Нараўлянская сядзіба
Палацава-паркавы комплекс | |
Палацава-паркавы комплекс Горватаў | |
---|---|
| |
51°48′22″ пн. ш. 29°30′04″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Нароўля |
Архітэктурны стыль | позні класіцызм[1][2]; альтанка пры палацы — ампір[3] альбо класіцызм[4] |
Архітэктар | дакладна невядома; пры ўдзеле жонкі заснавальніка — Іфігеніі Горват (з роду Ратынскіх) |
Заснавальнік | Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868) |
Будаўніцтва | 1850 |
Будынкі | |
палац • фантан • гаспадарчыя і вытворчыя пабудовы • альтанка • парк | |
Вядомыя жыхары | Даніэль Ігнатавіч Горват (1810—1868); Артур Даніэлевіч Горват (1831—1903); Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935); Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911)[5]; Тадэвуш Раствароўскі (1860—1928); Андрэй Раствароўскі (1899—1980) |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 312Г000536 |
Стан | руіны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Палацава-паркавы комплекс Горватаў у Нароўлі — помнік архітэктуры позняга класіцызму сярэдзіны XIX ст., размешчаны з паўночна-ўсходняга боку г. Нароўлі (Нараўлянскі раён) на правым беразе ракі Прыпяць. Пабудаваны ў 1850 г. уладальнікам вакольных зямель заможным дваранінам Даніэлем Ігнатавічам Горватам (1810—1868) як прыватная рэзідэнцыя і цэнтр вялізнага нараўлянскага маёнтка і належаў роду Горватаў да 1918 г., пакуль не быў нацыяналізаваны савецкай уладай без кампенсацыі Горватам. Быў самай шыкоўнай рэзідэнцыяй з усіх, якія належалі Горватам, меў прадметы мастацтва еўрапейскага значэння, і з’яўляўся адной з самых шыкоўных і значных дваранскіх сядзіб у Мінскай губерні Расійскай імперыі. У савецкі час у палацы спачатку месціліся школа (а ў канікулярны перыяд — дом адпачынку). У часы Другой сусветнай вайны — нямецкая камендатура; палац быў разбомблены і згарэў. Пасля вайны і пэўнага аднаўлення ў будынку месцілася беларускамоўная школа, пазней школа-інтэрнат, з якой пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. вывезлі дзяцей-сірот у іншае месца. Палац быў пакінуты пустым і пачаў паступова прыходзіць да заняпаду і развалу, нягледзячы на тое, што атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. 12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі на аўкцыёне руіны будынка былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[6].
Аўтар праекта і будаўніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Дакладна не вядома, хто з’яўляецца архітэктарам праекта палаца. Паводле пазнейшых сведчанняў Антона Геранімавіча Кеневіча (1877—1960), у аздабленні палацавых пакояў прымала ўдзел сама жонка Даніэля Ігнатавіча Горвата (1810—1868) — Іфігенія Горват (з роду Ратынскіх), якая мела вялікую прыхільнасць да мастацтва і з веданнем справы падыходзіла да дэкарыравання інтэр’еру палаца[7].
Будаўніцтва двухпавярховага палацу ў стылі італьянскага позняга класіцызма[8][9] на высокім беразе Прыпяці было скончана ў 1850 г., а само будаўніцтва адбывалася ў папярэднія гады[10]. Паблізу палаца былі пабудаваны гаспадарчыя пабудовы (каменны леднік, драўляны флігель), стайня, каменная аднапавярховая аранжарэя і кветнік, а за каменнай сцяной за палацам з паўночнага захаду былі вытворчыя будынкі горватаўскага маёнтка Нароўля (бровар, свіран, стайні, фабрыка і г.д.). Адначасова з будаўніцтвам палацу праходзіла будаўніцтва парку каля палацу.
На тэрыторыі сядзібы акрамя палаца ў пазнейшыя часы былі ўзведзены каталіцкая капліца-пахавальня Горватаў, фантан, парадная стайня, брама, дом вартаўніка, ружанец, вежы і іншыя пабудовы[11].
У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) правёў новыя будаўнічыя мерапрыемствы па ўпрыгожванні палаца і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яго, а ў 1899 г. на акцыянерным машынабудаўнічым заводзе Франца Крулля ў Рэвелі закупіў шмат «дроту і гаплікаў» для правядзення ў нараўлянскім маёнтку тэлефоннай лініі[12]. І ў 1902 г. тэлефон быў пастаўлены[13]. Асабліва маштабныя працы праводзіліся ў 1902—1914 гг., для чаго закупаліся будаўнічыя матэрыялы: жалеза і дрот у Мазыры (у фірме Кацмана), бляшаныя вырабы ў Кіеве (на заводзе бляшаных вырабаў М. І. Шлосберга), вялікая колькасць белага і «бемскага» шкла (у Кіеўскай канторы Мальдаўскага завода), фарбы (каляровыя і бронзавыя), прыборы для новых вокнаў і дзвярэй, вапна і цэмент у Кіеве (у краме Палянкоўскага), паліваная кафля, фрызы (белаглазураваныя), шэрыя неглазураваных куты, карнізы, тэракотавыя «базікі» (на Рыжскім фарфоравым заводзе), бэлькі, асфальтавы лак і г.д.[14] А сукно, палатно, ваўняныя і іншыя матэрыялы закупляліся ў мануфактурнай суконнай краме Хаіма Давідавіча Літвінава[15]. Работы выконвалі пераважна мясцовыя спецыялісты: печкавыя і кафляныя ў палацы і пры млыне выконваў Сяргей Іваноў, мулярныя Какоўкін, цяслярныя Мордух Хайфман, малярныя Аўгуст Мілер, а таксама іншыя мясцовыя майстры[16].
У пачатку ХХ ст. нараўлянскі палац, гэтак жа як і ўсе выдатныя гаспадарчыя і фабрычныя будынкі горватаўскага маёнтка, цудоўна выглядалі з боку Прыпяці, па якой госці параходам прыбывалі ў Нароўлю. Нараўлянская сядзіба Горватаў была найбольш велічнай і складанай ў кампазіцыйных адносінах сярод іншых сядзіб Горватаў (у Ліпаве, Барбарове, Галоўчыцах, Грушаўцы, Хабне, Жарах)[17].
