Перайсці да зместу

Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фізіка-тэхнічны інстытут
Абрэвіятура ФТІ
Краіна
Адрас Мінск, Першамайскі раён, вул. Купрэвіча, д. 10
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта стварэнне абсталявання для апрацоўкі матэрыялаў і пакрыццяў
Тып арганізацыі навуковая
Кіраўнікі
Кіраўнік Віталь Залескі
Намеснік па навуковай працы Аляксей Белы
Намеснік па інавацыйнай працы Анатоль Міхнюк
Навуковая сакратарка Ганна Басалай
Заснаванне
Дата заснавання 29 сакавіка 1931
Асноўныя асобы Анатоль Іларыёнавіч Гардзіенка, Уладзімір Клубовіч, Аляксандр Пятровіч Ласкаўнёў[2]
Матчыная арганізацыя Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве[3]
Папярэднік кафедра фізікі Беларускай акадэміі навук
phti.by

Фізіка-тэхнічны інстытут — даследчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў сакавіку 1931 года.

На 2019 год ФТІ ўваходзіў у склад Аддзялення фізіка-тэхнічных навук НАНБ. У аспірантуру набіралі па трох спецыяльнасцях: 1) электрафізіка, 2) механічная і фізіка-тэхнічная апрацоўка, 3) матэрыялазнаўства. Інстытут выпускаў: 1) абсталяванне хуткаснага індукцыйнага нагрэву, пластычнай дэфармацыі і іонна-плазменнай апрацоўкі, 2) сродкі асабістай бронеабароны ўласнай распрацоўкі. Таксама ФТІ аказваў паслугі: 1) малатанажнай металургіі высокачыстых каляровых і высакародных металаў, 2) высокадакладнай пакоўкі медыцынскіх імплантантаў, 3) ахоўнага, біясумяшчальнага, дэкаратыўнага і ўмацавальнага пакрыцця; 4) металізавання рулонных матэрыялаў, 5) рэкуперавання прамысловых алмазаў, 6) выпрабавання алмазна-абразіўных і лязовых прылад, 7) вызначэння рэшткавага рэсурсу магістральных трубаправодаў[4].

Падраздзяленні

[правіць | правіць зыходнік]

На 2019 год Фізіка-тэхнічны інстытут уключаў:

  • 7 аддзелаў — 1) матэрыялазнаўства і ліцейна-дэфармацыйных тэхналогій, 2) нанаструктураваных матэрыялаў, 3) інжынерыі паверхні, 4) электронна-прамянёвых тэхналогій і фізікі плазмы, 5) індукцыйных тэхналогій і тэрмічнай апрацоўкі, 6) магнітаімпульнай апрацоўкі матэрыялаў, 7) канструктарска-тэхналагічны (з доследнай вытворчасцю);
  • лабараторыю прыкладнай механікі;
  • сектар металаграфічнага і рэнтгенаструктурнага аналізу;
  • навукова-вытворчы цэнтр «Тэхнамаг»[4].

29 сакавіка 1931 года Прэзідыум Беларускай акадэміі навук (БАН) зацвердзіў Пастанову № 9 аб стварэнні Фізіка-тэхнічнага інстытута (ФТІ) на аснове кафедры фізікі БАН. Да закрыцця ў 1938 годзе ФТІ стварыў 5 лабараторый: электрамагнітных ваганняў, электратэхнікі, геафізікі, металафізікі і рэнтгенаструктурнага аналізу. У 1945 годзе ў Акадэміі навук БССР стварылі фізіка-тэхнічны сектар, які ў 1947 годзе пераўтварылі ў Фізіка-тэхнічны інстытут. У 1950 годзе стварылі аспірантуру па 6 спецыяльнасцях[5]. У 1953 годзе ў ФТІ стварылі сектар фізікі і матэматыкі, які 17 студзеня 1955 года вылучылі ў Інстытут фізікі і матэматыкі. Да 1969 года ў ФТІ стварылі 8 працоўняў: электрафізікі, металазнаўства, пластычнасці, фізікі паверхневых з’яў, фізікі кантактных з’яў, фізіка-хімічнай механікі, тэрмакінетыкі структурных пераўтварэнняЎ у металах і сплавах, прыкладнай механікі. 6 кастрычніка 1970 года стварылі Магілёўскае аддзяленне ФТІ. У 1974 годзе 5 даследчыкаў інстытуту — Г. П. Грышановіч, Ігар Дрывоцін, Яўмен Канавалаў, Яўген Пятосін і В. А. Сідарэнка — атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за стварэнне прылад памерна-чыставой і ўмацавальнай апрацоўкі дэталяў машын шляхам паверхне-пластычнага дэфармавання. У 1976 годзе пры ФТІ стварылі Спецыяльнае канструктарска-тэхналагічнае бюро з доследнай вытворчасцю. У 1978 годзе даследчык ФТІ Пётр Яшчарыцын атрымаў Дзяржпрэмію БССР за стварэнне вытворчасці гідраўлічнага абсталявання на ВА «Гідрааўтаматыка» ў Гомелі. Адначасна Дзяржпрэмію БССР атрымалі Канстанцін Гораў і Пётр Пархуцік за стварэнне вытворчасці алюмінавага ліцця з выкарыстаннем другаснай сыравіны[6].

