Перайсці да зместу

Мінскі метрапалітэн

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мінскі метрапалітэн
Інфармацыя
Краіна Сцяг Беларусі Беларусь
Горад Сцяг Мінска Мінск
Дата адкрыцця 30 чэрвеня 1984
Даўжыня ліній 41,8км
Шырыня каляіны 1520 мм
Колькасць станцый 33
Колькасць ліній 3
Пасажырапаток за дзень 836,4 тыс.(2015)[1]
Пасажырапаток за год 305,3 млн.(2015)[1]
Схема ліній
https://metropoliten.by/by/

Мі́нскі метрапалітэ́н — метрапалітэн у горадзе Мінску, рэйкавы пазавулічны (цалкам падземным) гарадскі грамадскі транспарт на электрычнай цязе.

Храналагічна дзявяты адкрыты метрапалітэн на постсавецкай прасторы, а таксама адзіная станам на 2024 год сістэма метро на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Па колькасці пасажыраў у год займае чацвёртую пазіцыю сярод постсавецкіх краін (пасля Маскоўскага, Санкт-Пецярбургскага і Кіеўскага метрапалітэнаў адпаведна).

Складаецца з 33 станцый на трох лініях — Аўтазаводскай (14 станцый), Маскоўскай (15 станцый) і Зеленалужскай (4 станцыі). Станам на 2024 год працягваецца будаўніцтва 3-х станцый другога ўчастка трэцяй лініі, у якой агулам плануецца 14 станцый. Таксама праектуюцца станцыі чацвёртай (Кальцавой) лініі.

Развіццё Мінскага метрапалітэна

Гісторыя мінскага метрапалітэна пачынаецца ў канцы 1960-х. Ініцыятарамі пабудовы ў горадзе новага віду грамадскага транспарту былі мінскія ўлады. У той час у СССР метро будавалі ў гарадах з насельніцтвам не менш за мільён чалавек (былі выключэнні, напрыклад, Рыжскі метрапалітэн планавалася будаваць у 800-тысячным горадзе). Пасля заканчэння 2-й сусветнай вайны Мінск рос хутчэй за іншыя буйныя гарады СССР[2], галоўным праз хуткае развіццё прамысловасці. Ужо ў 1972 годзе ў горадзе нарадзіўся мільённы жыхар. Напачатку 1970-х гадоў беларуская сталіца сутыкнулася са значнымі цяжкасцямі ў перавозцы людзей, асноўныя магістралі вычарпалі прапускную здольнасць. Разглядаліся тры варыянты развіцця транспартнай сістэмы — аўтобус-«экспрэс», хуткасны трамвай і метрапалітэн, які і быў абраны[3].

Распрацоўка плана будаўніцтва метрапалітэна ў Мінску пачалася ў 1976 годзе. План будаўніцтва 8-станцыйнай лініі быў зацверджаны Саветам Міністраў БССР 4 лютага 1974 года. Вядома, што першыя планы значна адрозніваліся ад тых, што былі рэалізаваны. Лінія метро з заходніх спальных раёнаў павінна была праз станцыю «Кастрычніцкая» ісці ў Серабранку. Аўтазаводская лінія з перспектывай працягу да Чыжоўкі перасякалася з Маскоўскай на станцыі метро «Плошча Якуба Коласа». У цэнтральнай частцы горада метрапалітэн меркаваўся глыбокага закладання, а на ўскраінах планаваліся нават адкрытыя ўчасткі і ўчасткі на эстакадах. 16 чэрвеня 1977 года была закладзена першая паля ў падмурак будучай станцыі «Парк Чалюскінцаў». Будаўніцтва першай лініі метрапалітэна ад станцыі «Інстытут Культуры» да станцыі «Валгаградская» (пасля — «Маскоўская») цягнулася з 1977 да 1984 года[4].

3 мая 1977 года пачалося будаўніцтва, а 29 чэрвеня 1984 года пачаўся рэгулярны рух цягнікоў ад станцыі «Маскоўская» да станцыі «Інстытут культуры» Маскоўскай лініі.

У 1985 годзе пачалося будаўніцтва другой лініі метро ад станцыі «Фрунзенская» да станцыі «Трактарны завод». У 1990 годзе па гэтай лініі пачаўся рух цягнікоў.

Будаўніцтва Зеленалужскай лініі пачалося ў 2014 годзе. 7 лістапада 2020 года лінія была ўведзена ва эксплуатацыю.

Агульныя звесткі

[правіць | правіць зыходнік]
Зорнае неба Пятроўшчыны

Мінскае метро складаецца з трох ліній і 33 станцый, з іх 15 размешчаны на 1-й (Маскоўскай) лініі, 14 на 2-й (Аўтазаводскай) лініі і 4 на 3-й (Зеленалужскай) лініі. Таксама ў метрапалітэне працуе 2 электрадэпо. Эксплуатацыйная даўжыня пуці мінскага метро складае 40,8 км у двухпуцявым вылічэнні. Агулам даўжыня пуцей у аднапуцявым вылічэнні (з тупікамі і пуцявым развіццём дэпо) складае каля 116 км[5].

