Налібоцкая пушча
Налібоцкая пушча | |
---|---|
Размяшчэнне | Беларусь, Гродзенская і Мінская вобласці |
Плошча | каля 2 000 км² |
Дата заснавання | X стагоддзе |
Катэгорыя на Вікісховішчы |
Налібоцкая пушча, Налібоцкія лясы — найвялікшы лясны масіў у Беларусі, размешчаны ў басейнах правых прытокаў Нёмана — Бярэзіны і Усы, ад Ашмянскага ўзвышша на поўначы да Мінскага ўзвышша на ўсходзе. Гэты абшар ад Міра да Валожына і ад Вішнева да Іўя займае каля 2000 км². У наш час пушча падзеленая паміж Валожынскім і Стаўбцоўскім раёнамі Мінскай вобласці, а таксама Навагрудскім, Карэліцкім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці. У культурным і гістарычным плане рэгіён спалучае славянскія, балцкія і яўрэйскія традыцыі.
Меры дзеля аховы прыроды гэтых мясцін прымаюцца здаўна, а з 2005 года пушча ўвайшла ў склад рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Налібоцкі». Заказнік мае міжнародны статус ключавой батанічнай тэрыторыі і тэрыторыі рэгіянальнага значэння, важнай для птушак[1].
Назва
[правіць | правіць зыходнік]Назва ад назвы мястэчка Налібакі, якая сама ад назвы рэчкі Налібаўка. Звязаная з балцкім гідранімічным коранем Nal-, ад якога назва літоўскага возера Nalija, балота Nal-raistis, балцкай назвай з-пад Ноўгарада *Nolia / Nolė. Далей да індаеўрапейскага *(s)na- «цячы», з пашыральнікам -l-[2].
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Налібоцкая пушча — суцэльны масіў у басейне верхняга цячэння Нёмана. Належыць да Нёманска-Перадпалескай геабатанічнай акругі падзоны грабова-дубова-цемнахвойных лясоў[3]. Ацэнка плошчы вагаецца ад 1 400 км² (140 тыс. га[4]) да 2 400 км², а з прылеглымі абшарамі, у залежнасці ад крытэрыяў, значна болей.
У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да Валожынскага грабена Беларускай антэклізы. Геалагічны разрэз каля вёскі Цеснавой Стаўбцоўскага раёна прыняты як стрататып адкладаў налібоцкага міжледавікоўя, прадстаўленых алювіяльнай світай Пра-Нёмана ўзростам каля 500 тыс. гадоў.
Налібоцкая пушча займае ўсходнюю частку азёрна-ледавіковай і алювіяльнай Верхнянёманскай нізіны сожскага ўзросту. Рэльеф хвалісты. Структура ландшафта ў асноўным раўнінная з выдма- і марэнна-ўзгорыстымі формамі і забалочанымі паніжэннямі. Паверхня парэзана рэкамі, ручаямі, на поўдні — меліярацыйнымі каналамі. На невялікіх участках выдзяляецца плоская азёрна-ледавіковая нізіна з пакладамі торфу. Сустракаюцца шматлікія эолавыя грады, узгоркі, дзюны. Масівы эолавых утварэнняў выцягнуты ўздоўж рачных далін.
Тут працякаюць рэкі Бярэзіна, Уса, Іслач, Волка, Ізледзь. На поўдні ляснога масіва пры сутоку Бярэзіны і Нёмана над тэрасамі цягнецца азёрна-алювіяльная нізіна з вялікай колькасцю азёрных катлавін, у адной з самых глыбокіх з іх знаходзіцца возера Кромань[5].
Лясы маюць характар пераходнай палосы ад паўднёватаежных цемнахвойных да заходнееўрапейскіх шыракалістых. Пераважаюць бары. Хвойнікі перамяшаюцца з ельнікамі, бярэзнікамі і асіннікамі. Дуброў мала. Па паўднёва-заходняй частцы Налібоцкай пушчы праходзіць паўночная мяжа суцэльнага распаўсюджвання граба, сустракаецца ён тут у асноўным у падлеску.
Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя. Найбольш забалочаная тэрыторыя па далінах Бярэзіны, Іслачы, Волкі і ў ніжнім цячэнні Усы, дзе на тарфяна-балотных глебах растуць алешнікі і бярэзнікі. Сярод яловых лясоў шмат чарнічных і кіслічных. Цэнтральная і ўсходняя частка пушчы менш забалочаны, тут пашыраны хвойнікі розных тыпаў — ад верасова-імшыстых да вярховых сфагнавых. Распаўсюджаны вытворныя барадаўчатабярозавыя лясы. Дубовыя лясы належаць да яловых дуброў. Сустракаюцца ясянёвыя лясы. У поймах рэк пераважаюць буйнаасаковыя лугі, уздоўж Нёмана пашыраны дробназлакавыя[6].
Флора
[правіць | правіць зыходнік]Флора пушчы налічвае 820 відаў вышэйшых раслін (акрамя мохападобных)[6]. У дрэвавым ярусе хвоя звычайная, елка еўрапейская, вольха чорная, бяроза павіслая, асіна, дуб звычайны, ясень звычайны, ліпа драбналістая. У падлеску крушына, вярба, брызгліна, ляшчына, рабіна і інш. Сярод рэдкіх раслін: купальнік горны, луннік ажываючы, гайнік іржавы, зубніца клубняносная, лілея кучаравая, гладыёлус балотны, лінея і інш. Тут упершыню на Беларусі знойдзены казялец буйнаплодны, зубніца шасцілістая, скрыпень жалезістасцябловы, скрыпень чырванеючы, балотнакветнік шчыталісты, крынічнік распрасцёрты, асака прысадзістая[6].
Фаўна
[правіць | правіць зыходнік]Фаўна пушчы характэрная для лясоў сярэдняй паласы Беларусі.
