Перайсці да зместу

Васілевічы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Васілевічы
Будынак гарадскога савета дэпутатаў
Будынак гарадскога савета дэпутатаў
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
Горад з
Плошча
6.775[1] км²
Вышыня цэнтра
142 м
Насельніцтва
  • 3 220 чал. (1 студзеня 2024)[2]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2340
Паштовы індэкс
247550
Аўтамабільны код
3
СААТА
3245503000
Васілевічы на карце Беларусі ±
Васілевічы (Беларусь)
Васілевічы
Васілевічы (Гомельская вобласць)
Васілевічы

Васіле́вічы[3] (трансліт.: Vasilievičy) — горад раённага падпарадкавання ў Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі. За 45 км ад Рэчыцы, 86 км ад Гомеля. Чыгуначны вузел (лініі на Гомель, Калінкавічы, Хойнікі), аўтадарогай злучаны з аўтамагістраллю Гомель—Калінкавічы. Насельніцтва — 3 349 чалавек (2017)[4].

Герб Васілевічаў зацверджаны рашэннем Васілевіцкага райвыканкама № 82 ад 27 верасня 2001 года. Унесены ў Гербавы мартыкул Беларусі 28 снежня 2001 года (№ 77). Уяўляе з сабе іспанскі шчыт, дзе на блакітным полі выяўлены сярэбраны абрыс хваёвага дрэва. Абрыс дрэва сімвалізуе лясную і дрэваапрацоўчую прамысловасць, блакітнае поле — вадаёмы.

Жыхары Васілевічаў на фатаграфіі І. Сербава

Тэрыторыя горада была заселена ўжо ў бронзавым веку. Паводле падання, калодзежы, называныя «зоўжынымі» ці «іоўжынымі» былі выкапаны на загад кіеўскай княгіні Вольгі, падчас паходу супраць драўлян. У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца ў XV ст. як вёска ў Менскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, шляхецкая ўласнасць. Як сведчыць Літоўская метрыка, у 1466 годзе вёскай валодала памешчыца Іванава. Паводле рэвізіі Рэчыцкай воласці за 1560 год у вёсцы было 17 дымоў і 7 службаў. Праходзіў тракт Рэчыца — Мазыр. Пэўны час вёскай валодалі Патоцкія, потым Масальскія.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1795 годзе, вёска ў Рэчыцкім павеце, уладанне графа Юдзіцкага. Дзейнічала Свята-Мікалаеўская царква (у ёй захоўваліся спавядальныя ведамасці з 1800 года і метрычныя кнігі з 1822 года). У 1825 годзе замест старога пабудаваны новы драўляны будынак царквы. У 1866 годзе адкрыта народнае вучылішча, дзейнічала таксама царкоўна-прыходская школа. У 1877 годзе ў ваколіцах сяла, дзе залягае самы глыбокі на Палессі тарфянік, заснавана метэаралагічная станцыя для вывучэння клімату Палесся. Апісваючы паселішчы Беларускага Палесся А. Г. Кіркор у выданні «Жывапісная Расія» адзначыў, што Васілевічы «казённая вёска… на мяжы непраходных балот, якія называюцца Хмяльніцкімі». Вёскі значна павялічылася пасля пракладання чыгункі Лунінец — Гомель і адкрыцця чыгуначнай станцыі (15 студзеня 1886 года). Цэнтр воласці, у склад якой у 1890 годзе ўваходзілі 17 паселішч з 1085 дварамі. Працавала паштова-тэлеграфная кантора. Паводле перапісу 1897 года дзейнічалі яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, 5 магазінаў, 2 ветраных млына, 2 конных млына, 2 кузні, 2 тракціры. У 19041913 гадах працаваў дрэваапрацоўчы завод з паравым рухавіком, прадукцыя якога экспанавалася на Міжнароднай выстаўцы 1905 года ў Льежы і адзначана Вялікім Залатым Медалём. 23 верасня 1911 года пачала працу чыгуначная лінія Васілевічы—Хойнікі. У 1914 годзе дала першую прадукцыю фабрыка па вытворчасці шпуль.

У пачатку 1918 года занятая германскімі войскамі. У жніўні 1918 года партызанскі атрад разграміў нямецкі гарнізон, які размяшчаўся ў Васілевічах. Каля вёскі 30 сакавіка 1919 года былі разгромлены стракапытаўскія фарміраванні, якія адступалі з Гомеля і спрабавалі прарвацца праз фронт у Польшчу. У пачатку сакавіка 1920 года мястэчка было занята польскімі войскамі, потым занята бальшавікамі ў пачатку чэрвеня 1920 года. У час пагрому, учыненага 16 красавіка 1921 года бандай Галакі, загінулі 13 жыхароў.