Аб’ём перавозкі пасажыраў метрапалітэнам за 2020 год склаў амаль 219 мільёнаў 290 тысяч чалавек. Сярэднясутачная перавозка пасажыраў у тым годзе склала амаль 600 тысяч. Удзельная вага метрапалітэна ў перавозках з’яўляецца самай значнай сярод іншых відаў гарадскога транспарту і складае 36,4 %[6].

Усе лініі і станцыі мінскага метро падземныя, дробнай закладкі, акрамя станцыі «Юбілейная плошча». Яна з’яўляецца самай глыбокай у мінскам метро і размешчана на глыбіні 32 м. Усе станцыі, акрамя «Вакзальнай», маюць падземныя вестыбюлі, уваход у якія ў большасці выпадкаў сумешчаны з падвулічнымі пешаходнымі пераходамі. Тры станцыі — «Купалаўская», «Кастрычніцкая» і «Плошча Леніна» маюць уваходы, убудаваныя ў будынкі. На апошняй з іх па доўгім падземным пераходзе можна выйсці ў будынак чыгуначнага вакзала і да чыгуначных платформаў.

З прычыны невялікай глыбіні залягання спуск на большасць станцый ажыццяўляецца пры дапамозе лесвічных маршаў. Усяго ў падземцы маецца толькі 43 эскалатары. Тры эскалатары, устаноўленыя на ст. «Маладзёжная», не эксплуатаваліся да восені 2011 года. Большасць эскалатараў аднапралётныя, трохнітачныя, на станцыі «Кастрычніцкая» ў 2008 годзе ў ходзе рэканструкцыі быў усталяваны чатырохнітачны эскалатар.

Падземны пераход паміж Юбілейнай плошчай і Фрунзенскай з травалатарам

Пры будаўніцтве Зеленалужскай лініі размясцілі 9 травалатараў. Імі абсталяваны пераходы толькі трэцяй галіны: 7 — у пераходзе паміж станцыямі «Вакзальная» і «Плошча Леніна» і 2 — паміж станцыямі «Юбілейная» і «Фрунзенская».

На станцыі «Першамайская», а таксама на ўсіх станцыях, уведзеных у эксплуатацыю пасля 2001 года, маюцца ліфты, усяго — 61 ліфт[7].

У мінскім метро дзейнічае лінейны прынцып руху цягнікоў з трыма перасадачнымі станцыямі.

У афармленні станцый выкарыстоўваюцца розныя тэмы. Так, у аснову мастацка-эстэтычнага афармлення станцыі «Грушаўка» пакладзена тэма прыроды, інтэр’ер выкананы ў залаціста-зялёнай палітры, сімвалам станцыі стала гіганцкая інсталяцыя грушы. Напрыклад сімвалам станцыі «Пятроўшчына» стала зорнае неба.

Мінскае метро адкрыта для ўваходу пасажыраў з 5:30 да 0:40, аднак выйсці з падземкі можна і пазней. Першы цягнік з канцавых станцый адпраўляецца ў 5:32 (са ст. «Магілёўская» — у 5:33), Апошні — у 0:42. Інтэрвал руху ў гадзіну пік складае 2-2,5 хвіліны на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях, на Зеленалужскай — 8 хвілін. У іншы час інтэрвал павялічваецца да 4-5, 5 хвілін на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях, на Зеленалужскай лініі — 12 хвілін. Ноччу інтэрвал пачынае павялічвацца, максімальны складае пасля 23:00 на Маскоўскай і Аўтазаводскай лініях 11-15 хвілін, на Зеленалужскай лініі — 17-24 хвіліны. Расклад руху цягнікоў пасля 23:00 даступны пасажырам на кожнай станцыі — ў вестыбюлі і ў тарцах пасажырскіх платформаў размешчана адпаведная інфармацыя, прычым час прыбыцця разлічаны менавіта для гэтай станцыі з улікам даўжыні перагонаў[8].

Аплата праезду

[правіць | правіць зыходнік]
Жэтоны Мінскага метро

З 20 красавіка 2022 года дзейнічаюць наступныя тарыфы на праезд (згодна з рашэннем Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 07.04.2022 № 968)

  • Жэтон на 1 паездку — 90 кап.;
  • Праязны білет на месяц або 30 сутак — 40,50 руб.;
  • Праязны білет на 15 сутак — 21,38 руб.;
  • Праязны білет на 10 сутак — 14,25 руб.

Можна таксама набыць праязны дакумент на вызначаны лік паездак (10, 20, 30, 40, 50 або 60) на аснове карты. Дакументы на 10 і 20 паездак дзейнічаюць 30 сутак з дня пакупкі; на 30, 40 і 50 паездак — 60 сутак; на 60 паездак — 80 сутак; на 100 паездак — 80 сутак.

Як сродкі аплаты праезду выкарыстоўваюцца (у дужках даныя за 2014 год)[9][10]:

  • Жэтоны (99,8 млн, 31,4 %);
  • Праязны білет на радыёкарце мінскага метро (968,2 тыс., 23,8 %);
  • Праязны білет на бескантактавы смарт-карце (БСК) дзяржаўнага прадпрыемства Мінсктранс (3,83 млн, 38,5 %);
  • SMS-білет (149 тыс., 0,1 %, адменены ў 2017 годзе);
  • Бескантактавая банкаўская карта[11].

