Свіслацкі раён
Свіслацкі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Гродзенская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Свіслач | ||||
Дата ўтварэння | 15 студзеня 1940 | ||||
Кіраўнік | Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі[1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 88,64 %, руская 10,03 % Размаўляюць дома: беларуская 39,25 %, руская 14,94 %[2] |
||||
Насельніцтва (2018) |
15 205 (15-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 13,51 чал./км² (17-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 74,63 %, палякі — 20,47 %, рускія — 3,53 %, іншыя — 1,37 %[2] |
||||
Канфесійны склад | праваслаўныя, католікі, пратэстанты | ||||
Плошча |
1 449,53[3] (10-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора • Найвышэйшы пункт • Самы нізкі пункт |
242 м 143 м |
||||
Код аўтам. нумароў | 4 | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свіслацкі раён — раён у складзе Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца на паўднёвым захадзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча раёна — 1,4 тыс.км². Насельніцтва — 15 тыс. чалавек. Цэнтр раёна — горад Свіслач. У складзе раёна гарадскі пасёлак Поразава, 152 сельскія населеныя пункты, 7 сельсаветаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Свіслацкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Беластоцкай вобласці БССР. Цэнтр — гарадскі пасёлак Свіслач. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 16 сельсаветаў: Агародніцкі, Вейкаўскі, Велікасельскі, Грынкоўскі, Грыцавіцкі, Дабравольскі, Кватарскі, Лукаўскі, Мастаўлянскі, Нязбодзіцкі, Палонкаўскі, Свіслацкі, Стараляўкоўскі, Шымкаўскі, Юшкаўскі, Ялоўскі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Гродзенскай вобласці. 16 жніўня 1945 года Вейкаўскі, Лукаўскі, Мастаўлянскі, Стараляўкоўскі, Шымкаўскі, Юшкаўскі сельсаветы перададзены ПНР. У 1945 годзе ўтвораны Ціхавольскі сельсавет. 8 чэрвеня 1950 года Ялоўскі сельсавет перайменаваны ў Стоцкі. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Агародніцкі, Стоцкі і Ціхавольскі сельсаветы. 20 студзеня 1960 года да раёна далучаны гарадскі пасёлак Поразаў, Крапіўніцкі, Кукліцкі, Лаўрынавіцкі, Міхайлаўскі, Навадворскі, Падароскі сельсаветы скасаванага Поразаўскага раёна. 13 лютага 1960 года Грыцавіцкі і Кватарскі сельсаветы перададзены Бераставіцкаму раёну. 12 кастрычніка 1960 года скасаваны Велікасельскі сельсавет. 2 снежня 1961 года скасаваны Грынкоўскі, Крапіўніцкі, Кукліцкі і Лаўрынавіцкі сельсаветы, утвораны Ханявіцкі сельсавет, Палонкаўскі сельсавет перайменаваны ў Вердаміцкі. 25 снежня 1962 года Падароскі сельсавет перададзены Ваўкавыскаму раёну, далучаны гарадскі пасёлак Вялікая Бераставіца, Алекшыцкі, Глебавіцкі, Данілкаўскі, Ёдзіцкі, Жукевіцкі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Цецяроўскі, Эйсмантаўскі сельсаветы скасаванага Бераставіцкага раёна. 23 сакавіка 1964 года скасаваны Жукевіцкі сельсавет. 30 ліпеня 1966 года гарадскі пасёлак Вялікая Бераставіца, Алекшыцкі, Глебавіцкі, Данілкаўскі, Ёдзіцкі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Цецяроўскі, Эйсмантаўскі сельсаветы перададзены зноў утворанаму Бераставіцкаму раёну. 18 верасня 1967 года Міхайлаўскі сельсавет перайменаваны ў Гарнастаевіцкі, які 14 лютага 1977 года скасаваны. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Свіслач і Свіслацкі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 14 снежня 2000 года гарадскі пасёлак Свіслач атрымаў статус горада раённага падпарадкавання. 18 кастрычніка 2013 года Поразаўскі пассавет рэарганізаваны ў Поразаўскі сельсавет.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]Рэльеф — узгорыста-раўнінны. Большую частку раёна займае Прыбужская раўніна, на паўднёвым усходзе — Ваўкавыскае ўзвышша. Пераважае вышыня 180—200 метраў над узроўнем мора. Самы высокі пункт раёна — 242 метры.
Карысныя выкапні: пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічыя пяскі, гліны і суглінкі, прызначаныя для вытворчасці грубай керамікі, торф.
Сярэдняя тэмпература студзеня −5 °C, чэрвеня +18 °C. Ападкаў выпадае 585 мм у год. Вегетацыйны перыяд — 199 сутак.
Самыя вялікія рэкі раёна — Нараў, Рось, Свіслач, Зальвянка, Бернікі. Пераважаюць хваёвыя лясы, яны займаюць 49 % тэрыторыі раёна. На тэрыторыі раёна размешчана практычна палавіна Нацыянальнага парку Белавежская пушча, частка гідралагічнага заказніка Дзікае.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1995 год — 28,8 тыс. чал.[4]
Гаспадарка
[правіць | правіць зыходнік]Пад сельскагаспадарчыя ўгоддзі занята 40,9 % тэрыторыі. Глебы дзярнова-падзолістыя (68,3 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,5 %). Асноўныя галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля са значным развіццём ільнаводства, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу.
Прадпрыемствы харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці.
Па тэрыторыі раёна праходзіць чыгуначная лінія Гайнаўка (Рэспубліка Польшча) — Свіслач — Ваўкавыск. Свіслач злучана аўтамабільнымі дарогамі з Гроднам, Поразавам, Ваўкавыскам.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей
- Будынак былой гімназіі ў Свіслачы;
- Помнік Кастусю Каліноўскаму ў Свіслачы
- Царква драўлянага дойлідства (1861), у гарадскім пасёлку Поразава;
- Касцёл святога Міхаіла Архангела (1825), гарадскі пасёлак Поразава;
- Сядзібна-паркавы комплекс Бутаўт-Андрэйкавічаў, Поразава;
- Касцёл Святых Пятра і Паўла, Гарнастаевічы;
- Касцёл францысканцаў, Грынявічы;
- Свята-Троіцкая царква (1860-я), пасёлак Астроўскі;
Раён увайшоў у склад еўрарэгіёна «Белавежская пушча». Распрацаваны два турыстычныя маршруты: Свіслач — Ятвеск — Якушоўка — Нязбодзічы — Раманаўцы — Дабраволя — Жаркаўшчына — Ціхаволя — Нямержа; Свіслач — Вердамічы — Поразава — Грынявічы — Новы Двор.
Паўднёвую частку раёна займае Нацыянальны парк Белавежская пушча.
Асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч (1731, маёнтак Занкі — 1826) — беларускі навуковец, царкоўны дзеяч.
- Вінцэнт Гадлеўскі (1888, в. Шурычы — 1942) — каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, публіцыст.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://www.svisloch.grodno-region.by/ru/biografija-ru/
- ↑ а б Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ Беларусь 1995.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Свіслацкі раён // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 653. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.