Перайсці да зместу

Беларуская гравюра

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларуская гравюра ― від мастацтва, які ўзнік у Беларусі ў пачатку XVI стагоддзя. У гісторыі мастацтва з'яўленне гравюры звязваюць з рамёствамі, дзе выкарыстоўваліся прыёмы гравіроўкі.

Беларуская гравюра XVI стагоддзя

[правіць | правіць зыходнік]
Гравюра Мацыяса Цюнта. Гродна. 1568

У 1517 годзе пачалася выдавецкая дзейнасць Францыска Скарыны, які выпусціў у 1517-1519 гг. 23 кнігі Бібліі, «Малую падарожную кніжыцу» (1522) і «Апостал» (1525)[1]. Кожная яго кніга адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і загалоўкам, завяршаецца кароткім пасляслоўем, у якім паведамляецца кім, для каго і дзе яна выдадзена. Усяго ў скарынаўскіх кнігах змешчана 52 гравюры, тысячы ініцыялаў, шмат іншых, выкананых на высокім мастацкім узроўні элементаў кніжнага аздаблення. У двух кнігах («Ісус Сірахаў» і 4-й кнізе «Царстваў») ён змясціў свой гравюрны партрэт. Шмат якія гравюры і застаўкі маюць асабісты знак-сігнет Скарыны, своеасаблівы герб — змешчанымі на шчыце выявамі сонца і месячнага сярпа з чалавечымі тварамі. Па мастацкім асаблівасцям гравюры Скарыны дзеляцца на 3 віды: гравюра-партрэт, сюжэтна-тэматычная (тытульная) ксілаграфія і прадметна-пазнавальныя ілюстрацыі прыкладнага характару[2].

Аб аўтарстве гравюр у кнігах Скарыны мастацтвазнаўцы неадназначна адгукаюцца. Так, Д. А. Равінскі, У. В. Стасаў, П. У. Уладзіміраў, І. П. Каратаеў і М. М. Шчакаціхін дапускаюць, што частка з іх выканана нямецкімі і чэшскімі майстрамі. Але В. Ф. Шматаў, Л. Ц. Баразна, В. М. Шутава і іншыя беларускія даследчыкі лічаць, што аўтар гравюр толькі Скарына. Выключэнне могуць складаць гравюры «Вадохрыша» і «Дыспут у храме», выкананыя ў іншай манеры[3][4][5][6].

«Біблія руска» Скарыны

Параўноўваючы ксілаграфіі кніг Скарыны з лепшымі венецыянскімі гравюрамі эпохі Адраджэння, У. В. Стасаў адзначаў, што «тая вытанчанасць малюнка, тое майстэрства гравюры, якія на кароткі час прамільгнулі ў выданнях венецыянскіх і скарынаўскіх, ніколі ўжо больш не паўтарыліся ні ў адным выданні царкоўнаславянскага друку на працягу ўсёй другой паловы XVI ― усяго XVII і першай паловы XVIII стагоддзяў»[7].

З часам у кнігах з'яўляюцца гравюры-партрэты: Боны Сфорца, Жыгімонта I (Decius I. L. De vetustatibus Polonorum liber I. De Jagellonum familia liber II. De Sigismundi regis temporibus liber III. Cracoviae, 1521); у выданні А. Гваньіні «Sarmatiae Europeae descriptio» (Spirae, 1581) ― партрэты вялікіх князёў літоўскіх Трайдзеня, Віценя, Міндоўга, Ягайлы, Гедыміна, Вітаўта, Альгерда, Свідрыгайлы, Аляксандра Ягелончыка. У кнізе Яна Астроўскага (сакратара брэсцкага рэферэндарыя Яна Сапегі) ― «Suada latina» ― апублікаваны партрэт Сапегі[8]. У кнізе Мікалая Радзівіла Сіроткі «Паломніцтва ў Святую зямлю» (1601) ёсць партрэт аўтара ― ксілаграфія Томаша Трэтэра[9].

Ю. Азямблоўскі. Вітаўт

У 1919 годзе беларускі бібліёграф Рамуальд Зямкевіч у часопісе «Беларускае жыццё» упершыню апублікаваў партрэт-гравюру Васіля Цяпінскага 1576 года, знойдзеную ў бібліятэцы Святаполк-Завадскіх ў Крошыну[10].

У 1579 годзе італьянскі майстар Дж. Кавалерыс вырабіў разцовую гравюру па малюнках пісара кароннай канцылярыі С. Пахолавецкага ― «Карта Полацкай зямлі» і «План Полацка». Нямецкі гравёр Мацыяс Цюнт ― аўтар гравюры на медзі «Выгляд Гродна з выездам у час сойма пры Жыгімонце Аўгусце» (1568) па малюнку Ганса Адэльгаўзера[11].