У 2014 годзе праезд у мінскім метро з’яўляўся адным з самых танных сярод усіх метрапалітэнаў постсавецкай прасторы; танней праезд толькі ў Баку, Ерэване, Кіеве і Дняпры.

Платформа станцыі «Юбілейная плошча» з усталяванымі аўтаматычнымі платформеннымі варотамі і укладзеным тактыльным пакрыццём

Пасля тэракту ў Мінскім метро была арганізавана сістэма надгляду пасажыраў супрацоўнікамі міліцыі.

Затым, у кастрычніку 2013 года, была створана свая ўласная служба бяспекі Мінскага метро, якая ажыццяўляе ахоўную дзейнасць, супрацоўнікі маюць права праводзіць асабісты дагляд, дагляд рэчаў і дакументаў пасажыраў на тэрыторыі метро[12].

Станам на 1 студзеня 2014 года ў мінскай падземцы было ўстаноўлена 996 відэакамер, а таксама ўведзена ў эксплуатацыю сістэма відэаназірання ў вагонах. Падрыхтаваны і знаходзяцца на стадыі ўзгаднення тэхнічныя патрабаванні да стварэння сітуацыйнага цэнтра відэаназірання[13].

Станам на студзень 2015 года было абсталявана 24 зоны надгляду пасажыраў, іх багажу і буйнагабарытнай ручной паклажы на 14 станцыях. У кожнай такой зоне усталяваны арачны шматзонны металадэтэктар (рамка), рэнтгенаграфічны сканер, а ў выпадку неабходнасці могуць прымяняцца партатыўны газааналізатар і пераносны лакалізатар выбуху тыпу «фантан». Наладжана сістэма відэаназірання[14].

Для прадухілення падзення пасажыраў на пуці на ўсіх станцыях Зеленалужскай лініі ўстаноўлены аўтаматычныя платформенныя вароты, а таксама для бяспекі і дапамогі арыентацыі ў прасторы пасажырам з парушэннем зроку на ўсіх станцыях Зеленалужскай лініі і часткі станцый (у асноўным новых) выкладзена тактыльнае пакрыццё.

У 2023 годзе падчас агляду ручной паклажы інспектары службы бяспекі метрапалітэна знайшлі каля 12 тысяч прадметаў, забароненых да перавозкі ў падземцы. Акрамя таго, 41 тысячы чалавек не дапусцілі да праезду, бо ў іх назіралі прыкметы алкагольнага ап’янення[15].

Мабільная сувязь

[правіць | правіць зыходнік]

На ўсіх станцыях Мінскага метрапалітэна працуе сотавая сувязь GSM/3G аператараў «А1», «МТС», «life:)». Таксама ва ўсіх тунэлях з чэрвеня 2019 года працуе сотавая сувязь 3G/4G аператараў «А1» і «МТС». Як аператар «life:)» адмовіўся ад удзелу ў разгортванні сувязі, яго абанентам даступны толькі інтэрнэт, які надаецца з дапамогай 4G (якая пабудавана інфраструктурным аператарам «beCloud» і выкарыстоўваецца ўсімі аператарамі сотавай сувязі).

Лініі метрапалітэна

[правіць | правіць зыходнік]

Усім лініям нададзены назвы і парадкавыя нумары. Дадатковым пазначэннем служаць іх колеры, якія традыцыйна ўжываюцца на схемах. Немалой колькасці людзей выраз «чырвоная ветка метро» скажа ледзь не больш за «Аўтазаводская лінія», а казаць «зялёная ветка» хутчэй і прасцей, чым запомніць і казаць афіцыйную назву «Зеленалужская». Часам ужываюцца і абрэвіятуры назваў ліній, напрыклад, МЛ — Маскоўская лінія, АЛ — Аўтазаводская.

Назва Год адкрыцця Год адкрыцця апошняй станцыі Даўжыня, км Колькасць станцый Сярэдняя дыстанцыя паміж станцыямі, км Сярэдняя глыбіня станцый, м. Час праезду па лініі, хв
Маскоўская 1984 2014 19,1 15 1,36 10,0 29
Аўтазаводская 1990 2005 18,1 14 1,39 9,2 27
Зеленалужская 2020 2020 3,5 4 1,17 11,8 6

Усе тры веткі злучаны паміж сабой двума Службова-злучальнымі галінамі. Для пасажырскага руху яны не выкарыстоўваюцца.

Маскоўская лінія

[правіць | правіць зыходнік]

Будаўніцтва першай лініі Мінскага метрапалітэна пачалося 3 мая 1977 года. Першая чарга будаўніцтва ўключала 8 станцый. Рэгулярны рух цягнікоў на гэтым участку распачаўся 30 чэрвеня 1984 года. Адкрываў лінію першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Слюнькоў[16].

