Рэфармацыя
Рэфармацыя |
Рухі і дэнамінацыі
Ключавыя падзеі
|
Рэфарма́цыя — рэлігійны і грамадскі рух у XV і XVI стагоддзях, які меў мэтай рэформу хрысціянства. Пачаткам Рэфармацыі лічыцца выступленне Марціна Лютэра ў 1517 годзе, а некаторымі — дзейнасць Яна Гуса на сто гадоў раней. Галоўная мэта — гэта вяртанне да першакрыніцы, Бібліі, вяртанне да Боскага погляду на Царкву, на грамадства, на чалавека.
Яе пачаткам прынята лічыць выступленне доктара багаслоўя Вітэнбергскага ўніверсітэта Марціна Лютэра, якое адбылося 31 кастрычніка 1517 года, калі ён прыбіў да дзвярэй вітэнберскай Замкавай царквы свае «95 тэзісаў», у якіх выступаў супраць існуючых злоўжыванняў каталіцкай царквы, у прыватнасці супраць продажу індульгенцый. Канцом Рэфармацыі можна лічыць падпісанне вестфальскіх дагавораў у 1648 годзе[1], паводле вынікаў якіх рэлігійны фактар перастаў адыгрываць істотную ролю ў еўрапейскай палітыцы.
Асноўнымі прычынамі Рэфармацыі з’яўляліся пераадоленне феадальнай раздробленасці і ўзнікненне цэнтралізаваных дзяржаў, эканамічны крызіс пасля з’яўленне велізарнай колькасці амерыканскага золата, спусташэнне банкаў, незадаволенасць розных слаёў насельніцтва Еўропы маральным раскладаннем каталіцкай царквы, якое суправаджалася эканамічнай і палітычнай манапалізацыяй. Комплекс мер, прадпрынятых каталіцкай царквой і езуітамі для барацьбы з Рэфармацыяй, атрымаў назву Контррэфармацыі.
У выніку рэфармацыі з’явіўся новы кірунак у хрысціянстве — пратэстанцтва, які ў сваю чаргу мае свае адгалінаванні: лютэранства (стваральнік — Марцін Лютэр), англіканства (Генрых VIII), кальвінізм (Жан Кальвін) і іншыя.
Гістарычныя падзеі
[правіць | правіць зыходнік]Хрысціянства |
---|
Біблія |
Тройца |
Гісторыя хрысціянства |
Хрысціянскае багаслоўе |
Галіны хрысціянства |
Свяшчэнная Рымская імперыя
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак
[правіць | правіць зыходнік]У Германіі, якая на пачатак XVI стагоддзя ўсё яшчэ заставалася палітычна раздробленай дзяржавай, незадаволенасць царквой падзялялі шырокія колы грамадства[2], з той прычыны, што з сялян збіралася царкоўная дзесяціна і пасмяротныя паборы, прадукцыя рамеснікаў не магла канкурыраваць з прадукцыяй манастыроў, якія не абкладаліся падаткам, царква пашырала свае зямельныя ўладанні ў гарадах, пагражаючы ператварыць мяшчан у пажыццёвых даўжнікоў[3]. Усё гэта, а таксама велізарныя сумы грошай, якія Папскі Прастол вывозіў з Германіі, і маральнае разлажэнне духавенства, паслужыла падставай да выступлення Марціна Лютэра, які 31 кастрычніка 1517 года прыбіў да дзвярэй Вітэнбергскай Замкавай царквы свае «95 тэзісаў». У іх доктар багаслоўя выступаў супраць продажу індульгенцый і ўлады Папы над адпушчэннем грахоў. У сваім вучэнні ён абвяшчаў, што царква і духавенства не з’яўляюцца пасрэднікам паміж чалавекам і Богам. Ён абвясціў, што папская царква не мае паўнамоцтваў даваць людзям праз таінствы «адпушчэнне грахоў» і «выратаванне душы», якое зрабіць можа толькі Бог. Асноўнае палажэнне, выказанае Лютэрам, абвяшчала, што чалавек дасягае «выратавання душы» (або «апраўдання») не праз царкву і яе абрады, а пры дапамозе веры, што даруецца яму непасрэдна Богам[4]. Таксама Лютэр абверг аўтарытэт Святой Традыцыі, гэта значыць, пастаноў царквы і папскіх дэкрэтаў, адводзячы ролю адзінай крыніцы рэлігійнай ісціны толькі Свяшчэннаму Пісанню[4].
Папства першапачаткова не выказала асаблівай заклапочанасці яго выступленнем. Сутыкненні паміж рознымі манаскімі ордэнамі былі не рэдкасцю, таму дзейнаму Папу здалося, што гэта чарговая «манаская сварка». Аднак Лютэр, заручыўшыся падтрымкай Фрыдрыха III, курфюрста Саксонскага, не саступаў прысланым папскім эмісарам, у той жа час абавязваючыся не распаўсюджваць свае ідэі пры ўмове, што маўчанне будуць захоўваць і яго праціўнікі[5]. Аднак падзеі на Лейпцыгскім дыспуце прымусілі яго перапыніць маўчанне. Выказаўшы падтрымку Яну Гусу і недавер царкоўнаму сабору, які асудзіў дзейнасць чэшскага гуманіста, Лютэр фактычна перарваў адносіны з царквой. Наступным крокам было тое, на што да гэтага практычна ніхто не адважваўся: 10 снежня 1520 года пры вялізнай колькасці народу Лютэр спаліў папскую булу, дзе асуджаліся яго погляды. Пасля такой падзеі ў справу ўмяшаліся свецкія ўлады. Ізноў абраны імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Карл V выклікаў Лютэра на імперскі сойм у Вормс з мэтай пераканаць яго адмовіцца ад сваіх поглядаў — падобна на тое, як сто гадоў таму аналагічную спробу зрабіў імператар Жыгімонт у дачыненні да Гуса. Лютэру далі два дні, каб ён даў адказ на пытанне аб тым, ці гатовы ён адмовіцца ад сваіх поглядаў, аднак нямецкі святар не саступіў, за што згодна з Вормскім эдыктам быў пастаўлены па-за законам на тэрыторыі Свяшчэннай Рымскай імперыі.
Другі этап
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Вормскага эдыкта пачаліся першыя рэпрэсіі супраць прыхільнікаў Лютэра. Так, папскі легат Джыралама Алеандэр, які і спрыяў прыняццю імператарам гэтага рашэння, пасля сойма накіраваўся ў Нідэрланды, дзе па яго падгаворах былі спалены два манахі, якія сталі першымі пакутнікамі Рэфармацыі.
Фрыдрых Мудры вырашыў не пакідаць свайго прафесара без абароны. Для гэтага Лютэр на шляху з Вормса быў выкрадзены групай людзей курфюрста, прычым сам Фрыдрых не ведаў, дзе знаходзіцца Лютэр, каб не лжэсведчыць, калі імператар Карл V яго спытае пра гэта[6][7]. Лютэр быў змешчаны ў аддалены замак Вартбург, дзе пра яго знаходжанне ведаў толькі сакратар курфюрста Георг Спалацін. У Вартбургу Лютэр заняўся перакладам спачатку Новага Запавету, а затым і ўсёй Бібліі на нямецкую мову. Разам з гэтым у імперыі выступленне Лютэра на Вормскім рэйхстагу ўзрушыла шырокія народныя масы, якія зыходзячы са сваіх саслоўных інтарэсаў па-рознаму трактавалі вучэнне Лютэра.