Архітэктура палаца
[правіць | правіць зыходнік]Палац уяўляў сабой двухпавярховы будынак з умацаванымі сценамі таўшчынёй да 1 метра. Па цэнтры галоўнага і бакавых фасадаў плоскія рызаліты з уваходнымі парталамі і тэрасамі. Вуглы дваровага фасада фланкіраваныя гранёнымі эркерамі. Развітыя лесвіцы ў мінулым падводзілі да ўваходаў з чатырох бакоў будынка. Плоскасць сцен другога паверху па ўсім перыметры была ўпрыгожана пілястрамі. Галоўны фасад завершаны прамавугольным атыкам, на якім раней быў надпіс: "DIH 1850 г. " (абазначаў дату пабудовы і імёны ўладальнікаў Даніэля (D) і Іфігеніі (I) Горватаў (H)[18]. Галоўны фасад меў порцік з 6 тасканскімі калонамі: 2 сярэднія калоны стаялі асобна, а іншыя чатыры, якія падпіралі балкон, — парамі. Знутры палаца на балкон вялі тры вельмі высокія арачныя французскія вокны, змешчаныя паміж іанічнымі пілястрамі, здвоенымі па кутах рызаліту. Упрыгожаннем галоўнага фасада былі высокія дзверы з паўкруглымі завяршэннямі, якія выходзілі на верхні балкон, і здвоеныя пілястры. Акрамя іанічных пілястраў, элементамі ўпрыгожвання фасадаў палаца з’яўляліся таксама аконны дэкор, прафіляваны міжпавярховы карніз, а таксама кансольны карніз. Палац быў накрыты нізкім 4-скатным жалезным дахам, пафарбаваным у чырвоны колер[19].
На цокалях галоўнага (паўднёвага) фасада ляжалі бронзавыя ільвы ў натуральную велічыню, якія былі схаваны пад час нямецкай акупацыі ў 1941 г. і да нашага часу не знойдзены. Задні (паўночны) фасад меў двух’ярусны порцік (з трохкутным франтонам), у ніжняй яго частцы размяшчалася тэраса з лесвіцай, па баках якой на цокалях ляжалі два сфінксы[20].
Планіроўка палацу калідорная з вестыбюлем і квадратнай залай у цэнтры. На першым паверсе было 16 пакояў, а на другім — 10 пакояў. Пад першым паверхам мелася 8 скляпоў (сутарэнняў)[21].
-
Галоўны (паўднёвы) фасад палаца. Фота каля 1914 г.
-
Задні (паўночны) фасад палаца. Фота каля 1914 г.
-
Галоўны (паўднёвы) фасад палаца. Фота 26 сакавіка 1918 г.
-
Галоўны (паўднёвы) фасад палаца. Фота 20 красавіка 1939 г.
-
Фігуры ільвоў на лесвіцы палацу (галоўны фасад). Фота каля 1914 г.
Інтэр’ер палаца
[правіць | правіць зыходнік]Інтэр'ер палаца меў класічную планіроўку са шматлікімі памяшканнямі, калідорамі ў бакавых крылах палаца. У цэнтральнай частцы першага паверха мелася зала (хол) на шырыню порціка галоўнага фасада, а побач знаходзіліся бібліятэчнае памяшканне і чытальная зала (чытальня), вокны якіх выходзілі ў парк. Пакоі ў бакавых, ад цэнтральнай часткі, крылах размяшчаліся анфіладай, кожная з іх мела свой стыль. У афармленні інтэр’ера былі выкарыстаныя арачныя нішы.
Рэпрэзентатыўныя пакоі палаца мелі паркетныя падлогі, выкладзеныя рознымі спосабамі (рознымі малюнкамі) у кожным пакоі, з розных парод дрэў, а таксама мелі розныя люстры, апраўленні дзвярэй, каміны і разнастайныя па форме, узору і якасці рознакаляровыя кафляныя печы, якія ацяпляліся з боку калідора[22]. Менавіта незвычайнай прыгажосці паркетныя падлогі больш за ўсё уражвалі гасцей палаца[23].
Кожны паверх меў некалькі ванных пакояў. Асабліва дзівосным быў ніз сцен у адным з ванных пакояў на другім паверсе: было такое ўражанне, што гэта чыстае глыбокае дно ракі, у якім плаваюць розныя рыбы большай і меншай велічыні і з якога вырастаюць водарасці. Панэлі ў пакоях, лесвічныя клеткі былі зробленыя са светлага дуба. Горваты любілі ўсякага роду надпісы і мастацкія выслоўі, якія былі напісаныя на сценах алеем. Напрыклад, на першым паверсе ў куточку каля сходаў быў надпіс: «Няма выніку без прычыны»[24].
Пакоі палаца былі вельмі шчыльна завешаны мноствам сямейных партрэтаў Аскерак і Горватаў, а таксама карцінамі на ваенную тэматыку і краявідамі[25]. Напрыклад, былі карціны аўтарства Яна Дамеля і Януарыя Сухадольскага[26][27]. Архітэктар і дызайнер Тадэвуш Раствароўскі, які меў сяброўскія і сваяцкія адносіны з гаспадарамі сядзібы, намаляваў эскізы сцэн з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі для аздаблення плафонаў бібліятэкі, які былі ўласна выкананы, верагодна, дызанерам Марыянам Жэгота-Янушайцісам[28]. Палац аздаблялі бронзавыя работы санкт-пецярбургскага скульптара і мастака Хопіна, меліся мяккія крэслы (фатэлі) у стылі Луі-Філіпа I ці клубныя, крытыя светлай скурай[29].
Шафы бібліятэчнай залы (на першым паверсе) з зашклёнымі дзвярыма, якія вялі на тэрасу, і чатырма вокнамі былі запоўненыя шматтысячнымі тамамі кніг, пераважна выданняў ХVIII—ХІХ стст., старадрукамі, рукапісамі і архівамі Аскеркаў і Горватаў[30]. Адзін з пакояў у паўночна-заходнім рызаліце на першым паверсе выкарыстоўвалася пад музей прыроды, дзе стаялі вакол сцен велізарныя шкляныя шафы, напоўненыя калекцыямі пудзілаў мясцовых палескіх птушак, звяроў, рыб і змей[31]. У музейным пакоі была выдатная алебастравая столя, якая ўражвала наведвальнікаў: дзве намаляваныя алегарычныя выявы прадстаўлялі: адна — раку Дняпро, другая — Прыпяць. Адзін пакой меў столю ў выглядзе пазалочанай зоркі[32].