Пазней лінія яшчэ чатыры разы падаўжалася і зараз мае даўжыню 19,2 км і складаецца з 15 станцый (Малінаўка,Пятроўшчына, Міхалова, Грушаўка, Інстытут Культуры, Плошча Леніна, Кастрычніцкая, Плошча Перамогі, Плошча Якуба Коласа, Акадэмія Навук, Парк Чалюскінцаў, Маскоўская, Усход, Барысаўскі тракт, Уручча). Лінію абслугоўвае Маскоўскае электрадэпо.

Маскоўская лінія амаль цалкам праходзіць пад праспектам Незалежнасці і праспектам Дзяржынскага, і перасякае Мінск з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад. Паводле звестак за 2017 год, на 1-ю лінію прыпадае 57,7 % агульнай пасажыраплыні (164 млн пасажыраў)[17].

Аўтазаводская лінія

[правіць | правіць зыходнік]

Праектаванне другой лініі Мінскага метро пачалося ў пачатку 1980-х гадоў. Планавалася звязваць Заводскі раён з Красным Борам. Будаўніцтва першай чаргі Аўтазаводскай лініі, у склад якой уваходзіла 6 станцый, пачалося ў 1984 годзе. 31 снежня 1990 года пяць з іх, уключаючы перасадачны пункт, звязаны з першай лініяй, былі аддадзены да ўжытку. Праз тры месяцы — у сакавіку 1991 года — была аддадзена да ўжытку станцыя «Першамайская». Пасля гэтага лінія падаўжалася чатыры разы і зараз мае даўжыню 18,1 км і складаецца з 14 станцый (Магілёўская, Аўтазаводская, Партызанская, Трактарны Завод, Пралетарская, Першамайская, Купалаўская, Няміга, Фрунзенская, Маладзёжная, Пушкінская, Спартыўная, Кунцаўшчына, Каменная Горка). Лінію абслугоўвае Магілёўскае электрадэпо.

Зеленалужская лінія

[правіць | правіць зыходнік]

Зеленалу́жская лінія (трансліт.: Zielienalužskaja linija) — трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна. Будаўніцтва 3-й лініі планавалася яшчэ ў першых праектах развіцця метрапалітэна, але пачалося толькі ў 2014 годзе. 3-я лінія працягласцю 17,2 км з 14 станцыямі звяжа мікрараён Зялёны Луг праз цэнтр горада з мікрараёнам Курасоўшчына. Першыя станцыі лініі («Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча», «Юбілейная плошча») уведзеныя ва ўжытак 7 лістапада 2020 года. У 2018 годзе пачаты работы па падаўжэнні лініі ў напрамку станцыі «Слуцкі Гасцінец». Узвядзенне плануюць завяршыць недзе ў 2024 годзе[18]. Пры гэтым яшчэ ў 2011 годзе планавалася, што першы ўчастак у складзе сямі станцый будзе адкрыты да 2017 года[19]. На ўсіх станцыях Зеленалужскай лініі ўстаноўлены аўтаматычныя платформенныя вароты. Беларусь — 2-я постсавецкая краіна, пасля Расіі, якая ўсталявала на станцыях метро сістэму гарызантальнага ліфта, і першая ўсталявала на станцыі метрапалітэна аўтаматычныя платформенныя вароты.

Пасажырапаток

[правіць | правіць зыходнік]

За 2023 метрапалітэн перавёз 233,9 млн пасажыраў. У параўнанні з 2022 колькасць паездак павялічылася на 8 млн. Гэта трэці паказчык на постсавецкай прасторы (пасля Маскоўскага і Санкт-Пецярбургскага метрапалітэнаў адпаведна), 15-е месца ў Еўропе і 58-е месца ў свеце.

Самая папулярная лінія Мінскага метрапалітэна — Маскоўская, ёй скарысталася 56,6 % пасажыраў, Аўтазаводская лінія прыняла 41,6 %. А Зеленалужскай скарысталіся толькі 1,8 %. Метро ў грамадскім транспарце агулам займала 37 %[15].

Пасажырапаток за 2020 год — 219,29 млн. Падзенне ў параўнанні з 2019 было выклікана закрыццём станцый падчас пратэстаў 2020 года, а таксама пандэміяй COVID-19.

У 2019 годзе паслугамі Мінскага метрапалітэна скарысталіся 293 мільёны 721 тысяча пасажыраў. Метрапалітэн займаў чацвёртую пазіцыю сярод краін постсавецкай прасторы (пасля Маскоўскага, Санкт-Пецярбургскага і Кіеўскага адпаведна), 15-е месца ў Еўропе і 43-е месца ў свеце. У параўнанні з 2018 годам пасажырапаток павялічыўся на 10 мільёнаў 362 тысячы чалавек. Маскоўскую лінію ў 2019 годзе наведалі амаль 169 мільёнаў 121 тысяча чалавек, а Аўтазаводскую — 124 мільёны 600 тысяч. Самымі напружнымі станцыямі за гэты перыяд сталі «Каменная Горка» (больш за 22,4 мільёна пасажыраў), і «Плошча Леніна» (амаль 19,8 мільёна чалавек), а таксама перасадачны вузел «Кастрычніцкая»—"Купалаўская"[20].