У адсутнасць Марціна ў Вітэнбергу разгарнуўся бюргерскі рух, на чале якога сталі Андрэас Карлштат і Габрыель Цвілінг. Удзельнікі гэтага руху патрабавалі неадкладных радыкальных пераўтварэнняў, у прыватнасці, асуджалі каталіцкія імшы, ухвалялі ліквідацыю манаскіх абяцанняў і выхад манахаў з манастыроў[8], часта пры гэтым выказваючы сваю незадаволенасць у форме пагромаў каталіцкіх храмаў. У процівагу «цялеснаму мяцяжу» Цвілінга і Карлштата Лютэр прапанаваў ідэю «духоўнага бунту», гэта значыць, мірнага шляху Рэфармацыі, але яна не атрымала шырокай падтрымкі сярод насельніцтва[8].
Лютэранства |
---|
На працягу гэтага часу ў Лютэра былі важкія падставы спадзявацца на ўвасабленне сваёй ідэі «духоўнага бунту», бо імперскае панаванне насуперак папскай буле 1520 года і Вормскаму эдыкту 1521 года не забараняла рэфарматарскія рухі, пераносячы канчатковае рашэнне на будучы рэйхстаг або царкоўны сабор. Новыя рэйхстагі адкладвалі разгляд справы да склікання царкоўнага сабора, толькі забараняючы Лютэру друкаваць новыя кнігі.
Аднак услед за рухам радыкальнай бюргерскай групоўкі, які суправаджаўся стыхійнымі выступленнямі народных мас, у краіне адбылося выступленне імперскага рыцарства. У 1523 годзе частка рыцараў на чале з Ульрыхам фон Гутэнам і Францам фон Зікінгенам, незадаволеных сваім становішчам у імперыі, падняла паўстанне, абвясціўшы сябе прадаўжальнікамі справы Рэфармацыі, аднак асноўнай мэтай паўстання было павышэнне статуса рыцарства ў краіне.
Сялянская вайна Томаса Мюнцэра
[правіць | правіць зыходнік]Сялянская вайна стала следствам тлумачэння сялянскімі масамі ідэй Рэфармацыі як закліку да сацыяльных пераўтварэнняў. Шмат у чым гэтым настроям спрыяла вучэнне Томаса Мюнцэра, які ў сваіх казаннях заклікаў да паўстання, сацыяльна-палітычнага перавароту. Аднак няздольнасць сялянскіх мас і бюргерства згуртавацца ў сумеснай барацьбе прывяла да паражэння ў вайне[4]. Пасля заканчэння Сялянскай вайны на рэйхстагу ў Шпаеры ў 1526 годзе дзеянне Вормскага эдыкта па патрабаваннях нямецкіх князёў было прыпынена. Аднак праз тры гады там жа Вормскі эдыкт быў пацверджаны, што выклікала пратэст шасці нямецкіх князёў і некалькіх імперскіх гарадоў. Паводле назвы гэтага дакумента — Шпаерскай пратэстацыі — прыхільнікі Рэфармацыі надалей пачалі называцца пратэстантамі[9].
У 1527 годзе Лютэр зрабіў візітацыі ў парафіі, якія цяпер лічыліся евангеліцкімі. Вынік быў засмучальным: рэфарматара ўразіла глыбокае невуцтва не толькі вернікаў, але і кіраўнікоў прыходаў. У выніку Лютэр напісаў дзве кнігі — Малы Катэхізіс, прызначаны для вернікаў, і Вялікі Катэхізіс, які прызначаўся для пастараў. У іх Лютэр даў сваё тлумачэнне Дзесяці запаведзям, малітве Ойча наш, Сімвалу веры, выклаў, як адбываюцца хрышчэнне і прычашчэнне і ў чым іх сэнс. У 1529 годзе Філіпам Гесэнскім была зроблена спроба аб’яднаць намаганні прыхільнікаў Лютэра і Цвінглі ў ходзе супольнага дыспуту. Аднак у выніку ўдзельнікі Марбургскага дыспуту не здолелі дагаварыцца па адным-адзіным пункце з шаснаццаці. Гэта пункт датычыўся рэальнай прысутнасці плоці і крыві Хрыста ў еўхарыстыі. У выніку Лютэр адмовіўся прызнаць Цвінглі за адзінаверца.
Аўгсбургскі рэйхстаг
[правіць | правіць зыходнік]На наступным рэйхстагу ў Аўгсбургу процідзейныя бакі зрабілі спробу дамовіцца. Лютэру было забаронена ўдзельнічаць у імперскім сходзе, у выніку ён накіраваў дэлегатам на сойм свайго друга і аднадумца Філіпа Меланхтана, які прадставіў там дакумент, пасля названы Аўгсбургскім спавяданнем. Прыхільнікі каталіцтва вылучылі свае аргументы супраць тэксту, якія былі агучаны, зрэшты пісьмовы тэкст прыхільнікам Рэфармацыі пададзены не быў. Апошнія, аднак, паспелі запісаць аргументы апанентаў на слых. У якасці адказу Меланхтанам пад кіраўніцтвам Лютэра быў напісаны больш аб’ёмны тэкст — Апалогія Аўгсбургскага вызнання. Гэта былі першыя дакументы, у якіх было больш-менш паслядоўна выкладзена дагматычнае вучэнне новага рэлігійнага руху.
У ходзе рэйхстага веравызнаўчыя тэксты былі складзены і прыхільнікамі Цвінглі, якія атрымалі назву Тэтрапалітанскае вызнанне. Пасля Аўгсбургскага рэйхстага пратэстанцкія князі пачалі фарміраваць абарончы Шмалькальдэнскі саюз, натхняльнікам стварэння якога стаў Філіп Гесэнскі.
Пасля смерці Лютэра
[правіць | правіць зыходнік]Адразу ж пасля смерці Лютэра пратэстантаў Германіі чакала суровае выпрабаванне. Атрымаўшы шэраг перамог над туркамі і французамі, імператар Карл V вырашыў заняцца ўнутранымі справамі. Заключыўшы саюз з Папам і Вільгельмам Баварскім, ён накіраваў свае войскі на землі князёў-удзельнікаў Шмалькальдэнскага саюза. У выніку Шмалькальдэнскай вайны войскі пратэстантаў былі разгромлены, у 1547 годзе войскамі імператара быў захоплены Вітэнберг, які ўжо амаль 30 гадоў з’яўляўся неафіцыйнай сталіцай пратэстанцкага свету, аднак магіла Лютэра, паводле загаду імператара, не была разварушана, а курфюрст Іаган-Фрыдрых Саксонскі і ландграф Філіп апынуліся за кратамі. У выніку на рэйхстагу ў Аўгсбургу 15 мая 1548 года быў абвешчаны інтэрым — пагадненне паміж каталікамі і пратэстантамі, згодна з якім пратэстанты былі вымушаны пайсці на значныя саступкі. Аднак увасобіць план Карлу не ўдалося: пратэстантызм ужо быў добра развіты ў Германіі і з’яўляўся рэлігіяй не толькі князёў і купцоў, але сялян і рудакопаў, у выніку чаго правядзенне інтэрыма сустракала ўпартае супраціўленне.
