Часнок
| Часнок | |||||||||||||||||||
Цыбуліны часнака |
|||||||||||||||||||
| Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
|
прамежныя рангі
|
|||||||||||||||||||
| Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||||
|
Allium sativum L., 1753 |
|||||||||||||||||||
| Сінонімы | |||||||||||||||||||
|
|
|||||||||||||||||||
|
|||||||||||||||||||
Часнок (Allium sativum) — агароднінная расліна сямейства цыбулевых.
Змест |
Біялагічныя асаблівасці [правіць]
Часнок — аднагадовая расліна, якая размнажаецца вегетатыўна, з цыбулінай у якасці назапашвальнага органа. Мае рэзкі пах і смак.
Культурны часнок падзяляюць на 2 падвіды: стрэлкавы сцеблаўтваральны і звычайны нястрэлкавы. Стрэлкавы падвід вырошчваецца ў азімай культуры (высаджваецца восенню). Звычайны можа вырошчвацца ў яравой і азімай культуры. Сарты часнаку ў межах кожнага тыпу захоўваюць свае асаблівасці ў пэўных глебава-кліматычных зонах і пры пераносе ў іншыя ўмовы вырошчвання могуць відазмяняцца.
У нястрэлкавага часнаку ў перыяд росту адрозніваюць ніжнюю патоўшчаную частку — будучую цыбуліну — 1 несапраўднае сцябло, што падтрымлівае лісце. У стрэлкавага часнаку ў цэнтры цыбуліны знаходзіцца цыбук (стрэлка), які заканчваецца суквеццем. Лісце часнаку пляскатае, лінейнае, кілепадобнае або жалабатае. Цыбуліна складаная, з некалькіх зубкоў (ад 2 да 15). Форма, велічыня і афарбоўка цыбуліны залежаць ад сорту. Цыбуліны стрэлкавых сартоў круглаватыя ці круглавата-пляскатыя. Зубкі буйныя, размешчаны па крузе. У звычайнага часнаку цыбуліна ў большасці выпадкаў няправільнай формы, складзеная з некалькіх зубкоў рознай велічыні, вуглавата-круглаватая, сегментаваная. Зубкі размяшчаюцца няправільнымі канцэнтрычнымі кругамі або па спіралі. Звонку цыбуліна абкружана некалькімі агульнымі сухімі шалупінкамі з афарбоўкай ад фіялетавай да белай. Суквецце часнаку — просты парасон са шчыльным пакрывалам і характэрным выцягнутым носікам. Афарбоўка пакрывала — сартавая прыкмета. У суквецці развіваюцца кветкі і бульбачкі (насення культурная расліна не дае). Колькасць бульбачак у суквецці, іх велічыня, форма і афарбоўка залежаць ад сорту. У сартоў з высокімі стрэлкамі бульбачкі дробныя, у суквецці ўтвараецца 120—300 кветак і 200—450 бульбачак. У сартоў з нізкімі стрэлкамі бульбачкі буйныя, у суквецці іх 5-30, кветак няма або яны адзінкавыя.
У зубках часнаку 35-42 % сухіх рэчываў, 6-8 % сырога бялку, 7-25 % аскарбінавай кіслаты, вітамінаў В, РР, В2. У часночным попеле выяўлены: фосфар, калій, медзь, малібдэн, кальцый, кобальт і інш. Асабліве значэнне мае ёд, знойдзены ў ім каштоўныя для чалавека амінакіслоты. Па колькасці тыяміну часнок пераўзыходзіць іншую агародніну. Востры смак і пах часнаку надаюць эфірныя алеі і сульфіды. Лісце і маладыя цыбулькі часнаку маюць у сабе да 140 мг% вітаміну С, карацін (правітамін А).
Агратэхніка [правіць]
Пад часнок выдзяляюць акультураныя, рыхлыя, лёгкія ўрадлівыя ўчасткі, лепшыя для яго супясчаныя і сугліністыя глебы з нейтральнай рэакцыяй. Добрыя папярэднікі для часнаку — агуркі, гарбузы, кабачкі, ранняя і цвятная капуста. Бульба як папярэднік непрыдатная, таму што пасля яе часнок больш пашкоджваецца фузарыёзам; нельга часнок размяшчаць пасля цыбулі і часнаку раней як праз 4 гады. Участак павінен быць выраўнаваны, без застою расталых і дажджавых водаў, добра асветлены. Пры падрыхтоўцы ўчастка да пасадкі ўносяць перагной або кампост, суперфасфат, хлорысты калій. Вырошчваюць часнок звычайна на градах, схема пасадкі — аднарадковая з міжрадкоўямі 20-26 см.