1985 1987 1991 1996 1998 2002 2006 2008 2013 2014 2015 2016 2017 2018 2019 2020
Колькасць пасажыраў, млн у год 79,2 95,5 101,6 142,8 220,4 298 263,9 244,2 328,3[21] 318,5 305,3[22][23] 291,0[24] 284,2 283,36[25] 293,72[26] 219,29[27]
Доля ў гарадскіх пасажырскіх перавозках 7,5 % 8,5 % 8,4 % 27,9 % 26,1 % 30,4 % 36,8 % 33,9 % 37,0 % 38,4 % 39,3 % 40,15 % 43,0 % 44,8 % н/д 36,4 %

Рухомы састаў

[правіць | правіць зыходнік]
Эксплуатацыя электрацягніка 81-717/714 у метрапалітэне
Эксплуатацыя электрацягніка Stadler M110/M111 у метрапалітэне

Мінскае метро выкарыстоўвае тую ж шырыню каляіны, што і звычайныя чыгункі ў Беларусі — 1520 мм. Для падачы току выкарыстоўваецца кантактная рэйка; напружанне на ёй складае ў сярэднім 750 В (на шынах падстанцый — 825 В).

Сярэдняя тэхнічная хуткасць цягнікоў — 50,5 км/г, сярэдняя эксплуатацыйная хуткасць — 40,8 км/г (аценка 2005 года)[28].

«Нумарныя» вагоны

[правіць | правіць зыходнік]

70 саставаў тыпу 81-717/714 некалькіх мадыфікацый (341 вагон, 140 галаўных і 201 прамежкавы) вытворчасці ААТ «Метровагонмаш» і ЗАТ «Вагонмаш»[29][30].

  • 117 вагонаў мадыфікацыі 81-717.5/714.5 1989—1993 гадоў выпуску (55 галаўных і 62 прамежкавых),
  • 141 вагон мадыфікацыі 81-717.5М/714.5М 1995—2014 гадоў выпуску (49 галаўных і 92 прамежкавых, 1 прамежкавы не працуе пасля тэракту),
  • 4 вагоны (2 галаўныя і 2 прамежкавыя) мадыфікацыі 81-540/541 2001 года выпуску,
  • 11 вагонаў мадыфікацыі 81-541Б 2009 года выпуску.

Станам на пачатак 2024 года сярэдні ўзрост вагонаў складаў — 20,9 гадоў[15].

68 вагонаў мадыфікацыі 81-717/714 1983—1988 гадоў выпуску (34 галаўныя і 34 прамежкавыя), з 2007 года праходзілі капітальны рамонт у дэпо «Магілёўскае».

10 саставаў тыпу Stadler M110/M111 (6 чатырохвагонных і 4 пяцівагонных) вытворчасці «Штадлер Мінск»

  • 44 вагоны Stadler М110/М111 2019—2020 гадоў выпуску (20 галаўных і 24 прамежкавых).

Зараз усе 10 цягнікоў знаходзяцца ў актыўнай эксплуатацыі, чатырохвагонныя — на трэцяй лініі, пяцівагонныя — на другой.

Мадель 81-765.7/766.7 вытворчасці ААТ «Метровагонмаш»[31]

Серыя Тып Знешні выгляд Гады пабудовы Год пачатка эксплуатацыі Абслуг. лініі Колькасць вагонаў Сядзячых месцаў у вагоне Каментарый
81-717/714 81-717/714
19761988 1984 28 Мг
25 Мп
[29]
42/48
або
40/44
Вагоны 81-717 — галаўныя, 714 — прамежкавыя. Неафіцыйная назва — «Нумарныя» (так як яны не атрымалі назву літарамі). Мадыфікацыі .5 і .5М адрозніваюцца больш сучасным электраабсталяваннем[32].
81-717.5/714.5
19891993 1989 46 Мг
58 Мп[29]
42/48
або
40/44
81-717.5М/714.5М
19952014 1995 55 Мг
102 Мп[29]
42/48
або
40/44
81-540/541 81-540Б/541Б
2001, 2009 2009 10 Мг
23 Мп
[29]
42/48
або
40/44
Вагоны 81-540Б — галаўныя, 541Б — прамежкавыя. Вагоны з’яўляюцца аналагамі мадэлі 81-541, вырабленай для горада Мінска
Stadler M110/M111 Stadler M110/M111
з 2018 2020 20 Мг
24 Мп[29]
40/44 Вагоны мадэлі M110 — маторныя галаўныя, M111 — маторныя прамежкавыя.
Перспектыўная схема ліній Мінскага метрапалітэна[33]:
 — дзеючыя лініі
 — будуемыя лініі
•••••••••••• — праектаваныя лініі
 — станцыі метро

Працяг Зеленалужскай лініі

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля адкрыцця ў 2020 годзе першага ўчастка Зеленалужскай лініі з чатырох станцый, будаўніцтва было працягнута ў паўднёва-заходнім напрамку. Вядуцца работы па будаўніцтве трох станцый («Аэрадромная», «Немаршанскі сад», «Слуцкі гасцінец») і Слуцкага электрадэпо. Гэты ўчастак плануецца запусціць недзе у 2024 годзе[18]. У далейшым лінія будзе падоўжана ў паўночна-ўсходнім напрамку да плошчы Бангалор (станцыі «Прафсаюзная», «Пярэспа», «Камароўская» і «Парк дружбы народаў»). Завершыцца будаўніцтва лініі станцыямі «Івана Мележа», «Зялёны луг», «Лагойская».

