Кірыл Трафімавіч Мазураў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з К. Т. Мазураў)
Кірыл Мазураў
Сцяг Першы намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР
26 сакавіка 1965 — 28 лістапада 1978
Кіраўнік урада Аляксей Мікалаевіч Касыгін
Сцяг член Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС
26 сакавіка 1965 — 27 лістапада 1978
Сцяг13-ы Першы сакратар ЦК КП Беларускай ССР
28 ліпеня 1956 — 30 сакавіка 1965
Папярэднік Мікалай Сямёнавіч Патолічаў
Пераемнік Пётр Міронавіч Машэраў
Сцяг3-і Старшыня Савета Міністраў Беларускай ССР
24 ліпеня 1953 — 28 ліпеня 1956
Папярэднік Аляксей Яўхімавіч Кляшчоў
Пераемнік Мікалай Яфрэмавіч Аўхімовіч
Сцяг6-ы Першы сакратар Мінскага абкама КПСС
1950 — верасень 1953
Папярэднік Васіль Яфімавіч Чарнышоў
Пераемнік Леанід Ігнатавіч Лубеннікаў

Нараджэнне 23 сакавіка (5 красавіка) 1914[1]
Смерць 19 снежня 1989(1989-12-19)[1] (75 гадоў)
Месца пахавання
Дзеці Natallia Kapitonova[d], Elena Mazurova[d] і Viktor Mazurov[d]
Нацыянальнасць беларус
Партыя КПСС
Член у
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Прыналежнасць СССР
Званне падпалкоўнік
Бітвы
Узнагароды
Герой Сацыялістычнай Працы
Ордэн Леніна Ордэн Леніна Ордэн Леніна Ордэн Леніна
Ордэн Леніна Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Айчыннай вайны I ступені Ордэн Дружбы народаў

Кіры́л Трафі́мавіч Ма́зураў (23 сакавіка (5 красавіка) 1914, в. Рудня Прыбыткаўская, Магілёўская губерня — 19 снежня 1989, Масква, РСФСР, СССР) — савецкі партыйны і дзяржаўны дзеяч.

Першы намеснік Старшыні Савета Міністраў СССР, член Палітбюро (Прэзідыума) ЦК КПСС (1965—1978), кандыдат у 1957—1965 гадах.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 23 сакавіка (5 красавіка) 1914 года ў в. Рудня Прыбыткоўская. Бацька — Трафім Іванавіч, маці — Агафія Іаакімаўна[2].

У 1933 годзе скончыў Гомельскі аўтадарожны тэхнікум. Працаваў тэхнікам дарожнага аддзела Парыцкага райвыканкама Бабруйскай вобласці, пасля начальнікам дарожнага аддзела Камарынскага райвыканкама Палескай вобласці. Служыў у Чырвонай Арміі (1936—1938).

З 1939 года на камсамольскай працы. З 1940 года сакратар Брэсцкага абкама камсамола.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны К. Т. Мазураў у дзейным войску. Быў палітруком роты, камандзірам батальёну, інструктарам палітаддзелу 21-й арміі. Са снежня 1941 года слухач курсаў «Выстрал», пасля якіх быў прызначаны камісарам факультэту гэтых курсаў. У верасні 1942 года прызначаны сакратаром ЦК ЛКСМБ і накіраваны на акупаваную тэрыторыю Беларусі ўпаўнаважаным Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі і Цэнтральнага штаба партызанскага руху, падкантрольнага НКУС, па кіраўніцтве гэтым рухам і стварэнні камсамольскага падполля ў шэрагу абласцей рэспублікі. Да канца 1943 года дзейнічаў у розных партызанскіх злучэннях Мінскай, Палескай, Пінскай, Баранавіцкай і Брэсцкай абласцей.

У 1943—1947 гадах К. Т. Мазураў — другі, пасля першы сакратар ЦК ЛКСМ Беларусі. У пасляваенныя гады, скончыўшы Вышэйшую партыйную школу пры ВКП(б) (1947), быў першым сакратаром Мінскага гаркама партыі (1948—1950), першым сакратаром Мінскага абкама партыі (1950—1953).

У апараце ЦК КП БССР і СССР[правіць | правіць зыходнік]

Пасля смерці Сталіна з’яўляўся старшынёй Савета міністраў Беларускай ССР (1953—1956).