У канцы XVI стагоддзя гравюра на медзі пачала прымяняцца ў кніжнай ілюстрацыі. Значны ўклад у развіццё беларускай разцовай гравюры унёс нясвіжскі майстар Тамаш Макоўскі ― гравёр, друкар і картограф. Яго першая вядомая гравюра датавана 1601 годам (тытульны ліст да «Паломніцтва» князя Радзівіла Сіроткі). Менавіта Макоўскім быў ажыццёўлены адзін з ранніх вопытаў станковай гравюры: тытульны ліст кнігі Іераніма Більдзікевіча «Divittutelaris patrii Casimiri...» (1610). Макоўскі вядомы таксама як стваральнік панарамнай карты Вільні і гравюр гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. У віленскай панараме горад ўспрымаецца як разгортка, сілуэт, які паўтарае форму рэльефу[12].

Л. Тарасевіч. Маці Божая Жыровіцкая. 1862

Нароўні з кніжнай гравюрай, у XVI―XVIII стагоддзях значнага развіцця дасягнула станковая гравюра на дрэве (партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок). У пачатку 1520-х гадоў склалася Віленская школа гравюры (тэрмін уведзены У. В. Стасавым). Школа дала пачатак развіццю гравюры на ўсіх усходнеславянскіх землях. Асноўныя віды гравюры школы ― ксілаграфія (у выданнях кірыліцай) і медзярыт (у лаціна-польскіх кнігах). Пераважалі кніжная гравюра: партрэт, ілюстрацыя, франтыспіс, застаўкі, канцоўкі, геральдычныя выявы, ініцыялы. Амаль усе дрэварыты XVI стагоддзя ананімныя, медзярыты XVII стагоддзя падпісаныя. Несумненна мастацкая якасць тытульных лістоў «Трыбунала» (1586), «Статута Вялікага Княства Літоўскага» (1588), «Статута» (1617), «Граматыкі» (1621), «Евангелле» (1644). Першыя пастаронкавыя ілюстрацыі з'явіліся ў «Часаслове» (1617), выдадзеным друкарняй Мамонічаў. Гравюра на медзі шырока выкарыстоўвалася ў свецкай літаратуры, якая выходзіла у Віленскай акадэміі, ― у гравюры з'явіліся перспектыва і аб'ём ў рысунку прадметаў. Для акадэміі працавалі Аляксандр Тарасевіч («Разарыум» (1672), Лявонцій Тарасевіч, Інакенцій Шчырскі, заходнія гравёры Конрад Гётке, Д. Пельцэльд, Т. Шнопс, Л. Вілатц. Конрад Гётке ― аўтар тытульных лістоў, 9 партрэтаў Кішак, асобных партрэтаў роду Хадкевічаў і Тышкевічаў[13][14].

«Трыбунал жыхарам Вялікага Княства Літоўскага» (1586)

Каля 1570 года пачалася самастойная выдавецкая дзейнасць Пятра Мсціслаўца, які пераехаў з Заблудава у Вільню. У Мамонічаў ён выдаў тры кнігі: Евангелле напрастольнае (1575), Псалтыр (1576) і Часаслоў (1576). Як і скарынаўскія, гравюры ў кнігах выкананы ў стылі готыкі і Адраджэння. У выцягнутасці, умоўнасці фігур, у выгібах формаў, у трывожным непакоі зморшчын і арнаментыкі адчуваецца ўплыў маньерызму. Вядомы мастацтвазнавец А. А. Сідараў лічыў, што Мсціславец толькі рабіў малюнкі для гравюр, а рэзалі іх нейкія гравёры-іншаземцы[15]. Але па матэрыялах суда Мсціслаўца з Мамонічамі відаць, што менавіта ён быў рэзчыкам[16].

А. Тарасевіч. Кастрычнік (з кнігі «Rosarium…»)

Паліграфічна-выдавецкая дзейнасць Мсціслаўца аказала прыкметны ўплыў на пазнейшае беларускае, рускае і ўкраінскае кнігавыданне. Як адзначае А. Някрасаў, «у гравюры Беларусі ў канцы XVI стагоддзя ўсталяваўся створаны Пятром Мсціслаўцам арыгінальны беларускі дэкаратыўны стыль...». Тэхніку Мсціслаўца асвоілі друкары Вільні, Кіева, Львова, Магілёва, Чарнігава, Куцейны[17].