Тады з ініцыятывы Морыца Саксонскага група ўмераных пратэстанцкіх тэолагаў на чале з Меланхтанам выпрацавала больш прымальны для лютэран тэкст інтэрыма, аднак і ён выклікаў негатыўную рэакцыю з боку зацятых прыхільнікаў Рэфармацыі, якія атрымалі назву гнесіялютэранаў. Канфлікт паміж імі і прыхільнікамі Меланхтана працягваўся амаль 30 гадоў.
Швейцарыя
[правіць | правіць зыходнік]Сітуацыя, аналагічная нямецкай, склалася і ў Швейцарыі, дзе аўтарытэт каталіцкай царквы ўпаў з-за злоўжыванняў, распусты і невуцтва клірыкаў. Манапольнае становішча царквы ў галіне ідэалогіі тут таксама было падарвана поспехамі свецкай адукацыі і ідэямі гуманізму. Аднак у Швейцарыі да ідэалагічных перадумоў дадаліся яшчэ і палітычныя, мясцовае бюргерства імкнулася ператварыць канфедэрацыю незалежных адзін ад аднаго кантонаў у федэрацыю, правесці секулярызацыю царкоўных зямель, забараніць ваеннае найміцтва, якое адцягвала працоўныя рукі ад вытворчасці.
Аднак падобныя настроі пераважалі толькі ў т. зв. гарадскіх кантонах краіны, дзе ўжо зарадзіліся капіталістычныя адносіны. У больш кансерватыўных лясных кантонах захоўваліся сяброўскія адносіны з каталіцкімі манархіямі Еўропы, арміі якіх яны і забяспечвалі наймітамі. Да таго ж Рэфармацыя ў Швейцарыі падтрымлівалася канфедэрацыяй незалежных тэрыторый, такім чынам, гарады і мястэчкі самі абіралі тое веравызнанне, якое яны лічылі верным. Цесная сувязь палітычна-ідэалагічнага пратэсту і спарадзіла рух Рэфармацыі ў Швейцарыі, найбольш яркімі прадстаўнікамі якога выступілі Ульрых Цвінглі і Жан Кальвін.
Цюрыхскі рэфарматар
[правіць | правіць зыходнік]Пачатак руху быў пакладзены ў Цюрыху, дзе ў 1518 годзе святаром кафедральнага сабора быў абраны вядомы прапаведнік Ульрых Цвінглі. Ужо добра вывучыўшы Біблію, ён у сваіх казаннях пачаў вучыць народ таму, што выратаванне дасягаецца не захаваннем рэлігійнай абраднасці, а верай у збавіцельную ахвяру Ісуса Хрыста. У скорым часе святар пайшоў далей, і ў сакавіку 1522 года ён з кафедры выказаўся пра адсутнасць неабходнасці захавання царкоўнага паста і, адпаведна, выплаты царкоўнага штрафу за яго невыкананне, а ў ліпені таго ж года напісаў два адкрытыя пасланні біскупу Канстанцскаму і членам Швейцарскага саюза пра шкоду цэлібату і пра дазвол духавенству ўступаць у шлюб.
У гэты час цюрыхскі гарадскі савет прызначыў правядзенне дыспуту, на якім Цвінглі на падставе Бібліі павінен быў даказаць праўдзівасць свайго вучэння. На дыспут былі запрошаны архібіскуп і прадстаўнікі ўсіх кантонаў, аднак прыехалі толькі прадстаўнікі Шафгаўзена. Архібіскуп прыслаў свайго вікарыя Фабера, якому была дадзена ўстаноўка выслухаць Цвінглі, але ў спрэчкі не ўступаць. У сваю чаргу рэфарматар грунтоўна падрыхтаваўся да дыспуту, напісаўшы 67 тэзісаў — праграму як царкоўнай, так і дзяржаўнай рэформы, якую ён збіраўся на гэтым дыспуце абараніць. Дыспут пачаўся 29 студзеня 1523 года, і па яго выніках Цюрых надалей адмовіўся прызнаваць уладу Канстанцкага архібіскупа і прыступіў да шырокіх царкоўных рэформ.
15 сакавіка 1524 года ў Цюрыху быў выдадзены ўказ пра скасаванне імшы і знішчэнне абразоў. У выніку з цэркваў былі выдалены ўсе выявы, зламаны арганы, мошчы святых пахаваны. Сярод іншага, Цвінглі прыступіў да пераўладкавання царкоўнай арганізацыі: калі раней уся ўлада належала біскупам, то Цвінглі ўзмацніў дэмакратычныя тэндэнцыі ў арганізацыі царквы, паставіўшы на чале прыход, які сам абіраў сабе прапаведніка. За Цюрыхам рушылі ўслед царкоўныя рэформы ў іншых швейцарскіх гарадах — Берне, Базелі, Шафгаўзене, Санкт-Галене і Гларусе, дзе паступова да ўлады прыйшлі прыхільнікі Рэфармацыі, аднак частка гэтак званых лясных кантонаў Швіц, Уры, Унтэрвальдэн і Цуг, а таксама гарады Люцэрн і Фрыбур засталіся вернымі каталіцтву. У канфедэрацыі наспяваў раскол, таму ў 1528 годзе каталікі прапанавалі зладзіць дыспут, ад якога дагэтуль усяляк ухіляліся.
У 1529 годзе паміж кантонамі адбыўся першы канфлікт. Падставай яго быў арышт у Швіцы цюрыхскага святара Якаба Кайзера, які быў спалены, нягледзячы на пратэсты Цюрыха. У адказ Цюрых і Берн накіравалі свае сілы да Капеля. Аднак пры пасрэдніцтве іншых кантонаў паміж супрацьлеглымі бакамі быў заключаны мір, па ўмовах якога пратэстанцкія кантоны сталі пераможным бокам і атрымлівалі значную грашовую кампенсацыю. Гэтак званая першая Капельская вайна скончылася, так і не пачаўшыся.
У 1531 годзе наспела новая канфрантацыя паміж «хрысціянскім саюзам» і ляснымі кантонамі. Аднак Берн адмовіўся ад рашучых дзеянняў, выступаючы за блакаду каталіцкіх кантонаў. Ды і ў самім Цюрыху прыхільнікаў ваенных дзеянняў было няшмат. У выніку цюрыхскае войска аказалася нашмат меншым, чым чакалася. 11 кастрычніка 1531 года цюрыхскі атрад быў разгромлены перавышаючымі сіламі праціўніка, сярод забітых быў Цвінглі, які пасмяротна быў асуджаны і чвартаваны.
Жэнева
[правіць | правіць зыходнік]З цягам часу рэфарматарскі рух зрушыўся з нямецкай Швейцарыі ў французскую частку, то бок з Цюрыха ў Жэневу, дзе першапачаткова рэфарматарскі рух узначаліў Гіём Фарэль, які яшчэ ў пачатку 1520-х гадоў быў вымушаны з-за сваіх поглядаў эмігрыраваць з Францыі. Тут ён актыўна займаўся рэфарматарскай дзейнасцю, дапамагаў Ульрыху Цвінглі, Іагану Экалампадыусу і Марціну Буцэру, прымаў удзел у наладжванні кантактаў з вальдэнсамі. У 1532 годзе Фарэль прапаведаваў у Жэневе. Сваёй пропаведдзю ён прыцягнуў шмат прыхільнікаў, аднак выклікаў сваімі прамовамі незадаволенасць кіраўніцтва горада і быў выгнаны. Аднак пры дапамозе ўлад Берна, які аказваў Жэневе ваенную дапамогу, яму ўдалося вярнуцца ў горад. У 1536 годзе гарадскі савет Жэневы прыняў рашэнне аб усталяванні ў горадзе рэфармаванага набажэнства. Аднак Фарэль адчуваў, што яму не хапае здольнасцей стаць на чале руху.
