Перайсці да зместу

Згуртаванне беларусаў у Вялікай Брытаніі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі (ЗБВБ, англ.: Association of Belarusians in Great Britain) — беларуская арганізацыя ў Вялікабрытаніі. Першая і самая буйная арганізацыя, якая адыграла найбольшую ролю ў жыцці беларускай грамады Вялікабрытаніі.[1]

Урачысты сход Згуртавання, у прэзідыуме сядзіць старшыня Алена Міхалюк, Лондан, 2001

22 верасня 1946 года ў Лондане на сходзе ініцыятыўнай групы вырашана было заснаваць Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі[2]. Да склікання Агульнага з’езду была абрана Часовая рада: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (старшыня), Віктар Сянкевіч (сакратар) і Часлаў Кукель. Сход пастанавіў распрацаваць Статут, пачаць прыняцце членаў у арганізацыю і пачаць збор грошай на Беларускі дом у Лондане і на выдавецкі фонд[3].

Запрашэнне на прыняцце з нагоды святкавання стагоддзя БНР у Вэстмінстэрскім палацы, Лондан, 2018

Былі наладжаны кантакты з аналагічнай украінскай арганізацыяй — Саюзам украінцаў Вялікабрытаніі. Менавіта ў памяшканні СУБ праходзілі першыя сходы ініцыятыўнай групы[4]. Арганізацыя ў пачатковы перыяд сваёй дзейнасці не мела ні юрыдычнага адрасу, ні свайго памяшкання, таму кожны з ініцыятараў стварэння Згуртавання дзейнічаў самастойна там, дзе служыў. Так, Віктар Сянкевіч наогул пэўны час трымаў у сваім чамадане пад ваенным ложкам усе паперы ЗБВБ (спісы членаў, заявы, камунікаты і г. д.)[5].

Пасля візіту В. Жук-Грышкевіча і В. Сянкевіча ў Галоўны штаб Польскай арміі, да Станіслава Капаньскага, апошні выдаў 16 лістапада 1946 загад, згодна з якім беларускім жаўнерам польскіх узброеных сіл можна было належаць да ЗБВБ[6]. Дакумент наступнага зместу:

" Дазваляю жаўнерам Польскіх збройных сілаў беларускае нацыянальнасьці належаць да Згуртаваньня самапомачы беларусаў у Вялікабрытаніі "

быў апублікаваны ў польскамоўнай штодзённай газеце «Dziennik Polski i Dziennik Żołnierza», праўда, вельмі дробным кеглем[7]. Але справа з пашырэннем колькаснага складу Згуртавання шла марудна. Да канца 1946 членамі Згуртавання сталі толькі 62 асобы[8].

Выступае Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, на прыняцці з нагоды святкавання стагоддзя БНР, Лондан, 2018

Статут прыняты на 1-м агульным з’ездзе (18—19.1.1947), працай кіруе Галоўная ўправа. Створаны аддзелы ў Лондане (1947), Брэдфардзе (1948), Манчэстэры (1948), Бірмінгеме (1952). Асноўныя кірункі дзейнасці — нацыянальна-культурная, грамадска-арганізацыйная, інфармацыйна-выдавецкая праца, прадстаўніцтва беларусаў і дапамага ім у Вялікабрытаніі і іншых краінах. ЗБВБ выдавала часопіс «На шляху» (1946—51), «Беларус на Чужыне» (1947—50), выпусціла шэраг брашур, у т.л. «Беларусь пад расійскай акупацыяй» В. Жук-Грышкевіча (1949), «Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі 25 сакавіка 1918 г.» (1978). Галоўная ўправа выдае «Камунікат ЗБВБ» (з 1946).

У цяперашні час дзейнасць Згуртавання ўключае ў сябе:

  • ушанаванне памяці аб прыкметных падзеях у гісторыі беларускага незалежніцкага руху, такіх як абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 г. і Слуцкае паўстанне ў 1921 г.;
  • супрацоўніцтва і падтрымка беларускай дэмакратыі;
  • фінансавая падтрымка беларускіх культурных праектаў;
  • арганізацыя сустрэч у Брытаніі з вядомымі дзеячамі беларускай культуры і палітыкі;
  • узаемадзеянне з брытанскімі палітыкамі і журналістамі.

У 2018 годзе Згуртаванне арганізавала святкаванне стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Вэстмінстэрскім палацы.

Старшыні ЗБВБ

[правіць | правіць зыходнік]

Старшыні аддзелаў ЗБВБ

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Н. Гардзіенка (2010)
  2. Na Šlavchu. — 1946. — № 1.
  3. Камунікат ЗБВБ. — 1946. — № 1.
  4. Sienkievič V. Pačatki ZBVB // Na Šlavchu. — 1950. — № 9. — S. 2—3.
  5. А. Дз—ка. 25-годзьдзе ЗБВБ // Божым Шляхам. — 1972. — № 1 (129). — С. 1—3.
  6. Na Šlavchu. — 1946. — № 1; Весялкоўскі, Ю. Няясна мроіліся новыя дарогі. — Лёндан, 1997. — С. 111.
  7. Весялкоўскі, Ю. Дадатак да «Кароткіх успамінаў» Паўла Навары // Голас часу. — 1994. — № 32. — С. 30—32.
  8. Гардзіенка, Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі… — С. 78.
  • Гардзіенка Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / пад рэд. А. Гардзіенкі. — Мн,, 2010.
  • Ляднёва А. Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі // БелЭн у 18 т. Т. 7. — Мн., 1998.