Беларуская гравюра XVII стагоддзя

[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку XVII стагоддзя, калі медзярыт атрымаў у Вялікім Княстве Літоўскім дастатковае распаўсюджванне, выдаецца «Панегірык братоў Скарульскіх» (1604), а ў 1621 годзе — серыя эмблематычных ксілаграфій Тамаша Макоўскага. Ксілаграфіі былі створаны для панегірыка Яну Хадкевічу па нагоды закладкі першага каменя ў падмурак касцёла ў жмудскіх Крожах. Традыцыйны 5-прыватны баявы шчыт заключаны ў авальную рамку з гравіраваным тэкстам: «Ян Караль Хадкевіч віленскі ваявода, гетман ВКЛ, Лівонскі губернатар, граф на Шклове, Мышы і Быхаве». Падобныя надпісы рабіліся на межах вакол партрэта. Ля гербаў гравіраваліся па баках ініцыялы ўладальніка. На першым дрэварыце Хадкевіч прадстаўлены ўкленчыўшым перад абразам Багародзіцы ў акружэнні анёлаў-стражнікаў з мячамі. На заднім плане бачны касцёл і пабудовы, абнесеныя сцяной. У верхнім левым куце гравюры хадкевіцкі геральдычны грыфон страляе ядрамі з гакаўніц ў турэцкі паўмесяц[18]. Медзярыт актыўна выкарыстоўваў Лявонцій Тарасевіч, які пачынаў сваю дзейнасць у Беларусі: партрэты падстолія ашмянскага Георгія Землі, К. С. Радзівіла, смаленскага біскупа Багуслава Корвін-Гасеўскага (канец 1690-х), гравюра з выявай іконы Маці Божай Жыровіцкай (Вільня, 1682). У кнізе віленскага прафесара тэалогіі Яна Дрэўса[pl] «Methodus peregrinationis menstruae Mariana» (1684) аб 12 цудатворных іконах Рэчы Паспалітай, змешчаныя гравюры Л. Тарасевіча[19]. Аляксандр Тарасевіч стварыў медзярытны партрэт (1685) слуцкага кіраўніка Яна Казіміра Кшыштафа Клакоцкага[20][21]. Сярод іканаграфіі Іасафата Кунцэвіча ёсць партрэт-гравюра (1670-е гады) А. Тарасевіча[22].

Традыцыі віленскай школы працягнула куцеінская школа гравюры на базе куцеінскай друкарні (1630-1654) пры Аршанскім Богаяўленскім Куцеінскім манастыры. Пад кіраўніцтвам ураджэнца Магілёўшчыны Спірыдона Собаля выдаваліся пераважна літургічныя, маральна-павучальныя і навучальныя кнігі. Асаблівасць куцеінскай школы ― свецкі, жанравы характар ілюстраваных сцэн, арыгінальнасць трактоўкі, індывідуальнасць ўласцівых гравюр з выявай святых. Сярод гравёраў куцеінскай школы вядомыя М. Антушкевіч, М. Чарняўскі, Я. Стрэльбіцкі[23][24][25].

Традыцыі куцеінскай школы працягнула Магілёўская школа гравюры (1616―1773), якая ўзнікла пры друкарні Магілёўскага богаяўленскага брацтва. Кнігі мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны застаўкамі, ініцыяламі, канцоўкамі. Усе гравюры выкананы ў стылі так званага магілёўскага барока ― злучэнне мясцовых мастацкіх традыцый з рысамі заходнееўрапейскага барока і візантыйскага мастацтва. Характэрнымі рысамі магілёўскай школы з'яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата кампазіцыйнай пабудовы, адсутнасць падрабязных дэталяў, перавага формы над архітэктурным фонам. Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: вакол традыцыйнай брамы на фоне расліннага арнаменту размяшчаліся медальён, картушы з выявамі святых, рэлігійныя сюжэты[26][27].

«Манархія турэцкая…»