Найраскошнейшым па афармленні быў пакой бальнай залі, якая займала ўсю шырокую прастору цэнтральнай частцы палаца на другім паверсе. Вялікія шкляныя дзверы бальнай залы выходзілі як на паўднёвы, так і паўночны фасады, а чатыры высокіх люстэркі эфектыўна павялічвалі прастору залы. З правага боку ад бальнай залы ў паўночнай частцы палаца знаходзіўся «чырвоны» салон, галоўным упрыгожваннем якога была падлога: складзеная з паркета розных парод дрэў, яна уяўляла сабой кампазіцыю «арабескі», якая нагадвае ўсходнія дываны[33]. Сцены «блакітнага» салона на другім паверсе былі абабітыя атласам сіняга колеру, а столя уяўляла сабой неба з залатымі зоркамі. Сентэнцыя «блакітнага» салона абвяшчала: «Дзіўна, што пад тваімі слядамі не растуць кветкі. Ты рай, ты май, ты вясна»[34]. На другім паверсе паўночнай часткі палаца быў шэраг парадных пакояў, аздабленне якіх канчаткова завяршылася толькі ў пачатку ХХ ст.: сцены былі ўпрыгожаны тынкавым ляпным дэкорам, выкананым у выглядзе рам, у сярэдзіне якіх размяшчаліся жывапісныя палотны[35]. Для пакоя вялікай ядальні Тадэвуш Раствароўскі намаляваў больш 10 карцін[36].
У сутарэннях знаходзіліся кухні, пральні і службовыя пакоі.
-
Гардэроб. Фота каля 1914 г.
-
Вялікая ядальня. Фота каля 1914 г.
-
Чырвоны салон. Фота каля 1914 г.
-
Малая зала. Фота каля 1914 г.
-
Фатэлі. Фота каля 1914 г.
-
Спальны пакой. Фота каля 1914 г.
-
Кабінет. На сцяне — тэлефон. Фота каля 1914 г.
-
Чытальня. Фота каля 1914 г.
-
Гасцінны пакой. Фота каля 1914 г.
-
Бальная зала палаца. Фота каля 1914 г.
Паркавая тэрыторыя
[правіць | правіць зыходнік]Парк і ўяздная брама
[правіць | правіць зыходнік]Парк пейзажнага тыпу плошчай 8,2 га быў разбіты адначасова з будаўніцтвам палаца, на роўнай тэрасе і канчаткова сфармаваўся да 1870 г. Цэнтральная алея даўжынёй каля 1 км ад уяздных варот (брамы) да палаца падзяляла парк на дзве няроўныя часткі[37]. Парк меў з поўдня і захаду агароджу з цэглы. У абсадцы цэнтральнай алеі парка былі выкарыстаны таполя чорная, таполя канадская шэрая і таполя марыландская, а таксама ляшчына[38]. Перад фасадам палацу быў створаны вялікі круглы газон: паблізу портыку на газоне раслі две ліпы, а па баках раслі два кусты персідскага бэзу, падстрыжаныя ў форме шара. Унутры парка былі ўчасткі розных дрэў і клумб, салітэраў і палян[39]. Арганізацыя парка была заснавана на паслядоўнай змене звязаных паміж сабой ландшафтных участкаў[40]. Парк вылучаўся мностам экзотаў, асабліва было многа шаўкоўніцы белай[41]. Раслі сасна чорная, псеўдатсуга Мензіса, белая акацыя, конскі каштан, бяроза, бэз, ядловец, вязавік, спірэя[42].
Парадную частку палацу ўпрыгожвалі экзатычныя клён ясенялісты белаакаймлёны, лох вузкалісты, туя заходняя і інш.[43] Уздоўж палацу раслі елкі калючыя блакітныя. Меліся чатыры баскеты з грабавымі алеямі, якія ўтварылі амаль злучаныя калідоры вышынёй да 3 метраў[44]. У адной з алей расла таполя пятроўская. Галоўныя сцяжынкі ў парку мелі кальцавы маршрут па перыметру парка і былі заснаваны на прынцыпе раскрыцця дальніх перспектыў — на раку Прыпяць, сярэдніх і блізкіх — на паркавыя пейзажы[45]. Маршрут пачынаўся ад паўночнага партэра палаца каля ракі, ішоў на ўсход да капліцы-пахавальні і альтанкі-веыж, далей дугой на поўдзень уздоўж ракі Нараўлянка ішоў да ўяздной брамы і адначасова да цёмнай яловай алеі ўздоўж цэглавай агароджы. За цэглавай агароджай з вежамі ў псеўдагатычным стылі ішла другая шырокая алея перпендыкулярна цэнтральнай алеі[46]. Паўднёва-усходняя частка парку мела рэгулярную планіроўку, што было нехарактэрным для пейзажных паркаў[47].
У парку меўся участак-«школка», дзе вырошчвалі найболей каштоўныя пладова-ягадныя кусты, пладовыя дрэвы, экзатычныя дрэвы, кусты і кветкі[48].
У парку была створана таксама сажалка. Існуе легенда, што ў ёй патанула адзіная дачка Даніэля Ігнатавіча Горвата. Няўцешны бацька загадаў засыпаць вадаём і засеяць гэтае месца травой. З дарогі да варот сядзібы вялі два рады елак.
У пачатку XX ст. былі пабудаваны новыя ўяздныя вароты па праекце Тадэвуша Раствароўскага — брама з калонамі, аркамі і простымі пілонамі — з цэлгы, патынкаваная. Побач быў пабудаваны дом вартаўніка ў стылі псеўдаготыкі. Да цяперашняга дня дом вартаўніка не захаваўся, а брама ў савецкі час была патынкавана шмат разоў і набыла больш аб’ёму. Вакол брамы ў горватаўскія часы раслі ў дэкаратыўных мэтах сіметрычныя групы шаўкоўніцы з грушай, высаджаныя ў форме трохвугольніка[49].
