 20 лістапада 2012. Праверана 21 чэрвеня 2016.
- ↑ Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 25 августа 1991 г. № 1014-XII «О департизации органов государственной власти и управления Республики Беларусь, государственных предприятий, учреждений, организаций и собственности Коммунистической партии Белоруссии» Архівавана 3 чэрвеня 2012.
- ↑ Белорусская Советская Социалистическая Республика Архівавана 18 ліпеня 2011.
- ↑ Белоруссия
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- КП(б)Б у рэзалюцыях. Ч. 1. — Мн., 1934.
- Кушнер В. Сталіншчына і Беларусь // Беларуск. гіст. часоп. 1995. № 1—2.
- Кушнер В. Камуністычная партыя Беларусі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 т. Т. 4. — Мн., 1997.
- Мірановіч Я. Найноўшая гісторыя Беларусі. — Беласток, 2000.
- Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. — Мн., 1994-95.
- Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 1. 2 изд. — Мн., 1968; Ч. 2. — Мн., 1967;
- Хроника важнейших событий истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2—3. — Мн., 1970-80;
- Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1—6. — Мн., 1983—87;
- По воле народа: Из истории образования БССР и создания Коммунистической партии Белоруссии: Док. и материалы. — Мн., 1988;
- Коммунистическая партия Белоруссии в цифрах, 1918—1988. 2 изд. — Мн., 1988;
- Страницы истории Компартии Белоруссии: суждения, аргументы, факты. — Мн., 1990.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- «90 гадоў ўтварэння БССР і Камуністычнай партыі Беларусі(недаступная спасылка)». Артыкул на сайце Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.