Летам 1536 года праз Жэневу праязджаў Жан Кальвін, якога Фарэль папрасіў застацца дзеля пашырэння дзейнасці па рэфармаванні царквы. Кальвін пагадзіўся і разам з Фарэлем прапанаваў гарадскому савету свой праект т. зв. «Articles concernant l'organisation de l'église et du culte à Genève» (Артыкулаў па ўпарадкаванні царквы і набажэнстваў у Жэневе) . Услед за тым былі складзены катэхізіс і вызнанне. Хоць Фарэль і выказваў у вызнанні свой слабы погляд на адлучэнне, але ўвогуле ён падпарадкаваўся памкненням Кальвіна і яго вучэнню пра незалежнасць царквы ад дзяржавы. Ужыванне праграмы Кальвіна выклікала ў Жэневе апазіцыю, і пасля перамогі партыі «лібертынаў» на выбарах 1538 года справа дайшла да выгнання абодвух рэфарматараў з горада. У 1540 годзе прыхільнікі Кальвіна і Фарэля, гілермены, заклікалі Кальвіна назад. Пасля доўгай барацьбы ў 1542 годзе рэфарматары здолелі настаяць на арганізацыі царквы ў духу Кальвіна.
Для большай эфектыўнасці рэформ Кальвін прапаноўваў выкарыстоўваць дзяржаўны апарат, каб прыводзіць у выкананне суровыя пакаранні, якія былі залішне жорсткімі. Гэтак у 1553 годзе ўлады горада Жэневы з прычыны выраку Кансісторыі спалілі вядомага навукоўца і прапаведніка Мігеля Сервета, які прапаведаваў антытрынітарнае вучэнне. У выніку напружанай працы Кальвіна, Фарэля і іх аднадумцаў Жэнева ў выніку стала новым цэнтрам Рэфармацыі ў Швейцарыі. У 1549 годзе Кальвін і Булінгер падпісалі Цюрыхскае пагадненне, у выніку якога адбылося аб’яднанне кальвіністаў і паслядоўнікаў Цвінглі. У 1559 годзе была створана Жэнеўская акадэмія, якая занялася падрыхтоўкай кадраў для новай канфесіі.
Скандынавія
[правіць | правіць зыходнік]На працягу XVI стагоддзя ўся Скандынавія звярнулася ў лютэранства, калі манархі Даніі, якія таксама панавалі ў Нарвегіі, Ісландыі, і Швецыі (разам з Фінляндыяй), прынялі новую веру.
Данія
[правіць | правіць зыходнік]Пры Фрэдэрыку I у 1523—1533 гадах Данія афіцыйна заставалася каталіцкай дзяржавай. Але не зважаючы на тое, што Фрэдэрык першапачаткова абавязаўся праследаваць лютэран, ён неўзабаве прыняў палітыку абароны лютэранскіх прапаведнікаў і рэфарматараў, сярод якіх самым вядомым быў Ганс Таузен[10]. Лютэранства, такім чынам, шырока распаўсюдзілася сярод дацкага насельніцтва. Сын Фрэдэрыка, Крысціян, быў лютэранінам, што перашкодзіла яго абранню на пасаду караля пасля смерці яго бацькі. У 1536 годзе шэраг каталіцкіх біскупаў спынілі дзейнасць Нацыянальнага сходу[11]. У наступным годзе, пасля перамогі ў Графскай вайне, ён стаў каралём пад імем Крысціян III і працягнуў рэфармаванне дзяржаўнай царквы пры садзейнічанні Іаганеса Бугенгагена.
Швецыя
[правіць | правіць зыходнік]У Швецыі Рэфармацыя была пашырана па ініцыятыве Густава Вазы, які быў абраны каралём у 1523 годзе. Спрэчкі з Папам з нагоды ўмяшання апошняга ў шведскія царкоўныя справы прывялі да спынення афіцыйных сувязей паміж Швецыяй і папствам з 1523 года, якое працягваецца і дагэтуль[10]. Праз чатыры гады, на пасяджэнні рыксдага ў Вестэрасе, кароль паспяхова прымусіў рыксдаг прызнаць яго ўладу над нацыянальнай царквой. Такім чынам, вынікі былі наступнымі: кароль атрымаў валоданне ўсёй царкоўнай маёмасцю; царкве цяпер для прызначэння епіскапаў патрабавалася каралеўская ўхвала; духавенства падпадала пад грамадзянскае права; «чыстае Слова Божае» афіцыйна павінна было прапаведавацца ў царкве і ў школах з пазіцыі лютэранскіх ідэй[10].
Англія
[правіць | правіць зыходнік]Аддзяленне англіканскай царквы ад панавання Рыма пры Генрыху VIII, пачынаючы з 1529 года і заканчваючы 1537 годам, адбывалася ў час шырокага руху Рэфармацыі, аднак рэлігійныя змены ў англійскай нацыянальнай царкве працягваліся больш кансерватыўна, чым у іншых краінах Еўропы. Рэфарматары англіканскай царквы на працягу стагоддзяў вагаліся паміж сімпатыямі да старажытнай каталіцкай традыцыі і рэфармацкімі прынцыпамі, паступова развіваючы традыцыю сярэдняга шляху паміж рымска-каталіцкай і пратэстанцкай традыцыямі.
У адрозненне ад кантынентальнай Еўропы, англійская Рэфармацыя праходзіла па іншым шляху, гэта значыць, у Англіі ўжо даўно быў моцны антыклерыкалізм, а таксама меўся рух лалардаў Джона Уікліфа, які адыграў важную ролю ў натхненні чэшскіх гусітаў. Аднак гэты рух быў фактычна задушаны да таго часу і знаходзіўся ў падпольным стане, таму ацаніць ступень яго ўплыву ў 1520-я гады вельмі цяжка. Адрозны характар англійскай Рэфармацыі абумоўлены першапачаткова палітычнымі патрэбамі Генрыха VIII.
Генрых першапачаткова быў шчырым каталіком і нават напісаў кнігу, якая рэзка крытыкавала дзейнасць Лютэра, але пазней ён палічыў мэтазгодным і карысным разрыў адносін з папам. Кароль Генрых вырашыў вывесці англіканскую царкву з-пад улады Рыма. У 1534 годзе ім быў падпісаны Акт аб супрэматыі, які абвясціў англійскага караля кіраўніком англіканскай царквы. Паміж 1535 і 1540 гадамі Томас Кромвель праводзіў палітыку, вядомую як Цюдараўская секулярызацыя. Шанаванне некаторых святых, паломніцтва і пэўныя святыні таксама падвергліся нападам. Вялікая колькасць царкоўных зямель і маёмасці перайшла ў рукі кароны і ў канчатковым выніку да шляхты.