Не захавалася каштанавая алея, якая вяла да плацу і была арыентавана на поўнач з выгінам на ўсход. Прыблізна пасярэдзіне каштанавай алеі была стайня, дзе трымалі скакавых коней для выездаў. У свой час парк быў насычаны элементамі малых архітэктурных форм: капліца-пахавальня Горватаў, альтанка, фантан, вежы і інш.
Пасля нацыяналізацыі маёнтка Горватаў савецкай уладай у 1920 г., сядзібны парк стаў гарадскім публічным паркам культуры і адпачынку. На месцы ранейшай сажалкі быў створаны стадыён для футбола. У 1980-х гг. у парку былі ўстаноўлены электрычныя атракцыёны: карусель, арэлі і інш. На тэрыторыі парку таксама месціліся тыр, хлебная крама, танцавальная пляцоўка, сцэна, рачны вакзал, кафэ «Брыз» і прыстань на правым беразе Прыпяці. Парк ад ракі Нараўлянкі з поўдня быў абкружаны агароджай з чыгуну, якая вяла на паўночны-захад да кандытарскай фабрыкі «Чырвоны Мазыранін».
Пачаткова высаджаных Горватамі дрэў у цяперашнім парку засталося нямнога. Цяпер у парку растуць пераважна мясцовыя пароды дрэў: дуб, ясень, ліпа, елка, сасна, вярба. І пераважаюць маладыя пасадкі. Планіроўка парка стала рэгулярнай, а не пейзажнай[50].
-
Гарадскі публічны парк. Фота 2017 г.
-
Гарадскі публічны парк. Фота 2017 г.
-
Рака Нараўлянка ў гарадскім публічным парку. Фота 2017 г.
-
Былая савецкая крама ў гарадскім публічным парку. Фота 2017 г.
-
Кафэ «Брыз» у гарадскім публічным парку. Фота 2017 г.
Капліца
[правіць | правіць зыходнік]Ва ўсходняй частцы парку сярод густых дрэў паблізу палацу і берагу Прыпяці была невялікая мураваная каталіцкая капліца-пахавальня роду Горватаў у неагатычным стылі[51]. Горваты былі католікамі, а найбліжэйшы касцёл знаходзіўся ў 35 км ад Нароўлі. Таму пабудова выкарыстоўвалася як хатняя капліца для набажэнстваў сям’і Горватаў і іх службітаў-католікаў[52]. Капліца мела рызу, касцёльную бялізну, фісгармонію, кадзіла, а таксама абраз (намаляваны Тадэвушам Раствароўскім).
Пад палогай капліцы быў склеп-крыпта для пахавання членаў сям’і Горватаў. Пахавана там было толькі некалькі асоб, у тым ліку цела сына Эдварда Артуравіча Горвата Даніэля (1892—1917), які памёр вясной 1917 г. у Хельсінкі (Фінляндыя)[53]. Да нашага часу тут захавалася толькі каменнае надмагілле аднаго з членаў сям’і Горватаў. Сама капліца з рэшткамі нябошчыкаў была вымыта ракой Прыпяць у 1979 г. падчас паводкі і не захавалася да нашага часу[54].
Мураваная альтанка і драўляная альтанка
[правіць | правіць зыходнік]У парку каля левага берагу рэчкі Нараўлянкі, дзе яна ўпадае ў Прыпяць, Даніэлем Горватам была пабудавана своеасаблівая мураваная альтанка-вежа (з цэглы і патынкавана), якая месцілася блізка каля капліцы-пахавальні Горватаў і была звязана з капліцай сваім прызначэннем. Мураваная альтанка ніколі не служыла бяседкай ці маяком на Прыпяці, а мела толькі адну функцыю — сакральную і абярэгавую: у альтанцы знаходзілася скульптура Хрыста, які нёс на сабе крыж, — кампазіцыя сімвалізавала шлях Хрыста на Галгофу[55]. Скульптура Хрыста ў савецкія часы была вынята з альтанкі і выкінута як непатрэбная[56].
Альтанка, якая ўяўляе сабой трох’яруснае квадратнае ў плане мураванае збудаванне вышынёй каля 11 метраў[57] у стылі ампір[58] альбо класіцызму[59], вылучаецца дасканаласцю прапорцый і стройнасцю форм[60][61]. Ніжні ярус умацаваны вуглавымі контрфорсамі і завершаны дарычным фрызам. Другі ярус скразны, з вялікімі паўцыркульнымі арачнымі праёмамі з чатырох бакоў. Вуглы аздоблены 3/4 калонамі са своеасаблівымі капітэлямі. Верхні ярус-ратонда з шасцю калонамі карынфскага ордара, завершаная паўсферычным купалам з вазай. У дэкоры — маскароны, разеткі, гірлянды, акантаваны арнамент, валюты, іонікі і інш. З альтанкі адкрываецца цудоўны від на месца ўпадзення Нараўлянкі ў Прыпяць.
Акрамя мураванай альтанкі (сакральнага значэння), паблізу Прыпяці на пагорку каля палацу мелася драўляная альтанка-бяседка, якая ўяўляла сабой слуп з васьмісхільным дахам і з лаўкамі вакол яго.
-
Драўляная альтанка-бяседка каля палацу. Фота каля 1914 года.
Тэнісны корт
[правіць | правіць зыходнік]З заходняга боку цэнтральнага газону ў парку меўся забетаніраваны тэнісны корт, які на зіму засыпаўся мятровым слоем сухога лісця, каб не трэскаўся ад марозу. У тэніс гулялі ўсе дарослыя жыхары палацу. Бавіліся і ў кракет. Са з’яўленнем электрычнасці ў сядзібе гульні праходзілі да позняга вечара.
Фантан
[правіць | правіць зыходнік]Шырокая лесвіца з боку фасада палаца, арыентаванага на раку Прыпяць, вяла да тэрасы, на якой размяшчаўся мураваны фантан, пабудаваны ў стылі ампір, — з цэглы і патынкаваны. Фантан уяўляў сабой басейн са скругленымі вугламі, з двух бакоў абрамлены паўкруглымі лаўкамі з усталяванымі адзін супраць аднаго манументальнымі тронамі на ляпных ільвіных лапах. (Цяпер жыхары Нароўлі звычайна назваюць гэтыя троны «панскімі крэсламі»[62][63]). Па цэнтры басейна на нізкім цыліндрычным цокалі была ваза, якую трымалі сірэны.