Максім Вашчанка першым у беларускім кірылічным кнігадрукаванні пачаў выкарыстоўваць гравюру на медзі. Даследчыкі адзначаюць як з'яву ў гравюры XVII стагоддзя яго медзярыты да кнігі «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678) ― цыкл свецкіх гравюр з дэталёвай выявай зброі, ваеннага рыштунку, адзення, жывёл і інш. Гэта ўзорныя копіі гравюр французскіх гравёраў С. Леклерка  (фр.), Н. Кашына для парыжскага выдання 1670 года. Рознабаковыя штрыхоўкі падкрэсліваюць аб'ёмы прадметаў. Жанравы характар маюць і 23 гравюры М. Вашчанкі да выдання «Акафісты і каноны» (1693)[28]. Дрэварыты Васіля Вашчанкі адрозніваюцца пластычнасцю фігур, вытанчанасцю штрыхоўкі і разьбы («Дыоптра» (1698), «Перла каляровае» (1699), «Неба новае» І. Галятоўского (1699), «Кнігі жыцій святых» (1702) Дзмітрыя Растоўскага, «Антымінс» (1708). На тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» ― адзін з першых у рэлігійнай кнізе малюнак рэалістычнага магілёўскага гарадскога пейзажу. Вядомыя тры антымінса В. Вашчанкі: адбіткі на палатне з гравіраванай меднай дошкі, зробленыя ў магілёўскай друкарні (1694, 1708, 1723)[29]. Фёдар Ангілейка ― аўтар гравюр у кнігах «Ірмалой або Осмогласнік» (1700) Іаана Дамаскіна, «Часаслов або Паслядоўнасць службы» (1703)[30].

Беларуская гравюра XVIII стагоддзя

[правіць | правіць зыходнік]
Гравюра В. Вашчанкі «Градъ Могилевъ»

У 1747 годзе гравёр Гірш Ляйбовіч падпісаў з Міхалам Казімірам Рыбанькам дагавор на стварэнне 90 партрэтаў роду Радзівілаў. 165 гравюр на медзі ўвайшлі ў выдадзены нясвіжскі альбом (1758)[31][32][33][34].

К. С. Радзівіл пане Коханку

У 1950 годзе каля сотні партрэтаў Радзівілаў з нясвіжскай галерэі рашэннем Савета Міністраў БССР перададзены Польшчы. У Беларускім нацыянальным мастацкім музеі маецца 38 партрэтаў Радзівілаў. У 2017 годзе там прайшла выстаўка «Радзівілы: лёс краіны і роду», дзе, разам з маляўнічымі, былі прадстаўлены і партрэты-гравюры са збору музея і прыватнай калекцыі Мацея Радзівіла з Варшавы: 14 князёў з роду Радзівілаў, Марыя Радзівіл, Луіза Радзівіл Гогенцолерн, Людвіка Караліна Радзівіл і гравюра «Прыезд Януша Радзівіла ў Вільну ў 1653 годзе»[35][36].

Людвіка Караліна Радзівіл

У XVIII стагоддзі атрымала некаторы распаўсюд станкавая ксілаграфія, прадстаўленая сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэтамі, якія гравіраваліся ў Вільні, Гродне і Нясвіже. З'явіўся народны лубок (дрэварыты Паўла Камара (1740-я) і інш.). Захаваўся народны дрэварыт «Маці Божая кармелітаў на Пяску» П. Камара[37][38].

Беларуская гравюра XIX стагоддзя

[правіць | правіць зыходнік]
Н. Орда. Сядзіба Н. Орды ў Варвацэвічах

Хоць у Віленскім універсітэце гравюра карысталася меншай папулярнасцю, чым жывапіс, тым не менш, тут адкрыліся кафедра графікі, кіраваная бярлінцам Ізідором Вейсам, добра ведаўшым тэхніку металагравюры. Працавала літаграфская майстэрня (1819) пад началам Яна Рустэма[39]. Вейс ― аўтар шэрагу партрэтаў, ілюстрацый да кнігі Іераніма Страйноўскага «Nauka prawa przyrodzonego, politycznego, ekonomiki polityczney i prawa narodów» (1805)[40]. Пасля Вейса кафедрай загадваў Джозэф Сандэрс, які да гэтага працаваў гравёрам Эрмітажа. Ён чытаў лекцыі па гісторыі і тэхніцы гравюры, сабраў калекцыю гравюр для навучальнага працэсу. Сам ён у тую пару займаўся гравюрай-рэпрадукцыяй, пераводзячы ў яе жывапісныя партрэты Я. Рустэма. Асаблівасць яго графічнага почырку праявіліся ў ілюстрацыях да казак «Тысяча і адна ноч»[41]. Адным з паспяховых вучняў Сандэрса стаў ураджэнец Аршаншчыны Міхал Падалінскі, аўтар афортаў, партрэтаў прафесараў універсітэта, партрэта канцлера ВКЛ Льва Сапегі, зробленага па маляўнічаму партрэту XVII стагоддзя. Цікавыя яго ілюстрацыі да «Гісторыі валадарання Жыгімонта III» Ю. Нямцэвіча[42]. Іншы вучань Тэафіл Кіслінг, пасля выкладчык малявання ў віцебскай гімназіі, стварыў шэраг сатырычных афортаў, якія паказвалі побыт шляхты. Яны нагадваюць створаныя значна пазней сатырычныя ілюстрацыі рускага мастака А. Агіна. З гістарычных гравюр Кіслінга даследчыкі вылучаюць гравюры: «Сустрэча Аляксандра I з Напалеонам у 1807 годзе», «Граф Ян Панятоўскі на кані», «Каралева Францыі Марыя Луіза»[43]. Мінчанін Ян Клембоўскі ― аўтар партрэтаў прафесароў універсітэта.