Аднак у Рэфармацыі Генрыха былі і свае выдатныя праціўнікі, як святы Томас Мор і біскуп Джон Фішэр, якія былі пакараны смерцю за сваю апазіцыю да караля. Разам з англіканствам пашырыліся і іншыя пратэстанцкія рухі, як цвінгліянства і кальвінізм, якія, аднак, у Англіі не прыжыліся. Пасля смерці Генрыха англійскім каралём стаў яго малалетні сын Эдуард VI, англіканін па веры, які дзякуючы сваім упаўнаважаным саветнікам, герцагу Сомерсета і герцагу Нартумберленда, працягнуў справу свайго бацькі.
Тым не менш, рэлігія ў Англіі ўсё яшчэ знаходзілася ў стане пастаяннага змянення. Пасля кароткага каталіцкага аднаўлення ў час панавання Марыі ў 1553—1558 гадах кансенсус быў дасягнуты ў час панавання Лізаветы I, хоць гэты момант з’яўляецца не поўнасцю вызначаным сярод гісторыкаў. Але менавіта рэлігійнае ўрэгуляванне Лізаветы ў значнай ступені сфарміравала англіканства ў своеасаблівай традыцыі, якая вагалася паміж крайнім кальвінізмам, з аднаго боку, і рымскім каталіцызмам — з другога. У параўнанні з крывавым і хаатычным станам спраў у суседняй Францыі, рэлігійная сітуацыя была адносна ціхай ажно да Англійскай рэвалюцыі ў XVII стагоддзі.
Шатландыя
[правіць | правіць зыходнік]Рэфармацыя ў Шатландыі скончылася стварэннем нацыянальнай царквы, што было падтрымана англійскім урадам дзеля змяншэння французскага ўплыву на Шатландыю. Лідарам і пачынальнікам шатландскай Рэфармацыі лічаць Джона Нокса.
Рэфармацыйны парламент, куды ўваходзіў і Джон Нокс, у 1560 годзе скасаваў каталіцтва ў краіне паводле «шатландскага вызнання веры», якое забараняла служэнне месы і зацвердзіла пратэстанцкую дактрыну. Гэта стала магчымым дзякуючы рэвалюцыі супраць французскага панавання ў асобе рэгентшы Марыі дэ Гіз, якая кіравала Шатландыяй у адсутнасць сваёй дачкі Марыі Сцюарт, каралевы Шатландыі і Францыі.
У час рэфарматарскага руху была створана Царква Шатландыі, а праз яе ўсе астатнія прэсвітарыянскія цэрквы па ўсім свеце.
Духоўнае адраджэнне ўспыхнула таксама сярод рыма-каталікоў неўзабаве пасля дзейнасці Марціна Лютэра і прывяло да стварэння руху Кавенанта, папярэдніка шатландскага прэсвітарыянства. Гэты рух шырока распаўсюдзіўся ў Шатландыі і нават меў вялікі ўплыў на фарміраванне пурытанства ў англіканскай царкве ў Англіі. Шатландскія кавенантары падвяргаліся праследаванням з боку рымска-каталіцкай царквы, з-за чаго некаторая частка кіраўнікоў руху выехала ў Францыю, а потым у Швейцарыю.
Францыя
[правіць | правіць зыходнік]Пратэстантызм таксама шырока распаўсюдзіўся ў Францыі, дзе пратэстанты атрымалі мянушку гугеноты. Барацьба паміж новым рухам і каталікамі ў канчатковым выніку прывяла да дзесяцігоддзяў грамадзянскай вайны.
Не зважаючы на тое, што ён не быў асабіста зацікаўлены ў рэлігійнай рэформе, Францыск I першапачаткова падтрымаў права на свабоду веравызнання, якое ўзнікла ў выніку яго цікавасці да гуманістычных рухаў. Сітуацыя змянілася ў 1534 годзе пасля Справы аб плакатах, калі пратэстанты асудзілі каталіцкую імшу ў плакатах, якія былі надрукаваны і распаўсюджаны ва ўсіх буйных гарадах Францыі і дайшлі нават да каралеўскіх апартаментаў. Было зноў паднята пытанне аб веравызнанні, бо Францыск прапанаваў перагледзець рух як пагрозу стабільнасці каралеўства. Гэтая падзея прывяла да першай буйной фазы антыпратэстанцкага праследавання ў Францыі. Быў створаны адмысловы трыбунал пры парыжскім парламенце, вядомы як «Вогненная палата» (фр.: Chambre ardente), задачай якога было праследаванне за ерась. Некалькі тысяч французскіх пратэстантаў пакінулі краіну на працягу гэтага часу, у першую чаргу Жан Кальвін, які пасяліўся ў Жэневе.
Кальвін працягваў праяўляць цікавасць да рэлігійных спраў на роднай зямлі і, знаходзячыся ў Жэневе, па-за межамі дасяжнасці французскага караля, рэгулярна праводзіў навучанне пастараў, якія неслі пропаведзі ў грамады ў Францыі. Нягледзячы на суровае праследаванне з боку караля Генрыха II, рэфармацкая царква Францыі, якая ў асноўным была кальвінісцкай, мела ўстойлівае павелічэнне колькасці вернікаў сярод шырокіх слаёў насельніцтва: гарадской буржуазіі і часткі дваранства, прывабліваючы людзей, якія былі адчужаны ўпартасцю і самаздаволеннем каталіцкіх устаноў.
Французскі пратэстантызм у хуткім часе набыў выразна палітычны характар, які стаў відавочным у 1550-х гадах. Такі эфект стварыў перадумовы для рада разбуральных канфліктаў, вядомых як рэлігійныя войны. Грамадзянскай вайне спрыяла раптоўная смерць Генрыха II у 1559 годзе, пасля чаго пачаўся працяглы перыяд слабасці французскай кароны. Злачынствы і хваляванні сталі вызначальнымі характарыстыкамі таго часу, якія набылі асаблівую моц у жніўні 1572 года ў час Варфаламееўскай ночы, калі рыма-каталікі знішчылі ад 30 тысяч да 100 тысяч гугенотаў у Францыі[12]. Вайна сціхла, калі Генрых IV, сам былы гугенот, выдаў Нанцкі эдыкт, абяцаючы афіцыйную памяркоўнасць да пратэстанцкай меншасці, але пры вельмі абмежаваных умовах. Каталіцтва заставалася афіцыйнай дзяржаўнай рэлігіяй, а ўплыў французскіх пратэстантаў паступова зніжаўся на працягу наступнага стагоддзя, што прывяло да выдання Людовікам XIV эдыкта Фантэнбло, які скасоўваў Нанцкі эдыкт і абвяшчаў каталіцтва адзінай законнай рэлігіяй Францыі. У адказ на эдыкт Фантэнбло Фрыдрых Вільгельм I, курфюрст Брандэнбурга, выдаў Патсдамскі эдыкт, які надаваў гугенотам права свабоднага пражывання на падначаленай яму тэрыторыі, а таксама скасоўваў спагнанне падаткаў для перасяленцаў тэрмінам на дзесяць гадоў.
У канцы XVII стагоддзя многія гугеноты беглі ў Англію, Нідэрланды, Прусію, Швейцарыю і англійскія і галандскія калоніі. Значная суполка пратэстантаў у Францыі засталася ў рэгіёне Севены. Асобная пратэстанцкая грамада лютэранскага веравызнання існавала ў заваяванай правінцыі Эльзас, на якую не распаўсюджваўся эдыкт Фантэнбло.