Лаўрэнцій Берыя паспрабаваў зрабіць стаўку на нацыяналізм нерасійскіх рэспублік з мэтай заваявання большай улады. Чэрвеньскі 1953 года пленум ЦК КПБ атрымаў загад з цэнтру замяніць расійскага сакратара ЦК КПБ М. Патолічава на другога сакратара — беларуса М. Зімяніна. Апошні ў сваім дакладзе на пленуме крытыкаваў такія «фундаментальныя недахопы і памылкі» КПБ у сферы нацыянальнай палітыкі, як неадпаведнасць долі беларусаў сярод насельніцтва рэспублікі (81 %) іх прадстаўніцтву ў апараце партыйных органаў (62,2 %). М. Зімянін наракаў, што праца апарату ЦК КПБ і СМ БССР, мясцовых партыйных і савецкіх органаў вядзецца на рускай мове, і прапанаваў прыняць рэзалюцыю аб пераводзе справаводства ўрада, рэспубліканскіх і мясцовых партыйных і савецкіх органаў на беларускую мову[3].

Кірыла Мазураў, які актыўна падтрымаў М. С. Хрушчова пасля смерці Сталіна, а затым прыняў яго бок у час барацьбы з «антыпартыйнай групай», стаў фактычна першым беларусам на чале ЦК КПБ (калі не лічыць Васіля Шаранговіча, які прабыў першым сакратаром толькі некалькі месяцаў у 1937 годзе і быў расстраляны ў 1938).

З імем Кірылы Мазурава звязаны шматлікія поспехі беларускага народу ў развіцці эканомікі, навукі і культуры ў 1953—1965 гадах, рэабілітацыя шматлікіх партыйных і дзяржаўных дзеячаў, мінскіх падпольшчыкаў, партызанскіх камандыраў. На думку былога дырэктара Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Я. І. Бараноўскага, Кірыла Мазураў увайшоў у гісторыю Мінска і Беларусі як праваабаронца незаслужана абгавораных падпольшчыкаў. Пры Мазураву рады КПБ павялічыліся з 145 тысяч да 296 тысяч членаў. На гады кіравання Мазурава (19561965) прыйшлося, напрыклад, будаўніцтва Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода і Наваполацкага хімічнага камбіната «Палімір». Каласальная будоўля тады, у 1958, мела каштарыс 315 мільёнаў рублёў[4].

Намагаючыся аднавіць беларусізацыю, у студзені 1959 на святкаванні 40-годдзя БССР Кірыла Мазураў зрабіў даклад па-беларуску. У перапынку Мікіта Хрушчоў, які сядзеў у прэзідыуме, пачаў лаяць Мазурава: «Ни черта не понятно!» (бел.: «Ні халеры не разабраць!»). На прыступках БДУ Хрушчоў выказаўся яшчэ больш выразна: «Чем быстрее все мы будем разговаривать по-русски, тем быстрее построим коммунизм» (бел.: «Чым скарэй усе мы будзем гаварыць па-руску, тым скарэй мы пабудуем камунізм»). Прымаў удзел у XV сесіі Генеральнай асамблеі ААН (1960 год) ад нацыянальнага прадстаўніцтва Беларускай ССР у складзе дэлегацыі СССР[5].

Першы намеснік старшыні Савета Міністраў СССР у 19651978 гадах.

У 1968 яго адпраўляюць у Прагу для кіравання ваеннымі дзеяннямі па лініі Палітбюро. Дзейнічаў пад псеўданімам «генерал Трафімаў». Пры яго ўдзеле кіраўнікі Камуністычнай партыі Чэхаславакіі Ду́бчак, Смркоўскі, Шык ды іншыя былі арыштаваны і вывезены ў Маскву[6].

В форме полковника (моё воинское звание), называясь генералом Трофимовым, я давал распоряжения нашим военным и гражданским… Главной задачей было уберечь наших солдат от стрельбы…[6]

Мазураў з Касыгіным і Машэравым сталі ініцыятарамі развіцця перапрацоўкі алмазнае сыравіны ў Беларусі (у Гомелі ў першай палове 1970-х быў створаны завод такога профілю) і работ па разведцы беларускіх радовішчаў алмазаў. Яшчэ ў 1970 А. Касыгін выступіў у Савеце Міністраў СССР з падрабязным дакладам, прапануючы, па-першае, паступова скарачаць вываз з СССР неапрацаваных («сырых») алмазаў, а па-другое, развіваць перапрацоўку алмазаў у шэрагу рэспублік, у тым ліку ў Беларусі і Украіне. Выбар такога рэгіянальнага «прыярытэту», па словах Касыгіна, абумоўлены наяўнасцю ў заходнім рэгіёне Саюза россыпавай алмазнай сыравіны, якую тамасама можна перапрацоўваць разам з якуцкай.