Высакародны алень рэакліматызуецца з 1975 года. З 1994 года на тэрыторыю Налібоцкага заказніка былі вернуты зубры[7]. Ад пачатку завезлі сямнаццаць асобін, цяпер іх налічвацца каля ста. Аднак праз адсутнасць палявых угоддзяў статак жывёл стаў разбівацца на больш дробныя і распаўсюджвацца ў бок Наваградка і Карэліч. Жывёлы шкодзяць сельскагаспадарчым землям, а таксама ствараюць небяспеку для дарожнага руху. З гэтай нагоды было вырашана ажыццявіць праект па стварэнні пашаў, якія б служылі кармавой базай для зуброў і аленяў. Разам з тым узнікла патрэба зрабіць сістэму ўстойлівай і самарэгуляванай, каб жывёлы маглі падтрымліваць пашы ў прадуктыўным стане і без удзелу чалавека карміцца працяглы час. Таму вырашана вярнуць у Налібоцкую пушчу тарпанаў. Паспрыялі аднаўленню папуляцыі дзікіх коней у Дзяржаўнай службы лясоў Нідэрландаў. У 2019 годзе атрымаўся статак у 151 галаву[8], які затым павялічыўся.
Напачатку XXI стагоддзя пасля амаль векавой адсутнасці ў Налібоцкую пушчу вярнуліся бурыя мядзведзі, мяркуецца, што яны перайшлі з Бярэзінскага запаведніка[9]. З іншых сысуноў вядуцца: лось, дзік, ліс, янотападобны сабака, лясная куніца, чорны тхор, норка, гарнастай, заяц-русак; у вадаёмах і поймах — бабёр, выдра. У 2020 годзе здарылася першая рэгістрацыя шакала ў Налібоцкай пушчы, ён з’явіўся тут натуральным чынам у выніку паступовай экспансіі з поўдня[10].
Тэрыторыя мае значэнне для захавання месц гнездавання малога арляца, звычайнага зімародка, чорнага бусла[11]. Акрамя таго, тут адзначаны ў невялікай колькасці дубальт, вялікі грыцук, вялікі кулон, вядомы глушэц, цецярук, рабчык і інш. У рэках і каналах сярод рыб сустракаюцца верхаводка, пячкур, быстранка, плотка, галец звычайны, ялец, шчупак; трапляецца рэдкі для Беларусі від — харыус.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]XI—XVII стагоддзі
[правіць | правіць зыходнік]Па ўсходнім краі пушчы ў X—XI стагоддзях праходзіла мяжа Літвы і Русі; такія памежныя крэпасці як Менск і Заслаўе фактычна ўзніклі на краі гэтага вялікага лесу, заселенага балтамі-паганцамі. Вялікі лясны масіў быў цяжкай перашкодай для агрэсараў, галіцка-валынскіх войскаў і татараў у сярэдзіне XIII стагоддзя, што пакінула шмат слядоў у вусным фальклоры (бітвы пад Койданавым, Магільнам і г. д.). Колішняя мяжа Літвы і Русі ў далейшым вызначала падзел ВКЛ на культурна-прававыя рэгіёны. Мікола Ермаловіч менавіта тут лакалізаваў гістарычную Літву. Тапаніміка і антрапаніміка краю носяць выразна балцкі характар[12]. Захаванне вялікага суцэльнага ляснога масіву побач з густанаселенымі раёнамі тлумачыцца надзвычай неўрадлівымі глебамі, якія на працягу стагоддзяў рабілі эканамічна невыгодным земляробства ў гэтым рэгіёне: спробы раскарчоўваць лясы пад ворыва, у адрозненне, напрыклад, ад левабярэжжа Нёмана (Новагародскага ваяводства), відавочна не акупляліся. Вядома, што яшчэ князь Вітаўт перад Грунвальдскай бітвай у 1409 годзе адлоўліваў тарпанаў на тэрыторыі Налібоцкай пушчы[13].
Кансалідацыі абшару Налібоцкай пушчы спрыяла канцэнтрацыя гэтых земляў ва ўладаннях роду Радзівілаў. Яшчэ ў 1555 годзе Мікалай Радзівіл Чорны выкупіў у шляхціцаў Шэметаў і Завішаў мястэчка Налібокі з землямі і лясамі. У 1586 годзе, падчас падзелу радзівілаўскіх уладанняў паміж трыма галінамі роду і ўтварэння Нясвіжскай, Клецкай і Алыцкай ардынацый, Налібокі трапілі ў склад Алыцкай ардынацыі, уладальнікам якой быў Станіслаў Радзівіл (1559—1599)[14]. Але Налібокі былі толькі адным з кавалкаў велізарнай пушчы, значная частка якой да канца XVI стагоддзя знаходзілася ў руках іншых уладальнікаў. Нясвіжскі ардынант Мікалай Крыштаф Сіротка, на працягу 1594—1595 гадоў набыў мястэчкі Дзераўное і Хатава, часткова купленыя ў Мікалая Русецкага, часткова атрыманыя ў пасаг ад жонкі[15]. У выніку гэтага асноўная частка Налібоцкай пушчы апынулася ў складзе радзівілаўскіх латыфундый, але была падзелена паміж рознымі землеўласнікамі, найперш Нясвіжскай і Алыцкай ардынацыямі. Калі Станіслаў Радзівіл памёр, не пакінуўшы нашчадкаў, Налібокі з землямі і лясамі перайшлі да складу Нясвіжскай ардынацыі, што фактычна аб’яднала цяперашнюю Налібоцкую пушчу ў руках аднаго ўладальніка. Але нясвіжскія ардынаты не разглядалі гэтыя валоданні як адно цэлае, таму дзяленне на ўласна Налібоцкую, Дзераўноўскую і Хатаўскую пушчы, пазней пушчы-падлавецтвы, захоўвалася і надалей.