Нідэрланды
[правіць | правіць зыходнік]Рэфармацыя ў Нідэрландах, у адрозненне ад многіх іншых краін, не была распачата мясцовымі дзеячамі, а складалася з некалькіх народных рухаў, якія, у сваю чаргу, былі падмацаваны прыбылымі пратэстанцкімі ўцекачамі з іншых частак кантынента. У той час як рух анабаптыстаў карыстаўся асаблівай папулярнасцю ў рэгіёне ў першыя дзесяцігоддзі Рэфармацыі, кальвінізм у форме Нідэрландскай рэфармацкай царквы стаў дамінуючым кірункам веры ў краіне з 1560-х гадоў і надалей.
Суровае праследаванне пратэстантаў іспанскім урадам на чале з Філіпам II спрыяла імкненню да незалежнасці ў правінцыі, што прывяло да пачатку Васьмідзесяцігадовай вайны і ў канчатковым выніку да падзелу пераважна пратэстанцкай Нідэрландскай рэспублікі і Паўднёвых Нідэрландаў (сучасная тэрыторыя Бельгіі), у якіх дамінавала каталіцтва.
Рэч Паспалітая
[правіць | правіць зыходнік]Каралеўства Польскае
[правіць | правіць зыходнік]У першай палове XVI стагоддзя Польшча была краінай многіх веравызнанняў, але каталіцтва з’яўлялася пануючай рэлігіяй краіны. Рэфармацыя дасягнула Польшчы ў 1520-я гады і хутка заваявала папулярнасць сярод, у асноўным, нямецкамоўных жыхароў буйных гарадоў, як Гданьск, Торунь і Эльблёнг. Герцагства Прусія стала ключавым цэнтрам руху ў рэгіёне, дзе меліся шматлікія выдавецтвы па выданні не толькі Бібліі, але і катэхізісаў на розных мовах.
Лютэранства набыло папулярнасць у паўночнай частцы краіны, у той час як кальвінізм зацікавіў шляхту ў Малой Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім. У сярэдзіне XVI стагоддзя некалькі выдавецтваў было адчынена ў Малой Польшчы. У той час у Польшчу прыйшлі чэшскія браты, якія сяліліся ў асноўным у Вялікай Польшчы, вакол Лешні. У 1565 годзе з’явілася таварыства польскіх братоў у якасці яшчэ аднаго рэфарматарскага руху.
Вялікае Княства Літоўскае
[правіць | правіць зыходнік]У 1517 годзе ў Празе была выдана Біблія на старабеларускай мове Францыскам Скарынам, які згадваецца як «ератык гусітаў»[13]. У 1530 годзе ў Кёнігсбергу быў выданы Малы Катэхізіс Лютэра на польскай мове.
У 1553 годзе Мікалай Радзівіл Чорны, канцлер Вялікага Княства, звярнуўся ў кальвінізм, адчыніўшы некалькі пратэстанскіх збораў у Брэсце, Вільні і Нясвіжы[14]. XVI стагоддзе, час распаўсюджвання Рэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, лічыцца залатым векам гісторыі Беларусі[15].
У Рэчы Паспалітай
[правіць | правіць зыходнік]У XVI стагоддзі Рэч Паспалітая стала ўнікальнай краінай Еўропы з-за шырокага распаўсюджвання талерантнасці, зацверджанай Варшаўскай канфедэрацыяй. Аднак перыяд талерантнасці скончыўся пры каралі Жыгімонце III Вазе, які знаходзіўся пад моцным уплывам Пятра Скаргі і іншых езуітаў. Пасля Крывавага патопу і іншых войнаў сярэдзіны XVII стагоддзя, калі ўсе ворагі Рэчы Паспалітай былі ці пратэстантамі, ці праваслаўнымі, стаўленне да рэфармацыі змянілася. У 1658 годзе ў выніку дзейнасці Контррэфармацыі польскія браты былі вымушаны пакінуць краіну, а ў 1666 годзе сойм забараніў адступніцтва ад каталіцызму да любой іншай рэлігіі пад пагрозаю смерці. Нарэшце ў 1717 годзе сойм забараніў некаталікам быць дэпутатамі.
Сярод найбольш вядомых пратэстанцкіх дзеячаў Рэчы Паспалітай варта вылучыць Мікалая Рэя, Васіля Цяпінскага, Марціна Чаховіца, Андрэя Фрыча і Сымона Буднага.
Славенскія землі
[правіць | правіць зыходнік]Выдатнай фігурай рэфармацыйнага руху і яго заснавальнікам на славенскіх землях з’яўляецца прапаведнік Прымаж Трубар. У 1547 годзе ён быў высланы з Любляны. У час сваёй працы ў нямецкім Ротэнбургу ён напісаў першыя дзве кнігі славенскай мовай, «Catechismus» і «Abecedarium», якія былі апублікаваны ў 1550 годзе ў нямецкім Цюбінгене. З 8 чэрвеня 2010 года ў Славеніі адзначаецца Дзень Прымажа Трубара[16]. Прымаж лічыцца таксама пачынальнікам стандартызацыі славенскай мовы і выдатным дзеячам славенскай культурнай гісторыі[17][18].
Тэалогія
[правіць | правіць зыходнік]Не зважаючы на тое, што пратэстанцкія рухі шмат у чым адрозніваліся адзін ад аднаго, яны мелі і агульныя рысы, якія праяўляюцца ў трох галоўных прынцыпах: «апраўданне верай» (лац.: Sola fide), «Вяртанне да Пісання» (лац.: Sola Scriptura) і існасць толькі абранай групы хрысціян, якія атрымаюць выратаванне («Прадвызначэнне»)[19]. Згодна з пратэстанцкай тэалогіяй толькі ў Бібліі ўтрымліваюцца Боскія адкрыцці, дзе менавіта і апісаны гэтыя галоўныя прынцыпы.
Лютэранства
[правіць | правіць зыходнік]Адной з галоўных тэм вучэння Марціна Лютэра з’яўляецца прынцып «апраўдання верай», да якога святар прыйшоў на выснове асабістага вопыту і Свяшчэннага Пісання, узяўшы за аснову «Пасланне да Рымлян апостала Паўла». Паводле лютэраўскай інтэрпрэтацыі выратаванне магчыма толькі адной верай, без наяўнасці добрых учынкаў, аднак пры гэтым маральнасць жыцця цалкам не перакрэсліваецца[19]. Добрыя ўчынкі чалавек павінен рабіць не дзеля свайго выратавання альбо нейкага асабістага плёну, але дзеля павелічэння ўзроўню жыцця хрысціянскага таварыства, як Боскай праявы. Такім чынам, Лютэрам была скасавана значнасць правядзення таінстваў, што ў сваю чаргу ставіла пад пытанне існаванне іерархічнай структуры ў царкве. Сярод таінстваў Лютэр пакінуў толькі хрышчэнне і еўхарыстыю.
Лютэр не лічыў Біблію беспамылковай, дапускаючы існаванне ў ёй перайначання фактаў і перабольшвання ісцінных Божых слоў[19]. З’яўляючыся акадэмічным багасловам, Лютэр перш за ўсё лічыў, што рэфарміраваць трэба ў першую чаргу багаслоўе[20].