На даручэнне Касыгіна Мазураў вывучаў скандынаўскую сацыяльна-эканамічную мадэль, уключна з метадамі стымулявання вытворчасці працы, павышэння таварнай (а не цэнавай) прадукцыйнасці вытворчасці пры зніжэнні яго фонда- і капіталаёмістасці. «Каманда» Мазурава ў 1968—1972 гадах прапанавала каля 10 адаптаваных да ўмоў СССР варыянтаў, падобных да скандынаўскае практыкі заахвочвання прадпрыемстваў і іхніх працаўнікоў за рост менавіта таварнага выхаду высокаякаснай прадукцыі шырэйшага асартыменту пры адначасовым скарачэнні фонда- і капіталаёмістасці самой вытворчасці на гэтых прадпрыемствах. Было прапанавана правесці эксперыменты прыкладна на 60 прадпрыемствах СССР, у тым ліку на 25 беларускіх і 15 прыбалтыйскіх, якія прадугледжвалі б скарачэнне колькасці планавых для іх заданняў амаль на траціну. Падобныя эксперыменты ў той перыяд з поспехам праводзіліся ў Югаславіі, Кітаі, Чэха­славакіі, Венгрыі, ГДР.

Але такія праекты, як і касыгін­скія эканамічныя рэформы ў цэлым, былі адрынутыя партдзяржнаменклятурай. Паводле некаторых даных, тагачасны старшыня прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Мікалай Падгорны наракаў: «Не дзеля таго мы пасварыліся з Ціта і адхілілі Дубчака, каб паўтараць гэткае ж у сябе». Апрача таго, у СССР з’явіліся «хуткія» экспартна-сыравінавыя грошы праз рост сусветных цэн на нафту. Так што неўзабаве са складу Палітбюро ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР быў выведзены не адзін толькі Кірыла Мазураў[7].

Апошнія гады жыцця[правіць | правіць зыходнік]

7 красавіка 1974 года ў сувязі з 60-годдзем атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны 5 ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені і медалямі.

З 1978 года — на пенсіі. З 1986 года быў абраны старшынёй Усесаюзнага савета ветэранаў вайны і працы. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР 3-9 скліканняў, у 1989 абраны Народным дэпутатам СССР.

Пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве.

Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]

Мемарыяльныя дошкі Панцеляймону Панамарэнку, Змітру Жылуновічу і Кірылу Мазураву (справа ўнізе) на доме па вул. Карла Маркса, 30 у Мінску

У 2004 годзе, да 90-годдзя К. Т. Мазурава, у Маскве быў зняты дакументальны фільм «Кирилл Мазуров: портрет на фоне эпохи» («Кірыла Мазураў: партрэт на фоне эпохі»).

У мінскім мікрараёне Сухарава адна з вуліц носіць імя Кірыла Мазурава. На фасадзе хаты № 36 па вуліцы Карла Маркса, у якой жыў К. Т. Мазураў, усталяваная памятная дошка.

Таксама яго імем названа адна з галоўных вуліц Гомеля (вуліца Мазурава). У 2022 г. на двух шматпавярховых будынках па гэтай вуліцы быў размешчаны тэматычны мурал з партрэтам К. Т. Мазурава[8].

Зноскі

  1. а б Kirill Masurow // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. НГАБ. Ф.2301. Воп. 13. Спр. 164. Арк. 118 адв. — 119.
  3. Снапкоўскі У. Знешнепалітычная дзейнасць Беларускай ССР як вонкавы фактар нацыянальнага нігілізму беларусаў. Кн.2. — Беларусіка - Albarutnenica. — С. 185.
  4. 90 лет со дня рождения Кирилла Мазурова (руск.). Часопіс «Дырэктар». Праверана 29 снежня 2008.(недаступная спасылка)
  5. Саўка, З. Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы = Belarusan Civilization in America: пяцьдзясят гадоў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, 1949―1999: падзеі, дакумэнты, успаміны, пэрсаналіі / Зьміцер Саўка; [рэдактар Наталля Гардзіенка; прадмова Лявона Юрэвіча]. — Мінск: Кнігазбор, 2019. — 603 с., XII с. фат., партр.: іл., партр., факсім. — С. 76—77. — Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кн. 38). — ISBN 978-985-7207-69-5.
  6. а б Міхась Скобла. 1968 год: як адгукнулася аперацыя “Дунай” у Беларусі. “Вольная студыя”. Радыё «Свабода». Праверана 28 снежня 2008.
  7. Аляксей Баліеў. Он свернул с «генеральной линии» (руск.). «Литературная газета». Праверана 29 снежня 2008.
  8. Новый мурал в Гомеле: рассказываем, кто такой Кирилл Мазуров // «Белка» — городской интернет-журнал о Гомеле. — 08.09.2022.