Фантаны былі характэрны для еўрапейскіх рэгулярных паркаў, але не атрымалі шырокага распаўсюджання ў паркабудаўніцтве Беларусі ў тыя часы і сустракаліся вельмі рэдка — толькі ў сядзібах Бачэйкаве, Дубоі, Нароўлі і Сёмкаве[64].
Яшчэ адзін мураваны фантан быў пабудаваны не на тэрыторыі сядзібы, а ў мястэчку Нароўля — побач з драўляным жылым домам Юзафа Ліневіча (Ляневіча) 1912 года. Рэшткі таго фантану захаваліся да нашага часу[65].
Гаспадарчыя пабудовы
[правіць | правіць зыходнік]У палацава-паркавы ансамбль уваходзілі таксама гаспадарчыя пабудовы. На паўночным усходзе ад сядзібы размяшчаўся ружоўнік, на захадзе — лядоўня (студня), кладоўка («аптэка») і аранжарэя.
Стайня, дзе трымалі скакавых коней, была драўлянай, а яе сярэдняя частка, якая служыла жыллём для яе апекуна, была мураванай. За агароджай побач з палацам знаходзіўся «фальварак» маёнтка: мураваная вінакурня, стайні для цяглавых коней, кароўнікі, кандытарская фабрыка і інш.
-
Парк вакол палацу. Фота каля 1914 года.
-
Рэшткі фантану каля палацу і ракі Прыпяць. Фота 2017 г.
-
Рэшткі фантану каля палацу і ракі Прыпяць. Фота 2017 г.
-
Студня каля стайні. Фота каля 1914 года.
-
Стайня каля палацу. Фота каля 1914 года.
Кандытарская фабрыка
[правіць | правіць зыходнік]У 1913 г. на тэрыторыі сядзібы ў фальварку — побач з палацам, за агароджай — Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) пабудаваў кандытарскую фабрыку. У савецкія часы фабрыка была нацыяналізавана ўладамі без кампенсацыі Горватам і атрымала ў 1925 г. назву «Чырвоны Мазыранін». Да цяперашняга часу на тэрыторыі фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» захаваліся вытворчыя будынкі фабрыкі Эдварда Горвата, зробленыя з чырвонай цэглы ў эклектычным стылі, у якім спалучаюцца рысы раманскага (аркатура, байніцы) і гатычнага стыляў (стральчатыя аркі і праёмы).
Гістарычныя падзеі
[правіць | правіць зыходнік]Напэўна, першая згадка пра панскі «двора» (сядзібу) у мястэчку Нароўлі — у 1728 годзе, у інвентары Антонаўскай воласці, якая належала (імаверна, на ленных правах) польнаму гетману літоўскаму Станіславу Дэнгафу (кан.1673—1728)[66].
У 1790 г., паводле мемуараў Яна Вейсенгофа (1774—1848), які са сваім пяхотным палком войск ВКЛ у той час з Мінска праз Нароўлю маршыраваў на Украіну да Чарнобыля, у Нароўлі меў, ся мураваны панскі дом, дзе афіцэраў палка раскошна прымаў уласнік Ян Мікалай Аскерка (1735—1796), сам увабраны ў генеральскі мундзір войск ВКЛ[67]. Пасля канфіскацыі расійскай уладай у 1794 г. у Яна Мікалая Аскеркі (1735—1796) усіх маёнткаў і перадачы нараўлянскай іх часткі — у валоданне Якаву Яфімавічу Сіверсу (1731—1808), цэнтрам зямельнай латыфундыі Сіверса на Нараўляншчыне было вызначана мястэчка Барбароў замест Нароўлі. Сам Сіверс у Барбарове (ці Нароўлі) не пражываў, а кіраваў маёнткам яго адміністратар-камісар Станіслаў Левановіч. Няма звестак, што сталася з сядзібай Аскеркі ў Нароўлі.
У 1876 г. на тэрыторыі парку нараўлянскага палаца Горватамі быў пахаваны дваранін-каталік Андрэй Ліневіч (1814—1876), адміністратар нараўлянскага маёнтка Артура Даніэлевіча Горвата (1831—1903)[68].
У 1897 г. Артур Горват з Нароўлі выслаў у Познань рагі лася, якія 21 студзеня 1898 г. у Познані доктар граф Францішак Хлапоўскі (1846—1923), сваяк Артура Горвата, прадставіў на паседжанні аддзелу прыродазнаўцаў і тэхнікаў Таварыства прыяцеляў навук у Познані, каб прадэманстраваць развіццё рагоў у аленя і лася, паказваючы пры тым розніцу[69].
У пачатку XX ст. у нараўлянскім палацы пражываў[5] на першым паверсе ў сярэднім пакоі направа ад ад холу (цэнтральнага пакоя) выдавец беларускамоўнага буквара-катэхізіса «Элементаж для добрых дзетак-каталікоў» (1862), адзін з лідараў Студзеньскага паўстання (1863—1864), паўстанцкі начальнік Вільні (1863), сібірскі катаржанін, а таму вельмі аўтарытэтная сярод каталіцкага маянтковага дваранства беларуска-літоўскіх губерняў асоба — Аляксандр Уладзіслававіч Аскерка (1830—1911), дачка якога Ядвіга была жонкай Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), уласніка Нароўлі. Хоць Аляксандр Аскерка быў пахаваны ў Вільні на могілках Росі, Эдвардам Горватам у горватаўскай фамільнай каталіцкай капліцы, якая знаходзілася ў сядзібным парку каля нараўлянскага палаца Горватаў, быў створаны кенатаф з надпісам «Grobowiec Aleksandra Oskierki» як напамін аб асобе[70].
Палац Эдварда Горвата ў Нароўлі, паводле здагадкі мемуарыста Андрэя Раствароўскага (1899—1980), быў месцам, дзе неўзабаве пасля расійскай рэвалюцыі (1905) адбыўся перадвыбарчы з’езд каля 60 землеўласнікаў Рэчыцкага павета для выбрання ўпаўнаважаных для выбараў у парламент Расійскай імперыі[71], таму жанчыны з палаца выехалі на той час у маёнтак Вадовічы, а дзеці — у маёнтак Рудакоў[71].
