Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі
(Інстытут радыебіялогіі НАНБ)
Institute of Radiobiology.png
Лагатып
Міжнародная назва Institute of Radiobiology
Заснаваны 1987
Дырэктар Ігар Анатолевіч Чэшык
Супрацоўнікаў 75
Аспірантура 03.01.01 Радыебіялогія
Размяшчэнне Сцяг Беларусі Гомель
Юрыдычны адрас 246007, Гомель, вул. Фядзюнінскага, 4
Сайт http://irb.bas-net.by

Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі — профільная акадэмічная навуковая арганізацыя Беларусі ў галіне радыебіялогіі. Месціцца ў Гомелі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Датай заснавання лічыцца 1987 год, калі паводле Пастановы Савета Міністраў БССР ад 28 студзеня 1987 г. № 25 Сектар геранталогіі АН БССР быў рэарганізаваны, на яго базе быў створаны Інстытут радыебіялогіі АН БССР.[1] Інстытут быў аднесены да Аддзялення біялагічных навук і яму былі вызначаны наступныя напрамкі дзейнасці:

  • вывучэнне механізму дзейнасці іянізуючай радыяцыі на рэгуляцыю метабалізму і функцыянальны стан важнейшых сістэм арганізму з мэтай рспрацоўкі метадаў павышэння ягонай радыерэзістэнтнасці;
  • вывучэнне заканамернасцей назапашвання і вывядзення з арганізму радыенуклідаў і стварэнне спосабпз уздзеяння на гэтыя працэсы, ацэнка ўплыву радыяцыйна-экалагічнага стану на жыццядзейнасць арганізму.

У 1995 годзе Інстытут увайшоў у склад новастворанага Аддзялення медыка-біялагічных навук.

Пастановай Савета Міністраў БССР ад 19 студзеня 1987 г. № 273-20 Інстытут быў зацверджаны галоўнай у рэспубліцы арганізацыяй па вырашэнні навуковых праблем, звязаных з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Гэтай жа пастановай было зацверджана будаўніцтва лабараторна-эксперыментальнага корпуса інстытута. Аднак праз фінансавыя цяжкасці будаўніцтва вялося марудна і ў канцы 1990-х гг. увогуле было спынена. Так, у Справаздачы аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі за 1996 год канстатавалася, што «Інстытут радыебіялогіі па-ранейшаму не мае ўласнага памяшкання. Яго лабараторыі і віварый размешчаны ў розных інстытутах акадэміі (інстытуты мікрабіялогіі, фізіка-арганічнай хіміі, тэхнічнай кібернетыкі, пляцоўка „Сосны“). Працягваюцца работы па будаўніцтве корпуса інстытута, рашэнне аб якім было прынята Саветам Міністраў БССР 19 жніўня 1987, але тэмпы будаўніцтва па-ранейшаму марудныя. …прыборны парк інстытута ў значнай ступені зношаны. … Для аператыўнай работы ў палявых умовах патрэбна перасоўная радыехімічная лабараторыя. Востра стаіць пытанне пра забеспячэнне ларабаторыЙ хімрэактывамі. Неабходны многія элементарныя рэчы: электрапліткі, лабараторны посуд, папера, канцылярскія тавары, абсталяванне люмінесцэнтнага пакоя для правядзення мадэльных эксперыментаў, дадатковыя плошчы для захоўвання і сушкі ўзораў раслін і глебы» [2]. Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за 2001 год сведчыць аб тым, што «Інстытут радыебіялогіі па-ранейшаму не мае ўласнага памяшкання. Яго лабараторыі і віварый размешчаны ў розных інстытутах акадэміі (інстытуты мікрабіялогіі, фізіка-арганічнай хіміі, біяарганічнай хіміі, пляцоўка „Сосны“). Работы па будаўніцтве лабараторна-эксперыментальнага корпуса Інстытута, рашэнне аб якім было прынята Саветам Міністраў БССР 19.08.1987, у 2001 з-за недастатковасці сродкаў не праводзілася. …большасць абсталявання набыта і ўведзена ў эксплуатацыю ў 1993—1995 гг. ці раней» [3].

Новым этапам развіцця Інстытута можна лічыць час з 2003 г. У сувязі з Пастановай № 35 Прэзідыума НАН Беларусі ад 17 красавіка 2003 года ў мэтах выканання даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ДНУ «Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі» пераведзены з г. Мінска ў г. Гомель і яму перададзена лабараторыя радыяцыйна-таксікалагічнай экалогіі з ДНУ «Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны» НАН Беларусі". Для размяшчэння інстытута ў г. Гомелі яму быў перададзены будынак СКТБ «Металапалімер» па вул. Фядзюнінскага, 4, у якім былі праведзены рамонтныя работы, з мэтай забеспячэння работы навуковых лабараторый інстытута ў адпаведнасці з патрабаваннямі нормаў радыяцыйнай бяспекі.

