Езяросы
Горад
| ||||||||||||||||||||||||
Езяро́сы[2][заўв 1], таксама Зарасáй (літ.: Zarasai) — горад у паўночнай Літве, на мяжы з Латвіяй. Знаходзіцца за 49 км ад Уцяны. Адміністрацыйны цэнтр Езяроскага раёна.
Вакол горада размяшчаюцца некалькі азёр (Зараса, Зарасайта і інш.). Праз Езяросы праходзіць шаша Коўна — Дзвінск. За 18 км знаходзіцца чыгуначная станцыя Турмантас. Езяросы адносяцца да этнаграфічнага рэгіёну Аўкштота.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Ад назвы возера Зáрасас пайшла назва паселішча Зарасáй (множны лік, літаральна «Зарасы́»).
Назва возера аднаўляецца як «А́зарасас» (або «Е́зерaсас»), ад ezeras «возера» ў мове селаў (па-літоўску ežeras, а ў мове селаў адбыўся пераход -ž- > -z-, як і ў прусаў).
Тут, апроч балцкага канчатку -as, яшчэ і гідранімічны суфікс -as-. Так жа сама ў гэтым жа рэгіёне ўтвораныя назвы азёр Чэдасас, Све́дасас. З возера Сведасас выцякае рака Сведаса́ (назва жаночага роду і ў ёй застаецца толькі суфікс -as-), на ім паселішча Сведасáй («Сведасы́»), яго назва ўтвораная так жа сама, як і «Зарасай» ад «Зарасас»[5].
Аўтэнтычная перадача назвы Zarasai — Зарасы́, Азарасы́ або Езерасы́. У 1522 годзе у польскім напісанні засведчаная форма Jezierosy (Езяро́сы), гэта спаланізаваны варыянт (з націскам на перадапошні склад) назвы Езерасы́. У 1553 годзе сустракаецца напісанне старабеларускай мовай Езеросы[6].
У 1836—1918 гадах горад меў расійскую назву Новааляксандраўск. У 1919 годзе літоўскія ўлады змянілі назву на Эжарэнай (літ.: Ežerėnai; ад літ.: ežeras — возера), палічыўшы гістарычную форму паланізмам, аднак у 1929 годзе была вернута літоўская форма назвы Зарасай (літ.: Zarasai).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]Першы пісьмовы ўспамін пра Езяросы як уладанне Віленскага біскупства датуецца 1522 годам, калі пры тутэйшым касцёле заснавалі алтарыю. У 1530 годзе біскуп віленскі Ян з княжатаў літоўскіх дадаткова надаў плябаніі ў Езяросах зямлю і сялян. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў яны ўвайшлі ў склад Браслаўскага павета Віленскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.
У 1610 годзе з фундацыі караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы ў Езяросах збудавалі новы драўляны касцёл. На Радзівілаўскай карце 1613 года паселішча значыцца як мястэчка. На 1631 год тут было 22 дымы. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мястэчка зруйнавалі маскоўскія захопнікі (у 1674 годзе адноўлены касцёл). На 1669 год у Езяросах было 34 дымы, карчма, 5 вуліц. У часы Паўночнай вайны (1700—1721) мястэчка зноў значна пацярпела.
З пачатку XVIII стагоддзя ў ваколіцах Езяросаў пачалі сяліцца стараверы з Маскоўскай дзяржавы. У другой палове XVIII стагоддзя ў мястэчку адкрылася школа. На 1721 і 1739 гады ў Езяросах было 17 дымоў, на 1772 год — 21 дым, на 1790 год — 47 дымоў[7].
Пад уладай Расійскай імперыі
[правіць | правіць зыходнік]У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Езяросы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Па адкрыцці ў 1836 годзе шашы Коўна — Дзвінск расійскія ўлады змянілі назву горада на Новааляксандраўск, сюды перанеслі адміністрацыйны цэнтр Браслаўскага павета. У 1842 годзе ўтварыўся асобны Новааляксандраўскі павет у складзе Ковенскай губерні. На 1857 год у горадзе было 8 мураваных і 155 драўляных будынкаў.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Езяросы занялі войскі Германскай імперыі.
- Старая графіка Езяросаў
-
Касцёл, 1864 г.
-
Касцёл, 1917 г.
-
Рынак, 1917 г.
-
Праваслаўныя могілкі, 1918 г.