Працяг першай і другой лініі

[правіць | правіць зыходнік]

У перспектывах развіцця Мінскага метрапалітэна таксама ўваходзіць працяг Маскоўскай і Аўтазаводскай ліній. Так, Маскоўская лінія папоўніцца станцыяй «Смаленская» (праспект Незалежнасці, раён Палаца лёгкай атлетыкі і спартыўна-стралковага комплексу). На Аўтазаводскай лініі з’явяцца станцыі «Красны Бор» (скрыжаванне вуліц Прытыцкага і Каменнагорскай) і «Шабаны» (скрыжаванне Партызанскага праспекта і вуліцы Сяліцкага). Падоўжыць 2-ю лінію да станцыі «Шабаны» плануецца пасля 2043 года[34].

Схема развіцця ліній метрапалітэна (2016)

У перспектыве плануецца будаўніцтва чацвёртай лініі. Яна пройдзе пад Другім кальцом ад Вяснянкі да Серабранкі і Чыжоўкі. Працягнецца на 25,4 км і будзе складацца з 17 станцый[35].

Першапачаткова планавалася, што лінія будзе праходзіць ад плошчы Бангалор пад вуліцы Сурганава праз перасадачную станцыю «Акадэмія навук», далей пад вуліцамі Батанічнай і Уральскай, сустрэнецца на станцыі «Трактарны завод» з 2-й лініяй і пройдзе праз мікрараён Серабранка да мікрараёна Чыжоўка. У 2015 годзе прынята рашэнне, што лінія стане кальцавой, а ў Чыжоўку яна не пойдзе[36].

Рухомы састаў

[правіць | правіць зыходнік]

22 сакавіка 2023 года завод «Метровагонмаш» і ДП «Мінскі метрапалітэн» падпісалі кантракт на пастаўку 7 чатырохвагонных электрацягнікоў «Москва (81-765)», якія будуць перавозіць пасажыраў пасля ўводу ў эксплуатацыю другога ўчастка трэцяй лініі Мінскага метро[37][38]. Першы цягнік плануюць увесці для абкаткі і адаптацыі ў ліпені. Астатнія саставы будуць атрыманы ў канцы года, калі адкрыюцца новыя станцыі.

Страйк машыністаў

[правіць | правіць зыходнік]

17—21 жніўня 1995 года метрапалітэн не працаваў праз страйк машыністаў, нагодай для якой стала парушэнне кіраўніцтвам метрапалітэна калектыўнага дагавора і тарыфнай дамовы. Страйкоўцы, карыстаючыся падтрымкай Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ), патрабавалі адстаўкі кіраўніцтва, своечасовай выплаты заробкаў і поўнага выканання дамовы. Улады адрэагавалі на забастоўку масавымі арыштамі найбольш актыўных яе ўдзельнікаў і выкарыстаннем працы штрэйкбрэхераў (машыністаў-чыгуначнікаў з лакаматыўных дэпо Орша і Баранавічы, а таксама расійскіх інструктараў з Масквы і Пецярбурга). За ўдзел у забастоўцы было звольнена 58 чалавек, а дзейнасць СПБ была прыпынена[39].

Трагедыя на Нямізе

[правіць | правіць зыходнік]

Масавая цісканіна ў падземным пераходзе Мінска каля станцыі метро «Няміга», якая адбылася 30 траўня 1999 года. Ахвярамі сталі 53 чалавекі.

Паводка ў Мінску

[правіць | правіць зыходнік]

Улетку 2009 году ў Мінску здарылася паводка праз моцную залеву. Было затоплена шмат цэнтральных вуліц, у тым ліку і метро — вада цалкам затапіла некалькі глыбока закладзеных станцый, рух цягнікоў на абедзвюх лініях быў спынены, а пасажыры выведзены са станцый.

Выбух у Мінскім метро

[правіць | правіць зыходнік]

11 красавіка 2011 года здзейснены тэрарыстычны акт, першы ў гісторыі мінскага метро, загінула 15, пацярпела 203 чалавекі.

Станам на 2023 год лініі метро абслугоўвае два электрадэпо — ТЧ-1 «Маскоўскае» і ТЧ-2 «Магілёўскае». Да ТЧ-1 «Маскоўскае» прыпісана — 37 пяцівагонных саставаў (185 вагонаў) тыпу 81-717/714, да ТЧ-2 «Магілёўскае» 36 пяцівагонных саставаў (191 вагон) і 6 чатырохвагонных саставаў (24 вагона). Менавіта тут абслугоўваюцца Stadler M110/M111

Таксама ў метрапалітэне ў дэпо «Маскоўскае» маецца 3 службовых мотавоза — 2 серыі ДМс і 1 АГМу.

