Інстытут аховы раслін НАН Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Інстытут аховы раслін НАН Беларусі
Заснаваны 1971
Размяшчэнне  Беларусь, Мінская вобласць, Мінскі раён, в. Прылукі, вул. Міру, д. 2
Сайт izr.by

«Інстыту́т ахо́вы раслі́н» («ІАР») — даследчае прадпрыемства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаванае ў лютым 1971[1] года ў вёсцы Прылукі (Мінскі раён) у якасці Беларускага навукова-даследчага інстытута аховы раслін.

На 2019 год УП «Інстытут аховы раслін» уваходзіла ў склад Аддзялення аграрных навук НАНБ. У аспірантуру набіралі па спецыяльнасці ахова раслін. «Інстытут аховы раслін» выпускаў сродкі аховы раслін ад шкодных арганізмаў. Таксама «ІАР» прапаноўваў наступныя паслугі: 1) вызначэнне рэшткавай колькасці пэстыцыдаў у вадзе, глебе і раслінах; 2) даследаванне выніковасці раслінаахоўных сродкаў, 3) распрацоўка спосабаў аховы сельскагаспадарчых культур ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля[2]. «Інстытут аховы раслін» размяшчаецца ў былым палацы Чапскіх. На 2019 год «Інстытут аховы раслін» ажыццяўляў сумесныя распрацоўкі з 35 замежнымі ўстановамі 7 краін:

Падраздзяленні[правіць | правіць зыходнік]

На 2019 год УП «Інстытут аховы раслін» уключала аддзел інфармацыі, маркетынгу і патэнтных даследаванняў і 8 лабараторый: 1) энтамалогіі, 2) фітапаталогіі, 3) гэрбалогіі, 4) абароны кармавых і тэхнічных культур, 5) аховы агароднінных культур і бульбы, 6) абароны пладовых культур, 7) мікрабіялагічнага метаду аховы сельскагаспадарчых культур ад шкоднікаў і хвароб, 8) дынамікі пестыцыдаў[2].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

17 лютага 1971 года Усесаюзная акадэмія сельскагаспадарчых навук (УАСГНІЛ, Масква) стварыла Беларускі навукова-даследчы інстытут аховы раслін (БелНДІАР) на аснове аддзелу аховы раслін Беларускага НДІ земляробства. Беларускаму НДІ аховы раслін перадалі лабараторыю біяметаду БелНДІ бульбаводства і плодаагародніцтва (Самахвалавічы, Мінскі раён). Сам БелНДІАР размясцілі ў вёсцы Прылукі Мінскага раёна на месцы Мінскай навукова-доследнай станцыі калярадскага жука, нематодаў і раку бульбы, што дагэтуль належала Усесаюзнаму навукова-даследчаму інстытуту аховы раслін  (руск.) (УНДІАР) у Ленінградзе (РСФСР)[4]. Да 1972 года ў БелНДІАР стварылі 7 лабараторый: сельскагаспадарчай энтамалогіі, фітапаталогіі, вірусалогіі, фітагэльмінталогіі, імунітэту, прагнозаў і біялагічнага метаду аховы раслін. Да пачатку 1980-х гадоў стварылі яшчэ 4 лабараторыі: 1) аналізу рэшткавай колькасці пестыцыдаў, 2) эканомікі і арганізацыі службы аховы раслін, 3) новых метадаў, 4) мікрабіяметаду. У 1986 годзе пасля Чарнобыльскай катастрофы стварылі лабараторыю радыёэкалогіі[5].

З 1992 года БелНДІАР падпарадкавалі Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь, што ўваходзіла ў склад Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. На 1996 год асноўнымі кірункамі даследаванняў былі: распрацоўка бясшкодных для наваколля спосабаў і прылад аховы раслін ад шкоднікаў, хвароб і пустазелля; укараненне камп’ютараў у фітасанітарную дыягностыку; спосабы ацэнкі адабраных раслін на ўстойлівасць да патагенаў і шкоднікаў[4]. 5 сакавіка 2002 года А. Лукашэнка падпісаў Дэкрэт № 7 «Аб удасканаленні дзяржаўнага кіравання ў сферы навукі». Згодна з 9-м артыкулам Дэкрэту загадвалася «ўключыць у склад Акадэміі навук (НАНБ): Акадэмію аграрных навук Рэспублікі Беларусь у якасці Аддзялення аграрных навук». 23 красавіка 2002 года Нацыянальная акадэмія навук Беларусі зацвердзіла Загад № 41-К «Аб уключэнні арганізацый і прадпрыемстваў у склад Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», паводле якога УП «БелНДІАР» перайшоў у склад НАНБ. 18 красавіка 2006 года А. Лукашэнка падпісаў Указ № 242 «Аб стварэнні навукова-практычных цэнтраў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і некаторых захадах ажыццяўлення навуковай дзейнасці». Паводле 3-га артыкула Указа, УП «Інстытут бульбаводства» перайменавалі ў Навукова-практычны цэнтр бульбаводства і плодаагародніцтва (НПЦБПА), у склад якога ўключылі УП «Інстытут аховы раслін»[5].

Кіраўнікі[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Лён 2009, с. 51.
  2. а б Арганізацыі Аддзялення аграрных навук (Інстытут аховы раслін). Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (13 снежня 2018). Праверана 24 студзеня 2019.
  3. Міжнародная супраца (руск.). УП «Інстытут аховы раслін» (15 сакавіка 2019). Праверана 25 студзеня 2019.
  4. а б Аховы раслін Беларускі НДІ // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 2. — С. 153. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7.
  5. а б Аб інстытуце (руск.). УП «Інстытут аховы раслін» (15 сакавіка 2019). Праверана 25 студзеня 2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лён (руск.) / сост. Л. В. Ловчая; под общ. ред. И. А. Голуба; худож. В. В. Котович. — Минск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2009. — 168 с.: ил..

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]