За тымі часамі пушча выкарыстоўвалася, апроч палявання (у т. л. прамысловага, у асноўным на баброў, а таксама выдраў, норак і інш.) і бортніцтва (з якога ўладальнікі лясоў атрымоўвалі «палавічнае»), галоўным чынам для лесанарыхтовак, у пушчы не было ніводнай буды, Генеральная рэвізія пушчаў 1699 годзе адносна прадпрыемстваў такога тыпу адназначна зазначыла: «Што тычыцца попелаў альбо паташаў — няма нідзе і не будзе.»[16]. Паводле рэвізіі пушчаў 1699 года ў Налібоцкай пушчы адзначаны наступныя прамысловыя пароды дрэваў: «… маюцца ў ёй дубы густыя, прыдатныя для розных заморскіх тавараў: брусоў („balow“), бартахольцаў (відаць, маецца на ўвазе буйная клёпка — фашольц. „bartoholc“), ванчосаў („wantczosow“), клёпак („klepek“) розных … Ёсць таксама мачты („maszty“) на адным месцы ў паўмілі ад ракі, што ўцякае ў Нёман … Ёсць таксама цамры („czamrowina“) … што ёсць трохі ліп, клёнаў, ясеняў, то з іх рамеснікі робяць што атрымаецца …»[16]. Бачна, што ў пушчах быў прадстаўлены дастаткова шырокі комплекс экспартнай драўніны. Першасная перапрацоўка таварнай драўніны ажыццяўлялася на пільнях, размешчаных у самой пушчы. Туды ссечаныя бярвёны дастаўлялі адразу з лесапавалу. У Налібоцкай, Дзераўноўскай, Хотаўскай пушчы дзейнічаў цэлы шэраг такіх прадпрыемстваў. Пры саміх пільнях нярэдка працавалі і так званыя шліфірні — майстэрні, дзе ажыццяўлялася шліфоўка дошак. Іх прадукцыя была запатрабавана і на ўнутраным рынку, а таксама ў панскай гаспадарцы. Асноўнай прадукцыяй пільняў былі менавіта дошкі. Пераважная іх колькасць рабілася з сасны і толькі рэшта з ліпы, бярозы, дубу і часам з алешыны. Калоды рабіліся толькі з дубу ці сасны[17]. Выраблены лес, пасля першаснай перапрацоўкі на тартаку, а часта і мінуючы гэту фазу, паступаў на склады — румы[18], далей адбывалася ацэнка яго якасці і прыкладнае вызначэнне кошту, пасля гэтага тавар сплаўляўся за мяжу. Сама пушча прымацоўвалася да гданьскага рынку, які з’яўляўся для яе найзручнейшым, апошняе палажэнне было адмыслова прапісана ў дакументах[16].
XVIII—XIX стагоддзі
[правіць | правіць зыходнік]Кіраванне пушчай
[правіць | правіць зыходнік]Абшары цяперашняй Налібоцкай пушчы ўваходзілі ў склад вялікага лавецтва, якое аб’ядноўвала ўсе радзівілаўскія лясы, што ляжалі ў межах Новагродскага і Менскага ваяводстваў, а таксама Ашмянскага і Лідскага паветаў Віленскага ваяводства. Гэтае вялікае лавецтва не мела дакладнай назвы і лоўчы гэтых пушчаў перыядычна тытулаваўся то як «лоўчы пушчаў Занёманскіх і Наднёманскіх»[19], то як «лоўчы пушчаў Наднёманскіх (адсюль вёска Наднёман Уздзенскага раёна), Налібоцкіх, Дакудаўскіх (ад Дакудава), Койданаўскіх (ад Койданава, цяперашні раённы цэнтр Дзяржынск) і іных»[20], а часам і проста «лоўчы пушчаў ляжачых у ваяводствах Мінскім і Наваградскім, у паветах Ашмянскім, і Лідскім»[21]. Занёманскі і Наднёманскі лоўчы меў сваю рэзідэнцыю ў Налібоках[21], што рабіла гэтае мястэчка цэнтрам самай значнай лясной адзінкі радзівілаўскіх зямель. Лоўчы падпарадкоўваўся генеральнаму лоўчаму, які знаходзіўся ў Нясвіжы і кіраваў усімі радзівілаўскімі лавецтвамі. Занёманскае і Наднёманскае лавецтва ў сваю чаргу падзялялася на цэлы шэраг падлавецтваў: Мірскае, Нясвіжскае, Ліпічанска-Беліцкае (сёння вёска Ліпічанка Шчучынскага раёна, Беліца Лідскага раёна), Ляхаўска-Ленінска-Чучэвіцкае, Койданаўскае, Дакудаўскае, Дзяляціцкае (сёння вёска Дзяляцічы Навагрудскага раёна), Налібоцкае, Дзераўноўскае (сёння вёска Дзераўное Стаўбцоўскага раёна), Хотаўскае (сёння вёска Хотава Стаўбцоўскага раёна), Аталезкае (сёння вёска Аталезь Стаўбцоўскага раёна) і інш. На чале кожнага падлавецтва стаяў асобны падлоўчы. Налібоцкі падлоўчы ў адпаведнасці з больш нізкім статусам быў паселены ва ўрочышчы Бродным (сёння лакалізаваць не магчыма); дзераўноўскі — у Наднёманскай Слабадзе (цяпер вёска Сіняўская Слабада); хотаўскі жыў у Ляўкоўшчыне (сёння вёска Стаўбцоўскага раёна)[22]. Падлавецтвы ў сваю чаргу падзяляліся на стражы, дзе неслі варту стральцы.
Асноўная функцыя лоўчага заключалася ў кіраванні падлоўчымі, стральцамі і леснікамі, вызначэнні месцаў нясення іх службаў.[23] У абавязкі лоўчага ўваходзіла сачыць за лесам і не дазваляць няслушных пасечак, пільнаваць і абараняць панскія ловы, дбаць аб захаванасці і памнажэнні рухомай і нерухомай маёмасці гаспадароў пушчы, кантраляваць распрацоўку таварнага дрэва і яго продаж, збіраць асобныя падаткі ў межах лавецтва і інш. У Налібокі штотыдзень ад бліжэйшых і штомесяц ад дальніх падлоўчых паступалі адмысловыя рапарты аб справах і здарэннях у пушчах. Нягледзячы на гэта, лоўчы быў павінен на свае вочы агледзець кожную пушчу — штомесяц здзяйсняць аб’езд бліжэйшых і кожныя тры месяцы аддаленых падлавецтваў. Пад час такіх рэвізій правяралася выкананне падлоўчымі, стральцамі, баброўнічымі і бортнікамі сваіх службовых абавязкаў.[24]
Штат службоўцаў і малодшых ураднікаў лавецтва складаўся са стральцоў, бортнікаў, асочнікаў, леснікоў, а таксама служкаў без пэўнага профілю — у 1778 годзе гэта было трыццаць два чалавекі. Але два з іх сумяшчалі бортніцкую і асочніцкую службы, што было даволі шырока распаўсюджана па тым часе.[25] З 32 службоўцаў 15 чалавек ці 17 службаў прыходзіліся на Налібоцкае падлавецтва: восем стралецкіх, пяць бортніцкіх, дзве асочніцкія і дзве лясніцкія. Дзесяць чалавек служылі ў Дзераўноўскай пушчы: шэсць стральцоў, тры бортнікі і адзін ляснік. У Хотаўскім падлавецтве іх налічвалася найменш за ўсё — тры стральцы, бортнік, ляснік і два чалавекі без пазначэння профілю абавязкаў.[26]
У Налібоцкай, Дзераўноўскай, Хотаўскай пушчы было вызначана дзесяць месцаў для стралецкай стражы. Яны размяшчаліся пераважна ва ўрочышчах каля найбольш каштоўных бароў і на буйным лясным гасцінцы з Гнішыц на Налібокі.[27] Гэтую службу можна ахарактарызаваць як міліцэйскую ці нават напаўвайсковую варту радзівілаўскіх лясоў і нерухомай маёмасці лавецтваў і лясніцтваў.