У актыўнай стадыі будаўніцтва знаходзіца Слуцкае электрадэпо прызначанае для Зеленалужскай лініі.

Аўтаінфарматар

[правіць | правіць зыходнік]

Усе станцыі аб’яўляюцца на беларускай мове дыктарам Уладзімірам Баклейчавым. Аб’явы з просьбай прайсці ўсярэдзіну салона, сцерагчыся кішэнных крадзяжоў, не заходзіць за абмежавальную лінію аб’яўляе дыктар Уладзімір Трапянок.

У сакавіку-снежні 2014 года ў аўтаінфарматар былі дададзены аб’явы на англійскай мове, якія гучаць пасля аб’яўлення на беларускай мове (у сувязі з Чэмпіянатам свету па хакеі з шайбай 2014). З лютага 2017 года аб’явы аўтаінфарматара зноў дубліраваны на англійскай мове.

Асноўнае дзеянне постапакаліптычнага рамана «МУОС. Постъядерный мир. Постъядерный Минск» адбываецца ў мінскай падземцы. Кніга з’яўляецца адным з прадстаўнікоў Сусвету Метро 2033.

У Мінскам метро здымалі шэраг эпізодаў фільма «Землетрасенне». Паказаны станцыі: Акадэмія Навук, Маскоўская, і Парк Чалюскінцаў. Аднак у цітрах пра Мінскі метрапалітэн нічога не сказана.

У Мінскім метрапалітэне разгортваюцца дзеянні некаторых відэагульняў.

  • У гульні для мабільных прылад «Minsk Subway Simulator» узноўлены Маскоўская, Аўтазаводская і Зеленалужская лініі. Рэліз гульні адбыўся 24 верасня 2021 года кампаніяй «ZRK Team»[40]. Таксама у гульні ёсць мінскія «Нумарныя» і электрацягнік Stadler M110/M111. Пад канец 2021 года выйшла абнаўленне з навагодняй размалёўкай для «Нумарнога». На май 2023 гульня налічвае больш за 500 000 запамповак у Google Play.
  • У дадатку (модзе) «Metrostroi Subway Simulator» да гульні «Garry’s Mod» у Steam узноўлена першая чарга Маскоўскай лініі станам на 1984 год з дзеючым на ёй асноўным сродкам сігналізацыі АЛС-АРС. Лінія функцыянуе як адон у Steam Workshop і распрацавана «гульцамі-энтузіястамі» з Расіі і Беларусі[41][42]. Дадатак вылучаецца сярод іншых сімулятараў высокай рэалістычнасцю[43].

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]
  • Першая лінія метро ў Мінску сіняга колеру, а не чырвонага, як у большасці метрапалітэнаў у СССР. Чырвоная — другая лінія па часе адкрыцця. Аналагічная сітуацыя ў Варшаўскім метрапалітэне.
  • Станцыя «Каменная Горка» — самая заходняя на постсавецкай прасторы.

Мабільная сувязь

[правіць | правіць зыходнік]

На ўсіх станцыях мінскага метрапалітэна працуе сотавая сувязь.

З 33 станцый мінскага метро ў 14 ёсць станцыі-цёзкі ў іншых гарадах постсавецкай прасторы.

  1. Аўтазаводская
  2. Вакзальная
  3. Кастрычніцкая
  4. Маладзёжная
  5. Маскоўская
  6. Партызанская
  7. Першамайская
  8. Плошча Леніна
  9. Плошча Перамогі
  10. Пралетарская
  11. Пушкінская
  12. Спартыўная
  13. Трактарны завод
  14. Фрунзенская

У нумарацыі турнікетаў першая лічба азначае нумар станцыі.