З 26 чэрвеня 1919 года — цэнтр воласці Гомельскай губерні РСФСР. З 8 снежня 1926 года ў складзе БССР. З 8 снежня 1926 года да 4 жніўня 1927 года і з 20 лютага 1938 года да 16 верасня 1959 года цэнтр Васілевіцкага раёна. У 19271938 гадах і з 1959 года ў Рэчыцкім раёне. З 8 снежня 1926 года па 29 красавіка 1950 года і з 16 ліпеня 1954 года па 29 лістапада 1959 года цэнтр Васілевіцкага сельсавета

У 19251927 гадах працаваў лясны тэхнікум (да гэтага знаходзіўся ў Гомелі, потым у Буда-Кашалёва). У 1929 годзе арганізаваны калгас, працавалі торфазавод, 2 кузні, слясарня, паравы млын, цагляны завод, смалакурня, дрэваапрацоўчая майстэрня, 7-гадовая школа, хата-чытальня, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, бальніца. У 1934 годзе створана МТС. З 15 ліпеня 1935 года — мястэчка.

У час Вялікай Айчыннай вайны у чэрвені 1941 года ў Васілевічах была сфарміравана кавалерыйскай група пад кіраўніцтвам А. І. Бацкалевіча, якая пэўны час вяла баявыя дзеянні ў тыле наступаючай нямецкай арміі. З 24 жніўня 1941 да снежня 1943 года дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнікі Л. П. Курганская-Сакалова, Т. М. Астапенка, А. І. Белы). Вясной 1942 года налічвалася 5 падпольных груп. Загінулі 32 падпольшчыкі (пахаваны ў брацкай магіле ў скверы па вул. Камсамольскай). Акупанты расстралялі 41 жыхара (пахаваныя ў магіле ахвяр фашызму, за 2,5 км да захаду ад горада). Вызвалена 18 снежня 1943 года часткамі 65-й арміі Беларускага фронту. Разам з салдатамі Савецкай Арміі ў вызваленні Васілевіч удзельнічалі партызаны, сярод якіх быў камандзір кавалерыйскага эскадрона лейтэнант Мікалай Трафімавіч Маструкоў (пасмяротна прысвоена званне Герой Савецкага Саюза). 428 жыхароў загінулі на фронце.

З 29 красавіка 1950 года — гарадскі пасёлак, з 19 лістапада 1971 года — горад раённага падпарадкавання[5]. Працавалі мэблевая фабрыка, завод масла і сухога малака, цагляны завод, філіял Рэчыцкага камбіната бытавога абслугоўвання, цэхі па вытворчасці безалкагольных напояў і каўбас, цэх прапіткі стаўбоў, лясгас, лесаўчастак Хойніцкага леспрамгаса. Дзейнічаюць сярэдняя і мастацкая школы, школа-інтэрнат для слабабачачых дзяцей, гідраметэастанцыя, 2 бібліятэкі, Дом культуры, Дом школьніка, бальніца і паліклініка, 2 дзіцячых садка, аддзяленне сувязі.

Прадпрыемствы харчовай (піўзавод), дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Гасцініца.

Планіроўка складаецца з кароткіх шыротных вуліц, звязаных 2 магістральнымі вуліцамі. Забудова цагляная і драўляная. На поўначы і ўсходзе — сетка меліярацыйных каналаў.

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]
  1. Рашэнне Гомельскага абластнога Савета дэпутатаў ад 10 лістапада 2011 г. № 146
  2. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  4. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  5. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 19 лістапада 1971 г. Аб пераўтварэнні гарадскіх пасёлкаў Жыткавічы Жыткавіцкага раёна і Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў гарады раённага падпарадкавання // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1971, № 33 (1335).
  6. а б в БелЭн 1997.
  7. а б Беларусь 1995.
  8. Итоги переписи населения 2009 года по Речицкому району
  9. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  10. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11). — С. 112.
  • Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.2, кн.2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. 520 с.: іл. — Тыраж 4000 экз. — ISBN 985-11-0330-6
  • Васілевічы // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 152. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  • Васіле́вічы // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 4: Варанецкі — Гальфстрым / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1997. — Т. 4. — С. 23. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 4).