Стральцы, па загадзе падлоўчых, кантралявалі правы сялян на ўваходы ў пушчу. Дазвалялася пушчаць да лесу толькі тых, хто меў адмысловы на гэта дазвол — «квіт» альбо білет. Такія білеты ён мусіў збіраць і ў канцы месяца здаваць да падлоўчага, які рабіў агульную калькуляцыю ўсіх атрыманых ад стральцоў квітоў і білетаў для падрыхтоўкі рапарту для лоўчага. Кожнае падлавецтва мела білеты свайго колеру з адмысловым малюнкам. Стральцы таксама займаліся адловам лісянят і ваўчат для радзівілаўскіх звярынцаў і інш.[28]
Сярод стральцоў былі вайсковыя званні, у прыватнасці званне паручніка.[29] Узбраенне стральца ці, як яго часам называюць дакументы, мысліўца (паляўнічага), складалася з гусарскага палаша, якія адмыслова закупляліся для гэтай патрэбы ў Караляўцы колькасцю шэсцьдзесят штук (што адпавядала колькасці ўсіх стральцоў у лавецтве) і пісталета. Для іх шылася з сукна спецыяльная стралецкая форма («barwa»). Радзівілы пільна сачылі за тым, каб тыя былі аднолькава апрануты і добра ўзброены.[30] Стралецкую службу неслі як прадстаўнікі збяднелай шляхты, так і выбраныя для гэтага сяляне.[29]
Стралецкая, як асочніцкая і лясніцкая службы часта мелі дынастычны характар, то-бок маглі перадавацца ад бацькі да сына, а часам і ўсе дарослыя мужчыны ў сям’і былі асочнікамі ці стральцамі.[31]
Асочніцкую службу, як лясніцкую і бортніцкую, неслі выключна сяляне. Яны займаліся высочваннем звяроў у лясах, сачылі за звярынымі пераходамі і месцамі найбольш прыдатнымі для палявання, разам з іншымі служачымі прымалі ўдзел у княжацкім паляванні і інш.[32]
Леснікі, бліжэйшыя памагатыя стральцоў, павінны былі мець для выканання свайго абавязку стрэльбу, але карыстацца ёй не для ўласнай патрэбы, а для нясення службы. У іх абавязкі ўваходзіў адстрэл для патрэбаў радзівілаўскага скарбу лясных жывёл: мядзведзяў, дзікоў, ваўкоў, ліс, выдраў, а таксама пільнаванне адведзенага ім кавалку пушчы[19]. Выкананне лесніком яго службовых абавязкаў 6—7 разоў на год правяраў падлоўчы. Апошні разам з лесніком абыходзіў лясніцкую дзялянку і правяраў стан спраў на месцы. Кожная такая інспекцыйная праверка фіксавалася падлоўчым кароценькай нататкай і ўласным подпісам у спецыяльнай «кніжачцы для лясніка», што, па ўсёй верагоднасці, захоўвалася ў самога лесніка. Інспекцыі падлоўчых да леснікоў пачашчаліся пад час паляўнічага сезону — позняй восенню і ўзімку, калі парушэнні былі найбольш верагодныя, але не забываліся таксама і на летнія месяцы, калі існавала небяспека крадзяжу таварнага дрэва.[33] Самі леснікі неслі рэгулярную варту сваёй тэрыторыі, дзе аглядалі стан таварнага лесу і паляўнічых угоддзяў: звярыных ловаў, цецеруковых токаў і месцаў палявання на фазанаў.
Бортнікі, што таксама знаходзіліся ў прамым падпарадкаванні падлоўчых, павінны былі даглядаць скарбовыя борці, асаджаць новыя, сачыць за пасекамі. У дагляд борцяў і вулляў-калод уваходзілі збор мёду і воску, падрыхтоўка вулікаў да зімоўкі і інш. Дакументы таксама згадваюць баброўнічых, якія даглядалі радзівілаўскія бабровыя гоны, адлаўлівалі баброў, выдраў і норак для радзівілаўскіх звярынцаў і кухні.[34]
Паляванне
[правіць | правіць зыходнік]Як і ў мінулыя часы, паляванне было адным з асноўных промыслаў у пушчы. Асноўнымі прамысловымі жывёламі ў гэты час былі бабры (ці не найасноўнейшая прамысловая жывёла ў пушчы), а таксама ласі і мядзведзі, ваўкі, лісы, куніцы, алені, зайцы. Часам палявалі гарнастаяў, рысяў, выдраў, сарнаў і інш.[35] Адстрэл жывёл вёўся пастаянна, лясныя служкі рэгулярна здавалі да падлоўчага футры ўпаляваных звяроў. Баброўнічыя павінны былі ставіць жалезныя пасткі на баброў, выдраў і норак[36].
