Дом Броня (Інтэрнацыянальная вуліца, 6)
Славутасць | |
Дом Броня | |
---|---|
53°54′02″ пн. ш. 27°33′07″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Мінск |
Архітэктурны стыль | эклектыка |
Дата пабудовы | XIX стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом Броня — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе Інтэрнацыянальная вуліца, 6. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы вуліцы Праабражэнскай існавала драўляная забудова, якая была знішчана падчас вялікага пажару 1881 года[1].
У 1891 годзе Моўша Бронь звярнуўся ў Мінскую гарадскую ўправу з праектам на будаўніцтва дома побач з існуючым, які быў пабудаваны ім у 1881 годзе. Паводле праекта гэта быў двухпавярховы будынак, накрыты двухсхільным дахам, план якога абумоўлены канфігурацыяй зямельнага пляца. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на два ярусы прафіляванай цягай. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных і лучковых аконных праёмаў. У цэнтры другога паверха быў зроблены балкон, аздоблены каванай агароджай.
У пачатку XX стагоддзя з боку двара вугал будынка быў узмоцнены контрфорсамі, а да паўночна-ўсходняга фасада прыбудавана вонкавая лесвіца, якая вяла на другі паверх[1].
Гэтыя два будынкі выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры. Акрамя таго, на тэрыторыі пляца знаходзіліся мураваны флігель і гаспадарчыя пабудовы[1].
Пасля 1920 года былыя дамы Броня нацыяналізаваны і да 1941 года выкарыстоўваліся пад камунальныя кватэры[1].
У гады Вялікай Айчыннай вайны будынкі не пацярпелі і ў асноўным захавалі архітэктурны выгляд пачатку XX стагоддзя[1].
Падчас рамонту дэкаратыўная каваная агароджа канца XIX стагоддзя была заменена на сучасную. Да канца XX стагоддзя абодва будынкі выкарыстоўваліся пад жылыя кватэры[1].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Двухпавярховы, чатырохвугольны ў плане, накрыты пакатым двухсхільным дахам. Галоўны фасад гарызантальна расчлянёны карнізным поясам. Аконныя праёмы 1-га паверха прамавугольныя, 2-га — лучковыя. Выкарыстоўваецца як жылы.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Броня (Інтэрнацыянальная вуліца, 6)
- ВУЛІЦА ІНТЭРНАЦЫЯНАЛЬНАЯ ДОМ 4-6 ДОМ МОЎШЫ БРОНІ