Перайсці да зместу

Астравецкі раён

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Астравецкі раён
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна  Беларусь
Уваходзіць у Гродзенская вобласць
Адміністрацыйны цэнтр Астравец
Дата ўтварэння 15 студзеня 1940,
6 студзеня 1965
Дата скасавання 25 снежня 1962
Кіраўнік Ігар Яраслававіч Шалудзін[d][1]
Афіцыйныя мовы Родная мова: беларуская 85,44 %, руская 10,59 %
Размаўляюць дома: беларуская 74,13 %, руская 18,21 %[2]
Насельніцтва (2009)
24 266 чал.[2] (13-е месца)
Шчыльнасць 15,47 чал./км² (16-е месца)
Нацыянальны склад беларусы — 86,87 %,
палякі — 5,73 %,
рускія — 3,47 %,
літоўцы — 2,65 %,
іншыя — 1,28 %[2]
Плошча 1 568,77[3]
(5-е месца)
Вышыня
над узроўнем мора
172 м[4]
Астравецкі раён на карце
Часавы пояс UTC+03:00
Паштовыя індэксы 231201
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Астравецкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Гродзенскай вобласці. Раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай, з 1944 года — Маладзечанскай, а з 1960 года — Гродзенскай вобласці.

Геаграфічнае становішча

Раён з’яўляецца самым паўночным з рэгіёнаў Гродзенскай вобласці, па плошчы — чацвёрты на Гродзеншчыне. Агульная плошча Астравеччыны — 1569 км².

Раён на захадзе і поўначы мяжуе з Літоўскай Рэспублікай (памежныя пераходы «Катлоўка», «Лоша»), чыгуначная станцыя Гудагай. На паўночным усходзе мяжуе з Пастаўскім раёнам Віцебскай вобласці, на ўсходзе — з Мядзельскім раёнам Мінскай вобласці, на поўдні — са Смаргонскім і Ашмянскім раёнамі Гродзенскай вобласці.

Гісторыя

На тэрыторыі раёна знаходзіцца некалькі старажытных паселішчаў. Вёска Варняны ўпершыню згадваецца ў 1391 г. як уладанне вялікага князя літоўскага Ягайлы. У 15 ст. Варняны былі ўладаннямі Сангайлаў, а ў першай палавіне 16 ст. — Пронскіх, Чыжоў, Свірскіх, з 1581 г. — Абрамовічаў. Сёння ў вёсцы Варняны захаваліся помнікі архітэктуры 18 ст.: Георгіеўскі касцёл, дом ксяндза, дом аптэкара, жылыя дамы.

Вёска Быстрыца — адно са старажытных паселішчаў на Астравеччыне. У хроніках Стрыйкоўскага і Каяловіча сцвярджаецца, што ў вёсцы Быстрыца знаходзілася першая сталіца ВКЛ. Па прывілеі Жыгімонта І у 1542 г. тут была мытная кантора. Захаваўся касцёл Ушэсця Святога Крыжа (1760).

Астравецкі раён Вілейскай вобласці (студзень 1940)

У пісьмовых крыніцах Астравец згадваецца ў 1468 годзе, калі кіеўскі ваявода Марцін Гаштольд заснаваў тут касцёл і манастыр дамініканцаў. Астравец уваходзіў у Віленскае ваяводства ВКЛ. Пасля смерці Гаштольда ў 1542 годзе Астравец перайшоў да караля Жыгімонта І, які перадаў яго сыну Жыгімонту Аўгусту. Апошні падараваў Астравец у 1546 г. Ераніму Карыцкаму. У 1618 г. уладальнікам быў Ян Корсак, а ў 19 ст. — Кастравіцкія, Сыцянкі, Жылінскія.