У лясах існавалі адмысловыя, найбольш выгодныя для палявання на пэўных жывёл, мясціны, якія адзначаліся пры апісанні кожнай пушчы. Гэтыя ўчасткі даручалася пільнаваць асабліва адказна. Каля Хотаўскага става на рэчцы Сярмяжцы (правы прыток ракі Сула) ва ўрочышчы Сасёнкі былі самыя лепшыя летнія паляўнічыя ўгоддзі на мядзведзяў, ахоўваліся таксама месцы току глушцоў і фазанаў.[37] Асобную катэгорыю паляўнічых угоддзяў складалі бабровыя гоны. Яны ўсе трымаліся пад пільным улікам. Згодна калькуляцыі генеральнага лоўчага Вольскага на люты 1757 года, на скарбовым уліку ва ўсіх радзівілаўскіх лясах знаходзілася 576 бабровых гонаў.[35]
У 1780 годзе выйшаў адмысловы загад звернуты да генеральнага лоўчага, у адпаведнасці з якім, трымальнікі закладных радзівілаўскіх маёнткаў пазбаўляліся права палявання на любых звяроў у пушчах.[38] Справа палягала найперш у тым, што ад бескантрольнага палявання цярпеў радзівілаўскі скарб.
У пушчах вёўся таксама і адлоў жывых звяроў для звярынцаў. Адлоў жывых лісянят і ваўчат ажыццяўлялі стральцы. Яны выкопвалі воўчыя ямы ў якія і павінны былі патрапіцца зверы.[39] Разам з тым адлоўлівалі і мядзведзяў.[40] Адлоўленых звяроў з усіх радзівілаўскіх лясоў, у тым ліку і з Налібоцкай пушчы, перавозілі ў бліжэйшыя звярынцы.[41]
У базантарні фазанаў даглядаў спецыяльны служка базантарнік («bazantarnik»). У якасці абслугі базантарняў і звярынцаў выступалі малодшыя лясныя служкі — стражнікі і ляснічыя. Яны касілі тут траву на палях і лугах.[42] Вельмі цяжка на стане спраў у звярынцах і базантарнях адбіваліся войны — калі варожыя войскі займалі Нясвіж, то замест правіянту ў першую чаргу выкарыстоўвалі безабаронных звяроў. Радзівілаўскія ўраднікі імкнуліся дамовіцца з расійскім камандаваннем аб іх захаванні, але часта ўжо не заставалася каго ратаваць.[43]
Паляванне ў лясах праводзілася ў адпаведнасці з выдадзенымі на то інструкцыямі. Яскравым прыкладам якой можа служыць «інструкцыя, якая тычылася палявання, для генеральнага лоўчага пана Пясецкага» выдадзеная 28 снежня 1792 года Дамінікам Радзівілам. Асноўная інфармацыйная частка дакумента падзялялася на адзінаццаць артыкулаў, у якіх падаваўся падрабязны інструктаж па правядзенню палявання.
Загад аб пачатку палявання лоўчым і падлоўчым павінен быў аддаваць сам генеральны лоўчы па восені ці ўзімку. Перад яго пачаткам праводзілася высочванне звяроў па пушчах і вызначалася найбольш спрыяльнае месца для яго правядзення. Пры гэтым у разлік не бралася, ці былі гэта лясы прыналежныя да так званых «вольных» маёнткаў, альбо застаўных.[32]
Аблавы рабіліся наступным чынам. Як толькі выпадаў першы ці паўторны снег вопытны асочнік ішоў у лес і па слядах вызначаў дзе ў лесе знаходзіцца статак ласёў ці мядзведжая сям’я. Калі сляды вядуць у гушчар, а з яго слядоў няма, значыць звер унутры. Ён вызначае на якой адлегласці трэба атачаць бор, каб не спудзіць звярыну. Стральцы расстаўляюцца з таго боку лесу, адкуль увайшлі звяры, на адлегласці 60—80 крокаў. Пасля завяршэння гэтай працэдуры загоншчыкі атачаюць гушчар з абодвух флангаў стральцоў. Падчас гэтага захоўваецца маўклівая цішыня. Калі ўсё гатова, тады ў глыбіню бору запускаюць сабак, а загоншчыкі падымаюць крык і лязгат. Зверы ўцякаюць з лесу па сваіх былых слядах і трапляюць на паляўнічых. Калі паляванне ідзе ўзімку па першым снезе на мядзведзя, то каля стральцоў стаяць людзі з рагацінамі, каб у выпадку няўдалага стрэлу абараніць іх ад нападу звера.[44]
Лоўчыя і падлоўчыя былі абавязаныя несці дакладную справаздачнасць перад генеральным лоўчым за ўсіх упаляваных звяроў, а таксама за рэквізіцыі ў мясцовага насельніцтва. Справа ў тым, што апошнія не былі рэдкасцю пад час буйных, шматтыднёвых паляванняў. У мясцовага сялянства для паляўнічых патрэбаў маглі рэквізаваць фураж, ежу, мысліўскія прылады і інш. Пасля ўсё гэта альбо вярталася да гаспадароў, альбо ім за прычыненыя шкоды выплачваліся грошы. Паляванне ў пэўнай пушчы не павінна было выходзіць за яе межы, каб не чынілася шкода суседнім лавецтвам ці лясніцтвам.
У дапамогу прафесійным паляўнічым павінны былі выходзіць сяляне. Апошнія мусілі за ўласны кошт забяспечыць правіянтам коняў на паляванні і сябе харчаваннем. Сялян адной воласці нельга было выганяць на паляванне два разы за сезон, іх павінны былі абавязкова чаргаваць з суседнімі валашанамі.
На ўпаляваных у кожны год звяроў і птушак генеральны лоўчы складаў адмысловыя рэестры, па якіх праводзіў выніковую справаздачную калькуляцыю для ўладальніка ардынацыі. Мяса і футры буйных звяроў павінны былі перадавацца да нясвіжскага каменданта, а мяса дробных звяроў і птушак трапляла на радзівілаўскую кухню.[32]
Палявалі часта з сабакамі. У XVII—XVIII стагоддзях Радзівілы мелі вялікую колькасць псярняў, дзе навучаныя людзі займаліся развядзеннем і вырошчваннем паляўнічых псоў. Паляванне з дзідамі, лукамі і рагацінамі, што перыядычна практыкавалася да сярэдзіны XVII стагоддзя, адышло ў нябыт, паляваць прафесійна сталі са стрэльбамі. Да катэгорыі паляўнічых-прафесіяналаў з пэўнымі агаворкамі адносіліся ўсе лясныя служкі. Да не прафесійных — усе тыя сяляне, што былі вымушаныя хадзіць у радзівілаўскія ловы як на адбыванне спрадвечнай павіннасці.[32]
У знакамітай паэме Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» мядзведзь, які ледзь не загрыз галоўных персанажаў Тадэвуша і Графа, прыйшоў менавіта з Налібоцкай пушчы. Тут іх лавілі для Смаргонскай «акадэміі», дзе мядзведзяў дрэсіравалі, каб выконваць розныя цыркавыя трукі[45].