У 1916 г. у нараўлянскім палацы адбылося гучнае ва ўсім беларуска-літоўскім краі вяселле Станіслава Станіслававіча Ваньковіча (1885—1943) і Аляксандры Эдвардаўны Горват (1895—1943), дачкі Эдварда Артуравіча Горвата (1866—1935), на якое з’ехаліся многія вядомыя дваранскія сем’і[72]. У якасці пасагу ад Аляксандры Горват горватаўскі палац і значны маёнтак Нароўля прызначаўся яе мужу Станіславу Ваньковічу, але яны так і не былі перададзены Ваньковічам да 1917 г. Бацька Аляксандры Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) валодаў маёнткам да 1917 г. і палацам да 1918 г., калі палац і маёнтак былі нацыяналізаваны савецкімі ўладамі.
У сакавіку 1920 г. польскае войска ўвайшло ў Нароўлю, куды вярнуліся і многія памешчыкі (у тым ліку Горваты), якім была вернута іх былая зямельная маёмасць, адабраная раней распараджэннямі рэвалюцыйных улад[73]. 27 чэрвеня 1920 г. па рацэ з поўдня да мястэчка падышоў бальшавісцкі бронепараход «Геройскі» Дняпроўскай ваеннай флатыліі, які сваімі стрэламі выгнаў польскае войска. Нараўлянскія Горваты пасля чарговай нацыяналізацыі нараўлянскай маёмасці выехалі ў Польшчу, дзе Эдвард Артуравіч Горват (1866—1935) да сваёй смерці кіраваў маёнткам Горжычкі (Gorzyczki) у Пазнаньскім ваяводстве і жыў у неарэнесансавым палацы ў Горжычках, якія ён атрымаў па спадчыне ад сваёй маці графіні Караліны Патвароўскай (1839—1921)[74].
У савецкі час у палацы спачатку месціліся школа (а ў канікулярны перыяд — дом адпачынку). Ніякіх будаўнічых мерапрыемстваў, акрамя невялікіх рамонтаў, у палацы не праводзілася. У 1928 г. у будынку былога палаца (у былой Вялікай ядальні) прайшла канферэнцыя настаўнікаў Нараўляншчыны[75].
У красавіку 1935 г. у Мінск у Дзяржаўную бібліятэку Беларусі імя У. Леніна (для папаўнення кніжнага фонду) з шафаў школы, якая месцілася ў будынку былога палаца Горватаў, былі прывезены 1800 кніг, якія раней належалі нараўлянскім Горватам, — на польскай, французскай і англійскай мовах, у тым ліку камплекты часопісаў 1848 года[76].
У час Другой сусветнай вайны, 27 жніўня 1941 г. немцы захапілі горад, у палацы месцілася нямецкая камендатура. У жніўні 1942 г. савецкія партызаны знішчыні мясцовы фашысцкі гарнізон. 23 сакавіка 1943 г. нямецкія акупанты ў Нароўлі здзейснілі масавы расстрэл местачкоўцаў: у палацавым парку былі забіты 54 чалавекі[77]. Пазней савецкімі ўладамі ў парку каля палаца на месцы пахавання быў усталяваны помнік забітым жыхарам з пералікам імён на шыльдзе. Пры вызваленні Нароўлі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў у 1943 г. будынак значна пацярпеў: пажарам, распачатым пасля бамбардзіроўкі, былі знішчаны перакрыцці, дах, пашкоджаны вонкавы дэкор будынка, а таксама амаль цалкам знішчаны інтэр’еры і прадметы будынка.
У 1951 г. архіўны фонд «Нараўлянскі маянтковец Горват» (галоўным чынам, дакументы з прадпрыемстваў і прыватнага архіва нараўлянскіх Горватаў за тры пакаленні — 216 спраў за 1853—1915 гг.) з Дзяржаўнага архіва Палескай вобласці быў пераведзены ў Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, а ў 1964 г. — у Цэнтральны дзяржаўны архіў БССР у Мінску. Цяпер гэтыя нараўлянскія дакументы ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі маюць назву «фонд 986. Горваты, маянткоўцы. 1836—1915 гг.» (218 спраў)[78].
У пачатку 1950-х гг. будынак былога палацу быў рэканструяваны з мэтай прыстасавання яго пад беларускамоўную школу, а з боку бакавога (паўночна-заходняга) фасада будынка быў ўзведзены новы корпус. Будаўнічыя работы праходзілі без уліку былой гісторыі палаца, таму многія страчаныя ў 1943 г. архітэктурныя элементы і вонкавы дэкор былога палацу не былі адноўлены. Пазней у будынку была школа-інтэрнат[79][80], з якой пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 г. вывезлі дзяцей-сірот у іншае месца. Палац быў пакінуты пустым і пачаў паступова прыходзіць да заняпаду і развалу, нягледзячы на тое, што атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
У 1992—1994 гг. спецыялісты Гомельскай абласной праектнай майстэрні (пад кіраўніцтвам В. І. Мелеха) зрабілі абмеры і працоўныя чарцяжы будынка і праект аднаўлення, які прадугледжваў рэстаўрацую фасадаў з аднаўленнем дэкаратыўных элементаў і перапланіроўку ўнутранай прасторы палаца, а пасля стварэння грамадска-культурнага цэнтра горада Нароўлі (для правядзення выставак, канцэртаў, культурных сустрэч), «Цэнтра рамёстваў», кафэ-бара, актавай залы, більярднай. Але вытворчыя работы ў той перыяд не былі пачаты і стан пакінутага будынка толькі значна пагоршыўся. Новы корпус з боку бакавога (паўночна-заходняга) фасада будынка было палаца быў разбураны.
У 2006 г. група спецыялістаў (пад навуковым кіраўніцтвам архітэктара Алены Уладзіміраўна Ваяводскай) ААТ «Праектрэстаўрацыя» пачала карэкціроўку праекта аднаўлення палаца, але ў сувязі з прыпыненнем фінансавання карэкціроўка не была звершана.
Пасля ўдзелу ў адкрыцці выстаўкі архіўных дакументаў «Ваньковічы. Слаўны род зямлі беларускай» (пры дапамозе Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) у маі 2008 г. у Мінску ў «Доме Ваньковічаў», адзіная жывая праўнучка Эдварда Артуравіча Горвата — Аляксандра Крысціна Ваньковіч (нар. 1959 г.) — наведала будынак былой нараўлянскай сядзібы Горватаў[81][82][83].
