Нікарагуа
|
|||||
| Дэвіз: «En Dios Confiamos (На Бога спадзяемя)» | |||||
| Гімн: «Salve a ti» | |||||
| Дата незалежнасці | 28 верасня 1821 (ад Іспаніі) | ||||
| Афіцыйная мова | іспанская | ||||
| Сталіца | Манагуа | ||||
| Найбуйнейшы горад | Манагуа | ||||
| Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
| Прэзідэнт Віцэ-прэзідэнт |
Даніэль Артэга Амар Халсевенс |
||||
| Плошча • Усяго • % воднай паверхні |
95-я ў свеце 129 494 км² 8,0 [1] |
||||
| Насельніцтва • Ацэнка (2009) • Шчыльнасць |
5 742 300 [2] чал. 44,04 чал./км² |
||||
| ВУП • Разам (2009) • На душу насельніцтва |
$6,149 млрд дол. (136-ы) $1070,8 дол. [3] |
||||
| ІРЧП (2011) | ▲ 0,589[4] (сярэдні) (129-ы) | ||||
| Валюта | Кордаба | ||||
| Інтэрнэт-дамен | .ni | ||||
| Тэлефонны код | +505 | ||||
| Часавы пояс | -6 | ||||
Нікарагуа (ісп.: República de Nicaragua [reˈpuβlika ðe nikaˈɾaɣwa]) — краіна ў Цэнтральнай Амерыцы. Мяжуе з Гандурасам на поўначы і Коста-Рыкай на поўдні, з захаду амываецца Ціхім акіянам, а з усходу — Карыбскім морам.
Змест |
Геаграфія [правіць]
Рэльеф [правіць]
Нікарагуа знаходзіцца ў Цэнтральнай Амерыцы паміж Ціхім акіянам і Карыбскім морам. Амаль палову тэрыторыі займае паўночнае нагор'е, якое з'яўляецца працягам горнай сістэмы суседняга Гандураса і ўяўляе сабою складаную сістэму адгор'яў і геалагічных напластаванняў. Тут знаходзяць радовішчы золата, срэбра, цынку, жалеза і г. д. Найвышэйшы пункт краіны — гара Магатон на мяжы з Гандурасам (2107 м). Паміж рэкамі, што сцякаюць у бок Карыбскага мора, за многія тысячагоддзі ўтварыліся доўгія горныя камлюкі і плато з стромкімі схіламі. Для ложаў нікарагуанскіх рэк уласцівы шматлікія парогі і вадаспады. Рэкі нясуць з нагор'я абломкі скал, пясок, гліну, якія запаўняюць прыбярэжную нізіну, так званы Маскітавы бераг, шырынёй да 60 - 80 км. Адкладанні ападкавых парод ствараюць уздоўж усяго ўсходняга берага шматлікія водмелі і лагуны. На плыткаводдзі развіваюцца каралавыя рыфы, якія ў выніку фарміруюць астравы.
Геалагічны ўзрост заходніх раёнаў значна маладзейшы. На ціхаакіянскім узбярэжжы амаль няма заліваў. Уздоўж яго цягнецца ланцуг вулканаў - усяго 23 (6 актыўных). Паміж паўночным нагор'ем і заходнім вулканічным поясам цянецца Нікарагуанская нізіна, часткова запоўненая азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Для заходніх раёнаў характэрны частыя землятрусы. Але дзякуючы вулканам уздоўж ціхаакіянскага ўзбярэжжа ўзнікла вузкая паласа зямлі, складзеная лававымі струменямі і выкідамі попелу. Мясцовыя глебы надзвычай урадлівыя.
Клімат [правіць]
Клімат трапічны. Сярэдняя тэмпература ў Манагуа вагаецца ў межах 28—30° С. Самым спякотным месяцам лічыцца май. Нізіны і даліны ўтвараюць "Цёплую зямлю" (цьера-кальентэ. На вышыні 600 м пачынаецца цьера-тэмплада, дзе сярэдняя тэмпература ніжэй на 7—10° С, чым у нізінах. Вышэй за 1500 м знаходзіцца прахалодная цьера-фрыя (на 16—18° С ніжэй).
Значную ролю адыгрываюць пасатныя вятры, якія дзьмуць з боку Атлантычнага акіяна. На ўсходнім узбярэжжы ападкі здараюцца штодзень, а вусце ракі Сан-Хуан — адно з самых вільготных месцаў на Зямлі (6350 мм у год). У Нікарагуа вылучаюць толькі 2 сезоны - сухі верана (лета) з лістапада да канца красавіка і вільготны інв'ерна (зіма) з мая да кастрычніка. Аднак большую частку вільгаці "збіраюць" менавіта схілы паўночнага нагор'я. У Нікарагуанскай нізіне на працягу сухога сезона нават існуе патрэба ў абрашэнні культурных насаджэнняў. На заходнім узбярэжжы колькасць ападкаў зноў узрастае да 2500 мм у год.