Астравецкі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Астравец. 12 кастрычніка 1940 года раён падзелены на 15 сельсаветаў: Астравецкі, Балканскі, Быстрыцкі, Валейкішкаўскі, Варнянскі, Варонскі, Гервяцкі, Гудагайскі, Дзягенеўскі, Дравяніцкі, Міхалішкаўскі, Рымдзюнскі, Швяйлянскі, Шульніцкі, Якентанскі. З 20 верасня 1944 года раён у складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Балканскі, Валяйкішкаўскі і Якентанскі сельсаветы, Дзягенеўскі сельсавет перайменаваны ў Слабодкаўскі, Швяйлянскі сельсавет — у Чэхскі, Шульніцкі сельсавет — у Гозскі. 25 красавіка 1958 года Астравец атрымаў статус гарадскога пасёлка, Астравецкі сельсавет скасаваны. 27 сакавіка 1959 года скасаваны Варонскі і Гозскі сельсаветы. 31 жніўня 1959 года да раёна далучаны Некрашунскі і Спондаўскі сельсаветы скасаванага Свірскага раёна. 2 снежня 1959 года Некрашунскі сельсавет перайменаваны ў Падольскі. З 20 студзеня 1960 года раён у складзе Гродзенскай вобласці. 25 снежня 1962 года раён скасаваны, гарадскі пасёлак Астравец, Быстрыцкі, Варнянскі, Гудагайскі, Дравяніцкі, Падольскі, Слабодкаўскі сельсаветы перададзены Ашмянскаму раёну, Гервяцкі, Міхалішкаўскі, Рындзюнскі, Спондаўскі сельсаветы — Смаргонскаму раёну, Чэхскі сельсавет скасаваны.

6 студзеня 1965 года Астравецкі раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Астравец, Быстрыцкі, Варнянскі, Гудагайскі, Дравяніцкі, Падольскі, Слабодкаўскі сельсаветы Ашмянскага раёна, Гервяцкі, Міхалішкаўскі, Спондаўскі сельсаветы Смаргонскага раёна. 26 чэрвеня 1965 года ўтвораны Ізабелінскі, Кемелішкаўскі, Чэхскі сельсаветы. 17 студзеня 1969 года Быстрыцкі сельсавет перайменаваны ў Трокеніцкі, 11 лютага 1972 года Дравяніцкі — у Астравецкі. 27 студзеня 1975 года скасаваны Чэхскі сельсавет. 17 лістапада 1986 года скасаваны Ізабелінскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года гарадскі пасёлак Астравец і Астравецкі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 26 лютага 2013 года скасаваны Астравецкі, Падольскі, Спондаўскі, Трокеніцкі сельсаветы, Кемелішкаўскі сельсавет перайменаваны ў Рытанскі[5].

Насельніцтва

У 398 населеных пунктах пражывае 27,3 тыс. чалавек, у тым ліку ў горадзе Астравец — 8,6 тыс., у сельскай мясцовасці — 18,7 тыс. Шчыльнасць насельніцтва — 17,4 чал./1 км².

Насельніцтва раёна: беларусы — 86,87 %, палякі — 5,73 %, рускія — 3,47 %, літоўцы — 2,65 % і інш.

Адміністрацыйны падзел

Раён падзяляецца на 5 сельсаветаў: Варнянскі, Гервяцкі, Гудагайскі, Міхалішкаўскі, Рытанскі.

Гаспадарка

Прамысловасць раёна прадстаўлена пяццю прадпрыемствамі: ААТ "Кардонная фабрыка «Альхоўка», ДЛГУ «Астравецкі лясгас», ВКУП «Камбінат будаўнічых матэрыялаў Астравецкага раёна», РУП "Астравецкі завод «Радыёдэталь», філіял «Камбінат кааператыўнай прамысловасці» Астравецкага райпо. На тэрыторыі раёна дзейнічаюць 8 недзяржаўных прадпрыемстваў: ПФ «Верас», ЗАТ «НПЛІМ-Веста», ПФ «Крок», ЗП «Тэхнапласт», ІПГВУП «Лес-Мет», ІПУВГП «Экса Карпарэйшн», УП «Фірма ГЛТ», фермерская гаспадарка «Астравецкае».

Эканамічнае і сацыяльнае развіццё раёна ў асноўным базіруецца на сельскагаспадарчай вытворчасці. Аграрны сектар эканомікі прадстаўлены 10 сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі.