У 2009 г. Андрэй Іванавіч Горват разам з Васілём Васілевічам Чайкам (нар. 1965) прынялі ўдзел у стварэнні дакументальна-пазнавальнага фільму аўтарства і рэжысуры Аляксандра Матафонава «Лабірынты. Зачараваныя замкі панаў Горватаў» (2009) для беларускага тэлебачання[84]. У час здымак дакументальнага фільму каля будынка былога палаца Горватаў у Нароўлі Андрэй Горват зрабіў прапанову сваёй сяброўцы Вользе аб шлюбе[85].
-
Школьны клас у Вялікай ядальні ў палацы. Фота 1932 г.
-
Удзельнікі канферэнцыі настаўнікаў Нараўляншчыны — у Вялікай ядальні ў палацы, 1928 г.[86]
-
Мураваная альтанка ў парку. Фота 2017 г.
-
Цэнтральны ўваход у гарадскі парк — шмат разоў патынкаваная і пафарбаваная ўяздная брама сядзібы Горватаў, створаная па праекту Тадэвуша Раствароўскага. Фота 2021 г.
Продаж руін будынка былога палаца і рэстаўрацыя
[правіць | правіць зыходнік]Звяртаючы ўвагу на сугучнасць прозвішчаў, беларускі пісьменнік і журналіст Андрэй Іванавіч Горват (нар. у 1983 г.) з юнацкіх гадоў пачаў вывучаць гісторыю шляхецкага роду Горватаў і гісторыю родавых сядзіб, каб даведацца пра патэнцыйныя сваяцкія адносіны. Сам Андрэй Горват паходзіць з прыгонных сялян вёскі Прудок (Калінкавіцкі раён, Гомельская вобласць, Беларусь) і лічыць, што яго продкі, паводле ўласных генеалагічных даследаванняў, могуць паходзіць ад шляхціца Кандрата Горвата (сына Гілярыя-Ваўрынца Нікшыча-Горвата)[87], нашчадкі якога збяднелі і перайшлі ў стан сялян.
Андрэй Горват таксама з 2006 г. хадзіў з думкай, каб набыць занядбаны і струхлелы будынак былога палаца Горватаў у Нароўлі, каб папярэдзіць яго поўны заняпад і знішчэнне і захаваць напамін аб слаўным родзе Горватаў[88]. У занядбаным будынку абваліўся дах, многа дзе адсутнічала падлога і вокны.
12 лістапада 2020 г. Андрэй Горват, бізнесмены Пётр Кузняцоў (Гомель) і Аляксандр Баранаў (Мазыр) разам набылі за 53 357 беларускіх рублёў 63 капейкі[89] (прыблізна 21 тысяча долараў ЗША) ва ўласнасць на аўкцыёне руіны былога палаца Горватаў у Нароўлі, пад вельмі абмежавальныя ўмовы на 5 гадоў — кансервацыі, рэстаўрацыі і пераводу ў камерцыйнае выкарыстанне[6]. Калі ўмовы не будуць выкананы за 5 гадоў, то руіны будынка былога палаца павінны быць вернуты ва ўласнасць беларускай дзяржавы. Андрэй Горват узяў кіраванне па частковай кансервацыі і антыаварыйным работам з дапамогай валанцёраў і краўдфандзінгу. Сам Горват выказваўся, што хацеў бы зрабіць з палаца Горватаў у Нароўлі музейны комплекс з функцыямі гатэля і рэстарана[90][91][92]. Акрамя нерухомасці, пакупнікам таксама прадастаўлена права арэнды зямельнага ўчастка плошчай больш за 1 га тэрмінам на 50 гадоў[93].
У цяперашні час уласнікі з дапамогай сваіх грошай, найманых будаўнікоў, валанцёраў і грашовых ахвяраванняў ад іншых асоб вядуць працу па аднаўленні будынка палацу[94][95].
-
Руіны палаца. Фота 2017 г.
-
Руіны палаца. Фота 2017 г.
-
Руіны палаца. Фота 2017 г.
-
Руіны палаца. Фота 2017 г.
-
Руіны палаца. Фота 2017 г.
У мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]Дзесьці пасля 1949 г. Мечыслаў Ялавецкі (1876—1963) малюе акварэль «Нароўля. Палац над Прыпяцю. Мазырская зямля, Палессе»[96].
У ліпені 1969 г. літаратар Уладзімір Караткевіч з экспедыцыяй наведаў беларускае Палессе: ад Гомеля і да Брэста. Свае ўражанні аб наведванні Нароўлі, яе прыродзе, горватаўскім палацы і альтанцы апісаў у сваім нарысе «Званы ў прадоннях азёр» (1969) у раздзеле «Бакены з рыбай».
Летам 1982 г. у Нароўлі кінастудыя «Беларусьфільм» здымала большасць сцэн кінастужкі «Культпаход у тэатр» (рэжысёр Валерый Давідавіч Рубінчык), у тым ліку каля нараўлянскай альтанкі, у клубе фабрыкі «Чырвоны Мазыранін» і будынку былога палаца Горватаў.
У 2009 г. Адам Глобус (нар. 1958) малюе карціну «Залаты пыл. Нароўля, шакаладная фабрыка Чырвоны мазыранін»[97].
У сваёй мастацкай кнізе «Радзіва "Прудок". Дзённік» (2016) Андрэй Горват у раздзеле «Прашу перадаць мне ва ўласнасць палац» расказвае аб сваім першым візіце ў Нароўлю ў 2006 г., знаёмстве з нараўлянскім палацам і сваіх ідэі і захадах набыць будынак былога палацу Горватаў у Нароўлі.
26 красавіка 2020 г., у чарговую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з афіцыйным візітам прыехаў у Нароўлю. Тут прэзідэнту падарылі карціну з выявай знакамітага нараўлянскага палаца Горватаў, а Аляксандр Лукашэнка з удзячнасцю адзначыў: «Карціну павесім дома»[98].
Медыя
[правіць | правіць зыходнік]www.instagram.com/panski_dom/ — адрас у сацыяльнай сетцы.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Федорук, А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi. — Warszawa, 1928. — С. 113.
- ↑ Федорук, А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- ↑ а б Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 67.