Анабаптызм
[правіць | правіць зыходнік]Дактрына Цвінглі мела рысы падабенства з лютэранствам, але і нямала адрознівалася ад яго. Як і Лютэр, Цвінглі абапіраўся на Свяшчэннае Пісанне і адпрэчваў «Святую Традыцыю», рэзка крытыкаваў схаластычную тэалогію, адстойваў прынцыпы «апраўдання верай» і «ўсеагульнага свяшчэнства». Ідэалам для яго былі раннехрысціянскія цэрквы. Ён не прызнаваў таго, што нельга было, на яго погляд, абгрунтаваць сведчаннем Свяшчэннага Пісання, і таму не прызнаваў царкоўнай іерархіі, манаства, пакланення святым, бясшлюбнасці духавенства. У крытыцы абрадаў каталіцкай царквы ён ішоў далей чым Лютэр. Галоўнае багаслоўскае адрозненне паміж імі заключалася ў рознай трактоўцы еўхарыстыі, якая насіла ў Цвінглі больш рацыяналістычны характар. Ён бачыў у еўхарыстыі не таінства, а знак, абрад, які здзяйсняецца ў напамін пра збавіцельную ахвяру Хрыста. У той час, як Лютэр ішоў на саюз з князямі, Цвінглі быў прыхільнікам рэспубліканізму, выкрывальнікам тыраніі манархаў і князёў[21].
Кальвінізм
[правіць | правіць зыходнік]Стрыжневай тэмай вучэння Жана Кальвіна з’яўлялася вучэнне пра «ўсеагульнае прадвызначэнне», згодна з якім Бог вызначыў кожнаму чалавеку яго долю, г.зн. адным быў прыгатаваны вечны праклён і смутак, іншым, абраным, — вечнае выратаванне і асалода. Чалавеку не дадзена змяніць сваю долю, ён здольны толькі верыць у сваю абранасць, прыкладваючы ўсю сваю працавітасць і энергію, каб дасягнуць поспеху ў свецкім жыцці. Кальвін сцвярджаў духоўны характар еўхарыстыі, лічыў, што Божую ласку пры яе здзяйсненні атрымліваюць толькі выбраныя[22].
Контррэфармацыя
[правіць | правіць зыходнік]Рэфармацыя выклікала зваротную рэакцыйную палітыку з боку Каталіцкай Царквы, якая атрымала назву Контррэфармацыі. У выніку Рэфармацыі каталіцкімі засталіся Італія, Іспанія, поўдзень Германіі, частка кантонаў Швейцарыі і Ірландыя. У канцы XVI стагоддзя каталіцтва атрымала перамогу на поўдні Нідэрландаў (сучасная Бельгія) і ў Рэчы Паспалітай. Францыя аказалася дзяржавай, дзе дзяржаўнай рэлігіяй было каталіцтва, аднак пратэстанты доўгі час карысталіся правам свабоднага веравызнання. Неабходна заўважыць, што Контррэфармацыя мела як знешні, так і ўнутраны бок. Калі вонкава гэта выяўлялася ў гвалтоўным задушэнні рэфарматарскага руху шляхам праследавання пратэстантаў, распаўсюджвання інквізіцыі і стварэння Індэкса забароненых кніг, то ўнутрана гэта былі працэсы, якія можна назваць Рэфармацыяй у самой каталіцкай Царкве.
У 1536 годзе Папа Павел III стварыў адмысловую камісію, у склад якой запрасіў членаў таварыства «Капліца Божай любові», якія склалі справаздачу, што ў многіх злоўжываннях у Каталіцкай царкве былі вінаваты Папы і кардыналы, якія ставілі меркантыльныя інтарэсы вышэй за духоўныя[23]. У 1545 годзе па ініцыятыве Паўла III быў скліканы Трыдэнцкі сабор, які павінен быў даць адказ на многія важныя духоўныя пытанні сучаснасці. На саборы, які доўжыўся на працягу пантыфікату некалькіх пап, былі прыняты не толькі рашэнні па дагматычных пытаннях, але і былі сфармуліраваны дэкрэты ў сувязі з царкоўнымі злоўжываннямі.
Перад смерцю Павел III пакаяўся ў непатызме[24]. Наступныя папы, хоць і не выяўляючы паслядоўнасці, але гэтак жа змагаліся з гэтай з’явай. Акрамя гэтага Папы вялі барацьбу за аднаўленне маральнага аблічча кліру каталіцкай царквы. Так, Павел IV, удзельнік камісіі Паўла III, выгнаў з Рыма 113 біскупаў, якія незаконна пакінулі свае епархіі, пры ім сотні манахаў былі адпраўлены зноў у свае манастыры. Праследаванням падвяргаліся нават кардыналы, западозраныя ў амаральнасці[25].
Акрамя гэтага, былі заснаваны манаскія ордэны новага тыпу — тэатынцы, капуцыны, урсулінкі і езуіты. Апошнія заняліся актыўнай прапагандай каталіцтва як у пратэстанцкіх краінах, так і на тэрыторыях, дзе да гэтага наогул не было хрысціянскіх місіянераў. Пры ўступленні ў ордэн езуіт даваў прысягу не толькі генералу, але і самому папе. Шмат у чым дзякуючы дзейнасці езуітаў удалося вярнуць у каталіцтва Рэч Паспалітую[26].
Спадчына
[правіць | правіць зыходнік]Вынікі рэфармацыйнага руху немагчыма ахарактарызаваць адназначна. З аднаго боку, каталіцкі свет, які аб’ядноўваў усе народы Заходняй Еўропы пад духоўным кіраўніцтвам Папы Рымскага, спыніў існаванне. Адзіная каталіцкая царква была заменена мноствам нацыянальных цэркваў, якія часта знаходзіліся ў залежнасці ад свецкіх кіраўнікоў, тады як ранейшыя клірыкі маглі апеляваць да Папы ў якасці арбітра. З другога боку, нацыянальныя цэрквы спрыялі росту нацыянальнай свядомасці народаў Еўропы. Пры гэтым істотна павысіўся культурны і адукацыйны ўзровень жыхароў Паўночнай Еўропы, якая да гэтага была ўскраінай хрысціянскага свету, г.зн. неабходнасць вывучэння Бібліі прыводзіла да росту як пачатковых навучальных устаноў, у асноўным у форме царкоўна-прыходскіх школ, так і вышэйшых, што выявілася ў стварэнні ўніверсітэтаў для падрыхтоўкі кадраў нацыянальных цэркваў. Для некаторых моў спецыяльна была распрацавана пісьменнасць, каб мець магчымасць выдаваць на іх Біблію. Абвяшчэнне духоўнай роўнасці стымулявала развіццё ўяўленняў аб роўнасці палітычнай. Так, у краінах, дзе большасць складалі рэфарматы, свецкім людзям даваліся вялікія магчымасці ў кіраванні царквой, а грамадзянам — у кіраванні дзяржавай[27].
