Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» | |
---|---|
Краіна | |
Адміністрацыйны цэнтр | |
Адрас | Беларусь, Мінск, вул. К. Чорнага, д. 31 |
Тып арганізацыі | міжнароднае грамадскае аб’яднанне |
Афіцыйная мова | беларуская |
Кіраўнікі | |
Кіраўніца | Алена Макоўская |
Ніна Шыдлоўская | |
Заснаванне | |
Дата заснавання | 10 верасня 1991 |
Ліквідацыя | |
Дата скасавання | 24 верасня 2021 |
Колькасць членаў | 135 арганізацыя |
zbsb.org |
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», ЗБС «Бацькаўшчына» — міжнароднае грамадскае аб’яднанне. Створана дзеля захавання беларускай прысутнасці ў свеце, яднання ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, павышэння аўтарытэту беларускай нацыі на міжнародным узроўні.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Устаноўчая канферэнцыя згуртавання прайшла ў 1990 годзе. Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» быў абраны Васіль Быкаў, старшынёй Рады — Яўген Лецка.
I з’езд беларусаў свету адбыўся 8—10 ліпеня 1993 года ў Мінску. З’езд меў мэтай аб’яднанне беларусаў свету і арганізацыйнае афармленне сусветнай беларускай супольнасці як новай грамадскай структуры на карысць нацыянальнага адраджэння і будаўніцтва самастойнай беларускай дзяржавы. Былі выбраны новы кіраўнічы орган — Вялікая рада з прадстаўнікоў Беларусі і замежжа, а таксама прэзідэнт ЗБС (Радзім Гарэцкі) і старшыня Рады (Ганна Сурмач).
II з’езд беларусаў свету прайшоў 26—27 ліпеня 1997 года ў г. Мінск.
5—6 ліпеня 2001 года ў Мінску адбыўся III з’езд беларусаў свету. Прэзідэнтам ЗБС «Бацькаўшчына» абраны Анатоль Грыцкевіч, старшынёй Рады — Алена Макоўская.
IV з’езд беларусаў свету прайшоў 16—17 ліпеня 2005 года ў Мінску[1].
V з’езд беларусаў свету адбыўся 18—19 ліпеня 2009 ў Мінску[2]. На з’ездзе абрана Вялікая Рада Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына“».
VI з’езд беларусаў свету адбыўся 23—24 ліпеня 2013 ў Мінску. Кіраўніком ЗБС «Бацькаўшчына» абрана Алена Макоўская, старшынёю Рады — Ніна Шыдлоўская[3].
15—16 ліпеня 2017 года ў Мінску прайшоў VII з’езд беларусаў свету. У ім прынялі ўдзел беларусы з 21 краіны. Да працы з’езда далучыліся кіраўнікі дзяржаўных структур Беларусі, у тым ліку міністр замежных справаў Уладзімір Макей, а таксама прадстаўнікі Міністэрства культуры і Міністэрства інфармацыі.
Пераслед з боку ўлад Беларусі
[правіць | правіць зыходнік]У чэрвені 2021 года павінен быў прайсці VIII з’езд, але праз распаўсюджванне COVID-19 у Беларусі Вялікая рада прагаласавала за перанос з’езда, у той час як кіраўніцтва згуртавання пракансультавалася з Міністэрствам юстыцыі, як не парушыць заканадаўства і статут арганізацыі. Аднак у рамках пагрому грамадскіх арганізацый у Беларусі Міністэрства юстыцыі выставіла прэтэнзіі да дзейнасці арганізацыі з нагоды пераносу з’езда.
Цягам пазапланавай праверкі згуртавання, распачатай Міністэрствам юстыцыі ў пачатку ліпеня, арганізацыя атрымала два папярэджанні: першае — за не выкладзеную на афіцыйны сайт, але дасланую ў міністэрства справаздачу аб дзейнасці, якую, паводле заканадаўства, пры такіх умовах размяшчаць на сайце і неабавязкова; другое — за тое, што ў перыяд з 14 да 22 ліпеня «Бацькаўшчына» не ліквідавала пералік устаноўленых міністэрствам парушэнняў, хоць 14 ліпеня ў офісе «Бацькаўшчыны» адбыўся ператрус, а памяшканне апячаталі. 15 ліпеня Міністэрства юстыцыі прызнала нелегітымнымі кіраўнічы і кантрольна-рэвізійны органы згуртавання, а 27 ліпеня выключыла інфармацыю пра кіраўніцтва арганізацыі з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
20 жніўня 2021 года Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па «прыкметах злачынства, прадугледжанага часткай 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь» (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь).
