Максім Іванавіч Гарэцкі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
М. І. Гарэцкі на паштовай марцы Беларусі
Максім Іванавіч Гарэцкі

Максім Іванавіч ГАРЭ́ЦКІ (6 (18) лютага 1893, в. Малая Багацькаўка[1], Мсціслаўскі павет, Магілёўская губерня — 10 лютага 1938[2], Вязьма; Псеўданімы: Максім Беларус, М. Б. Беларус, М. Г., А. Мсціслаўскі, Дзед Кузьма, Мацей Мышка, Мізэрыус Монус і інш.; у сваіх творах таксама выступаў як Кузьма Батура і Лявон Задума) — беларускі пісьменнік, крытык, літаратуразнавец, лексікограф, фалькларыст.

Змест

Сям'я [правіць]

З сялянскай сям'і. Браты Гаўрыла і Іван (старэйшы). Жонка Леаніла Усцінаўна Чарняўская-Гарэцкая (шлюб у Вільні, 1919 г.). Настаўніца Віленскай беларускай гімназіі, працавала над складаннем чытанак «Родны край», першае апавяданне «Мікітка» (Вільня) і малы зборнік «Дзяціныя гульні». Сын Леанід (—1944) загінуў у баях пад Ленінградам. Вядомыя яго «Пісьмы з фронту» да сям'і. Дачка Галіна.

Жыццё і дзейнасць [правіць]

Максім Гарэцкі

Скончыў каморніцка-агранамічнае вучылішча ў Горы-Горках (1913), Паўлаўскае ваеннае вучылішча ў Петраградзе (1916). Прапаршчык расійскай арміі (1916).

Чарцёжнік, каморнік землеўпарадкавальных камісій Віленскай губерні (Вільня, 1913—1914).

У час 1 сусветнай вайны прызваны ў расійскую армію (восень 1914). Цяжка паранены (25.10.1914), доўга лячыўся ў ваенных шпіталях Вільні, Масквы, Магілёва. У чыне прапаршчыка служыў у Іркуцку і Гжацку, у канцы 1916 на фронце ў Пінскіх балотах[3]. Цяжка захварэў, быў адасланы ў тыл на лячэнне (Жалезнаводск, 1917), потым зусім звольнены з войска[4].

Пераехаў у Смаленск, паступіў у Археалагічны інстытут (1917). Кастрычніцкія падзеі сустрэў тамсама, хутка пасля таго — на савецкай службе[5], у Смаленскім савеце[6]. Камендант жыллёвага аддзела[7] ў Смаленску (1918), паралельна, потым і стала супрацоўнічаў у тамтэйшых газетах «Известия Смоленского Совета», «Западная коммуна», «Звезда» (з жніўня 1918[8]). Супрацоўнічаў з газ. «Дзянніца».

Разам з рэдакцыяй «Звязды» пераехаў у Мінск, потым у Вільню (пачатак студзеня 1919). Пры раптоўным захопе Вільні польскім войскам (канец красавіка 1919) апынуўся на акупаванай тэрыторыі. Настаўнік Віленскай беларускай гімназіі і беларускіх настаўніцкіх курсаў, супрацоўнічаў у газ. «Беларускія ведамасці», «Беларускі звон». Рэдактар і выдавец газ. «Наша думка» (снежань 1920—ліпень 1921), « Беларускія ведамасці» (з верасня 1921).

У студзені 1922, перад выбарамі ў Віленскі сейм, быў арыштаваны польскімі ўладамі як цяжкі палітычны злачынца[9], зняволены ў Лукішскай турме. Бараніць яго і іншых арыштаваных на працэсе меўся адвакат Урублеўскі[10]. У выніку пратэстаў за мяжой супраць масавых арыштаў беларускіх і літоўскіх дзеячаў прымусова высланы ў Літву[11]. У канцы кастрычніка 1923 пераехаў з сям'ёй з Вільні ў Мінск.

Выкладчык мовы і літаратуры (у т.л., БДУ, Камуністычны універсітэт БССР, Мінскі ветэрынарны тэхнікум, Горацкая сельгасакадэмія (з 1.2.1926)). Загадчык кафедры бел. мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі[12]. Правадзейны член Інбелкульта, навуковы сакратар Літаратурнай камісіі (да 10.6.1925), вучоны спецыяліст (2.10.1928) Інстытуту навуковае мовы Інбелкульта. Удзельнік Беларускай акадэмічнай канферэнцыі (1926).

Разам з іншымі беларускімі дзеячамі стаў аб'ектам кампаніі «крытыкі» ў друку (1929). Арыштаваны (19.7.1930) па абвінавачанні ў прыналежнасці да Саюзу вызвалення Беларусі, у красавіку—маі 1931 засуджаны да высылкі на пяць гадоў у Вятку. У Вятцы працаваў чарцёжнікам (17.8.1931—1.3.1932), тэхнікам-сметчыкам мясцовага ФУП[13], на іншых працах. З 1.9.1935 настаўнік рускай мовы і літаратуры ў СШ г. п. Пясочня[14]. Увесь гэты час займаўся літаратурнай працай.