Для пасадкі выкарыстоўваюць буйныя і сярэдняга памеру цыбуліны, якія за 2-3 дні да пасадкі падзяляюць на зубкі. Высаджваюць часнок ранняй вясной, азімы часнок — увосень. Буйныя зубкі загортваюць на адлегласці 8-10 см адзін ад аднаго, дробныя — 5-6 см на глыбіню 3-4 см ад верхавінкі зубка да паверхні глебы. Участак падтрымліваюць у рыхлым стане, чыстым ад пустазелля, паліваюць па меры неабходнасці, у перыяд вегетацыі.
Праз 2 месяцы пасля з'яўлення ўсходаў азімы часнок ідзе ў стрэлкі. Калі паветраныя цыбулінкі не выкарыстоўваюцца як пасадачны матэрыял, то пасля адрастання на 10-12 см да закручвання ў кольцы стрэлкі выдаляюць. Праз тры з палавінай месяцы пасля ўсходаў азімы часнок звычайна гатовы да ўборкі. Прыкметамі выспявання служаць пажаўценне і засыханне лісця, растрэскванне абгорткі суквецця ў адзінкавых раслін, змена афарбоўкі бульбачак. Ва ўмовах Беларусі часнок паспявае ў канцы ліпеня — пачатку жніўня. Яго падкопваюць, выбіраюць з глебы і раскладваюць для прасушкі на 3-7 дзён. Потым часнок абразаюць, выдаляючы карані і надземную частку, пакідаючы частку стрэлкі над плечукамі цыбуліны вышынёй 1,5-2 см.
Калі для вырошчвання азімага часнаку выкарыстоўваюць паветраныя цыбулінкі, то стрэлкі зразаюць пры растрэскванні абгорткі, звязваюць у невялікія снапы і падвешваюць на пасляўборачнае даспяванне. Захоўваюць іх абмалочанымі або ў зрэзаных суквеццях. Сяўбу бульбачак праводзяць у тыя самыя тэрміны, што і пасадку зубкоў. На наступнае лета атрымліваюць дробную сеянку, якую выкарыстоўваюць як пасадачны матэрыял.
Яравы часнок менш ураджайны, чым азімы, але валодае добрай лежнасцю, цыбуліны яго здольныя захоўвацца на працягу аднаго года, а ў некаторых сартоў і да 2 гадоў. Вырошчваюць яго так, як і азімы. Убіраюць пры масавым засыханні ніжняга лісця, пажаўценні і паляганні верхняга. У большасці сартоў гэта адзначаецца ў канцы лета — пачатку восені.
Выкарыстанне [правіць]
Часнок — каштоўны харчовы прадукт, які мае таксама і лекавае значэнне. Спажываецца ён у свежым і марынаваным выглядзе, выкарыстоўваецца ў мясаперапрацоўчай, агароднінна-кансервавай прамысловасці, у медыцыне і ветэрынарыі.
Яго прэпараты паніжаюць артэрыяльны ціск, актывізуюць сардэчную дзейнасць, паскараюць вывядзенне халестэрыну з арганізма, расшыраюць сасуды, паляпшаюць дзейнасць органаў стрававання. Часнок валодае таксама бактэрыцыдным, фунгіцыдным і проціглісным дзеяннем. Ён умацоўвае дзясны, паніжае захворваемасць зубоў карыесам. Кашка і сок часнаку выкарыстоўваюцца для лячэння гнойных ран, язваў і апёкаў. Пры прастудах, грыпе, ангіне, коклюшы добры эфект дае інгаляцыя парай часнаку. Часнок зніжае колькасць цукру ў крыві, папярэджвае цукровы дыябет.
У ветэрынарнай практыцы прэпараты часнаку выкарыстоўваюцца для прафілактыкі захворванняў страўніка і кішэчніка ў цялят, ягаят, жарабят. Ужываюць яго таксама для засцярогі ад псавання прадуктаў харчавання (кладуць у крупы, муку), барацьбы са шкоднікамі і хваробамі сельскагаспадарчых раслін (высаджваюць паміж радамі іншых культур).
Зноскі
- ↑ Выкарыстоўваецца таксама назва Пакрытанасенныя.
- ↑ Пра ўмоўнасць аднясення апісванай у гэтым артыкуле групы раслін да класа аднадольных гл. раздзел «Сістэмы APG» артыкула «Аднадольныя».
Літаратура [правіць]
- Энцыклапедыя сельскага гаспадара. — Мн.: БелЭн, 1993.