Перайсці да зместу

Лынтупы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гарадскі пасёлак
Лынтупы
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Гарадскі пасёлак з
Вышыня цэнтра
225.3 м
Насельніцтва
  • 1 124 чал. (1 студзеня 2024)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2155
Паштовы індэкс
211870
Аўтамабільны код
2
СААТА
2240828905
Лынтупы на карце Беларусі ±
Лынтупы (Беларусь)
Лынтупы
Лынтупы (Віцебская вобласць)
Лынтупы

Лынту́пы[2] — гарадскі пасёлак у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі, на рацэ Лынтупцы, за 42 км ад Паставаў, каля мяжы з Літвой. Тупіковая чыгуначная станцыя на лініі Крулеўшчына — Лынтупы, аўтамабільнымі дарогамі звязаны з Паставамі, Свірам і Швянчонісам (Літва). Насельніцтва — 1 478 чалавек (2017)[3].

Тапонім «Лынтупы» ўтварыўся ад балцкай назвы рэчкі Лынтупкі. У літоўскім ужыванні выкарыстоўваюцца назвы Lentupiai, Lentupė, згодна з больш старажытным мясцовым вымаўленнем.

Другая частка звязаная з літ.: upė «рака». Першая частка — з індаеўрапейскім *lento- «гнуткі, падатлівы», ад якога спачатку пайшло значэнне «ліпа», а ад яго ўтварылася літ.: lenta «дошка (ліпавая)».

У гідроніме захавалася адпачатнае старабалцкае значэнне, сама назва значыць «звілістая рака»[4]. Ёсць і другая Лынтупка — рэчка, што ўцякае ў Гаўю каля Суботнікаў.

Мясцовы настаўнік і краязнавец І. Быхавец тлумачыў назву як «птушыная рака», гэтае значэнне, на яго думку, уласцівае і балцкім, і фінскім мовам[5].

Першы пісьмовы ўспамін пра Лынтупы датуецца 1385 годам[6]. У 1459 годзе Андрэй Даўгірдавіч пабудаваў тут драўляны касцёл Св. Андрэя. Паводле адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы (1565—1566) Лынтупы ўвайшлі ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. У розныя часы мястэчка знаходзілася ва ўладанні Бучынскіх, Астроўскіх, Гільзенаў.

Паводле інвентара, станам на 1591 год у Лынтупах існавала плошча і 2 вуліцы — «Да млына» і «Да сяла Судоўскага», мелася 28 дымоў. Сядзіба ўладара маёнтка складалася са старога дома з 6 памяшканнямі і гаспадарчых пабудоваў.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Лынтупы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, з 9 верасня 1801 года ў Завілейскім павеце Віленскай губерні.

Падчас вызваленчага паўстання 5 мая 1831 года ў мястэчка ўвайшлі атрады паўстанцаў, адкуль яны накіраваліся ў Ашмянскі павет. У 1843 годзе Лынтупы зрабіліся цэнтрам воласці Свянцянскага павета. Цягам 1854—1939 гадоў мястэчка належала Бішэўскім.

Палац Бішэўскіх, 1917 г.

Станам на 1885 год у Лынтупах было 13 двароў, валасная ўправа, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, школа (адкрылася ў 1866 годзе), багадзельня, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897 годзе праз мястэчка прайшла чыгунка, якая злучыла Полацк з Вільняй.

У канцы XIX стагоддзя маёнтак Лынтупы складаўся з мястэчка Лынтупы, вёсак Шудаўцы, Казнадзеюшкі, Пожлікі, Пешкаўцы і засценкаў Стукаўшчызна, Яўнелішкі, Жакі, Балдук, Сенькішкі, або Балдучок, Трабуцішкі, Ігнацішкі (усе яны належалі да Лынтупскай сельскай суполкі). Праз мястэчка праходзіла вузкакалейка Новасвянцяны — Глыбокае. У пачатку XX стагоддзя Бішэўскія збудавалі ў Лынтупах двухпавярховы мураваны палац (захаваўся), раней тут заклалі парк з рэдкімі пародамі дрэваў, выкапалі ўручную 3 ставы, якія злучаліся ручаямі. У 1904 годзе ў мястэчку пачаў працаваць вінакурны завод. У 1908 годзе на месцы ранейшага драўлянага збудавалі мураваны касцёл. У 1909 годзе ў Лынтупах адкрылася народнае вучылішча. У Першую сусветную вайну ў 1915 годзе праз мястэчка праходзіла лінія фронта.

Лынтупы, фат. І. Сербаў, 1916

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Лынтупы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам гміны Свянцянскага павета. Мясцовае вучылішча рэарганізавалі ў прагімназію. Станам на 1937 год у мястэчку было 194 двары.

У 1939 годзе Лынтупы ўвайшлі ў склад БССР, вёска ў Пастаўскім раёне. У Другую сусветную вайну з чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй.