Арыштаваны (4.11.1937), пазней расстраляны па прысудзе «тройкі» НКУС (прысуд прыведзены ў выкананне 10 лютага 1938 года у 15 гадзін; жонцы паведамілі, што памёр ад кровазлiцця ў мозг 20 сакавiка 1939 года). Рэабілітаваны 15.11.1957.

У літаратуры [правіць]

Вокладка кнігі «Рунь»

У творчасці Гарэцкага вызначаюцца наступныя перыяды[15]:

  • 1912—1913: Горацкі першы
  • 1913—1914: Віленскі першы
  • 1914—1917: часу імперыялістычнай вайны
  • 1917—1919: пачатку Кастрычніцкай рэвалюцыі
  • 1919—1923: Віленскі другі
  • 1923—1926: Мінскі першы
  • 1926—1928: Горацкі другі
  • 1928—1930: Мінскі другі
  • 1931—1935: Вяцка-Кіраўскі
  • 1935—1937: Пясочынска-Кіраўскі

У палеміцы пач. 1910-х гадоў пісьменнік заклікаў беларускіх літаратараў адмовіцца ад дробных форм, ад дробнага бытапісання і прымату самавыражэння, на карысць распрацаваных твораў, звернутых да нацыянальнага развіцця, аналізу сацыяльных праблем і неабходных пераўтварэнняў у грамадстве, патрэбных беларускаму народу.[16] Гэтым пісьменнік выдзяляўся ў нашаніўскім перыядзе развіцця беларускай літаратуры.

Гарэцкі звяртаўся да праблемы узаемаадносін інтэлігента і народа, да ролі і місіі інтэлігенцыі ў нацыянальным развіцці (аповесць «Меланхолія», апавяданні «Фантазія» і інш.). Расцэньваў ролю беларускага літаратара як надзвычай адказную і патрабавальную да грамадзянскай і нацыянальнай свядомасці Выступаў супраць правінцыйнай замкнёнасці маладой беларускай літаратуры.

Пасля 1917 шмат піша на тэму рэвалюцыі. У 1918—1919 у палемічных допісах рэзка крытыкуе «буржуазных беларускіх дзеячаў», услаўляе бальшавізм; адначасова, крытыкуе «новую (камуністычную) буржуазію», кладзе выразны націск на неглыбокую далучанасць «буржуазных дзеячаў» да нацыянальнага руху[17].

Звяртаўся да жыцця беларускіх перасяленцаў у Сібіры («Сібірскія абразкі», апавяданні «Хадзяка», «Моцнае каханне», «Хоцімка» і інш.).

Кнігі Гарэцкага выдаваліся на рускай, украінскай, польскай, нямецкай мовах.

Творы [правіць]

  • «У лазні» (1912, надрукавана ў 1913), першае апавяданне.
  • «Роднае карэнне» (1913), апавяданне.
  • «Антон» (1914, упершыню надрукавана ў газеце «Гоман», 1918; асобна — у 1919), драматызаваная аповесць.
  • «На імперыялістычнай вайне» (1914—1919, фрагменты друкаваліся ў «Полымі», першае асобнае і цэлае выданне — 1926), ваенныя запіскі.
  • «Літоўскі хутарок» (1915, надрукаваны ў газеце «Беларусь», 1920), апавяданне, першая спроба літаратурнага, не дзённікавага твору аб вайне.
  • «Генерал» (1916, першы раз надрукавана газетай «Вольная Беларусь», 1918), апавяданне.
  • «Рускі» (1915), апавяданне.
  • «Чарнічка», апавяданне.
  • «Хадзяка» (1916), апавяданне.
  • «На этапе» (1916), апавяданне.
  • «Меланхолія», (урыўкі друкаваліся ў 1916), аповесць (незавершаная).
  • «Сібірскія абразкі» (1926—1928, часткова выданы ў 1973), збор 42 падарожных замалёвак.
  • «Ціхая плынь», аповесць (першы варыянт, «За што?», напісаны ў 1917—1918, быў надрукаваны ў газ. «Известия Смоленского Совета», май 1918; урыўкі друкаваліся аўтарам у заходнебеларускім друку, асобныя выданні — 1926 і 1930). Называецца крытыкамі адзіным завершаным і скончаным ва ўсіх адносінах буйным творам Гарэцкага[18].
  • «Дзве душы» (1918—1919, у газеце «Беларуская думка», чэрвень—ліпень 1919, першы раз асобна — Вільня, 1919), аповесць.
  • «Усебеларускі з'езд 1917-га года» (1922), апавяданне.
  • «Фантазія», апавяданне.
  • «Віленскія камунары», раман-хроніка (рукапіс быў адасланы аўтарам у Мінск у жніўні 1934, і быў знойдзены ў фондах бібліятэкі АН Літоўскай ССР у лютым 1961; першае выданне ў 1965). Рускі варыянт «Виленския воспоминания» прапаноўваўся да друку ў Маскву ў сакавіку 1935, але не быў прыняты.
  • «Чырвоныя ружы» (1922), драматычны твор.
  • «Камароўская хроніка» (1930—1932—1937, апубл. 1966), раман-эпапея (незавершаны).
  • «Меланхолія»
  • «У чым яго крыўда?» (1926), аповесць.
  • «Жартаўлівы Пісарэвіч» (1925, надрук. «Полымя», 1926), п'еса.
  • «Лявоніус Задумекус», аўтабіяграфічны твор (пісаўся ў 1930-я гады ў Вятцы, надрукаваны з адзінага чарнавіка ў часопісе «Полымя» 2/1993).
  • Аўтабіяграфічныя матэрыялы («Храналогія маіх твораў», успаміны, пісьмы); пераклады асобных прац і твораў Леніна, Горкага, А. Фадзеева, Ю. Лібядзінскага; іншыя творы і допісы ў перыядычным друку («Наша Ніва», «Полымя» і інш.)

