BBC World Service

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сусветная служба Бі-Бі-Сі
Лагатып
Горад Лондан
Краіна Англія
Слоган Сусветная радыёстанцыя
Фармат навіновы
Частата FM: 93,5 (Лондан); 95,5 (Вільня); 100,5 (Рыга)
Мачта Дройтвіч  (англ.)
Магутнасць 500 кілават
Час вяшчання кругласутачна
Зона вяшчання 57 краін, у тым ліку Латвія і Літва
Заснавальнік BBC
Уладальнік BBC
Кіраўнікі Пітэр Горакс  (англ.)
Сайт bbc.co.uk/worldserviceradio
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сусветная служба Бі-Бі-Сі (англ.: BBC World Service) — брытанская дзяржаўная радыёстанцыя, заснаваная ў 1932 годзе для замежнага вяшчання. На 2015 год падавала агляды, навіны і рэпартажы на 31 мове (азербайджанская, англійская, арабская, бірманская, бенгальская, валійская, в’етнамская, хіндзі, іспанская, інданезійская, кітайская, кыргызская, непальская, партугальская, пуштунская, персідская, руская, рундзійская  (англ.), самалійская, суахілі, сінгальская, таджыкская, тайская, тамільская, турэцкая, узбекская, украінская, урду, французская, хаўская і шатландская). Вяшчанне ажыццяўлялася ў 57 краінах свету, у тым ліку ў 30 краінах Афрыкі (Буркіна-Фасо, Бурундзі, Бенін, Габон, Гана, Гвінея, Джыбуці, Замбія, Камерун, Кенія, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Кот д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Маўрытанія, Нігер, Паўднёвы Судан, Руанда, Сьера-Леонэ, Сейшэлы, Сенегал, Танзанія, Тога, Уганда, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка, Чад і Экватарыяльная Гвінея), 13 краінах Азіі (ААЭ, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Ірак, Катар, Камбоджа, Кувейт, Манголія, Непал, Сінгапур, Усходні Тымор і Іарданія), 7 краінах Еўропы (Албанія, Брытанія, Латвія, Літва, Германія, Сербія і Чэхія), 4 краінах Паўночнай Амерыкі (Антыгуа і Барбуда, Барбадас, Трынідад і Табага і Ямайка) і 3 краінах Акіяніі (Вануату, Папуа-Новая Гвінея і Фіджы). Выпускаліся 124 перадачы, у тым ліку даведкавыя, забаўляльныя, мастацкія, музычныя, навіновыя, навучальныя, рэлігійныя і спартыўныя. На 2014 год радыёстанцыя мела 128 млн слухачоў[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вяшчальны дом радыёстанцыі
Стары лагатып (2008-2019)
Стары лагатып (2019-2022)

У снежні 1932 года Брытанская вяшчальная карпарацыя (БВК; анг. BBC, бел.: Бі-Бі-Сі) запусціла радыё «Імперская служба Бі-Бі-Сі» на кароткіх хвалях  (англ.) (1,6—30 мегагерц) для заморскіх уладанняў у Аўстраліі, Індыі, Канадзе, Заходняй і Паўднёвай Афрыцы. 3 студзеня 1938 года першай з іншамоўных пачала працу арабская служба радыёстанцыі. 29 сакавіка дадалі нямецкую службу. У лістападзе 1939 года радыёстанцыя атрымала назву «Заморская служба Бі-Бі-Сі» і займела вяшчанне на афрыкаанс, іспанскай, італьянскай, партугальскай і французскай мовах. Пры канцы 1940 года лік моў вяшчання вырас да 34-х, у тым ліку на албанскай, бірманскай, хіндзі ды ісландскай. Штодзённае вяшчанне павялічылася да 78 перадач навін. У снежні 1940 года нямецкая міна пашкодзіла Вяшчальны дом, што прывяло да часовага перамяшчэння еўрапейскіх службаў радыё на паўночны захад Лондана. На пачатак 1941 года радыёстанцыя налічвала больш за 1400 супрацоўнікаў. У 1941—1943 гадах прадзюсарам гутарковых перадач Усходняй службы радыё працаваў Джордж Оруэл[2].

У 1957 годзе радыёстанцыя займела радыёперадавальнікі на Кіпры (каля Лімасола) і ў Малайзіі. 1 мая 1965 года радыёстанцыя атрымала сучасны назва. У 1966 годзе пабудавалі радыёперадавальнік на востраве Ушэсця, што размяшчаецца на поўдні Атлантычнага акіяна і дазволіла пашырыць абшар вяшчання ў Афрыцы. Пазней дадаўся радыёперадавальнік у Амане (востраў Масіра). 7 верасня 1978 года агент Камітэту дзяржаўнай бяспекі Народнай Рэспублікі Балгарыя смяротна атруціў журналіста Балгарскай службы Бі-Бі-Сі Георгія Маркава пры дапамозе прыхаванага стрэлу з парасона ў нагу. У жніўні 1985 года працу радыёстанцыі прыпыніла стачка супрацоўнікаў супраць забароны ўрадам Брытаніі на перадачу інтэрв'ю з дэпутатам Сходу Паўночнай Ірландыі  (англ.) Марцінам Мак-Гінесам  (англ.), які належаў да ірландскай партыі «Шын Фейн» (бел.: Мы самі).

У сакавіку 1999 года закрылі нямецкую службу радыё. Затым закрыліся яўрэйская, дацкая, італьянская, малайская, фінская і японская службы. Пры канцы сакавіка 2006 года спынілася радыёвяшчанне на балгарскай, венгерскай, грэчаскай, казахскай, польскай, славацкай, славенскай, тайскай, харвацкай і чэшскай мовах. 1 жніўня 2008 года спыніла працу румынская служба. У студзені 2011 года закрылі албанскую, македонскую і сербскую службы. Спынілася радыёвяшчанне па-азербайджанску, па-в’етнамску, па-руску, па-турэцку і па-ўкраінску.

Зноскі

  1. Аўдыторыя сусветных навін Бі-Бі-Сі павялічылася да рэкордных 265 млн (англ.). Брытанская вяшчальная карпарацыя (18 чэрвеня 2014). Праверана 16 сакавіка 2015.
  2. Сусветная служба Б-Бі-Сі: 80 гадоў міжнароднага вяшчання (англ.). Брытанская вяшчальная карпарацыя (19 снежня 2012). Праверана 16 сакавіка 2015.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]