Будынак гасцініцы Суціна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Славутасць
Будынак гасцініцы Суціна
Мінск. Вуліца Інтэрнацыянальная, 11.jpg
53°54′07″ пн. ш. 27°33′15″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль эклектыка
Дата пабудовы XIX стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001шыфр 711Е000001

Будынак гасцініцы Суціна — будынак у Мінску, размешчаны ў Верхнім Горадзе, па адрасе вуліца Інтэрнацыянальная, 11. Пабудаваны ў сярэдзіне XIX ст. з цэглы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

План сядзібы дома Суціна пачатку ХХ стагоддзя. Бачна як працякае ручай — пазначаны як Гарадская канава.
Будынак у канцы XIX стагоддзя
Будынак у 1930-х гг.

У XVIIXVIII стагоддзях па тэрыторыі гэтага пляца праходзіў невялікі ручай, які з’яўляўся правым прытокам ракі Нямігі. Менавіта яго канфігурацыя абумовіла першапачатковую трасіроўку так званага Нямігскага завулка, які ў XIX стагоддзі атрымаў назву вуліца Феліцыянаўская, а пасля 1866 года — Багадзельная[1].

У дакументах XIX стагоддзя гэты ручай згадваецца як «канава Суціна». У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года[1].

Пасля пажару ў 1887 годзе з дазволу Мінскай гарадской управы на гэтым пляцы па адрасе вул. Праабражэнская, 7 быў пабудаваны вялікі мураваны трохпавярховы дом з мезанінам у стылі эклектыкі, і мураваны двухпавярховы флігель з печкавым ацяпленнем, якія належалі купцу Берку Нахімаву Суціну[2]. На першым паверсе былі дзве праязныя аркі, перакрытыя скляпеннямі. Пад паўночна-ўсходняй аркай праходзіў ручай, які быў закрыты драўляным насцілам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў багата аздоблены ляпным дэкорам, на другім і трэцім паверхах знаходзілася некалькі балконаў, упрыгожаных фігурнымі металічнымі кратамі[1].

Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку будынка займала гасцініца «Суціна», у якой было 43 нумары. Галоўны ўваход у гасцініцу знаходзіўся з боку вуліцы Праабражэнскай, а некалькі службовых уваходаў — збоку двара. Значная частка падвальных памяшканняў была занята пральняй, якая абслугоўвала гасцініцу. Значную частку першага паверха і падвальных памяшканняў займаў рэстаран Берыловіча. Акрамя таго, на першым паверсе знаходзіліся банкірская кантора Берыловіча, а таксама вялікая кнігарня, якія мелі асобныя ўваходы з боку вуліцы[1].

У 1917 годзе ў будынку гасцініцы размяшчалася канцылярыя начальніка паведамленняў армій Заходняга фронту[2].

Пасля 1920 года будынак нацыяналізаваны і да 1941 года выкарыстоўваўся як гасцініца[1].

У час Вялікай Айчыннай вайны будынак амаль не пацярпеў[1]. У 1960-я[2] перабудаваны, зніклі балконы і большая частка архітэктурнага дэкору[1], з’явілася ўязная арка[2]. У савецкія часы ў будынку размяшчаліся культасветвучылішча і кафэ[3].

Частка фасада (злева) да рэстаўрацыі

У 19501980-я гады ў былым доме Суціна знаходзіліся Мінскае музычнае вучылішча, а таксама музычная бібліятэка. У канцы XX стагоддзя сюды быў пераведзены Беларускі рэстаўрацыйна-праектны інстытут[1].

У пачатку 2010-х гадоў «Мінгатэль», якому належаў будынак, вырашыў вярнуць яму першапачатковую функцыю[4]. Пры рэстаўрацыі будынка за аснову былі ўзяты некалькі захаваных гістарычных фотаздымкаў, на якіх бачна, якім быў дах і дзе размяшчаліся балконы. У час рэстаўрацыі будынку вернуты гістарычны выгляд. Унутры будынка адноўлены інтэр’еры ў стылі XIX стагоддзя[2]. Каб павялічыць колькасць нумароў у новым гатэлі, была створана мансарда. З дваровага боку створаны ліфты. Пасля завяршэння работ у будынку ў маі 2012 года адкрылася гасцініца «Гарні» (гасцініца з такой назвай раней існавала ў Мінску, але зусім у іншым месцы), разлічаная на 48 нумароў[5].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Трохпавярховы, прамавугольны ў плане будынак, накрыты ламаным двухсхільным дахам. Мае сіметрычную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю фасада. Галоўны фасад члянёны пілястрамі дарычнага ордара і карнізнымі паясамі. Аконныя праёмы лучковыя і больш высокія паўцыркульныя з ліштвамі. Лучковыя вокны на другім паверсе дэкарыраваны фігурнымі сандрыкамі, на трэцім — прамымі. Сцены першага паверха руставаны. Завершаны карнізам з поясам буйных сухарыкаў, а таксама атыкамі, якія аздоблены ляпнінай, круглымі і паўцыркульнымі вокнамі. У бакавых частках будынка — лучковыя арачныя праезды. Планіроўка калідорная.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]