Кнігі [правіць]

  • «Рунь» (Вільня, 1914), зборнік прозы, першая кніга.
  • «Руска-беларускі слоўнік» (Смаленск, 1918, 2-е выд. — Вільня, 1920; разам з Г. Гарэцкім).
  • «Беларуска-расійскі слоўнічак» (Вільня, 1919, 3-е выд. — Мінск, 1925).
  • «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (2-е выд. — Мінск, 1926; разам з М. Байковым).
  • «Гісторыя беларускае літаратуры» (Вільня, 1919 і 1920, 4-е выд. — Мінск, 1926).
  • «Хрэстаматыя беларускай літаратуры. XI век — 1905 г.» (Вільня, 1922).
  • «Народныя песні з мелодыямі» (Мінск, 1928; разам з А. Ягоравым), зборнік песень.
  • «Маладняк за пяць гадоў. 1923—1928» (Мінск, 1928).
  • «Апавяданні», зборнік, рыхтаваўся ў 1928, але не быў выдадзены. Частка матэрыялаў была выдадзена ў 2-томным зборніку «Выбраныя творы» (Мінск, 1973).
  • «Люстрадзён», нявыдадзены зборнік, рыхтаваўся ў 1929.

Архіў [правіць]

Пасля высылкі М. Гарэцкага ў Вятку, ён атрымліваў ад жонкі матэрыялы па пошце, а ў канцы чэрвені 1932 у Вятку быў прывезены і архіў цалкам. Архіў пасля 4.12.1937 перахоўвала жонка Гарэцкага (у Пясочні, Кіраве, Ленінградзе). 12.3.1971 амаль усе рукапісы былі (ёю?) перададзены ў ФБ АН БССР.

Ацэнкі [правіць]

Пасля рэпрэсій 1930-х гадоў і далейшага замоўчвання, публікацыі і даследаванні творчасці пісьменніка былі ўзноўлены ў 1960-х гадах. У іх ліку — манаграфіі Дз. Бугаёва «Максім Гарэцкі» (Мінск, 1968), А. Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» (Мінск, 1980), І. Чыгрына «Паміж былым і будучым» (Мінск, 1994), артыкулы і прадмовы да выданняў Дз. Бугаёва, М. Лужаніна, М. Мушынскага, Ю. Пшыркова, І. Чыгрына і інш.

У наш час прызнаецца класікам беларускай літаратуры[12]. Фактычна, пачынальнік твораў маральна-этычнай праблематыкі ў беларускай літаратуры[19]. Адзін з пачынальнікаў эпічнага жанру, інтэлектуальна-філасофскай, лірычнай, дакументальнай прозы ў беларускай літаратуры[12].

Пачынальнік даследаванняў гісторыі беларускай літаратуры [10].

Адзначаецца шматграннасць здольнасцяў пісьменніка — літаратурных, матэматычных, музычных[20].

Ваенныя творы Гарэцкага былі заўважаны крытыкай за мяжой, напрыклад, Т. Н. Баран (Н. Рандаў) у ГДР[21]. У вышыні антываеннага духу апавяданні «Генерал» і «Рускі» параўноўваюцца крытыкамі з творамі В. Быкава «Мёртвым не баліць» і «Адна ноч»[22], аповесць «На імперыялістычнай вайне» — з ваеннымі творамі Рэмарка, Барбюса, Дзюамеля[21].

