Інстытут нацыянальных меншасцей АН БССР
Інстытут нацыянальных меншасцей АН БССР (іншая назва — Інстытут пралетарскай культуры нацыянальных меншасцей АН БССР) — акадэмічная арганізацыя, што ў 1930-х гг. адыгрывала пэўную ролю ў эмансіпацыі этнічных меншасцей Беларусі шляхам стварэння ўласных навуковых устаноў і арганізацый гісторыі і культуры. Быў утвораны 29 ліпеня 1935 года. Дырэктарам у 1935—1936 гадах быў акадэмік Станіслаў Юр’евіч Матулайціс, а вучоным сакратаром — член-карэспандэнт Самуіл Хаімавіч Агурскі.
Кірункі даследаванняў
[правіць | правіць зыходнік]Інстытут меў тры галоўныя кірункі даследаванняў. Іх умоўна можна назваць польскім, літоўскім і латышскім, і яўрэйскім — паводле назваў Інстытутаў пралетарскіх культур, што былі ўтвораны пры пераходзе Акадэміі да інстытуцкай структуры ў 1931 годзе.
Польскі кірунак даследаванняў
[правіць | правіць зыходнік]Значная роля ў працэсе эмансіпацыі этнічных меншасцей БССР надавалася стварэнню ўласных навуковых устаноў і арганізацыі нацыянальнай гісторыі і культуры. Цэнтрам такіх устаноў і даследчыцкіх праектаў стаў Інбелкульт. Пры ім з 1922 года працаваў польскі сектар, які займаўся вывучэннем матэрыяльнай і духоўнай культуры палякаў у БССР. Этнаграфічная камісія гэтага сектара правяла некалькі экспедыцый па месцах кампактнага рассялення палякаў. У 1930-я гады існаваў Інстытут польскай пралетарскай культуры, пазней уключаны на правах сектароў, аддзелаў і камісій у склад Інстытута нацменшасцяў. Вядомыя наступныя публікацыі Інстытута польскай пралетарскай культуры:
- Boszko, W. I. Od Baltyku do morza Czarnego = Ад Балтыцкага да Чорнага мора : O wielkim Dnieprze / W. I. Boszko ; Przetl.: A. Horawski ; Bialorus. Akad. nauk. Inst. ekon. ; Pol. inst. kultury proletarjackiej. — Minsk, 1933.
- Sierpiński, Ryszard. Tło gospodarcze i istota klasowa powstania listopadowego 1830 roku = Асновы эканамічныя і класавая сутнасць лістападаўскага паўстання 1830 года / Ryszard Sierpiński ; Białoruska Akademja Nauk, Polski Instytut Kultury Proletarjackiej. — Minsk, 1934.
Літоўскі і латышскі кірункі даследаванняў
[правіць | правіць зыходнік]Пры Інбелкульце з 1927 года (пазней пры АН БССР) таксама працавала Латышская камісія (з 1929 г. латышскі сектар АН БССР, з 1933 г. — Інстытут пралетарскіх культур літоўскай, латышскай і іншых народнасцей, з 1935 года — латышская секцыя Інстытута нацменшасцей АН БССР), якая вывучала гісторыю і культуру латышоў.
У 1922 годзе пры Інбелкульце была адчынена кафедра гісторыі Літвы (з 1929 г. — літоўскі сектар АН БССР, з 1933 года — Інстытут пралетарскіх культур літоўскай, латышскай і іншых народнасцей, з 1935 — літоўская секцыя Інстытута нацменшасцей АН БССР). Секцыяй кіраваў акадэмік Станіслаў Юр’евіч Матулайціс. Вядомыя наступныя яго публікацыі па тэматыцы кірунку:
- Матулайціс С.Ю. 1863 год у Літве. Ч. 1. Сацыяльна-эканамічны стан Літвы перад паўстаннем. — Мн.: БАН, 1933.
- Беларуска-літоўскі і руска-літоўскі тэрміналагічны слоўнік і сшытак = Baltarusiskai-lietuviskas ir rusiskai-lietuviskas terminologinis zodynelis i sasiuvinis / Беларуская Акадэмія навук, Літоўскі сектар ; апрацаваў В.Копка ; рэдактар С.Матулайціс. — Мн., 1934.
Яўрэйскі кірунак даследаванняў
[правіць | правіць зыходнік]У 1922 годзе быў створаны яўрэйскі аддзел Інбелкульта. З 1925 года ў яго склад уваходзіла чатыры камісіі. У 1928 годзе яўрэйскі аддзел быў трансфарміраваны ў сектар пры АН БССР. Пры ім выдаваўся навуковы часопіс «Цайтшрыфт» (Штогоднік), у якім друкаваліся даследаванні супрацоўнікаў сектара. У 1932 годзе на базе яўрэйскага сектара Інбелкульта быў заснаваны Інстытут яўрэйскай пралетарскай культуры пры АН БССР. У ім дзейнічала пяць камісій: лінгвістычная, гістарычная, літаратурная, сацыяльна-эканамічная і антырэлігійная. Сярод публікацый:
- Агурскі С.Х. Ленiнская "Іскра" ў барацьбе супраць Бунда. — Мн.: Дзяржвыд БССР, 1934.
Далейшы лёс
[правіць | правіць зыходнік]Усярэдзіне 1935 года інстытуты і сектары, якія даследавалі гісторыю і культуру нацыянальных меншасцей на тэрыторыі Беларусі, былі аб’яднаны ў Інстытут нацыянальных меншасцей. Інстытут у 1936 годзе ўвайшоў у склад Аддзялення грамадскіх навук АН БССР. Спыніў сваю дзейнасць у траўні 1937 года ў выніку сталінскіх рэпрэсій. Пасля вайны не аднаўляўся; даследаванні этнічных меншасцяў трансфармаваліся ў асноўным у даследаванні па рускай культуры.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- Захаркевіч С.А. Этнічныя меншасці Беларусі: вопыт сацыяльнай трансфармацыі ў ХІХ — пачатку ХХ ст. // Працы гістарычнага факультэта БДУ: навук. зб. Вып. 4. — Мн.: БДУ, 2009. - С.242-249 Архівавана 14 чэрвеня 2015.
- Нікіценка П.Г., Падлужны А.I., Ляўковіч В.І. Стан і перспектывы развіцця сацыяльна-гуманітарных навук у новых умовах. - Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. - 2003. - №4. — С. 5-11
- Акадэмік Матулайціс Станіслаў Юр'евіч
- Башко У.І. (1885-1949)
- Sierpiński, R. Tło gospodarcze i istota klasowa powstania listopadowego 1830 roku / Ryszard Sierpiński
- Агурскі С.Х. Ленiнская "Іскра" ў барацьбе супраць Бунда. — Мн.: Дзяржвыд БССР, 1934
- Крэнт Д.А. Дзейнасць латышскага навукова-даследчага падраздзялення пры Інстытуце беларускай культуры і Беларускай акадэміі навук (1928-1936 гг.) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2019. Т. 64, № 3. С. 312–319
- Раткевич М.А. Национально-языковая политика в БССР (1920-е - начало 1930-х гг.) и её влияние на статус польского языка // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2018. Т. 63, № 3. С. 338–347