Зноскі

  1. а б Метро сегодня // Минский метрополитен: официальный сайт
  2. Польский С. А. Демографические проблемы развития Минска. — Минск: БГУ, 1976. — С. 17-18.
  3. Минское метро: архивные съёмки и проекты будущего(недаступная спасылка)
  4. Фото: Пётр Кострома.. Как строилось минское метро. Моменты из истории отечественной «подземки»(недаступная спасылка). Фотофакт. Рэспубліка № 139 (4805) (30 ліпеня 2009). — Десять фотографий строительства минского метро. Архівавана з першакрыніцы 24 чэрвеня 2012. Праверана 8 лютага 2012.
  5. https://metropoliten.by/by/o_metropolitene/
  6. МЕТРО ПА-РАНЕЙШАМУ АСНОЎНЫ ПАСАЖЫРСКІ ТРАНСПАРТ МІНСКА(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 лютага 2021. Праверана 28 лютага 2021.
  7. Дзяржпрамнагляд МНС праверыў спраўнасць травалатараў новай Веткі мінскага метро
  8. https://metropoliten.by/information/schedule/index.php?sphrase_id=11653
  9. Минский метрополитен: оплата проезда(недаступная спасылка). Государственное предприятие «Минсктранс». Архівавана з першакрыніцы 31 мая 2012. Праверана 27 красавіка 2012.
  10. По жетонам — 31 % пассажиров. Метрополитен подсчитал, как оплачивали поездки в 2014(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 лютага 2015. Праверана 9 лютага 2015.
  11. В июне на всех станциях минского метро можно будет оплатить проезд банковской картой(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 жніўня 2018. Праверана 31 мая 2018.
  12. Сотрудники службы безопасности Минского метрополитена получили право проводить личный досмотр пассажиров, а также досмотр их вещей и документов. Архівавана з першакрыніцы 16 сакавіка 2022. Праверана 27 красавіка 2020.
  13. Системы видеонаблюдения установят в депо минского метро в 2014 году(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 22 лютага 2014. Праверана 16 лютага 2014.
  14. В минском метро теперь работают 24 зоны досмотра(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2015. Праверана 16 студзеня 2015.
  15. а б в Сколько людей ездит по третьей ветке минского метро – цифры удивляют (руск.). tochka.by (19 лютага 2024). Праверана 23 лютага 2024.
  16. 30 лет назад минчане опробовали новый вид транспорта — метрополитен(недаступная спасылка). TUT.BY. Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016.
  17. Подведены итоги пассажиропотока за 2017 год. metropoliten.by. Архівавана з першакрыніцы 11 студзеня 2018. Праверана 11 студзеня 2018.
  18. а б https://www.sb.by/articles/dalshe-po-zelenoluzhskoy.html
  19. Третью линию минского метро откроют через шесть лет(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 9 красавіка 2019. Праверана 8 студзеня 2019.
  20. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2022. Праверана 29 мая 2023.
  21. Обойтись без бюджета? В прошлом году жетончик мог стоить 4600 рублей, в нынешнем — около 5000 Архівавана 25 верасня 2020.
  22. Минский метрополитен в 2015 году: некоторые итоги(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 лютага 2016. Праверана 7 красавіка 2021.
  23. В 2015 году Минский метрополитен перевёз на 4 % меньше пассажиров, чем в 2014-м Архівавана 31 студзеня 2016.
  24. Минский метрополитен в 2016 году: цифры и факты(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 сакавіка 2019. Праверана 7 красавіка 2021.
  25. За 2018 год — перевезли более 283 миллионов пассажиров(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 лютага 2020. Праверана 7 красавіка 2021.
  26. В 2019 году перевезли на 10 миллионов пассажиров больше(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 красавіка 2020. Праверана 7 красавіка 2021.
  27. Метро по-прежнему основной пассажирский транспорт Минска(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 26 студзеня 2021. Праверана 7 красавіка 2021.
  28. Статистика по метрополитенам стран СНГ Архівавана 14 лістапада 2007. — Киевский транспортный форум
  29. а б в г д е Минск. Метрополитен. Подвижной состав. TransPhoto. Архівавана з першакрыніцы 28 мая 2018. Праверана 28 чэрвеня 2020.
  30. Список вагонов минского метрополитена. Архівавана з першакрыніцы 29 лістапада 2010. Праверана 6 сакавіка 2010.
  31. Первый поезд «Минск-2024» из России начал курсировать по Зеленолужской линии минского метро (руск.)
  32. Электровагоны типов 81-717.5М/714.5М, 81-717.5Б/714.5Б и 81-714.5П. Метровагоны. Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2011. Праверана 29 жніўня 2011.
  33. Праектная схема паэтапнага развіцця ліній метрапалітэна. Архівавана з першакрыніцы 5 верасня 2021. Праверана 5 верасня 2021.
  34. Когда в Шабанах появится метро, и поедут ли автобусы по ул. Якуба Коласа. minsknews.by. 2019-04-04. Архівавана з першакрыніцы 8 красавіка 2019. Праверана 26 чэрвеня 2020.
  35. Проектная схема поэтапного развития линий метрополитена. Архівавана з першакрыніцы 5 верасня 2021. Праверана 5 верасня 2021.
  36. Подробности генплана: четвертая линия минского метрополитена будет кольцевой, а трамвай пойдет в Сухарево. realt.onliner.by (13 кастрычніка 2015). Архівавана з першакрыніцы 28 чэрвеня 2020. Праверана 26 чэрвеня 2020.
  37. https://metrowagonmash.ru/press_slyjba/news/2023-god/metrovagonmash-postavit-28-vagonov-metro-v-minskiy-metropoliten/
  38. Власти Минска определились с новыми поездами для метро (руск.). tochka.by (30 студзеня 2024). Праверана 24 лютага 2024.
  39. История чрезвычайных происшествий в минском метро. Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2016. Праверана 13 кастрычніка 2020.
  40. About Minsk subway simulator (руск.). AppKiwi.
  41. Мастерская Steam::gm_metro_minsk_1984 - main addon // MetroPack (руск.). steamcommunity.com. Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2022. Праверана 8 чэрвеня 2022.
  42. Энтузиасты создали карту минского метро в Garry's Mod (руск.). PlayGround.ru. Архівавана з першакрыніцы 8 чэрвеня 2022. Праверана 8 чэрвеня 2022.
  43. Интервью с разработчиками Metrostroi и немного о Subtransit (руск.). Transport Games. Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2020. Праверана 20 сакавіка 2022.