Пчалярства
[правіць | правіць зыходнік]Войны другой паловы XVII — пачатку XVIII стагоддзяў прынеслі вялікія страты, пацярпела і бортніцтва. З сярэдзіны XVIII стагоддзя выразна назіраецца тэндэнцыя да адраджэння пчалярства, паступова колькасць насельніцтва аднаўлялася, і людзі ішлі ў лес, каб адшукаць пакінутыя борці. У XVIII стагоддзі ў Налібоцкай, Дзераўноўскай, Хотаўскай пушчы сялянам забаранялася вырабляць па лясах новыя борці, дзеля таго, што ў пушчах і так было багата пустых борцяў і каб не псаваць таварнага дрэва[46]. Але гэтая забарона не азначала поўнай немажлівасці з’яўлення новых борцяў, а была толькі ліквідацыяй спрадвечнага г. зв. «захопнага» права сялян. Селянін мог купіць дрэва пад борць. Для параўнання, у 1798 годзе яно каштавала пятнаццаць злотых, у той жа момант, як вулік ці калода адзін злоты[47]. Таму ў гэты час сяляне пачалі аддаваць перавагу менавіта калодам-вуллям.
За карыстанне борцямі і вуллямі ў панскім лесе сяляне павінны былі выплачваць гаспадару ўладанняў палову сабранага мёду[48]. Гэта выклікала масавае ўкрывальніцтва борцяў, але ад такой жорсткай практыкі падаткаабкладання і ў XVIII стагоддзі феадалы звычайна не адступалі.
Калоднае пчалярства ў скарбовай гаспадарцы заўважна пераважала над бортным, так у Налібоцкім падлавецтве ў сярэдзіне 1770-х гадоў было шэсць скарбовых пасек, на якіх налічвалася ў агульнай колькасці 454 вулля і толькі 34 борці. Тэмпы прыросту колькасці новаасаджаных калодаў таксама была ў шмат разоў большая — 61 калода супраць дзвюх новых борцяў у 1778 годзе. Усё гэта, разам са згадкамі аб вялікай колькасці пустых борцяў па лясах, сведчыць аб паступовым выраджэнні класічнага бортніцтва ў Налібоцкай пушчы ў XVIII стагоддзі. Тым не менш, у інструкцыях прапісваліся правілы выкарыстання і дагляду борцяў у кожную пару года.[49]
Выбранне мёду са скарбовых пасек адбывалася восенню. Гэты працэс павінен быў трымацца пад пільным кантролем і пры непасрэднай прысутнасці лоўчага. Бортнікам даручалася быць асцярожнымі, каб не нанесці шкоды пчолам. Было тры крыніцы паступлення мёду і воску ў радзівілаўскі скарб. Першая — са скарбовых пасек і борцяў, прадукты якіх рахаваліся і заносіліся ў рэестры асобна адзін ад аднаго. Другая — мёд і воск, атрыманыя ад трымальнікаў застаўных радзівілаўскіх маёнткаў, і трэцяя — пчалярскі падатак ад сялян, г. зв. «палавічнае» («połowiczny»).
Па загадзе лоўчага ў канцы кожнага пчалярскага сезону рабіліся бочкі для захоўвання мёду ёмістасцю трыццаць два гарцы кожная. Воск пасля ўзважвання скіроўвалі на васкабойню, дзе адбывалася яго ачыстка ўзбіваннем да аднароднай масы. Пасля канчатковага ўзважвання чысты мёд і воск адвозілі да складоў правіянту, дзе па здачы атрымлівалі адмысловыя квіты.[50]
Прамысловасць
[правіць | правіць зыходнік]Рэгіён досыць рана пачаў спецыялізавацца на лясных промыслах і рамёствах, звязаных са здабычай і перапрацоўкай карысных выкапняў (балотнай жалезнай руды, гліны, кварцавага пяску і г. д.). Як і ўся краіна, пушчанскі рэгіён перажыў эканамічны, дэмаграфічны і гаспадарчыя крызісы, што сталі следствам кровапралітных войнаў сярэдзіны XVII — першай паловы XVIII стагоддзяў. Дакументаў па тым часе захавалася няшмат, але як адзначае Васіль Мялешка, «на пачатку [XVIII] стагоддзя ў гэтай галіне вытворчасці (маюцца на ўвазе лясныя промыслы) меліся вялікія цяжкасці з працоўнай сілай, выкліканыя новымі ваеннымі спусташэннямі, але пачынаючы з 30—40-х гадоў [XVIII стагоддзя] сітуацыя заўважна змянілася ў лепшы бок і лясныя распрацоўкі сталі праходзіць больш паспяхова»[51]. Большасць гаспадарчых дакументаў, датычных Налібоцкай пушчы, датуюцца часам пачынаючы з сярэдзіны XVIII стагоддзя, менавіта з гэтага перыяду пачынаецца найбольш актыўная распрацоўка і выкарыстанне эканамічнага патэнцыялу пушчы[52].
Паступова з дробных саматужных рудняў, кузняў, будаў, гутаў , керамічных майстэрняў паўставалі буйныя прамысловыя прадпрыемствы, росквіт якіх прыпаў на другую палову XVIII — першую палову XIX стагоддзяў. Заснаванне многіх з іх звязанае з імем вядомай прадпрымальніцы і мецэнаткі Ганны Кацярыны Радзівіл з Сангушкаў: Налібоцкай шкляной гуты (самай вядомай у Рэчы Паспалітай), Свержанскай фарфурні, ракаўскага керамічнага промыслу і інш.