Пратэстанцкая працоўная этыка
[правіць | правіць зыходнік]Асноўным жа дасягненнем Рэфармацыі стала тое, што яна значна паспрыяла змене старых феадальных эканамічных адносін на новыя капіталістычныя. У сваёй працы «Пратэстанцкая этыка і дух капіталізму» Макс Вебер першым выказаў здагадку, што культурныя каштоўнасці могуць паўплываць на эканамічныя поспехі[28], сцвярджаючы, што пратэстанцкая Рэфармацыя прывяла да значнага развіцця пратэстанцкіх краін. Такія пратэстанцкія рухі, як кальвінізм і многія іншыя, з больш строгай дактрынай, забаранялі марнатраўнае выкарыстанне з цяжкасцю заробленых грошай, а купля прадметаў раскошы была вызначана як грэх[29]. Імкненне да эканоміі, да развіцця прамысловасці, да адмовы ад дарагіх забавак, роўна як і дарагіх набажэнстваў, спрыяла назапашванню капіталу, які ўкладваўся ў гандаль і вытворчасць. У выніку пратэстанцкія дзяржавы пачалі апярэджваць у эканамічным развіцці каталіцкія і праваслаўныя. Нават сама этыка пратэстантаў спрыяла развіццю эканомікі.
Пісьменнасць
[правіць | правіць зыходнік]Рэфармацыя была часам трыумфу пісьменнасці і выкарыстанне новай друкавальнай машыны. Пераклад Лютэрам Бібліі на нямецкую мову быў вырашальным момантам у распаўсюджанні пісьменнасці, які стымуляваў выданне і распаўсюджванне рэлігійных кніг і брашур. З 1517 года рэлігійныя брашуры ў вялікай колькасці вырабляліся ў Германіі і большай частцы Еўропы[30].
Да 1530 года было зроблена больш за 10 тысяч публікацый, якія, як вядома, увогуле налічвалі дзесяць мільёнаў асобнікаў. Рэфармацыя, такім чынам, правяла сапраўдную культурную рэвалюцыю. У скорым часе стала вядома, што друк можа быць выкарыстаны для прапаганды пэўных ідэй. Асабліва вялікай колькасці дасягнулі публікацыі на нямецкай мове, у тым ліку пераклад Лютэрам Бібліі, яго Малы Катэхізіс для бацькоў для навучання дзяцей, і яго Вялікі Катэхізіс для пастараў. Ілюстраванне нямецкай Бібліі таксама значна папулярызавала ідэі Лютэра. Лукас Кранах Старэйшы, выдатны мастак і блізкі сябар Лютэра, займаўся аздабленнем тэалагічных прац Лютэра выявамі. Сваімі выявамі ён драматызаваў погляды Лютэра ў адносінах паміж Старым і Новым Запаветам, не забываючыся пры гэтым быць асцярожным пры выкарыстанні візуальных вобразаў.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Edith 1966, с. 120—121.
- ↑ Reformation in the Holy Roman Empire . World History at KMLA. Праверана 15 красавіка 2013.
- ↑ Ермолаев, В. А. Гейльброннская программа: Программа немецкого радикального бюргерства в крестьянской войне 1525 года. — Саратов: Издательство Саратовского университета, 1986. — С. 68—69. — 262 с. — ISBN 5-09-002630-0.
- ↑ а б в Смирин, М. М. Германия в XVI и в начале XVII в. // История средних веков в двух томах. — М.: Высшая школа, 1977. — Т. 2. — С. 48—90. — 325 с.
- ↑ Кернс 1992, с. 125.
- ↑ Elton 1963.
- ↑ MacCulloch 2003, с. 132.
- ↑ а б Голубкин Ю. А. Социально-политические взгляды и позиция Мартина Лютера во время второго периода раннебуржуазной революции в Германии (1521—1524 гг.).. — Харьков: Автореф. дисс., 1976. — С. 26.
- ↑ Кернс 1992, с. 171.
- ↑ а б в Chapter 12 The Reformation In Germany And Scandinavia (pdf)(недаступная спасылка). — Renaissance and Reformation by William Gilbert. Архівавана з першакрыніцы 19 лютага 2015. Праверана 14 красавіка 2013.
- ↑ The Scandinavian Reformers (pdf). Праверана 14 красавіка 2013.
- ↑ Paris and the St. Bartholomew's Day Massacre: August 24, 1572(недаступная спасылка). Eckerd College Community. Архівавана з першакрыніцы 30 чэрвеня 2012. Праверана 14 красавіка 2013.
- ↑ Реформатор Франциск Скорина(недаступная спасылка). Реформаторское баптистское богословие. Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2016. Праверана 14 красавіка 2013.
- ↑ Протестантизм в Беларуси(недаступная спасылка). Семья Божья (14 красавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 7 лютага 2015. Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ Станіслаў Акінчыц.. Залаты век Беларусі . Рэфармацкае багаслоўе для Беларусі (14 красавіка 2013).(недаступная спасылка)
- ↑ Slovenia Gets Primoz Trubar Day(недаступная спасылка). Slovenia Press Agency (14 красавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 25 сакавіка 2012. Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ Voglar, Dušan. Primož Trubar v enciklopedijah in leksikonih I . Locutio. Maribor Literary Society.. Праверана 14 красавіка 2013.
- ↑ Trubar Year Dedicated to Father of Slovenian Written Word (feature)(недаступная спасылка). Slovenska tiskovna agencija. (14 красавіка 2013). Архівавана з першакрыніцы 2 лістапада 2013. Праверана 24 студзеня 2015.
- ↑ а б в Реформация . Энциклопедия Кругосвет.. Праверана 14 красавіка 2013.
- ↑ Богословская мысль Реформации // Гуманизм и виттенбергская Реформация . Праверана 14 красавіка 2013.(недаступная спасылка)
- ↑ История средних веков в двух томах // Под ред. Карпова.. — М.: Наука, 2005. — Т. 2. — С. 131—132.
- ↑ История средних веков в двух томах // Под ред. Карпова.. — М.: Наука, 2005. — Т. 2. — С. 134—135.
- ↑ Кернс 1992, с. 286.
- ↑ Ковальский 1991, с. 182.
- ↑ Ковальский 1991, с. 184.
- ↑ Кернс 1992, с. 292.
- ↑ Кернс 1992, с. 299.
- ↑ Why America Outpaces Europe (Clue: The God Factor) . The New York Times. Праверана 14 красавіка 2013.
- ↑ Max Weber. The Protestant Ethic and the Spirit of Capitalism. — 1905.
- ↑ Mark U. Edwards, Jr. Printing, Propaganda And Martin Luther. — Augsburg: Augsburg Fortress Publishers, 1994. — 244 с. — ISBN 0-80063-739-9.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кернс Эрл Е. Дорогами христианства. — М., 1992. — 125 с. — ISBN 5-85770-021-3.
- Geoffrey Elton. Reformation Europe: 1517—1559.. — London: Fontana, 1963. — 349 с. — ISBN 0-06131-270-3.
- Diarmaid MacCulloch. Reformation: Europe’s House Divided, 1490—1700.. — London: Allen Lane, 2003. — ISBN 0-14028-534-2.
- Simon, Edith. Great Ages of Man: The Reformation. — Time-Life Books, 1966. — ISBN 0-66227-820-8.
- Ковальский, Ян Веруш. Папы и папство. — М.: Политиздат, 1991. — 236 с. — ISBN 5-250-01237-X.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Рэфармацыя
- Рэфармацыя ў Беларусі
- Рэфармацыя і Контррэфармацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім(недаступная спасылка). Гісторыя Беларусі
- Internet Archive of Related Texts and Documents (англ.)
- 16th Century Reformation Reading Room Архівавана 7 красавіка 2014.. Extensive online resources, Tyndale Seminary (англ.)
- Реформация. Энциклопедия Кругосвет (руск.)