24 верасня Вярхоўны суд (суддзя — Рыма Філіпчык) прыняў рашэнне задаволіць позву Міністэрства юстыцыі і ліквідаваць аб’яднанне Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»[4].
Дэклараваныя мэты
[правіць | правіць зыходнік]- адраджэнне Беларусі як суверэннай дзяржавы, краіны-маці для ўсіх беларусаў свету, кансалідацыя беларусаў як нацыі, роўнай сярод роўных у сусветнай супольнасці, выхаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў, клопат пра духоўнае і фізічнае захаванне беларускай нацыі;
- спрыянне росту павагі беларусаў да сваёй гісторыі, культуры і мовы, любові да роднай зямлі;
- духоўнае, арганізацыйнае, эканамічнае яднанне ў адзіную супольнасць усіх беларусаў, што жывуць па-за межамі Беларусі і на Бацькаўшчыне, захаванне і паглыбленне іх беларускасці;
- мацаванне дружбы з іншымі народамі, узаемнай зацікаўленасці, пазнанне гісторыі, культуры краін, дзе жывуць беларусы, выхаванне павагі да людзей іншых нацыянальнасцей, якія жывуць з беларусамі на іх Бацькаўшчыне.
- наладжванне пастаянных культурных, эканамічных, духоўных, арганізацыйных і іншых сувязяў паміж беларускай дыяспарай у свеце і Беларуссю;
- аказанне дапамогі беларусам іншых краін у арганізацыі і падтрымцы нацыянальна-культурнага жыцця, у абароне іх правоў як нацыянальнай меншасці ў іншых краінах, задавальненне іх культурных і інфармацыйных патрэбаў;
- заахвочванне навуковых даследаванняў па беларусазнаўству, вывучэнне здабыткаў беларускай дыяспары ў развіцці нацыянальнай культуры, даследаванне культурных сувязяў беларусаў з іншымі народамі;
- актывізацыя дзейнасці беларусаў за межамі Бацькаўшчыны, а праз іх і ўсёй сусветнай грамадскасці на пераадоленне вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і вырашэнне іншых жыццёва важных для Беларусі праблем; удзел у ажыццяўленні гэтай дзейнасці;
- спрыянне духоўнаму ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню паміж народамі, наладжванне эканамічных кантактаў і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і іншымі краінамі свету; мацаванне эканамічнага падмурку Рэспублікі Беларусь, прыцягненне замежных інвестыцый і навейшых тэхналогій у беларускую эканоміку;
- аказанне дапамогі замежным беларусам, якія апынуліся ў зонах ваенных канфліктаў, у сітуацыях, звязаных з масавым парушэннем правоў чалавека, а таксама з сітуацыямі, звязанымі з прыроднымі катастрофамі і іншымі экстрэмальнымі з’явамі;
- наладжванне ўсебаковых сувязяў з грамадскімі, рэлігійнымі і іншымі арганізацыямі і асобнымі грамадзянамі замежных краін дзеля дасягнення асноўных мэтаў аб’яднання;
- ажыццяўленне дабрачыннай дзейнасці.
Кіраўніцкія органы
[правіць | правіць зыходнік]ЗБС «Бацькаўшчына» аргнаізоўвае з’езды беларусаў свету раз на 4 гады, пачынаючы з 1993 г. На ім абіраецца Вялікая рада, а таксама старшыня грамадскага аб’яднання.
Выдавецкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]- Бюлетэнь «Беларусы ў свеце».
- Серыя «Бібліятэка Бацькаўшчыны».
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Alyaksei Marachkin Elected Head of “Batskaushchyna” (англ.)(недаступная спасылка). Хартыя'97 (20 ліпеня 2005). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2006. Праверана 29 лютага 2020.
- ↑ Alyaksei Marachkin: “Congress of Belarusians of the world sometimes reminded Communist party rally” (англ.). Хартыя'97 (20 ліпеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 17 верасня 2009. Праверана 29 лютага 2020.
- ↑ "VI з'езд беларусаў свету". Наша слова (31 (1130)). 2013-07-31.
- ↑ Радыё Свабода Архівавана 25 верасня 2021.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Vitali Silitski, Jan Zaprudnik. The A to Z of Belarus (The A to Z Guide Series) (англ.). — Lanham: Scarecrow Press, 2010. — С. 23–24. — 470 с. — ISBN 978-0810872004.