Паступова цікавасць да разцовой гравюры аслабела. Ёй на змену прыйшла літаграфія. У Вільні пачалі працаваць некалькі літаграфных майстэрняў, з якіх вылучалася майстэрня мастака Юзафа Азяіблоўскага, вядомага сваімі працамі, у прыватнасці партрэтамі-гравюрамі вялікага князя Альгерда, Жыгімонта II Аўгуста, літаграфіяй «Славянскі нявольнік» і інш. Першым беларускім літографам, хутчэй за ўсё, з'яўляецца Вінцэнт Славецкі, які навучаўся гэтай тэхніцы ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. З'явіліся літаграфіі не толькі партрэтныя, але і пейзажныя, архітэктурныя, бытавыя. Саздаваліся літаграфіі таксама па малюнкам і акварэлям К. Русецкага, К. Бахматовіча, А. Гротгера, Тадэвуш Дмахоўскага, М. Мікешынаі іншых[44].

Ю. Азямблоўскі. Сяляне ваколіц Барысава

Гістарычную і мастацкую каштоўнасць маюць «партрэты» гарадоў Напалеона Орды, які стварыў вялікую серыю малюнкаў і акварэляў беларускіх гарадоў, на аснове якой варшаўскі мастак А. Місуровіч у 1873―1883 гадах выканаў 260 літаграфій[45].

Па ініцыятыве магілёўскага губернатара А. С. Дамбавецкага у 1882―1884 гадах выйшла кніга «Вопыт апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельска-гаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах, з двума картамі губерні і 17 разьбянымі гравюрамі на дрэве відаў і тыпаў»[46].

Беларуская гравюра XX стагоддзя

[правіць | правіць зыходнік]
Язэп Драздовіч. Мінск. Траецкая гара. 1919

У пачатку ХХ стагоддзя беларускія мастакі вярнуліся да тэхніцы гравюры. Ужо на вераснёвай мінскай выставе 1921 года былі прадстаўлены амаль усе віды графічнага мастацтва: лінагравюра, ксілаграфія, афорт, літаграфія. У канцы 1919 года ў Гомелі арганізавана мастацкая студыя ім. Міхаіла Урубеля, якой кіраваў Аляксандр Быхоўскі. Прыярытэт у студыі аддаваўся лінагравюры. З лінолеўма рабілі друкаваныя формы для агітацыйных плакатаў. У 1920―1940-я гады ў лінагравюры працавалі Ібрагім Гембіцкі, Аркадзь Астаповіч, Генадзь Змудзінскі, Мікола Тарасікаў, Анатоль Тычына, Саламон Юдовін, Язэп Горыд, Пётра Сергіевіч, Міхаіл Сяўрук, Уладзімір Сакалоў, Язэп Драздовіч, Алексантэры Ахола-Вало, Рыгор Клікушын. На Ўсебеларускай мастацкай выстаўцы 1925 года былі паказаны лінагравюры Анатоля Тычыны і Алексантэры Ахола-Вало. У графіцы 1940-х―1950-х гадоў лінагравюра, спачатку каляровая, а пазней чорная, главенствовала у выстаўках, і толькі ў другой палове 1960-х гадоў амаль знікла, саступіўшы афорту[47].

Пэўнага развіцця дасягнула станковая ксілаграфія: працы Саламона Юдовіна (яўрэйскі побыт, пейзажы Віцебска), Яфіма Мініна (пейзажы Віцебска, партрэты, экслібрысы)[48][49][50].

Яфім Мінін. Ільінская царква ў Віцебску. 1927

Пры Віцебскім мастацка-практычным інстытуце адкрылася майстэрня літаграфіі. Літаграфічныя станковыя серыі, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, пейзажы, партрэты, ілюстрацыі і экслібрысы выконвалі мастакі 1920―1940-х гадоў ― Язэп Горыд, Павел Гуткоўскі, Мікола Малевіч, Міхаіл Філіповіч, Фёдар Фогт, Мікалай Чураба[51][52][53].