Найноўшы час
[правіць | правіць зыходнік]1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Езяросы ўвайшлі ў склад Савецкай Беларусі[8]. Пасля польска-літоўскіх баёў і падпісання пагаднення паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Літвой у 1919 годзе яны апынуліся ў складзе Літвы. Новыя ўлады палічылі традыцыйную назву паселішча за паланізм і сканструявалі новую — літ.: Ežerėnai (Эжарэнай; ад літ.: ežeras — возера), якую аднак па працяглых дыскусіях у 1929 годзе змянілі на літ.: Zarasai (Зарасай).
2 жніўня 1946 года Езяросы атрымалі статус горада. У 1996 годзе афіцыйна зацвердзілі гарадскі герб.
- Места на старых здымках
-
Па кірмашы, 1911 г.
-
Царква-мураўёўка, 1915 г.
-
Рынак, 1916 г.
-
Возера Оса, 1918 г.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Дэмаграфія
[правіць | правіць зыходнік]- XIX стагоддзе: 1857 год — 3459 чал. (1838 муж. і 1631 жан.), з іх 2030 каталікоў, 404 праваслаўныя, 119 старавераў, 7 евангелістаў, 909 іўдзеяў[9]; 1865 год — 4770 чал.; 1896 год — 7556 чал. (3761 муж. і 3792 жан.), з іх паводле веры: 2322 каталікі, 512 праваслаўных, 323 стараверы, 28 пратэстантаў, 4277 іўдзеяў, 44 магаметаніны, 50 іншай веры; паводле саслоўя: 272 шляхты, 36 духоўнікаў, 64 ганаровых грамадзян і купцоў, 6796 мяшчан, 265 ваенных, 82 сялян, 41 іншага стану[10]; 1897 год — 6,3 тыс. чал.
- XX стагоддзе: 1923 год — 3785 чал.; 1939 год — 4,5 тыс. чал.; 1959 год — 4,7 тыс. чал.; 1970 год — 6624 чал.; 1976 год — 7,4 тыс. чал.; 1979 год — 7250 чал.; 1989 год — 8916 чал.
- XXI стагоддзе: 2001 год — 8365 чал.; 2010 год — 7571 чал.; 2020 год — 6051 чал.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Капліца
- Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1878)
- Царква Усіх Святых (1885)
Страчаная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]- Спаса-Праабражэнская царква (2-я палова XIX ст.; мураўёўка)
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]- Краявіды Езяросаў
-
Касцёл
-
Капліца
-
Царква
-
Малельня
Гарады-пабрацімы
[правіць | правіць зыходнік]Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Юдаль Пэн (1854—1937) — беларускі мастак-жывапісец, педагог, дзеяч «яўрэйскага рэнесансу» ў беларускім мастацтве пачатку XX стагоддзя
- Леў Мікалаевіч Рымінскі (1913—1971) — савецкі архітэктар.
- Юстас Сініца (нар. 1985) — літоўскі баскетбаліст.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Resident population by city / town at the beginning of the year — State Data Agency of Lithuania, 2023. Праверана 12 лютага 2023.
- ↑ ЭнцВКЛ 2005, с. 16.
- ↑ Аркадзь Смоліч. Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/I — Вікікрыніцы . be.wikisource.org (15 мая 1919). — «Паветовым местам зрабілі былі пасьля Езёросы, якое назвалі Ново-Аляксандраўскам. Езёросы ляжаць на мяжы паміж, Беларусяй і Літвою.» Праверана 10 снежня 2024.
- ↑ Вацлаў Ластоўскі. Аб імяні Ятвягі — Вікікрыніцы . be.wikisource.org (15 мая 1926). — «...прыкладам цяперашняя мясцовасьць Езёросы, на старых картах называюцца Lezorocze (Лезаросы).» Праверана 10 снежня 2024.
- ↑ K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 279.
- ↑ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 167.
- ↑ ЭнцВКЛ 2010, с. 213.
- ↑ 20 // Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Мінск: Белкартаграфія. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — 270 с., іл. с. — ISBN 978-985-508-476-2.
- ↑ SgKP 1886, s. 240.
- ↑ Новоалександровск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Міхаіл Спірыдонаў. Беларусь у канцы XVII ст. (карта) // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 16—17. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Езяросы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2010. — Т. 3: Дадатак. А — Я. — С. 213. — 696 с. — ISBN 978-985-11-0487-7 (т. 3), ISBN 985-11-0315-2.
- Krzywicki J. Nowoaleksandrowsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VII: Netrebka — Perepiat (польск.). — Warszawa, 1886. — S. 240—242.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Езяросы