Сучасныя напрамкі даследаванняў[правіць | правіць зыходнік]

Інстытут радыебіялогіі ажыццяўляе сваю навуковую і навукова-арганізацыйную дзейнасць у адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі навуковых даследаванняў, зацверджанымі Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 13.01.2005 № 1 "Аб атэстацыі ДНУ «Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі»:

  • Ацэнка і прагноз аддаленых медыка-біялагічных наступстваў дзеяння іанізуючых выпраменьванняў;
  • Ацэнка ўплыву радыеактыўнага забруджвання на навакольнае асяроддзе, расліны, і жывёл, распрацоўка метадаў бяспечнага прыродакарыстання, радыеэкалагічны маніторынг;
  • Даследаванне працэсаў уключэння радыенуклідаў у харчовыя ланцугі ва ўмовах радыеактыўнага забруджвання, у тым ліку трансуранавых элементаў, паступлення і назапашвання іх у арганізме і фарміраванне доз апраменьвання, распрацоўка спосабаў ўздзеяння на гэтыя працэсы з мэтай зніжэння адмоўных наступстваў.

Пастановай Прэзідыума НАН Беларусі ад 20.10.2006 г. № 73 для Інстытута радыебіялогіі былі ўдакладнены асноўныя напрамкі навукова—тэхнічнай дзейнасці і навуковых даследаванняў у адпаведнасці з зацверджанымі ў Рэспубліцы Беларусь прыярытэтнымі напрамкамі навукова—тэхнічнай дзейнасці, фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў:

1.Па прыярытэтных напрамках навукова — тэхнічнай дзейнасці:

— «Медыцына і фармацыя»: стварэнне новых тэхналогій прафілактыкі захворванняў на аснове выкарыстання біялагічна актыўных дабавак, іншых лекавых сродкаў;

— «Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне» : маніторынг і прагназаванне стану навакольнага асяроддзя, рэабілітацыя радыеактыўна забруджаных зямель;

2. Па прыярытэтных напрамках фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў:

— «Распрацоўка новых лячэбных, дыягнастычных, прафілактычных і рэабілітацыйных тэхналогій, прыбораў і вырабаў медыцынскага прызначэння, лекавых і імунабіялагічных прэпаратаў, клетачных і малекулярна-біялагічных тэхналогій»: механізмы адаптацыі арганізма чалавека да дзеяння фактараў навакольнага асяроддзя, у тым ліку да ўздзеяння іанізуючага выпраменьвання;

— «Экалагічная бяспека, ахова навакольнага асяроддзя, карысныя выкапні і нетры Беларусі, эфектыўнае выкарыстанне і аднаўленне прыродных рэсурсаў, папярэджанне і ліквідацыя наступстваў надзвычайных сітуацый»: ахоўныя меры па пераадоленню аддаленых радыеэкалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Навукова-практычная значнасць Інстытута[правіць | правіць зыходнік]

  • Ацэнена радыяцыйна-экалагічная абстаноўка ў Беларусі і вызначаны тэндэнцыі яе дынамікі
  • Выяўлены і вывучаны асноўныя механізмы міграцыі і фіксацыі радыенуклідаў (як чарнобыльскага, так і глабальнага і натуральнага паходжання) у кампанентах экасістэм (глебе, вадзе, паветры) і ў трафічных ланцугах
  • Паказана, што ў раслінных арганізмаў у зонах максімальнага забруджвання назіраюцца метамарфозы і іншыя адхіленні ў развіцці, а таксама генетычныя парушэнні
  • Паказана, што ў эксперыментальных жывёл пад уздзеяннем малых доз іянізуючых выпраменьванняў праяўляюцца хібы ў функцыянаванні асноўных сістэм арганізму: эндакрыннай, імуннай, палавой, сардэчна-сасудзістай і інш., асабліва ў эмбрыёнаў і маладых жывёл.

Сучасны склад[правіць | правіць зыходнік]

Дырэктары Інстытута[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Постановление Совета Министров Республики Беларусь от 28 января 1987 г. № 25 «О создании Института радиобиологии Академии наук БССР»
  2. Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1996 годзе. — Мн., 1997. — С. 229—230.
  3. Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2001 годзе. — Мн., 2002. — С. 242—243.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Краткий отчет о деятельности Академии наук Беларуси в 1992—1996 годах. — Мн., 1997.
  • Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1995 годзе. — Мн., 1996.
  • Справаздача аб дзейнасці Акадэміі навук Беларусі ў 1996 годзе. — Мн., 1997.
  • Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 1997 годзе. — Мн., 1998.
  • Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 1999 годзе. — Мн., 2000.
  • Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2001 годзе. — Мн., 2002.
  • Справаздача аб дзейнасці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2003 годзе. — Мн., 2004.
  • Отчет о предварительных итогах деятельности Национальной академии наук Беларуси в 2004 году. — Мн., 2005.
  • Профіль Інстытута радыебіялогіі НАН Беларусі на старонцы Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі
  • Национальная академия наук Беларуси: 1929—1999 / Под науч. ред. Н. А. Борисевича, А. П. Войтовича. — Мн.: Беларуская навука, 1998. — С. 196—198. — ISBN 985080278-2

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]