Ілюстрацыя да паэмы Міхася Чароты «Босыя на вогнішчы»

Зіновій Гарбавец зарэкамендаваў сябе майстрам абрэзнай гравюры. Шэраг літаграфій і малюнкаў стварыў у Віцебску Мсціслаў Дабужынскі[54].

У 1930-я гады ў Віцебску ў розных тэхніках эстампа працавалі Уладзімір Сакалоў, Анатоль Волкаў, Лазар Ран, Леў Лейтман, Меер Аксельрод і інш.[55][56]. Адным з першых звярнуліся да афорта Лазар Ран і Барыс Малкін. У пасляваенны час афортам займаліся Пётр Дурчын і Сямён Герус, які стаў у 1952 годзе пасля заканчэння Вільнюскага мастацкага інстытута кіраўніком графічнага аддзялення ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Пры Беларускім мастацкім фондзе адкрылася эстампная майстэрня[57].

Пасля вайны з'явілася серыя лінарытаў Міколы Тарасікава «Вялікая Айчынная вайна» (1944), Анатоля Тычыны («Падарванае дэпо», «Зруйнаваны Мінск»)[58]. У 1946 годзе ў Мінску адбылася першая пасляваенная мастацкая выстаўка, дзе паказваліся працы Анатоля Тычыны, Сяргея Раманава, Яўгена Ціхановіча, Уладзіміра Сакалова, Лазара Рана, Ібрагіма Гембіцкага, Петра Дурчына.

Беларускі эстамп актыўна развіваецца з 1960-х гадоў. Спачатку гэта адбылося ў лінагравюры, затым у літаграфіі, пазней у афорце. У 1960-х гадах у тэхніцы афорта працавалі Георгій Паплаўскі, Людвіг Асецкі, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі і іншыя[59]. Асабліва вылучаюцца эстампы Арлена Кашкурэвіча[60]. У 1970-х гадах беларускі эстамп звязаны з імёнамі Васіля Шаранговіча, Алесі Паслядовіч, Уладзіміра Савіча, Міколы Селяшчука, Алены Лось, Міколы Купавы, братоў Басалыгаў[61].