- ↑ а б Стало известно, кто купил наровлянский дворец Горватов. Это писатель Андрей Горват
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi. — Warszawa, 1928. — С. 113.
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Тугай, У. В. «Чырвоны Мазыранін»: ля вытокаў прадпрыемства
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108.
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 107.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108—109.
- ↑ Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi. — Warszawa, 1928. — С. 113.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108—109.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 108.
- ↑ Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi. — Warszawa, 1928. — С. 113.
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 110—111.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 111.
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 112.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- ↑ Кулагин, А. Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: вторая половина XVIII — начало XIX в. — Минск, 1981. — С. 112.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 154.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 156.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- ↑ БАЦЬКАЎШЧЫНА. АЛЬТАНКА
- ↑ БАЦЬКАЎШЧЫНА. АЛЬТАНКА
- ↑ БАЦЬКАЎШЧЫНА. АЛЬТАНКА
- ↑ Дворцово-парковый ансамбль в Наровле
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. — 1991. — Cz. 1. — T. 1. — С. 115.
- ↑ Чантурия, В. А. Архитектурные памятники Белоруссии. — Минск, 1982. — С. 101.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Туристические маршруты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2023. Праверана 28 верасня 2023.
- ↑ Панские кресла: возле дворца
- ↑ Кулагин, А. Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: вторая половина XVIII — начало XIX в. — Минск, 1981. — С. 52.
- ↑ Наровля. Фонтан
- ↑ Голубеў, В.Ф. Сельская абшчына ў Беларусі XVI―XVIII стст. / В.Ф. Голубеў. – Мінск : Беларуская навука, 2008. — 405 с. — С. 334.
- ↑ Раюк, А. Р. «Народ лесу»: абагульнены этнастэрэатып аб беларусах і Беларусі канца XVIII — пачатку XX ст.… С. 298.
- ↑ Парк — это гордость наровлян
- ↑ Roczniki Towarzystwa przyjaciół nauk poznańskiego. — 1899. — tom XXV. — Zesz. 3-4. — 537 s. — S. 528.
- ↑ Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 20.
- ↑ а б Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 26.
- ↑ Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]. — Минск : БелЭн, 2012. — С. 144.
- ↑ Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 72.
- ↑ Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. — S. 30.
- ↑ Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 89.
- ↑ Рабочий. — 1935. — 5 апреля. — № 76. — С. 4.
- ↑ 80 лет со дня трагедии: наровляне вспоминают одну из трагических дат в истории города
- ↑ См. предисловие к описи фонда: Национальный исторический архив Беларуси в г. Минске. — Фонд 986.
- ↑ Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск, 1989. — С. 155.
- ↑ Дворец в Наровле: история и реалии
- ↑ Спыніць час. Нароўля палац Горватаў на 16-й хвіліне.
- ↑ А еще недавно случай был
- ↑ Дело о «фундуше» Теодора Ваньковича
- ↑ Лабірынты. Зачараваныя замкі паннаў Горватаў
- ↑ Лабірынты. Зачараваныя замкі паннаў Горватаў
- ↑ Памяць: Нараўлянскі раён: гіст.-дакумент. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. — Мінск, 1998. — С. 89.
- ↑ «Я — дзясятае, юбілейнае пакаленне Горватаў у Прудку»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2022. Праверана 19 чэрвеня 2022.
- ↑ «Главное — спасти его от разрушения». Писатель Андрей Горват вместе с друзьями купил дворец Горваттов в Наровле
- ↑ Наровлянский дворец Горваттов продан на электронных торгах
- ↑ Спыніць час. Нароўля, палац Горватаў
- ↑ Нароўля. Знаёмства з Гомельшчынай
- ↑ Как Андрей Горват с волонтерами восстанавливает дворец в Наровле
- ↑ «Главное — спасти его от разрушения». Писатель Андрей Горват вместе с друзьями купил дворец Горваттов в Наровле
- ↑ [www.instagram.com/panski_dom/ Панскі дом]
- ↑ Спыніць час. Нароўля палац Горватаў
- ↑ NAROWLA Pałac nad Prypecią ziemia mozyrska, Polesie
- ↑ Адам Глобус «Залаты пыл. Нароўля, шакаладная фабрыка „Чырвоны мазыранін“»
- ↑ Лукашенко подарили картину с изображением знаменитой усадьбы Горваттов в Наровле
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Кулагин, А. Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: вторая половина XVIII — начало XIX в. / А. Н. Кулагин. — Минск : Наука и техника, 1981. — 132 c.
- Памяць: Нараўлянскі раён: гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / уклад.: П. П. Рабянок, К. Ф. Ярмоленка. — Мінск : БЕЛТА, 1998. — 445 с.
- Федорук, А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. — Минск : Ураджай, 1989. — 247 с.
- Чантурия, В. А. Архитектурные памятники Белоруссии / В. А. Чантурия. — Минск : Полымя, 1982. — 222 c.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław — Warszawa — Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — 352 s.
- Rostworowski, А. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe / А. Rostworowski. — Warszawa : Czytelnik, 2001. — 504 s.
- Urbański, A. Podzwonne na zgliszczach Litwy i Rusi / A. Urbański. — Warszawa : St. Niemiry Syn, 1928. — 161 s.
- Żołtowska, J. Inne czasy i inni ludzie / J. Żołtowska. — Londyn, 1959.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Усадьба Горваттов. Наровля. Исторический таймлапс // alarmout.livejournal.com
- БЛЕСК И ТАЙНЫ НАРОВЛЯНСКОГО БРИЛЛИАНТА ГОРВАТТОВ, КОТОРЫЙ КУПИЛ ГОРВАТ Архівавана 28 верасня 2023. // planetabelarus.by
- Нараўлянская сядзіба на сайце Radzima.org
- Нараўлянская сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Увидеть, пока не развалилось! Рассматриваем в деталях «жемчужину Наровли» // realt.onliner.by
- «Лабірынты. Зачараваныя замкі панаў Горватаў» // youtube.com
- Нараўлянская сядзіба на сайце «Архіварта»
- Дворец в Наровле: история и реалии // ais.by
- Усадьба Горваттов в Наровле. Mlife отправился по следам былой роскоши // mlife.by
- Светлана Адамович. Дворец в Наровле: история и реалии. // Архитектура и строительство. 2010. № 2 (213)