Транспарт

Чыгунка Мінск-Вільня праходзіць па паўднёвай ускраіне раёна. З усхода на захад тэрыторыю раёна перасякае адзіная аўтадарога рэспубліканскага падпарадкавання: Полацк — Глыбокае — граніца Літоўскай Рэспублікі (Катлоўка) Р45.

Адукацыя, культура, ахова здароўя

  • У сістэме адукацыі 13 сярэдніх школ, 6 базавых, 2 базавыя школы-сады, 1 пачатковая, 4 пачатковыя школы-сады, Варнянскі вучэбна-вытворчы камбінат, дзе вучні школ раёна атрымліваюць неабходныя і запатрабаваныя ў раёне прафесіі шафёра, трактарыста, прадаўца, цырульніка. З 1 верасня 2004 года ў г.п. Астравец адкрыта гімназія.
  • Медыцынскае абслугоўванне жыхароў раёна ажыццяўляюць цэнтральная раённая бальніца на 215 ложкаў, паліклініка на 446 наведванняў у змену, Міхалішкаўская ўчастковая бальніца на 55 ложкаў, у тым ліку 25 ложкаў сястрынскага догляду, 3 сельскія амбулаторыі ўрача агульнай практыкі з дзённымі стацыянарамі на 33 ложкі, 22 фельчарска-акушэрскія пункты.
  • У галіне культуры — 26 клубных устаноў, 28 бібліятэк. Працуюць 2 дзіцячыя школы мастацтваў, 3 музычныя школы, Дом рамёстваў.
  • У 2002 і 2011 гадах раён быў месцам правядзення фестывалю «Адна зямля»[6][7].
  • Дзейнічаюць 67 спартыўных збудаванняў, стадыён, хакейная пляцоўка, 13 спартыўных залаў.

Рэлігія

У раёне суіснуюць 3 рэлігійных канфесіі, агульная колькасць рэлігійных суполак — 16:

Выдатныя мясціны

У раёне знаходзіцца рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Сарачанскія азёры» плошчай 13 тыс. га, у склад якога ўваходзяць 12 азёр, сярод іх найбольш буйныя Тумскае, Ёдзі, Белае, Вераб’і, Каймін, Туравейскае і інш. Ёсць 2 заказнікі мясцовага значэння (ландшафтны заказнік «Возера Бык» — 113 га, ландшафтны заказнік «Сяржанты» — 1015 га), 5 помнікаў рэспубліканскага і 16 помнікаў прыроды раённага значэння. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння — геалагічнае агаленне міжледавіковых стужачных глін Камарышкі. У рэках раёна водзяцца 5 відаў рыб, занесеных у Чырвоную кнігу — харыус, ласось атлантычны, стронга, кумжа, звычайная марона.

На тэрыторыі раёна 23 архітэктурныя помнікі. У іх ліку: архітэктурны ансамбль у в. Варняны, Георгіеўскі касцёл, дом аптэкара і плябанія (пабудаваны ў 1770 г.), Троіцкі касцёл у в. Гервяты, касцёлы ў в. Гудагай, Міхалішкі, Быстрыца, Клюшчаны і інш.

Вядомыя асобы

На Астравеччыне нарадзіліся браты Канстанцін і Альбін Стаповічы — паэт і музыкант, у в. Міхалішкі — літаратар Менке Кац, у в. Лакцяны — паэт, драматург і свяшчэннік Янка Быліна. У Трокеніках вырас сусветна вядомы мастак Мар’ян Богуш-Шышка. Прыгажосць прыроды краю, дружалюбнасць жыхароў прываблівалі паэтаў, мастакоў і многіх вядомых людзей. Так, у маёнтку Дубнікі падоўгу гасціў, выношваў задумы сваёй гістарычнай трылогіі польскі пісьменнік Генрык Сянкевіч. У Малях правёў апошнія гады свайго жыцця расійскі консул у Японіі, выдатны вучоны Іосіф Гашкевіч. У капліцы ў вёсцы Лоша ў 1938 г. пахаваны беларускі і польскі мастак Л. Дабжынскі.

Гл. таксама

Зноскі

Літаратура

  • Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
  • Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.

Спасылкі