Зноскі

  1. Немировский Е. Л. Начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. Жизнь и деятельность Франциска Скорины: Описание изданий и указатель литературы. 1517―1977. — М.: Государственная библиотека СССР имени В. И. Ленина, 1978. — 159 с.
  2. Агіевіч У. У. Сімволіка гравюры Скарыны. — Мн.: Беларуская навука, 1999. — 318 с.
  3. Ровинский Д. А. Русские граверы и их произведения с 1564 года до основания Академии художеств. — СПб.: Издание гр. Уварова. Синодальная типография, 1870. — С. 5. — 403 с.
  4. Владимиров П. В. Доктор Франциск Скорина. Его переводы, печатные издания и язык. — СПб.: Императорская Академия наук, 1888. — 70 с.(недаступная спасылка)
  5. Баразна Л. Ц. Гравюры Францыска Скарыны. — Мн.: Беларусь, 1990. — 191 с.
  6. Шматов В. Ф. Искусство изданий Скорины // Белорусский просветитель Франциск Скорина и начало книгопечатания в Белоруссии и Литве. — М.: 1979. — С. 121.
  7. Стасов В. В. Разбор рукописного сочинения Д. Ровинского «Русские граверы и их произведения с 1564 г. до основания Академии художеств» // В. Стасов. Собрание сочинений в 4-х тт.. — СПб.: Тип. М. Стасюлевича, 1894. — Т. 2. — С. 149―182.
  8. Шматаў В. Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI―XVIII стагоддзяў. — Мн., 1984. — С. 34―35, 59―60. — 183 с.
  9. Хадыка А. Ю. Ды атрыбуцыі «Маці Боскай» з Крывошына // Помнікі мастацкай культуры Беларусі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1989. — С. 43.
  10. Галенчанка Г. Я. Партрэты першадрукароў // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: 1972. — № 1. — С. 28-29.
  11. Гісторыя беларускага мастацтва. — Мн.: Навука і тэхніка, 1987. — Т. 1. — С. 263. — 304 с.
  12. Якубоўскі Ян. Tomasz Makowski sztycharz і kartograf nieświeski (przyczynek do dziejów sztuki i nauki na Litwie). ― Warszawa, 1923. 30 s.
  13. Анушкин А. И. На заре книгопечатания в Литве. — Вильнюс: Минтис, 1970. — 196 с.
  14. Шматаў В. Ф. Віленская школа гравюры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1984. — Т. 1. — С. 621―622.
  15. Сидоров А. А. Древнерусская книжная гравюра. — М.-Л.: АН СССР, Ин-т истории искусств, 1951. — 395 с. Архівавана 2 жніўня 2017.
  16. Зернова А. Первопечатник Петр Мстиславец // Кніга: исследования и материалы. — М.: 1959.
  17. Шматаў В. Ф. Гравюры ў выданнях Пятро Мсціслаўца // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — БелЭн, 1973. — № 1. — С. 24―27.
  18. Jan Jakubowski. Tomasz Makowski sztycharz i kartograf nieświeski. — Warszawa: Wydawnictwo Instytutu dla dasledawanni Ziem Wschodnich Rzeczypospolitej Polskiej, 1923. — 29 с.
  19. Hamiak P. Wpyw kultu ikon na postawy religijne spoeczestwa Wielkiego Ksistwa Litewskiego w XVI–XVIII wieku // Chrzecijaskie dziedzictwo duchowe narodw sowiaskich. — Bialystok: 2003. — С. 341―359.
  20. Степовик Д. В. Украинские гравёры-иллюстраторы виленских изданий конца XVII в. // Фёдоровские чтения. 1982. — М.: Наука, 1987.
  21. Валерый Васілеўскі. Сярод найлепшых еўрапейскіх гравёраў // Звязда. — Мн.: Літаратура і мастацтва, 2015. — № 10 ноября. Архівавана з першакрыніцы 7 красавіка 2017.
  22. Хадыка А. Ю. Іасафат Кунцэвіч: складанне культу і іканаграфіі ў Беларусі // Наша вера. — Мн.: 2006. — № 2(36).
  23. Лаўрык Ю. Куцеінскі кніжны цэнтр // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 173. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  24. Бацвіннік М. Б. Спірыдон Собаль // Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. — Мн.: Народная асвета, 1968.
  25. Шматаў В. Ф. Куцеінская школа гравюры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1986. — Т. 3. — С. 184―185.
  26. А. Пікулік М. Мастацтва магілеўскіх старадрукароў. — Мн.: Тэхнапрынт, 2002. — 199 с. — ISBN 985-464-126-0.
  27. Пікулік А. М., Шматаў В. Ф. Магілеўская школа гравюры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1986. — Т. 3. — С. 356.
  28. Пикулик Е. Н. Вощанка // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2005. — Т. IX. — С. 496―497. — ISBN 5-89572-015-3.
  29. Шчакаціхін М. М. Васіль Вашчанка ― магілевскі гравёр канца XVII―пач. XVIII ст.. — Мн.: Інбелкульт, 1925. — 36 с.
  30. Ангилейка Фёдор // Белорусская ССР. Краткая энциклопедия. — Мн.: БелЭн, 1982. — Т. 5. — С. 23.
  31. Icones Familiae Ducalis Radivilianae ex originalibus in Ganzophylacio ordinationis desumptae (Іконаграфія княжага роду Радзівілаў). Сусветная лічбовая бібліятэка (4 снежня 1758).
  32. Радзівілы. Альбом партрэтаў XVIII - XIX стагоддзяў «Icones familiae ducalis Radivilianae». — Мн.: Бел Эн, 2010. — 523 с. — ISBN 978-985-11-0491-4.
