Crowne Plaza (Мінск)
Гасцініца | |
Crowne Plaza | |
---|---|
| |
53°53′43″ пн. ш. 27°33′17″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктар |
А. П. Воінаў (перабудова - М. І. Бакланаў, Г. У. Заборскі, Г. М. Бенядзіктаў, Я. І. Шапіра) |
Будаўніцтва | 1934—1938 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 712Г000071 |
Сайт | cpminsk.com |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Crowne Plaza (да 1987 г. — Беларусь, да 2008 г. — Свіслач) — гасцініца ў Мінску на рагу вуліц Кірава і Валадарскага 13/6. Узведзена ў 1934—1938 гг. (архітэктар А. П. Воінаў).
Будынак вызначаўся простым вырашэннем фасадаў і выразнай планіроўкай. Фасады гасцініцы былі тыповыя для архітэктуры грамадскіх і жылых будынкаў 1930-х гг[1].
Асноўны акцэнт зроблены аўтарам на шасціпавярховы вуглавы скруглены аб’ём з галоўнымі ўваходамі, фланкіраваны бакавымі рызалітамі. Фасад скругленай часткі рытмічна расчлянёны на ўзроўні другога-пятага паверхаў трохчвэртнымі круглымі калонамі рознапамернымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі, аздобленымі падаконнымі філёнгамі. На другім паверсе зроблены балконы з металічнымі агароджамі. У бакавых рызалітах таксама размешчаны балконы на фігурных бетонных кранштэйнах і з металічнымі агароджамі. Да вуглавога аб’ёму пад прамым вуглом прымыкаюць пяціпавярховыя крылы, фасады якіх на ўзроўні другога-чацвёртага паверхаў чляняцца трохчвэртнымі калонамі і эркерамі. Пластыку фасадаў узбагачаюць магутныя карнізы, якімі аддзелены атыкавы паверх і завершаны фасад[1].
У Вялікую Айчынную вайну гасцініца была спалена. У пачатку 1945 г. пачаліся праектныя работы па аднаўленні будынка. Аўтарам праекта аднаўлення быў таксама А. П. Воінаў. У праектных работах (унутраная планіроўка і афармленне інтэр’ераў) прымалі ўдзел архітэктары М. І. Бакланаў, Г. У. Заборскі, Г. М. Бенядзіктаў, Я. І. Шапіра[1].
Знадворныя сцены захаваліся цалкам і мелі дастаткова «здаровы» выгляд. Таму было вырашана фасадныя сцены захаваць. З унутранага боку рэкамендавалася зняць акаліну і сцены атынкаваць. У месцах, дзе меліся вертыкальныя трэшчыны, прапаноўвалася сцены ўмацаваць металічнымі сувязямі, якія лакалізавалі б іх далейшую дэфармацыю. Таксама праектам прадугледжвалася захаваць і выкарыстаць старыя фундаменты. Новыя фундаменты закладваліся толькі пад новыя слупы і сцены[1].
Такім чынам, па праекце аднаўлення гасцініцы «Беларусь» пасля Вялікай Айчыннай вайны фасады фактычна захоўваліся ранейшыя, у пэўнай ступені мянялася ўнутраная планіроўка. Аднаўленне будынка гасцініцы было завершана ў 1947 г.[1]
У 1987 г. гасцініца «Беларусь» перайменавана ў «Свіслач». У 2008 г. у выніку рэканструкцыі гасцініца «Свіслач» перайменавана ў атэль «Crowne Plaza»[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в г д е Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- cpminsk.com — афіцыйны сайт
- Crowne Plaza (Мінск) на сайце «Архіварта»