У 1980 годзе 8 даследчыкаў ФТІ — Іван Бакута, Аляксандр Жураўскі, Генадзь Здор, Вячаслаў Малышкін, Міхал Міцкевіч, Жорж Мрочак, Аляксандр Скрыпнічэнка і Віктар Чачын — атрымалі Дзяржаўную прэмію БССР за стварэнне абсталявання электраімпульснай апрацоўкі матэрыялаў. Адначасна Віктар Бажок і Аляксей Шыпко атрымалі прэмію камсамолу Беларусі за распрацоўку хуткаснай тэрмічнай апрацоўкі тытанавых сплаваў. У 1982 годзе прэмію камсамолу атрымаў Аляксей Белы за даследаванне зніжэння зносу, энерга- і металаёмістасці машын. У 1984 годзе Леанід Гурскі і Мікалай Румак атрымалі Дзяржпрэмію БССР за стварэнне вытворчасці нізкапарогавых вялікіх інтэгральных схем на камплементарнай структуры метал-аксід-праваднік (КМАП). Адначасна Дзяржпрэмію БССР атрымалі яшчэ 7 даследчыкаў ФТІ — Георгій Андрэеў, Эрнест Варанцоў, Валерый Клушын, Яўген Макушок, Уладзімір Садко, Н. Р. Шахавец і Валерый Шчукін — за ўкараненне аўтаматызаванай папярэчна-клінавой пракаткі. У 1986 годзе Станіслаў Астапчык атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за распрацоўку хуткаснага тэрмічнага ўмацавання сталі і сплаваў. У 1988 годзе 6 даследчыкаў ФТІ — Анатоль Гардзіенка, Міхаіл Бадзяка, А. С. Дымоўскі, В. С. Жукавец, Віктар Івашка і Г. А. Семянюк — атрымалі Дзяржпрэмію БССР за стварэнне электратэрмічнай вытворчасці гетэрагенных матэрыялаў. Адначасна Аляксандр Аліфанаў, Аляксей Белы і Таццяна Каліноўская атрымалі Дзяржпрэмію БССР за стварэнне вытворчасці аўтатрактарных дэталяў з выкарыстаннем халоднай аб’ёмнай штампоўкі. У 1990 годзе Генадзь Анісовіч і Яўген Маруковіч атрымалі Дзяржпрэмію БССР за павышэнне якасці адлівак у вытворчасці. Адначасна прэмію атрымалі Ігар Васілеўскі і Жорж Мрочак за распрацоўку абсталявання для нанясення плазменных ахоўных пакрыццяў на трубы цепласетак[6].

У 1992 годзе Магілёўскае аддзяленне ФТІ вылучылі ў Інстытут тэхналогіі металаў НАН Беларусі. Дагэтуль даследчыкаў ФТІ ўзнагародзілі 10 Дзяржаўнымі прэміямі Беларусі. За савецкім часам у ФТІ працавалі акадэмікі Мікалай Акулаў, Генадзь Анісовіч, Цэлясцін Бурстын, Канстанцін Гораў, Сяргей Губкін, Аляксей Кайгарадаў, Яўмен Канавалаў, Васіль Севярдэнка, Антон Сеўчанка, Мікалай Сірата, Барыс Сцяпанаў і Віктар Чачын. Таксама ў Інстытуце працавалі члены-карэспандэнты Міхаіл Бадзяка, Альберт Вейнік і Мікалай Румак. На 1998 год асноўнымі кірункамі даследаванняў былі: фізіка трываласці і пластычнасці; узаемадзеянне лазернага і плазменнага выпрамянення з рэчывам; электраразбуральныя, лазарныя і пучковыя (вакуумныя і іонаплазменныя) тэхналогіі; кампазіцыйныя матэрыялы; малаадкіднае абсталяванне для машынабудавання і электронікі; камп’ютарная мультыплікацыя. У Інстытуце распрацавалі: спосабы фотапластычнасці і муаравых палосаў; цеплавую тэорыю ліцця, тэрмадынамікі не- і абарачальных працэсаў; будову і відападзел формаўтварэння; тэорыю апрацоўкі металаў і сінтэзу дыэлектрыкаў. Усталявалі заканамернасці пластычнага формаўтварэння. Даследавалі фазавыя і структурныя пераўтварэнні, фізіка-механічныя ўласцівасці сталі і сплаваў. Распрацавалі аўтаматызаваную папярочна-клінавую пракатку і лазарнае абсталяванне для тэрмічнай апрацоўкі, рэзкі і зваркі. Стварылі: абсталяванне для імпульснай і магнітна-абразіўнай апрацоўкі, нанясення іржаўстойлівых, гарачатрывалых і аздабленчых пакрыццяў; браню для асабістай засцярогі і аховы тэхнікі, бязнікелевы чыгун, літыя і валакністыя алюміній-графітавыя матэрыялы. На 1998 год у ФТІ працавалі акадэмікі Станіслаў Астапчык, Аляксандр Сцепаненка і Пётр Яшчарыцын, а таксама члены-карэспандэнты Анатоль Гардзіенка і Леанід Гурскі[5].

Зноскі

  1. а б GRID Release 2017-05-22 — 2017-05-22 — 2017. — doi:10.6084/M9.FIGSHARE.5032286
  2. "Навуковы савет"(руск.). Фізіка-тэхнічны інстытут. 2019. Праверана 21 студзеня 2019.
  3. https://nasb.gov.by/bel/about/otdeleniya-nauk/ft_nauk.php Праверана 28 студзеня 2024.
  4. а б Арганізацыі Аддзялення фізіка-тэхнічных навук (Фізіка-тэхнічны інстытут). Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (8 лістапада 2018). Праверана 21 студзеня 2019.
  5. а б Канстанцін Грышановіч. Інстытут фізіка-тэхнічны // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 273. — 608 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3.
  6. а б Гістарычная даведка (руск.)(недаступная спасылка). Фізіка-тэхнічны інстытут (14 снежня 2019). Архівавана з першакрыніцы 1 лютага 2019. Праверана 21 студзеня 2019.
  7. Физико-технический институт национальной академии наук Беларуси