Лесанарыхтоўчая і прамысловая дзейнасць сфарміравалі ўнікальны для Беларусі характар рэгіёну. Напрыклад, на Налібоцкім «металургічным камбінаце» (Рудня-Кляцішча) ў 1850-х гадах працавала больш за 200 рабочых, тры доменныя печы, восем пудлінгавых печаў, пракатны стан, чатыры ліцейні. Падобны ж маштаб меў і металургічны завод Храптовічаў у Вішневе, які таксама працаваў на балотнай жалезнай рудзе. Эканамічнае значэнне краю заняпала ў апошняй трэці XIX стагоддзя, мясцовая прамысловасць не вытрымала канкурэнцыі з новай індустрыяй Данбаса, Урала і іншых прамысловых рэгіёнаў.
XX стагоддзе
[правіць | правіць зыходнік]Вядомы натураліст Фрыдрых Фальц-Фейн, стваральнік стэпавага запаведніка Асканія-Нова, меў у мястэчку Налібокі сваю сядзібу і планаваў стварыць у навакольных лясах запаведнік па ахове баброў. Налібоцкая пушча магла стаць першым у царскай Расіі афіцыйным запаведнікам, але Першая сусветная вайна перакрэсліла гэтыя планы[53].
У 1932 годзе ў Налібоцкай пушчы для аховы і вывучэння каштоўных капытных жывёл (ланей, аленяў, казуль, дзікоў), а таксама рачных баброў быў створаны Вялаўскі запаведнік. Сюды з Германіі было завезена восем асобін еўрапейскай лані (Dama dama), якія да Другой сусветнай вайны распладзіліся, але ў вайну былі вынішчаныя, а Вялаўскі запаведнік быў скасаваны ў 1951 годзе[54].
У Другую сусветную вайну пушча дала прытулак не менш чым дваццаці тысячам партызанаў рознай палітычнай прыналежнасці, пераважна прасавецкіх, кіраваных БШПР, з развітай інфраструктурай, уключаючы стала дзеючыя аэрадромы, але таксама і Арміі Краёвай (стаўпецка-налібоцкае згуртаванне), і яўрэйскіх партызанскіх аддзелаў Бельскіх, Зорына і інш., якія падпарадкоўваліся савецкаму камандаванню, захоўваючы пэўную аўтаномію, і сталі паратункам для тысяч уцекачоў з гета Баранавічаў, Навагрудка, Мінска, Міра і іншых гарадоў і мястэчак у пушчы і яе найбліжэйшых ваколіцах.
Гісторыя братоў Бельскіх і іх «Іерусаліма ў лесе» стала легендай дзякуючы дакументальным кнігам Нехамы Тэк, Пітэра Даффі, некалькім дакументальным фільмам. Галівудскі «блокбастэр» «Defiance» («Выклік») з Дэніалам Крэйгам у галоўнай ролі меў стаць адной з прыкметных з’яў у кінематаграфічным сезоне 2008 г. Зрэшты, ўсе гэтыя творы абыходзяць маўчаннем ролю аддзелу Бельскіх у савецкай карнай аперацыі над мястэчкам Налібокі 8 мая 1943 года, у адказ на супраціўленне жыхароў мястэчка рэквізіцыям савецкіх партызанаў, і пра якую спрачаюцца польскія і яўрэйскія гісторыкі. (Гл.далей Трагедыя ў Налібоках)
Пушча і яе ваколіцы адыграла вялікую ролю ў гісторыі яўрэйскага народа яшчэ і тым, што адсюль паходзяць шмат дзеячаў вядомай Валожынскай ешывы, уключаючы заснавальніка сусветнага фундаменталісцкага руху «Agudath Israel», Іцхака Ха Леві Рабіновіча (нарадзіўся ў Івянцы ў 1847 годзе) і Прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса (нарадзіўся ў Вішневе ў 1923 годзе). З Пушчай звязаная і дзейнасць вядомага яўрэйскага каталіцкага дзеяча, кармеліта Даніэля Штайна (сапр. Освальда Руфайзена), які атрымаў шырокую вядомасць у тым ліку і дзякуючы раману Людмілы Уліцкай «Даніэль Штайн, перакладчык» (2006), які навярнуўся ў каталіцызм менавіта пад уплывам ваенных падзей у пушчы.
У 1960 годзе на тэрыторыі былога Вялаўскага запаведніка ў басейнах правых прытокаў Нёмана і Бярэзіны заснаваны Налібоцкі паляўнічы заказнік. Падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС тэрыторыя Налібоцкай пушчы пакутавала ад радыяцыі, таму многія навакольныя вёскі падлягалі высяленню.[55]
XXI стагоддзе
[правіць | правіць зыходнік]У 2005 годзе на тэрыторыі Налібоцкай пушчы ўтвораны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Налібоцкі», лясны масіў набыў нацыянальны прыродаахоўны статус. Міжнародны прыродаахоўны статус класіфікаваны як «тэрыторыя, важная для птушак» рэгіянальнага значэння, якая ўтворана ў 2010 годзе[56].
У культуры
[правіць | правіць зыходнік]Навуковыя даследаванні асобных аспектаў гаспадарчай і культурнай дзейнасці ў Налібоцкім краі належаць пераважна польскім даследчыкам. Вобраз уласнага, не-рускага і не-савецкага рамесніка або прамыслоўца бадай адсутнічае ў беларускім мастацтве, навукова-папулярнай літаратуры і г. д.
Пушча з’яўляецца і месцам дзеяння вядомага рамана Уладзіміра Багамолава, «У жніўні 1944-га» («Момант ісціны»), які перакладзены на дзесяткі моў, вытрымаў больш за сто выданняў, агульным тыражом больш за мільён асобнікаў. Аднак у беларускай культуры, калі не лічыць знятага паводле гэтага раману фільма Міхаіла Пташука, у якім пушча не апазнаецца, не існуе нічога падобнага на згаданыя вышэй мастацкія і дакументальныя творы, якія б усведамлялі пушчу як маштабную і шматбаковую культурную з’яву. Заходнія і савецкія творы пра пушчу слаба паказваюць яе як комплексную з’яву, выхопліваючы з яе гісторыі толькі нейкі асобны храналагічны і фактычны аспект.