Зноскі

  1. Цяпер в. Багацькаўка, Мсціслаўскі раён.
  2. У савецкай гістарыяграфіі дата смерці падавалася як 20.3.1939. Бугаёў, С. 374.
  3. Там быў прызначаны ў камісію па рэквізіцыі сена ў сялян, але не любіў гэтай працы і адпрасіўся ў акопы.
  4. Пшыркоў, С.7.
  5. Адамовіч, Чыгрын, С.92.
  6. Адзначаецца яго добрае знаёмства з В. Кнорыным. Адамовіч, С.89, Чыгрын.
  7. Кіраваў рэквізіцыяй «лішкаў жытла ў буржуазіі».
  8. Запрошаны на сталую працу ў «Звязду» Кнорыным пасля абвяшчэння БССР. Пшыркоў, С.7.
  9. Быў абвінавачаны ў прыналежнасці да партыі камуністаў, арганізацыі замаху на дзяржаўную ўладу, друкаванай і вуснай агітацыі, атрыманні грошай ад камуністаў. Такія дзеянні паводле польскага КК маглі карацца смерцю або катаргай.
  10. 10,0 10,1 Пшыркоў, С.8.
  11. Адамовіч, С.92.
  12. 12,0 12,1 12,2 Каўка, С.494.
  13. ФУП: фабрика учебных пособий.
  14. З 1936 — г. Кіраў Смаленскай, потым Калужскай вобласці.
  15. Так, як іх акрэсліў Г. Гарэцкі ў лісце да А. Адамовіча. Адамовіч, С.41,42.
  16. Адамовіч, Чыгрын, С.6—28.
  17. Чыгрын, С.92—96.
  18. Адамовіч, С.111.
  19. Чыгрын, С.70—81.
  20. Адамовіч, С.23.
  21. 21,0 21,1 Чыгрын, С.50.
  22. Адамовіч, С.67.

Памяць пра Гарэцкага [правіць]

У в. Багацькаўка створаны музей імя Гарэцкага; у ягоны гонар названыя бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Горках, Мсціславе і Мінску; устаноўлены помнікі ў Мінску (на вуліцы Рэвалюцыйнай) і Вязьме, мемарыяльныя дошкі ў Горках на вучэбным корпусе № 4 і жылым доме у якім жыў Максім Гарэцкі (апошняя знікла пасля зносу дома). У 1997 створаны Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.

У 1993 годзе да стагоддзя з дня нараджэння Максіма Гарэцкага беларуская пошта выпусціла ў абарачэнне паштовую марку.

У 2012 годзе пры падрыхтоўцы да рэспубліканскага свята «Дажынкі» ў Горках, нягледзячы на пратэсты грамадства, быў знесены дом, у якім у 1926—1928 гг. жыў Максім Гарэцкі. Гэта быў адзіны дом, які захаваўся ад Гарэцкага на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Літаратура [правіць]

  • Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» — Мн.: Выд-ва БДУ, 1980. — 224 с., іл., 1 л. партр.
  • Бугаёў Дз. Гарэцкі Максім Іванавіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. У 12 т. Т.3. Веды — Графік / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; Рэдкал.: П. У. Броўка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: Бел.Сав.Эн., 1971. — 608 с.: іл., карты. С.374.
  • Дасаева Т. М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. — Мн., 1993.
  • Каўка А. К. Гарэцкі Максім Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0. С.494—496.
  • Корань (Сінькова) Л.Д. Цукровы пеўнік: літ.-крыт. арт. – Мн.: Маст.літ., 1996. – С.22-65.
  • Марціновіч А. Брама, адчыненая ў вечнасць: дзецям пра Максіма Гарэцкага: нарысы. — Мн.: Мастацкая літаратура, 2013. — 206 с. — (Гісторыя ў асобах). — ISBN 978-985-02-1423-2.
  • Мушынскі, М. Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі: жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага / Міхась Мушынскі; [навуковы рэдактар А. М. Макарэвіч]; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск: Беларуская навука, 2008. — 509, [1] с., [8] л. іл.
  • Пшыркоў Ю. Максім Гарэцкі і яго раман «Віленскія камунары» // Гарэцкі Максім. Віленскія камунары. Раман-хроніка. — Мн. : Беларусь, 1965. — 356 с., іл.
  • Гарэцкі Р. Браты Гарэцкія. Мн.: Медысонт, 2008. — 344 с., [24] с. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны. Людзі Беларусі; кн. 1). ISBN 978-985-6887-21-8
  • Чыгрын І. П. Паміж былым і будучым: Проза М. І. Гарэцкага / І. П. Чыгрын. — 2-е выд., выпр. — Мн.: Бел. навука, 2003. — 166 с. ISBN 985-08-0539-0.

Спасылкі [правіць]

ВікіЦытатніку
Матэрыялы па тэме ў
Вікікрыніцах
Commons