Беларуска-кубінскія адносіны
Беларуска-кубінскія адносіны — адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кубай. Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўстаноўлены ў красавіку 1992 года.
У маі 1997 года гандлёвае прадстаўніцтва Кубы ў Беларусі пераўтворана ў Пасольства. У лістападзе 1998 года адкрыта Пасольства Беларусі на Кубе, якое стала першым дыпламатычным прадстаўніцтвам Беларусі ў Лацінскай Амерыцы і Карыбскім басейне.
Куба з'яўляецца стратэгічным партнёрам Беларусі на міжнароднай арэне і адным з найважнейшых саюзнікаў у Заходнім паўшар'і. Беларуска-кубінскія палітычныя адносіны характарызуюцца супадзеннем пазіцый па ключавых міжнародных праблемах. Беларусь і Куба актыўна ўзаемадзейнічаюць і аказваюць падтрымку адзін аднаму ў ААН, Руху недалучэння, іншых міжнародных арганізацыях.
Імпульс развіццю міждзяржаўнага супрацоўніцтва надаў афіцыйны візіт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ў Рэспубліку Куба ў 2000 годзе. Вынікам візіту стала падпісанне Дамовы аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве.
У верасні 2006 года адбыўся візіт у Рэспубліку Куба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі для ўдзелу ў XIV саміце Руху недалучэння.
У чэрвені 2012 года ў рамках афіцыйнага візіту на Кубу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі быў падпісаны шэраг двухбаковых пагадненняў і мемарандумаў, якія прадугледжваюць далейшае развіццё супрацоўніцтва ў галіне каранціну і аховы раслін, сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, навукі і тэхналогій, а таксама рэалізацыю сумесных праектаў па аднаўленні парка беларускіх трактароў, грузавых аўтамабіляў і кар'ерных самазвалаў.
У чэрвені 2014 года Рэспубліку Куба з афіцыйным візітам наведаў Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі быў прыняты Старшынёй Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Рэспублікі Куба Раулем Кастра Русам.
У верасні 2015 года ў рамках ўдзелу ў працы 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН (г. Нью-Ёрк) адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі са Старшынёй Дзяржаўнага Савета і Савета Міністраў Р.Кастра.
У кастрычніку 2015 года адбыўся чарговы раўнд кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Кубы.
У чэрвені 2016 года ў ходзе візіту на Кубу намесніка Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Яўгена Шастакова праведзены двухбаковыя кансультацыі па палітычных пытаннях з Першым намеснікам Міністра замежных спраў Кубы Марселіна Медзіна Гансалесам і па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з Першым намеснікам Міністра знешняга гандлю і замежных інвестыцый Кубы Антоніа Карыкартэ Каронай.