22 жніўня 1967 года Лынтупы атрымалі статус гарадскога пасёлка[7]. 8 красавіка 2004 года Лынтупскі пассавет быў рэарганізаваны ў Лынтупскі сельсавет з цэнтрам у Лынтупах. 28 лютага 2011 года адбылося афіцыйнае зацвярджэнне герба і сцяга пасёлка[8].

  • XVI стагоддзе: 1591 год — 150 чал.
  • XIX стагоддзе: 1866 год — 477 чал., у тым ліку 406 каталікоў, 11 праваслаўных, 50 іўдаістаў, 6 евангелістаў, 4 магамецяніна[9]; 1885 год — 214 чал.; 1897 год — 685 чал.
  • XX стагоддзе: 1975 год — 2 тыс. чал.; 1989 год — 2,1 тыс. чал.; 1995 год — 2,1 тыс. чал.[10]; 1997 год — 2,2 тыс. чал.
  • XXI стагоддзе: 2004 год — 1,8 тыс. чал.; 2006 год — 1,8 тыс. чал.[11]; 2008 год — 1,8 тыс. чал.; 2009 год — 1 609[12] чал. (перапіс); 2016 год — 1 519 чалавек[13]; 2017 год — 1 478 чалавек[3]; 2023 год — 1 202 чал.

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці. Метэастанцыя. Пункты мытнага афармлення Лынтупы-1 і Лынтупы-2.

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

У Лынтупах працуюць аптэка, бальніца, ветэрынарны ўчастак, 2 дзіцячыя сады, спіртзавод, дом быту, лясніцтва, міліцэйскае аддзяленне, 5 крам, лазня, метэастанцыя, АТС, філіял ашчаднага банка, філіял ПМК-21, пажарная каманда, пошта, нафтабаза, электрастанцыя, цэх дрэваапрацоўкі, сталоўка, хлебанарыхтоўчае прадпрыемства, сярэдняя школа, бібліятэка.

Праз пасёлак праходзяць аўтадарогі Р95 (Лынтупы — Смаргонь — Гальшаны) і Р110 (Глыбокае — мяжа Літвы). У наш час пасажырскае чыгуначнае злучэнне ў кірунку Літвы не ажыццяўляецца.

На другім месцы па сярэднім узроўні ападкаў у краіне. Тут сярэдні паказчык аб’ёму ападкаў складае 738 мм.[14]

Памежная зона

[правіць | правіць зыходнік]

Лынтупы знаходзяцца ў пагранічнай зоне Рэспублікі Беларусь, уезд у якую ажыццяўляецца на падставе апавяшчэння пагранічнікаў пра намер наведаць тое ці іншае месца ў памежнай зоне з выплатай дзяржаўнай пошліны[15].

Вежа ў старым парку

У Лынтупскай школе дзейнічае музей «Беларуская хатка» (адкрыўся ў 1992 годзе намаганнямі М. Нячаевай).

На паўночным захадзе ад Лынтупаў знаходзіцца курганны могільнік балтаў X—XI стст.

  • Гістарычная забудова (канец XIX — пачатак XX стст.; фрагменты)
  • Касцёл Св. Андрэя Апостала (1908—1914)
  • Старыя каталіцкія могілкі, капліцы
  • Могілкі нямецкіх салдат (1915—1918) — знаходзяцца ля агароджы каталіцкіх могілак
  • Яўрэйскія могілкі (XVIII ст.) — практычна не захаваліся
  • Сядзібна-паркавы комплекс Бішэўскіх (пачатак ХХ ст.)
  • На станцыі па ініцыятыве мясцовага краязнаўца Я. Громава 1 ліпеня 2007 усталяваны бюст «караля вузкакалейкі», інжынера, дэпутата першай Дзяржаўнай Думы Баляслава Антонавіча Ялавецкага.
  1. Численность населения на 1 января 2024 г. и среднегодовая численность населения за 2023 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типаБелстат, 2024.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7 (DJVU).
  3. а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  4. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. C. 186.
  5. Быхавец, І. Лынтупы // Роднае слова. — 1994. — № 11. — С. 74—77.
  6. ЭГБ 1997.
  7. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб аднясенні вёскі Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці да катэгорыі гарадскіх пасёлкаў ад 22 жніўня 1967 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1967, № 24 (1182).
  8. Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86 (руск.)
  9. Łyntupy // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce (польск.). — Warszawa, 1884. — S. 851.
  10. Беларусь 1995.
  11. Лынтупы // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 648 с. — ISBN 978-985-11-0384-9.
  12. Перепись населения — 2009. Витебская область (руск.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  13. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  14. https://www.belnovosti.by/obshchestvo/samye-dozhdlivye-goroda-belarusi
  15. http://gpk.gov.by/press_center/news/serv/1659/(недаступная спасылка) Сайт ДПК