Гісторыя [правіць]
У старажытнасці тэрыторыю Нікарагуа насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікараа (адсюль назва краіны) і іншыя. У VI — X стст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16 верасня 1502 г. узбярэжжа Нікарагуа адкрыў Х.Калумб. У 1522 г. краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 г. заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Нікарагуа) і Гранада, уключылі землі Нікарагуа ў склад аўдзьенсіі (адміністрацыйна-судовая адзінка) Санта-Дамінга (1523 г.), потым аўдзьенсіі Панама (1539 г.), генерал-капітанства Гватэмала (1573 г.). У ходзе іспанскай каланізацыі большая частка індзейцаў Нікарагуа асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 г. — сярэдзіне XIX ст. быў брытанскім пратэктаратам. Падчас вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810 — 1826 гг. Нікарагуа далучана да Мексіканскай імперыі (1822 г.), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823 г.). З красавіка 1838 г. самастойная рэспубліка. У першай палове XIX ст. тут склаліся палітычныя партыі лібералаў (асноўная падтрымка — г.Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г.Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 г. краіна стала аб'ектам эканамічнай, палітычнай і ваеннай экспансіі ЗША. З 1858 г. сталіца Нікарагуа — г.Манагуа. У 1867 — 1893 гг. уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893 — 1909 гг.) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадзянскі шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы, садзейнічаў развіццю народнай адукацыі, пашырыў чыгуначнае будаўніцтва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Нікарагуа амерыканскага капіталу. У 1912 — 1925 гг. і 1926 — 1933 гг. краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША. Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нацыянал-вызваленчага руху, які з 1927 г. узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934 г.) і дзяржаўнага перавароту 1936 г. у краіне пачала ўсталёўвацца праамерыканская дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936 — 1947 гг., 1950 — 1956 гг.) Нікарагуа абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снежань 1941 г.), устанавіла дыпламатычныя адносіны з СССР (1944 г.); пасля 2-й сусветнай вайны ўдзельнічала ва ўзброенай інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948 г.) і Гватэмале (1954 г.). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіцыйных сіл (з 1945 г.), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957 — 1963 гг.) і А.Самосе Дэбайле (1967 — 1972 гг., 1974 — 1979 гг.; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 г. у Нікарагуа актывізаваліся апазіцыйныя сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961 г.), разгарнулі партызанскую вайну супраць Нацыянальнай гвардыі — галоўнай апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 г. прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакратычны ўрад Нацыянальнага адраджэння. 4 лістапада 1984 г. адбыліся першыя ў Нікарагуа свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдата СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 г. спынена эканамічная дапамога з боку ЗША, у Нікарагуа з тэрыторыі Гандураса пачаліся ўварванні ўзброенных атрадаў контрас (былыя вайскоўцы Нацыянальнай гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканамічнага крызісу, выкліканага грамадзянскай вайной (спынена ў сакавіку 1988 г.), на прэзідэнцкіх выбарах у лютым 1990 г. перамог кандыдат ад Апазіцыйнага нацыянальнага саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 г. распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандлёвыя эмбарга, але эканамічныя цяжкасці ў Нікарагуа захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 г. перамог кандыдат ад Ліберальнага альянса А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нацыянальнай згоды.
Эканоміка [правіць]
Нікарагуа — адна з найменш развітых краін Цэнтральнай Амерыкі. Яе эканоміка значна пацярпела ў канцы XX ст. з-за грамадзянскай вайны. З 1990 г. праводзіліся рынкавыя рэформы, а таксама барацьба з інфляцыяй, якая дасягала 33603% у год. У першае дзесяцігоддзе XXI ст. атрымалася дасягнуць стаўкі ўсяго 9,5%. Гэта стала магчыма дзякуючы знешней фінансавай дапамозе. У 2001 г. яна складала 25% ВУП. Нягледзячы на цяжкасці, у Нікарагуа адносна невялікая колькасць беспрацоўных (3,8% у 2006 г.).
Асновай эканомікі з'яўляецца сельская гаспадарка, накіраваная на экспарт. Найбольш важныя сельскагаспадарчыя культуры — кава, бавоўна, цукровы трыснёг, бананы, кунжут. Для ўнутранага спажывання таксама вырошчваюць бабовыя, рыс, маніёк і г. д. На экспарт арыентавана значная частка жывёлагадоўлі. З Нікарагуа вывозіцца мармуровая ялавічына. Развіццю сельскай гаспадаркі замінаюць недахоп зямлі, годнай для апрацоўкі, а таксама цяжкасці з фінансавымі ўкладаннямі, выкліканымі невырашанасцю аграрнага пытання.
У апошнія дзесяцігоддзі значных поспехаў дасягнулі рыбалоўства і перапрацоўка рыбных прадуктаў. У экспарце расце доля амараў. Прамысловасць у значнай ступені арыентавана на ўнутраны рынак. Разам з тым, у суседнія краіны адбываецца продаж электрычнай энергіі (69340 тыс. кВт · г у 2006 г.). Сектар паслуг складае 56,8% ад ВУП. У ім занята 52% актыўнага насельніцтва. Дзякуючы рынкавым рэформам Нікарагуа паспяхова развівае гандаль, турызм і здабычу золата.
Вядомыя асобы [правіць]
Зноскі
- ↑ "Nicaragua en cifras. Abril 2010". Managua, Banco Central de La República de Nicaragua. P.1.
- ↑ "Nicaragua en cifras. Abril 2010". Managua, Banco Central de La República de Nicaragua. P.3.
- ↑ "Nicaragua en cifras. Abril 2010". Managua, Banco Central de La República de Nicaragua. P.2.
- ↑ Human Development Report 2011. United Nations Development Programme (2011). Архівавана з першакрыніцы 19 студзеня 2013. Праверана 21 жніўня 2012.
Спасылкі [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Нікарагуа
| Гэта пачатак артыкула. Вы можаце дапамагчы праекту, выправіўшы і дапоўніўшы яго. |