  33. Бажэнава В. Ляйбовіч Гірш // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 235. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  34. Widacka H. Działalność Hirsza Leybowicza I innych rytowników na dworze Nieświeskim Michała Kazimierza Radziwiłła «Rybeńki» w świetle badań archiwalnych // Biuletyn Historii Sztuki. — 1977. — № 1.
  35. Партрэты з Нясвіжскай галерэі Радзівілаў у сходзе НММ РБ. Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.(недаступная спасылка)
  36. Радзівілы: лес краіны і роду. Каталог твораў выставы. — Мн.: Галіяфы, 2017. — 97 с. — ISBN 978-985-7140-42-8.
  37. Шматаў В. Ф. Ля вытокаў // Спадчына. — Мн.: 1992. — № 2. — С. 4―12.
  38. Півоцкі К. Невядомая калекцыя народных дрэварытаў // Спадчына. — Мн.: 1995. — № 5. — С. 3―10.
  39. Червонная С. М., Богданас К. А. Искусство Литвы. — Л.: Искусство, 1972. — С. 331. — 352 с.
  40. Izidorius Veisas. Personalijų žodynas. LIETUVOS INTEGRALI MUZIEJŲ INFORMACINĖ SISTEMA.
  41. Saundersas, Jozefas (літ.)(недаступная спасылка). Mokslas senajame Vilniaus universitete. Vilniaus universiteto biblioteka (4 снежня 2007). Архівавана з першакрыніцы 15 красавіка 2012. Праверана 26 студзеня 2010.
  42. Дробаў Л. Н. Падалінскі Міхал // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі ў 5 тамах. — Мн.: БелЭн, 1987. — Т. 4. — С. 132.
  43. Червонная С. М., Богданас К. А. Искусство Литвы. — Л.: Искусство, 1972. — С. 90. — 352 с.
  44. Гісторыя беларускага мастацтва. — Навука і тэхніка, 1989. — Т. 3. — С. 109, 111, 231. — 448 с. — ISBN 5-343-00319-2.(недаступная спасылка)
  45. Якімовіч Ю. А. Беларуская архітэктура ў малюнках Напалеона Орды // Мастацтва Беларусі. — Мн.: 1983. — № 7.
  46. Борис Сидоренко. Александр Дембовецкий: легенды и дела // Могилёвская правда. — Могилёв: 2010. — № 22 кастрычніка.
  47. Лінагравюра // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1986. — Т. 3. — С. 257.
  48. Фурман І. І. Віцебск у гравюрах Саламона Юдовіна. — Віцебск: Віцебскае акруговае Таваріства краязнаўства.
  49. Шлюбскі А. А. Exlibris'ы А. Тычины. — Мн.
  50. Ксілаграфія // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1986. — Т. 3. — С. 146.
  51. Фурман І. І. Віцебскія мастакі-гравёры. — Віцебск: Віцебскае акруговае Таваріства краязнаўства.
  52. Экслібрыс // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыкляпэдыя, 2004. — Т. 18. Кн.1. — С. 73-74. — 472 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
  53. Налівайка Л. Д. Мастацтва беларускага экслібрыса 1920-х гг. // Роднае слова. — Мн.: 2014. — № 3. — С. 92―95.
  54. Крэпак Б. А. «Я ― вандроўны энтузіяст!»: Мсціслаў Дабужынскі ў Віцебску // Культура. — Мн.: 2012. — № 47. — С. 15.
  55. Фурман І. І. З. І. Гарбавец. Гравюры на дереве. — Віцебск: Коминтерн.
  56. Крэпак Б. А. Маэстра абрэзной гравюры: Зіновій Гарбавец і віцебская яго сямігодка // Культура. — Мн.: 2013. — № 50. — С. 15.
  57. Лещинский А. Основы графики. — Гродно: ГрГу, 2003. — 194 с. — ISBN 985-417-503-0.
  58. Налівайка Л. Д. Калекцыя станковай графікі перыяду Вялікай Айчыннай вайны ў зборах НММ РБ // Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. — Мн.: Белпрынт, 2007. — № 6. — С. 146―156.
  59. Шматаў В. Ф. Графіка // Гісторыя беларускага мастацтва у 6 тт.. — Мн.: БелЭн, 1992. — Т. 6.
  60. Ганчароў М. М. Арлен Міхайлавіч Кашкурэвіч. Біяграфічны нарыс. — Мн.: Беларусь, 1976. — 64 с. — ISBN 978-5-906190-60-4.
  61. Эстамп // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1986. — Т. 5. — С. 641.
  • Свирида И. И. Польская художественная жизнь конца XVIII — первой трети XIX века. ― М., Наука, 1978. С. 268
  • Бярозкіна Н. Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак ХХ ст.). — Мінск: Беларуская навука, 1998. — 199 с.
  • Шматаў В. Старажытнае беларускае мастацтва ў кантэксце ўсходніх і заходніх традыцый Х—XVIII ст.ст. // Беларусь паміж Усходам і Захадам: Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сынтэзу. Ч. 1. ― Мн. ― 1997
  • Нікалаеў М. В. Гісторыя беларускай кнігі у 2-х тт. ― Мн. ― БелЭн, 2009―2011
  • Руссов П. Гарадзенская печ з гравюры Г. Адэльгаўзера // Культура, 2004, № 25―26. C. 22.
  • Exlibris у зборы музея сучаснага выяўленчага мастацтва = In The Collection of Nhe Museum of Modern Fine Art: [альбом-каталог] / Упраўленне культуры Мінгарвыканкама, Музей сучаснага выяўленчага мастацтва; [пераклад на англійскую мову А. А. Бурачэўская]. ― Мінск: Навуковы свет, 2012. С. 105
  • Bieliński J. Uniwersytet Wileński (1579—1831) — Kraków: Druk. W. L. Anczyca i Spolki, 1899—1900. t.2
  • Mucha B. Rola Polaków w rozwoju XIX-wiecznego malarstwa rosyjskiego // Polacy w życiu kulturalnym Rosji. S. 78—84