З 2009 года ў канцы мая ў Налібоцкіх лясах праходзяць спаборніцтвы сярод бегуноў, веласіпедыстаў і мультыспартсменаў[57]. Удзел у спаборніцтве могуць прымаць як прафесійныя спартсмены, так і аматары, якія жадаюць актыўна адпачыць на прыродзе. Гэта найбуйнейшы аматарскі старт па трэйле і кроскантры-марафонах у Беларусі[58][59].
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ zapovednytur.by
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 223.
- ↑ Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя. Т. 2. Мн., БелСЭ. 1979. С. 464.
- ↑ Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.) С. 91.
- ↑ Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — С. 230
- ↑ а б в Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 3. — С. 455.
- ↑ Vasili Shakun (Васіль Шакун): «European bison (Bison bonasus) in the central Belarus: current state and prospects of conservation of the free-ranging population ‚Volozhinskaya’.» European Bison Conservation Newsletter, Vol 5 (2012) pp: 95-102. (англійская мова)
- ↑ greenbelarus.info
- ↑ nalibaki.org
- ↑ nalibokiforest.info
- ↑ iba.ptushki.org(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2023. Праверана 2 верасня 2021.
- ↑ Напрыклад, назва Івянец паходзіць ад літ. gyventi — «жыць», а Пяршаі — ад piršlys — «сват». Літоўскамоўныя паселішчы трапляліся ў Пушчы яшчэ на пачатку XIX ст., аднак ужо ў сяр. XIX ст. увесь край быў ужо суцэльна беларускамоўным, з мовай блізкай да літаратурнага стандарту. Пачатак новабеларускай літаратурнай традыцыі звязаны з дзейнасцю Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які правёў большую частку жыцця (1840—1884) ў в. Люцынка
- ↑ zviazda.by
- ↑ [Крывашэеў] Jankowski Cz. Powiat Oszmiański. Materjały do dziejów ziemi i ludzi. Część pierwsza. Petersburg, 1896. S. 107.
- ↑ [Крывашэеў] Jankowski Cz. Powiat Oszmiański… S. 108.
- ↑ а б в [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 400.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 2. С. 201. Арк. 29 адв.-31 адв.
- ↑ [Крывашэеў] Мелешко В. И. Очерки аграрной … С. 138.
- ↑ а б [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 76 адв.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 22.
- ↑ а б [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 9-10.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2-4; 76 адв.-78.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2-4.
- ↑ [Крывашэеў] Доўнар А. Б. Сяляне-слугі Беларусі … С. 133.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 9-9 адв.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 9.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2 адв.; 10.
- ↑ а б [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 36.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 53-53 адв.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 185.
- ↑ а б в г [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 30-31 адв.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 7-10.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 70-70 адв.
- ↑ а б [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 28.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 61 адв.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 6 адв.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 24.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 2 адв.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 24.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 24; 61.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1215. Арк. 31.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 147; 151.
- ↑ [Крывашэеў] Пяткевіч Ч. Рэчыцкае Палессе. С. 38-39; 44.
- ↑ nalibaki.org
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 3.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1229. Арк. 5 адв.
- ↑ [Крывашэеў] Белоруссия в эпоху феодализма. Т.1. С древнейших времён до середины XVII века. Мн., 1959. С. 191—193; 138—139.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 3-3 адв.
- ↑ [Крывашэеў] НГАБ Ф. 694. В. 3. С. 1212. Арк. 3-4.
- ↑ [Крывашэеў] Мелешко В. И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII—XVIII в.). Мн., 1975. С. 136.
- ↑ [Крывашэеў]
- ↑ www.wildlife.by Архівавана 23 верасня 2016.
- ↑ Харэўскі С. Зьвяры-суайчыньнікі…
- ↑ Налібоцкая пушча . VETLIVA. Праверана 2 верасня 2021.
- ↑ Налібоцкая пушча(недаступная спасылка). Ахова птушак Бацькаўшчыны. Архівавана з першакрыніцы 14 студзеня 2023. Праверана 2 верасня 2021.
- ↑ Заказнік "Налібоцкі" — Велапрагулкі . Рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Налібоцкі". Архівавана з першакрыніцы 14 лютага 2024. Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ Островчанка завоевала золото из Налибокской пущи (руск.). Газета «Астравецкая праўда» (11 чэрвеня 2021). Архівавана з першакрыніцы 22 верасня 2022. Праверана 14 лютага 2024.
- ↑ Инга Ласмане Очередной спортивный подвиг совершил Иван Леонов из Гродненского района на крупнейшем любительском марафоне «Налибоки»(руск.) // «Перспектива» : газета. — 2020. — 18 сентября — № 72. — С. 6. Архівавана з першакрыніцы 15 лютага 2024.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бібікаў Ю. А. Налібоцкі паляўнічы заказнік // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
- Гельтман В. С. Налібоцкія лясы // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.
- Крывашэеў Дз. Налібоцкая пушча князёў Радзівілаў у XVI—XVIII стст.: фармаванне тэрыторыі, адміністрацыя і службоўцы // Верхняе Панямонне. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2012. — № Вып. 1. — С. 7—29.
- Крывашэеў Дз. С. Арганізацыя кіравання Налібоцкай пушчай у XVIII ст. // Сборник работ 65-ой научной конференции студентов и аспирантов Белорусского госуд. университета. — БГУ, 2008. — Т. Ч. 1. — № 12—16 мая 2008. — С. 88—92.
- Крывашэеў Дз. Аб чым сведчаць архівы: [з гісторыі Налібоцкай пушчы] // Белорусская лесная газета. — заснавальнік: Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, 2008. — № 3 крас. (№ 14).
- Naliboki Forest: land, wildlife and human: in three volumes / compilation, illustrations: V. Sidorovich; prefacereview by M. Nikiforov. — Minsk: Chatyry chverci, 2016.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Верхняе Панямонне: альманах лакальнай гісторыі Архівавана 24 жніўня 2017.
- Налібоцкая пушча: аб гэтым тэрэне і ягоных жыхарах — блог Вадзіма Сідаровіча
Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых артыкулаў беларускамоўнага раздзела Вікіпедыі. |
Гэта артыкул 2021 года Беларускай Вікіпедыі. |